Святыні над Дзісною… Знаёмімся з гістарычнымі і прыроднымі славутасцямі Шаркаўшчынскага раёна

- 13:10Родная земля

На актуальныя для летняга сезона пытанні, як адпачыць, куды паехаць, што паглядзець, настаўнікі Шаркаўшчынскага раёна прапануюць свой адказ: завітаць на іх малую радзіму і азнаёміцца з яе гістарычнымі і прыроднымі славутасцямі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пачакай, затрымайся!

Упэўнены, многія з нас пажадаюць летам адправіцца на Браслаўскія азёры або палюбавацца знакамітым балотам Ельня на Міёршчыне. І ў першым, і ў другім выпадку наш шлях з вялікай верагоднасцю будзе пралягаць праз Шаркаўшчынскі раён. Дык чаму б не затрымацца тут, не дадаць у спланаваны маршрут некалькі цікавых аб’ектаў? Тым больш што паглядзець у гэтым маляўнічым краі ёсць на што. Гэта і старадаўнія храмы, і помнікі, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, і музеі, і прыродныя аб’екты (напрыклад, рака Дзісна, а таксама ўжо згаданае балота Ельня). Але самае галоўнае — гэта цікавыя людзі, у першую чаргу настаўнікі. Яны ласкава сустрэнуць, прыветліва ўсміхнуцца і з вялікай любоўю раскажуць пра куточак Радзімы, дзе жывуць і працуюць.

Пачаць знаёмства з Шаркаўшчынскім краем варта з самога райцэнтра — кампактнага, утульнага гарадскога пасёлка. У крокавай даступнасці тут усе сацыяльныя аб’екты плюс шмат цікавага захавалася з часоў мінулых: больш за сотню гадоў у люстэрка Дзісны глядзіцца драўляная Успенская царква, побач з Домам культуры ўзвышаецца яе равесніца — мураваная царква іконы “Усіх смуткуючых Радасць”.

Палюбавацца варта і грамадзянскай архітэктурай пачатку мінулага стагоддзя. А калі падысці да будынка “Белпошты”, то каля ўвахода на памятным валуне можна прачытаць такія словы: “На гэтым месцы ў 1907 годзе быў пабудаваны прыгожы драўляны касцёл Узвышэння Святога Крыжа”. На жаль, у 1963 годзе святыня была зруйнавана… Але захаваліся яе фотаздымкі. Багатая іх калекцыя прадстаўлена на выставе ў сярэдняй школе № 1 Шаркаўшчыны.

— Інтэрактыўная краязнаўчая выстава “Шаркаўшчына ў старых фотаздымках”, якую падрыхтавала і аформіла настаўніца гісторыі Аксана Анатольеўна Бабоўская, размешчана ў школьнай рэкрэацыі “Краязнаўства”. Акрамя копій старых чорна-белых фотаздымкаў, тут можна ўбачыць намаляваныя на сцяне выявы храмаў раёна, а ­QR-код дазваляе азнаёміцца з іх гісторыяй. Выстава з’яўляецца часткай візітоўкі школы. Калі да нас прыязджаюць педагогі з іншых рэгіёнаў, удзельнікі розных семінараў, то мы абавязкова знаёмім іх з выставай. Аповед Аксаны Анатольеўны і яе выхаванцаў заўсёды захапляльны. Прычым гэта аповед не толькі пра гісторыю будынкаў, але і пра прадстаўнікоў розных прафесій, папулярных у Шаркаўшчыне ў розныя перыяды гісторыі. Таму экскурсія з’яўляецца яшчэ і часткай прафарыентацыйнай работы з вучнямі, — паведаміла дырэктар школы Ірына Рычардаўна Рымдзёнак.

Імя герояў

Калі ў 1-й школе прадстаўлены фотаздымкі помнікаў архітэктуры, то ў выставачным цэнтры сярэдняй школы № 2 Шаркаўшчыны, якая з 1 верасня 2021 года но­сіць імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына, можна ўбачыць малюнкі архітэктурных славутасцей раёна.

Аўтарам работ з’яўляецца вучаніца 11 класа Вольга Еўдакімава. Дзяўчына неаднаразова станавілася прызёрам творчых конкурсаў. Напрыклад, у гэтым годзе на абласную акцыю-конкурс “Дарогамі Перамогі” ў намінацыі “Гераічны летапіс вызвалення” яна даслала работу, дзе адлюстравала абарону чырвонаармейцамі моста праз Дзісну ў ліпені 1944 года. Журы высока ацаніла талент юнага мастака і ўзнагародзіла Вольгу дыпломам І ступені.

Што тычыцца самога моста, то сёння ён носіць імя каман­дзіра 1720-га зенітна-артылерыйскага палка ўраджэнца Грузінскай ССР Мінаса Назарэцяна, які герой­скі загінуў, абараняючы стратэгічны аб’ект ад налётаў варожай авіяцыі. Пра той час нагадва­юць памятныя шыльды, усталяваныя з абодвух бакоў моста, а таксама помнік гвардыі лейтэнанту, пастаўлены ў цэнтры Шаркаўшчыны на сродкі яго пляменніка Назарэта Абгаравіча. Менавіта па яго просьбе і хадайніцтве ў 2011 го­дзе мост атрымаў імя мужнага чырвонаармейца, пасмяротна ўзнагаро­джанага ордэнам Айчыннай вайны I ступені.

Ведаюць вучні 2-й школы і пра подзвігі Рамана Сцяпанавіча Кудрына. У выставачным цэнтры яму прысвечаны асобны куток. Як паведаміла дырэктар школы Ядвіга Вітальеўна Балай, ства­раць экспазіцыю было няпроста. Нягледзячы на тое, што Раман Сцяпанавіч пасля Вялікай Айчыннай вайны жыў у Шаркаўшчыне (захаваўся нават яго дом), ніякіх асабістых рэчаў ветэрана, на жаль, не засталося. Аднак у інтэрнэце былі знойдзены дакументы аб здзейсненых ім подзвігах і ўзна­гародныя лісты, таксама знайшліся фотаздымкі героя. Дзякуючы гэтым матэрыялам была аформлена экспазіцыя.

Пра баявы шлях Рамана Сцяпанавіча паведаміў настаўнік гісторыі Міхаіл Часлававіч Пугаўка. Па яго словах, Раман Кудрын нара­дзіўся ў Бранскай вобласці ў 1916 го­дзе. Праходзіў службу ў Чырвонай Арміі ў 1937—1939 гадах. Пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны прызваны паўторна. На фронце — з ліпеня 1941 года. У 1945 го­дзе камандаваў 1-м батальёнам 82-га стралковага палка. Падчас вайны чатыры разы быў паранены. 31 мая 1945 года капітан Раман Кудрын быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Пасля Вялікай Айчыннай вайны працаваў на партыйных пасадах, пражываў у Шаркаўшчыне, дзе памёр і пахаваны ў студзені 2003 го­да.

Любіць тое, у што верыш

Помнікаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, у Шаркаўшчыне некалькі. Акрамя памятных знакаў у гонар Мінаса Назарэцяна, гэта абеліск на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан на плошчы Леніна, насуп­раць 2-й школы — помнік землякам, якія загінулі ў гады вайны, стэла ў гонар вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і валун з шыльдай у памяць пра Рамана Кудрына на плошчы 1 Мая. Гэтыя месцы таксама вартыя для наведвання, тым больш што знаходзяцца яны, як ужо адзначалася, у крокавай даступнасці.

Яшчэ ў Шаркаўшчыне пры выездзе на Глыбокае не лішнім будзе спыніцца каля арыгінальных банераў. На вялікіх палотнах — выявы і кароткія звесткі пра знакамітых людзей, чыё жыццё звязана з шаркаўшчынскай зямлёй, а таксама іх яркія выказванні. Мне, напрыклад, запомнілася такое: “Люблю тое, у што веру, а веру ў тое, што люблю”. Гэтыя словы ў свой час сказаў наш знакаміты мастак, педагог, этнограф Язэп Драздовіч.

Вымаўляем правільна

Пэўны час ён працаваў у Сталіцы — вёсцы побач з Германавічамі. Цяпер каля Германавіцкай сярэдняй школы ў будынку ся­дзібнага дома канца XVIII стагоддзя знахо­дзіцца мастацка-этнаграфічны музей імя Я.Н.Драздовіча. Сярод шэрага арыгінальных работ мастака прадстаўлена карціна з выявай Германавіцкага касцёла. Яшчэ адна славутасць аграгарадка — дзеючая стараверская царква.

З лёсам гэтых святынь Германавіч, з багатай гісторыяй сучаснага аграгарадка азнаёмімся ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі. Але перад экскурсіяй невялікая рэмарка: у назве Германавіч, калі хто не ведае, націск трэба рабіць на другім, а не на першым складзе. Калі мясцовыя жыхары пачуюць ад вас правільнае вымаўленне, паверце, ім будзе вельмі прыемна.

Унікальныя храмы

Свае дзверы музей адчыніў 9 мая 1985 года. Яго экспазіцыя складаецца з некалькіх раздзелаў, якія расказваюць пра гісторыю Германавіч ад першага ўпамінання ў гістарычных крыніцах да нашых дзён, падзеі Вялікай Айчыннай вайны, летапіс Германавіцкай сярэдняй школы. Асобны акцэнт падчас экскурсіі робіцца на святынях Германавіч, тым больш што яны ўнікальныя. Адна з іх — дзеючая Свята-Успенская стараверская царква.

— Гэты помнік народнага дойлідства быў пабудаваны з дрэва на правым беразе ракі Дзісны ў 1926 годзе. Царква не спыняла сваёй дзейнасці нават у гады Вялікай Айчыннай вайны і ў савецкі час. У 2006 годзе, пасля смерці духоўнага настаўніка, быў перапынак у службах, але 17 снежня 2017 года яны аднавіліся, — так коратка расказала пра лёс святыні кіраўнік музея Ганна Васільеўна Свілёнак.

Наогул, расказваць пра храм настаўніца можа доўга і цікава, паколькі сама з’яўляецца яго прыха­джанкай. А мы падыдзем да яшчэ адной святыні Германавіч — касцёла, узведзенага ў другой палове XVIII стагоддзя ў стылі віленскага барока. Цікавы факт: калісьці ўсе дарогі, якія вялі ў Германавічы, сыходзіліся каля храма. Таму кожны падарожнік, які праязджаў праз гэтыя мясціны, любаваўся святыняй.

У гонар зенітчыкаў

— Раздзел “Ніхто не забыты — нішто не забыта” змяшчае імёны і прозвішчы землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама воінаў 1406-га зенітна-артылерыйскага палка і 166-й стралковай дывізіі, якія загінулі пры вызваленні нашага краю 1 ліпеня 1944 года. Захоўваюцца ў раздзеле і цікавыя рэчы, знойдзеныя пошукавай групай вучняў. Гэта салдацкія каскі, гадзіннікі, пляшкі, ручкі.

А вось гэты экспанат мы называем “параненае дрэва”. Яго знайшоў у заказніку “Ельня” і перадаў у музей наш выпускнік Валерый Кавалёнак. Незвычайны экспанат нагадвае пра чэрвень 1944 года, калі на балоце Багна-Мох дыслацыраваліся партызанскія брыгады падчас карнай гітлераўскай экспедыцыі. Захоўваюцца ў музеі фотаздымкі партызан і падпольшчыкаў, дзённік партызана Фёдара Іванавіча Маляванкіна, — паведаміла кіраўнік музея.

Асобны пакой расказвае пра вызваленне Германавіч ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яго экспазіцыя аформлена ў выніку сустрэч з воінамі 1406-га зенітна-артылерыйскага палка. Першы, з кім наладзілі сувязь германавіцкія пошукавікі, быў Сяргей Міхайлавіч Прохараў. Потым ён звязаўся з аднапалчанамі, камандзірам палка, і ў 1985 годзе ветэраны разам з сем’ямі прыехалі ў Германавічы, наведалі месцы баёў, у тым ліку мост праз Дзісну, які яны абаранялі ад налётаў нямецкай авіяцыі. У музеі, дарэчы, прадстаўлена схема таго бою. Усяго адбылося чатыры сустрэчы з ветэранамі, у выніку якіх экспазіцыя школьнага музея значна папоўнілася, была складзена гісторыя палка. Значную дапамогу тут аказаў палкавы летапісец Пётр Цітавіч Вастранкоў.

Цікава, што на месцы сённяшняга будынка школы ў час вайны знаходзіўся штаб палка, таму цалкам лагічна, што ў 1989 годзе пасля хадайніцтва ветэранаў у школьным двары была пастаўлена 37-міліметровая зенітка.

Плённае супрацоўніцтва

Тое, што мастацка-этнаграфічны музей імя Я.Н.Драздовіча знаходзіцца побач з Германавіцкай сярэдняй школай, безумоўна, дапамагае ўстанове адукацыі і ўстанове культуры разам выхоўваць падрастаючае пакаленне.

Па словах дырэктара школы Людмілы Георгіеўны Маркевіч, да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў супрацоўнікі музея распрацавалі маршрут “Шляхамі памяці і смутку”. А падарожжа па турыстычным маршруце “Сцяжынкамі Язэпа Драздовіча” дазваляе дзецям азнаёміцца з мясцінамі, якія натхнялі мастака на стварэнне арыгінальных палотнаў.

— Музейна-педагагічныя заняткі — адзін з найважнейшых кірункаў супрацоўніцтва музея з установай адукацыі. Яны прадугледжваюць работу з дзецьмі рознага ўзросту з выкарыстаннем музейных прадметаў. Іх тэматыка разнастайная: “Да роднай мовы і культуры крок зрабі”, “Час і памяць”, “Беларускі лён”, “У госці да бабулі Ваструхі” і г.д. Мы з вучнямі заўсёды наведваем выставы, якія ладзяцца ў музеі. У гэтым навучальным годзе азнаёміліся з матэрыяламі выстаў “Без тэрміну даўнасці”, “Бацькоўская зямля — душы натхненне”, “Вайна. Перамога. Памяць”, “Духоўным стаў яго хлеб на­дзённы” (да 135-годдзя з дня нараджэння Язэпа Нарцызавіча Драздовіча). Мы з’яўляемся і актыўнымі ўдзельнікамі міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”, а ў жніўні абавязкова прыходзім на бульбяны фэст “Мой край, мой рай бульбяна-жытны”, які ладзіцца супрацоўнікамі музея, удзельнічаем у прэзентацыі страў з бульбы. Цяпер разам з музейшчыкамі збіраем матэрыялы аб прадстаўніках башкірскага народа, якія загінулі пры вызваленні Шаркаўшчынскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — паведаміла дырэктар школы.

Лужкаўская зямля

У падарожжа па Шаркаўшчынскім раёне варта абавязкова ўключыць яшчэ адзін пункт — Лужкі, тым больш што знаходзяцца яны недалёка ад Германавіч. Тут таксама і касцёл, і царква, і цікавыя маршруты, распрацаваныя настаўнікамі Лужкаўскай сярэдняй школы. Рэалізуецца педагогамі і цікавы праект шостага школьнага дня “Малая радзіма — лужкаўская зямля”.

— Праект знаёміць вучняў са старонкамі гісторыі роднага краю, дапамагае ім дакрануцца да мінулага, асэнсаваць сучас­насць, зазірнуць у будучыню. Уся інфармацыя па рэалізацыі праекта размяшчаецца на спецыяльным стэндзе ў будынку школы. Таксама на сайце ўстановы адукацыі ёсць рубрыка “Шосты школьны дзень”. Змяшчаюцца матэрыялы праекта і ў школьнай газеце “Экспрэс-навіны”, — расказвае дырэктар школы Наталля Віктараўна Вершаловіч.

Праект уключае некалькі блокаў, якія рэалізуюцца на працягу аднаго месяца. Напрыклад, у верасні дзеці вывучаюць гісторыю і традыцыі былога мястэчка Лужкі, у сакавіку — адметнасці прыроды роднага краю. Кастрычнік цалкам прысвечаны вывучэнню архітэктурных помнікаў Шаркаўшчынскага краю. З адметнасцямі аграгарадка знаёміць і экскурсійны маршрут “Лужкі — зямля нашых продкаў”.

— Пачынаецца маршрут у скверы каля брацкай магілы савецкіх воінаў. Далей экскурсантаў чакае праваслаўная царква Нараджэння Прасвятой Багаро­дзіцы, будынак былой сінагогі, ва­дзянога млына, касцёл Святога Міхаіла Архангела, капліца, месца сядзібы графа Плятэра-Зіберга, магіла партызанкі Настассі Бельскай, замкавая гара, школьны дэндрарый, зімовы сад, музей прыроды, музей гісторыі ўстановы адукацыі. Заканчваецца экскурсія ў скверы аграгарадка, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алена Генрыхаўна Арэхава.

У любога падарожжа, тым больш такога цікавага, абавязкова павінен быць працяг. Таму не буду падрабязна расказваць пра аб’екты маршруту. Думаю, вы і самі завітаеце ў Лужкі і паслухаеце цікавы аповед настаўнікаў.

Сумесныя дасягненні

З асаблівай цеплынёй пра славутасці шаркаўшчынскай зямлі, адметнасці работы школ па грамадзянска-патрыятычным і працоўным выхаванні вучняў на працягу ўсёй маёй камандзіроўкі расказвала начальнік аддзела па адукацыі Шаркаўшчынскага райвыканкама Кацярына Рыгораўна Міхнёнак:

— Наш раён невялікі, і сістэма агульнай сярэдняй адукацыі прадстаўлена шасцю школамі,  такая ж колькасць і дзіцячых садоў. Усяго ў нас 1231 навучэнец. Кожная ўстанова — гэта дружная сям’я, у якой старэйшыя клапоцяцца пра малодшых, а малодшыя з павагай ставяцца да дарослых. Таму нам удаецца паспяхова рэалізоўваць адукацыйныя задачы: вучыць і выхоўваць сапраўдных грамадзян.

Што тычыцца краязнаўчай работы, то ў кожнай установе адукацыі настаўнікамі распрацаваны экскурсійныя маршруты па малой ра­дзіме. Напрыклад, у Іодскай сярэдняй школе — “Боль і па­мяць іодскай зямлі”, у Лужкаўскай сярэдняй школе — “Лужкі — зямля нашых продкаў”, у Більдзюжскай сярэдняй школе распрацоўваюць веласіпедныя маршруты па родным краі, у сярэдняй школе № 1 Шаркаўшчыны пад­рыхтавана краязнаўчая квест-гульня па вуліцах райцэнтра.

Нашы ўстановы актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх абласных і рэспуб­ліканскіх конкурсах. У гэтым годзе па выніках абласной акцыі-конкурсу “Дарогамі Перамогі” дыплом І ступені атрымала вучаніца Вольга Еўдакімава з сярэдняй школы № 2 Шаркаўшчыны імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына. У мінулым навучальным годзе ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў Глеб Свілёнак з Германавіцкай сярэдняй школы заняў 2-е месца. Вучні старшых класаў гэтай жа ўстановы адукацыі сталі пераможцамі рэспубліканскага анлайн-конкурсу “Гісторыя маёй краіны”, а Ганна Высоцкая перамагла на рэспубліканскім конкурсе “Я патрыёт сваёй краіны” ў рамках беларуска-расійскага праекта “Цягнік Памяці”. У гэтым годзе Віцебскую вобласць на праекце будзе прадстаў­ляць яшчэ адзін вучань з Германавіч Уладзіслаў Фёдараў.

Падобнымі дасягненнямі можа падзяліцца кожная ўстанова адукацыі раёна. Куратарам работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні школьнікаў з’яўляецца Шаркаўшчынскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі.

Творчае заданне

Наш маршрут па Шаркаўшчынскім раёне пралягаў пераважна па берагах Дзісны — звілістай і своеасаблівай ракі, над якой узвышаюцца і храмы ў Шаркаўшчыне, і святыні ў Германавічах.

Калі будзеце падарожнічаць па раёне і здымаць помнікі архітэктуры, паспрабуйце пашу­каць ракурс, каб на здымку храмы глядзеліся ў люстэрка Дзісны. У вас павінен атрымацца сапраўдны фоташэдэўр! Падказка: пачаць можна з Успенскай царквы ў Шаркаўшчыне. Для мяне гэта таксама будзе творчым заданнем на чарговую каман­дзі­роўку ў маляўнічы, багаты на гістарычныя і прыродныя славутасці край.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара