Сяргей Чарнякоў: плануецца рэалізаваць 18 праектаў па другаснай занятасці для дзяцей на летніх канікулах

- 12:30Планерка

З начальнікам аддзела адукацыі Буда-­Кашалёўскага райвыканкама Сяргеем Чарняковым карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла аб выніках мінулага навучальнага года, летнім аздараўленні і планах на будучы год.

— Сяргей Аляксандравіч, падводзячы вынікі навучальнага года, раскажыце, як прайшлі ў раёне цэнтралізаваныя экзамены.

У маі на базе Буда-Кашалёўскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага кале­джа цэнтралізаваныя экзамены здавалі 109 адзінаццацікласнікаў. Быў арганізаваны падвоз дзяцей школьнымі аўтобусамі згодна з графікам прыбыцця ў пункт здачы. Па выніках іспытаў выпускнікі пераважна пацвердзілі свае гадавыя адзнакі. Максімум экзаменуемых сёлета — 96 балаў. Выбіраючы прадмет для здачы на першым ЦЭ, часцей за ўсё школьнікі аддавалі перавагу матэматыцы, грамадазнаўству, гісторыі Беларусі, замежнай мове.

Многія выпускнікі збіраюцца паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Ведаю, што 45 чалавек прадбачліва заключылі дагаворы на мэтавае навучанне, жадаючы паступіць на педагагічныя, сельскагаспадарчыя, медыцынскія спецыяльнасці ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

У 42 установах адукацыі раёна працуюць 715 педагогаў. У 22 установах агульнай сярэдняй адукацыі вучацца 3159 навучэнцаў. 17 устаноў дашкольнай адукацыі наведваюць 908 выхаванцаў.

— Якія цікавыя праекты былі рэалізаваны ва ўстановах адукацыі?

У мінулым навучальным го­дзе на базе 7 устаноў раёна мы ўвасаблялі ў жыццё два інавацыйныя праекты. Адзін з іх — “Укараненне кластарнай мадэлі ўзаемадзеяння рэгіянальных устаноў адукацыі розных тыпаў для фарміравання інклюзіўнага адукацыйнага працэсу”. Праект рэалізуецца пры ўзаема­дзеянні Буда-Кашалёўскага раённага ЦКРНіР, гарадскога дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці, Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці і Уваравіцкай сярэдняй школы. Ён накіраваны на фарміраванне інклюзіўнай адукацыйнай прасторы дзякуючы кластарнай мадэлі ўзаемадзеяння рэгіянальных устаноў розных тыпаў.

У другім інавацыйным праекце “Укараненне тэхналогіі мнагамернага чытання для фарміравання функцыянальнай пісьменнасці малодшых школьнікаў” удзельнічаюць чацвёртакласнікі пачатковай школы Буда-Кашалёва, Бушаўскай сярэдняй і Негаўскай базавай школ. Для павышэння ўзроўню функцыянальнай пісьменнасці выпускнікоў пачатковых класаў праводзяцца заняткі па тэхналогіі мнагамернага чытання з выкарыстаннем падручніка-сшытка “Технология многомерного чтения: (Я стерегу…)n”, выкарыстоўваюцца заданні на аснове несуцэльных тэкстаў дапаможніка “Матэматычная вясёлка, 4 клас”.

9 мая і 3 ліпеня на галоўнай плошчы горада прайшла маштабная культурна-патрыятычная акцыя “Станцуем вальс Перамогі разам”, у якой прынялі ўдзел 80 пар рознага ўзросту. Сярод тых, хто вальсаваў, самаму малодшаму ўдзельніку — 7 гадоў, а самаму старэйшаму — 78.

— Сяргей Аляксандравіч, як арганізаваны адпачынак і аздараўленне дзяцей летам?

У летні канікулярны перыяд арганізавана работа летніх аздараў­ленчых лагераў, спартыўна-аздараў­ленчых пляцовак, правядзенне летніх акцый, мерапрыемстваў грама­дзянска-патрыятычнай і краязнаўчай накіраванасці.

У 23 установах адукацыі раёна арганізавана работа 54 аздараўленчых лагераў амаль для 1000 дзяцей. У тым ліку школьнікі могуць наведаць 6 лагераў спартыўна-аздараўленчага профілю, 4 экалагічныя кірункі, 5 стацыянарных турыстычна-краязнаўчых палатачных, 7 культурна-забаўляльных і 3 лагеры для высокаматываваных навучэнцаў. На базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы “Спарта” летам працуюць 4 лагеры для 135 аматараў спорту. Таксама на працягу трох летніх месяцаў плануецца аздараўленне і адпачынак 457 школьнікаў ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў у такіх беларускіх здраўніцах, як “Пралеска”, “Колас”, “Жамчужына”, “Рамантыка”, “Сядзельнікі”, “Лясная паляна”, санаторый “Случ”.

Фота аўтара

Да таго ж 360 хлопчыкаў і дзяўчынак адправяцца ў 15 лагераў, якія дзейні­чаюць пры міжведамасным узаема­дзеянні з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях (4 лагеры, 120 дзяцей); аддзелам унут­раных спраў (1 лагер, 60 дзяцей); ваенным камісарыятам Буда-Кашалёўскага і Чачэрскага раёнаў (7 лагераў, 120 дзяцей); раённай арганізацыяй Асвод (1 лагер, 30 дзяцей); прыходам храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Буда-Кашалёве Гомельскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы (2 лагеры, 30 дзяцей) і з Рэгіянальным цэнтрам тэсціравання і прафесійнай арыентацыі навучэнскай моладзі (1 лагер, 15 дзяцей).

На базе Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці будуць працаваць 4 лагеры для 76 чалавек прафарыентацыйнага, мастацкага профіляў, а таксама аб’яднанні па інтарэсах і гульнявыя пляцоўкі, у тым ліку па бяспецы жыццядзейнасці. У Буда-Кашалёўскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі прадугледжана аздараўленне 8 дзяцей з АПФР.

— Лета — гэта не толькі пара для адпачынку, але і час, калі падлеткі могуць падзарабіць. Ці ёсць такая магчымасць у юных будакашалёўцаў?

Безумоўна. Такую магчымасць атрымаюць 194 чалавекі. Пры са­дзейнічанні ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, а таксама прадпрыемстваў і арганізацый раёна запланавана адкрыццё 15 лагераў працы і адпачынку для падлеткаў 14—17 гадоў. Усяго плануецца рэалізаваць 18 праектаў па другаснай занятасці для 117 дзяцей на агульную суму 30 000 рублёў. Прадугледжаны такія віды работ, як добраўпарадкаванне тэрыторыі, пашыў пасцельнай бялізны, канцэртных касцюмаў, рамонт мэблі і кніг, праполка кветнікаў.

Акрамя таго, сумесна з БРСМ мы прапануем навучэнцам падзарабіць у студэнцкіх атрадах. Такую магчымасць атрымаюць 175 чалавек.

— Што ў планах на будучы навучальны год?

Плануем працягнуць рэалізацыю праекта “Укараненне кластарнай мадэлі ўзаемадзеяння рэгіянальных устаноў адукацыі розных тыпаў для фарміравання інклюзіўнага адукацыйнага пра­цэсу” (4 установы), а таксама ўкараніць 3 новыя праекты. Напрыклад, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці Буда-Кашалёва плануе стаць удзельнікам адукацыйнага праекта Парка высокіх тэхналогій для ўстаноў дашкольнай адукацыі “Інфарматыка без разеткі” і ў далейшым ад­крыць аб’яднанні па інтарэсах “Робаташа”, “Мульці-пульці”, “Інфарматыка без разеткі”.

Марына КУНЯЎСКАЯ