Сярэдняя школа № 2 Шчучына пазіцыяніруе сябе як школа прававой культуры

- 14:35Пресс-тур «Настаўніцкай»

Школа прававой культуры. Такі імідж сярэдняй школы № 2 Шчучына імя В.Я.Пярвушына фарміруецца адразу з некалькіх кампанентаў-­пазлаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пазл 1

У 2020 годзе тут быў адкрыты першы прававы клас. Крыху пазней да гэтага напрамку далучыліся і групы патрыятычнай накіраванасці ў старшым звяне. Сёння ўжо восем класаў і груп названых профіляў аб’ядноўваюць 140 навучэнцаў.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Настасся Кіман з юнымі правазнаўцамі

— Нашых юных правазнаўцаў (вучняў 5—7 класаў) лёгка пазнаць па сіняй форме. А для юных патрыётаў асаблівасцю форменнага адзення з’яўляецца наяўнасць берэтаў і белых пальчатак, якія яны апранаюць у святочныя дні, — адзначае дырэктар школы Жанна Гайда.

Кожны прававы і патрыятычны клас мае свайго куратара з сілавых ведамстваў раёна: аддзела ўнутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, пракуратуры.

Супрацоўніцтва з прадстаўнікамі гэтых структур ажыццяўляецца на аснове дагавораў і штогадовых планаў, якія ўключа­юць сумесныя мерапрыемствы.

Адна з найбольш чаканых школьнікамі падзей — пасвячэнне пяцікласнікаў у юныя прававікі, калі адпаведнае пасведчанне кожнаму вучню ўручаюць супрацоўнікі праваахоўных органаў, — далучаецца да размовы кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Аляксандр Ярмолаў. — Урачысты момант з году ў год праводзім напярэдадні 15 сакавіка.

Толькі ў гэтым навучальным годзе ў школе рэалізуецца шэсць факультатыўных праграм выхаваўчай накіраванасці. Сярод іх — “Гатовы Радзіме служыць!”, “Даследуем гуманітарнае права”, “Мая прафесійная будучыня”. У школе прававой культуры гэтыя заняткі наведваюць не толькі навучэнцы прававых класаў і патрыятычных груп.

— У рабоце з моладдзю выкарыстоўваем такія формы і метады, як пошукава-даследчая работа, акцыі, урокі мужнасці, гутаркі, прагляд відэафільмаў, адкрытыя дыялогі. Важнае месца заканамерна адводзім экскурсіям. Прычым не абмяжоўваемся менавіта Шчучынскім краем. Частыя госці нашы школьнікі ў музеях Гродна, Ліды, Мінска, — дадае Аляксандр Ярмолаў.

Візітнай карткай установы да таго ж з’яўляецца ваенна-патрыятычны клуб “Экстрым”, куратарам якога выступаюць шчучынскія ратавальнікі. Удзельнікі клуба наведваюць факультатыўныя заняткі “Гатовы Радзіме служыць!” і прымаюць удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных памятным датам, Дню міліцыі, Дню абаронцаў Айчыны, а таксама ў гарадскіх і раённых святах.

Пазл 2

— Мерапрыемствы грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі фарміруюць чалавека, які свядома і актыўна выконвае грамадзянскі абавязак, паважае дзяржаўныя сімвалы, гісторыю і культуру свайго народа, — звяртае ўвагу Жанна Генрыхаўна.

Спрыяе гэтаму і створаны ва ўстанове адукацыі музей “Сімволіка Гродзенскай вобласці”. У 2024 годзе ўстанове адукацыі прысвоена імя ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Васіля Якаўлевіча Пярвушына. Гэты чалавек быў удзельнікам вызвалення Шчучына, а ў мірны час паступіў на службу ў праваахоўныя органы, быў адзначаны знакам “Выдатнік міліцыі”.

Сімвалічна, што навучэнцамі прававога класа з’яўляюцца праўнукі Васіля Пярвушына Аляксей Кірылаў і Міраслава Барбачковая.

— Наш прадзед нарадзіўся ў Тамбоўскай вобласці. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яму было 18. Спачатку служыў у 739-м артылерыйскім палку камандзірам гарматы. Абараняў Маскву на Валакаламскім напрамку, ваяваў пад Смаленскам. Падчас аперацыі “Баграціён” ваяваў на 2-м Беларускім фронце і ў скла­дзе 42-й гвардзейскай танкавай брыгады 13 ліпеня 1944 года прыняў удзел у вызваленні Шчучына. Яго танк Т-34 першым уварваўся на вуліцы горада, а імя нашага пра­дзеда ўнесена ў Кнігу Славы Шчучынскага раёна, — дапаўняючы адно аднаго з гонарам адзначаюць юныя правазнаўцы.

У мінулым годзе яны сталі галоўнымі героямі святочнага мерапрыемства з нагоды прадстаўлення ў школе тэматычнай парты героя. Гэта вучнёўская парта з размешчанай на ёй інфармацыяй аб заслужаным чалавеку і адпаведнымі QR-кодамі для яшчэ большай інфарматыўнасці.

— Сёння адукацыйны працэс у нас арганізаваны для 720 навучэнцаў, і з мінулага года за партай героя сядзеў практычна кожны. Нараўне з тэматычнымі класнымі мерапрыемствамі і прысвечанай асобе Васіля Якаўлевіча экспазіцыяй гэты момант — яшчэ адзін спосаб данесці да кожнага з вучняў важную інфармацыю аб чалавеку, імя якога з верасня носіць наша школа, — заўважае кіраўнік установы адукацыі.

Пазл 3

Штодзённы дыялог са школьнікамі будуюць 65 педагогаў. Са слоў дырэктара, тут ганарацца ініцыятыўнымі і творчымі маладымі настаўнікамі, якія рэалізуюць цікавыя праекты і падыходы ў сваёй рабоце. У тым ліку прававой накіраванасці.

Так, настаўніца англійскай мовы Кацярына Комар са сваімі шасцікласнікамі актыўна працуе ў напрамку фарміравання ў дзяцей інфармацыйнай культуры і навыкаў бяспечных паводзін у інтэрнэце. Педагог праводзіць тэматычныя класныя гадзіны, гутаркі і трэнінгі, накіраваныя на прафілактыку кібербулінгу і распазнаванне негатыўнай інфармацыі.

— Асаблівую ўвагу ўдзяляю інфармаванню школьнікаў аб небяспеках у інтэрнэце і мерах засцярогі ад іх. Праводзім гутаркі, дэбаты, мазгавыя штурмы і прагляды відэаролікаў, а таксама мадэляванне сітуацый. І калі на старце такой работы школьнікі ставіліся да нашых тэматычных сустрэч з насцярожанасцю, то сёння нярэдка самі становяцца ініцыятарамі шматлікіх пачынанняў. Напрыклад, сфармулявалі правілы бяспечных паводзін у інтэрнэце і распрацавалі рэкамендацыі па барацьбе з інтэрнэт-залежнасцю. Да таго ж у нашым класным кутку ёсць прысвечаная тэме інтэрнэт-рызык старонка бяспекі “Клікай разумна — клікай бяспечна”, — гаворыць Кацярына Комар.

Упэўнены ва ўстанове адукацыі і ў тым, што важную ролю ў выхаванні адказных і актыўных грамадзян адыгрывае валан­цёрства.

Педагогі Кацярына Комар, Лізавета Ня­дзвецкая, Святлана Краўчук і Настасся Васькоўская

У нашай школе падлеткі з энтузіязмам удзельнічаюць у розных мерапрыемствах: ад добраўпарадкавання паркаў да арганізацыі свят для дзяцей з інваліднасцю. Дзякуючы гэтаму, яны вучацца працаваць у камандзе, усведамляюць сваю знач­насць у вырашэнні сацыяльных праблем, — дзеліцца ініцыятар многіх школьных сацыяльна значных ініцыятыў настаўніца английскай мовы Настасся Васькоўская.

Дарэчы, вопытам удзелу ў такіх праектах ва ўстанове адукацыі дзеляцца не толькі з калегамі раёна. У студзені, напрыклад, у межах Асацыяцыі школ Расіі і Беларусі прынялі ўдзел у міжнародным фестывалі валанцёрскіх праектаў і сацыяльна значных практык “Асаблівы ўклад”.

— Нашы настаў­нікі — галоўны кампанент паспяховага руху наперад, — адзначае Жанна Гайда. — Летась малады педагог Лізавета Ня­дзвецкая стала лаўрэатам прэстыжнай абласной прэміі “Паспяховы старт”. Яе імя ўнесена ў віртуальную Кнігу гонару маладых спецыялістаў галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.

І гэта далёка не першы прыклад паспяховага старту ў прафесіі. Некалькі гадоў назад героем усё той жа віртуальнай кнігі станавілася настаўніца англійс­кай мовы Дар’я Бажко. Кіраўнік установы адукацыі пераканана, што практычна кожны такі трыумф — вынік у тым ліку паспяховага настаўніцтва больш вопытных калег.

— З Дар’яй Бажко цесна працавала наш педагог-наватар Святлана Краўчук. Яна, уласна кажучы, вывела сваю формулу поспеху ў рабоце з пачынаючымі педагогамі і вызначыла 7 крокаў на шляху да стварэння ўмоў для прафесійнай рэалізацыі маладога спецыяліста. Сваім вопытам Святлана Юр’еўна актыўна дзеліцца з калегамі не толькі нашай школы.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА