Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт — цэнтр навукова-інавацыйнай, міжнароднай і культурна-грамадскай дзейнасці Брэсцкай вобласці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Ва ўстанове эфектыўна функцыянуюць чатыры факультэты, чатырнаццаць кафедр, аспірантура, Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, адасобленыя падраздзяленні “Цэнтр трансферу тэхналогій” і “Ляхавіцкі аграрны каледж”.
За час існавання ўніверсітэта падрыхтавана больш за 25 тысяч спецыялістаў у галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, машынабудавання, бізнесу, кіравання, права, дашкольнай і пачатковай педагогікі, філалагічнай і лінгвістычнай адукацыі, працоўнага навучання, фізічнай культуры, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай падтрымкі.
Сёння ва ўніверсітэце падрыхтоўка вядзецца па 24 спецыяльнасцях I ступені, 3 спецыяльнасцях II ступені і 7 спецыяльнасцях дадатковай адукацыі дарослых. А для забеспячэння бесперапыннай прафесійнай адукацыі выпускнікоў каледжаў у БарДУ прапаноўваюць 4 праграмы, інтэграваныя з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй са скарочаным тэрмінам навучання. Ледзь не штогод адкрываюцца новыя спецыяльнасці ў адпаведнасці з патрэбамі галін эканомікі і сацыяльнай сферы.
Мэтавікам — зялёнае святло
У 2023 годзе на 22 спецыяльнасці дзённага навучання на бюджэт запрашаюць 425 абітурыентаў, а на завочнае аддзяленне — 95. За кошт уласных сродкаў на дзённае — 113 і на завочнае — 191 чалавек.
— На першым этапе уступнай кампаніі — 2023 да нас паступілі два пераможцы ўніверсітэцкай алімпіяды па беларускай мове. У наступным годзе збіраемся пашырыць дыяпазон дысцыплін нашай алімпіяды, бо яна дапамагае выявіць самых зацікаўленых і матываваных абітурыентаў, — паведаміла адказны сакратар прыёмнай камісіі ўніверсітэта Дзіна Лабун. — Таксама былі залічаны і 32 мэтавікі, што на 30% больш, чым летась.
Мэтавы набор у БарДУ праходзіў па 16 спецыяльнасцях рознай накіраванасці. На 32 месцы дакументы падалі 46 абітурыентаў. З іх 1 абітурыент з залатым медалём, 1 выпускнік педкласа, які паспяхова прайшоў субяседаванне, больш за 18 маюць сярэдні бал атэстата вышэйшы за 8. Заказчыкамі кадраў выступілі розныя ведамствы і арганізацыі, уключаючы галоўныя ўпраўленні адукацыі Брэсцкага, Магілёўскага, Гродзенскага і Мінскага аблвыканкамаў, Баранавіцкі станкабудаўнічы завод, будтрэст № 25, Лідскую абутковую фабрыку, Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод, а таксама прыватныя прадпрыемствы.
— Асноўнае новаўвядзенне сёлетняй уступнай кампаніі — гэта асобнае паступленне мэтавікаў. Зыходзячы са свайго вопыту, хочацца сказаць, што 5 гадоў адпрацоўкі маюць куды больш плюсоў, чым мінусаў. Бо абітурыент першапачаткова ведае, на якім прадпрыемстве будзе працаваць пасля заканчэння ўніверсітэта. А за час практыкі ён пазнаёміцца з калектывам, у якім яму ў далейшым давядзецца працаваць. У той час як усе астатнія толькі за пару месяцаў да заканчэння УВА даведаюцца, куды іх размяркуюць, і для іх першае працоўнае месца стане поўнай невядомасцю, — пераканана Дзіна Уладзіміраўна.
Сёлета ў БарДУ пачынаецца набор на спецыяльнасць магістратуры “Псіхалогія”. Да таго ж вядзецца работа па адкрыцці спецыяльнасцей “Эксплуатацыя наземных транспартных і тэхналагічных машын і комплексаў” і “Робататэхнічныя сістэмы”.
Увесь адукацыйны працэс ва ўніверсітэце арганізаваны ў цесным узаемадзеянні з заказчыкамі кадраў. Практыка-арыентаванае навучанне арганізоўваецца ў 29 філіялах кафедр на вядучых прадпрыемствах Баранавіч, а ў лабараторыях, канструктарскіх бюро і вытворчых участках 86 базавых арганізацый выкладчыкі і навучэнцы праводзяць навуковыя даследаванні.
Час падачы дакументаў
З 17 ліпеня пачаўся асноўны этап уступнай кампаніі. Дакументы будуць прымаць па 25 ліпеня, а на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю — па 27-га. Унутраныя ўступныя іспыты правядуць з 26 ліпеня па 2 жніўня. Залічэнне абітурыентаў на бюджэт адбудзецца па 4 жніўня, на платнае навучанне — па 11 жніўня.
— Абітурыенты, якія паступаюць на завочную форму навучання на бюджэт, павінны мець працоўны стаж не меншы чым 10 месяцаў, пацверджаны дакументальна. Выключэнне — асобы, якія паступаюць у год заканчэння службы ў арміі, людзі з інваліднасцю I і II групы, спартсмены пэўных катэгорый, а таксама абітурыенты з ССА, якія паступаюць на роднасную спецыяльнасць. Да таго ж выпускнікі педагагічных спецыяльнасцей каледжаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй могуць паступаць да нас на завочнае навучанне па роднасных спецыяльнасцях без уступных іспытаў, — расказала Д.У.Лабун.
Па яе словах, больш за 340 абітурыентаў ужо зрабілі свой выбар на карысць БарДУ. З іх 6 — пераможцы трэцяга этапу рэспубліканскай аліміяды па вучэбных прадметах, 10 абітурыентаў — уладальнікі залатых/сярэбраных медалёў або дыпломаў з адзнакай. Да таго ж 22 паступаючыя маюць высокі агульны бал — больш за 300.
— Заўсёды карыстаецца попытам спецыяльнасць “Правазнаўства” на факультэце эканомікі і права, дзе на 2 бюджэтныя месцы падалі ўжо 30 заяў. На інжынерным факультэце самая запатрабаваная спецыяльнасць “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”: на 20 бюджэтных месцаў у цяперашні час прэтэндуюць 30 абітурыентаў. Гэта нядзіўна, бо многія зараз цікавяцца праграмаваннем. Да таго ж ІТ-сфера дае больш шырокі спектр магчымасцей на рынку працы, бо сёння моладзь выбірае найперш тыя спецыяльнасці, якія дазволяць ім добра зарабляць. Увогуле, чым менш заяўлена бюджэтных месцаў, тым вышэйшы прахадны бал складваецца, — патлумачыла адказны сакратар прыёмнай камісіі. — Мы вельмі чакаем цікаўных, неабыякавых, таленавітых і крэатыўных студэнтаў, якім хочацца сказаць: БарДУ — універсітэт для жыцця, бо ён дапамагае атрымаць прафесіі, якія дазволяць самарэалізавацца.
Для душы
Зараз БарДУ актыўна развівае сеткавае ўзаемадзеянне з цэнтрамі кампетэнцый. Так, з 2022 года наладжана супрацоўніцтва з цэнтрам кампетэнцый сучасных тэхналогій у машынабудаванні Каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе (філіяла РІПА). Тут студэнты праходзяць практыку ў спецыялізаваных лабараторыях цэнтра на сучасным вучэбным і вытворчым абсталяванні. Гэта дае магчымасць асвоіць усе важныя складнікі вытворчага і тэхналагічнага працэсаў ва ўмовах, максімальна набліжаных да сучаснага інавацыйнага прадпрыемства.
Адукацыя ў сучасным універсітэце накіравана не толькі на фарміраванне неабходных ведаў і навыкаў, але і на выхаванне, гарманічнае развіццё моладзі рэгіёна. БарДУ — гэта творчае маладзёжнае асяроддзе, кожны прадстаўнік якога валодае высокімі культурнымі, патрыятычнымі і маральнымі якасцямі. Для развіцця іх інтэлектуальнага, творчага, асобаснага, сацыяльнага патэнцыялу ва ўніверсітэце функцыянуюць 63 маладзёжныя аб’яднанні, клубныя фарміраванні і гурткі, студэнцкія навуковыя аб’яднанні, секцыі.
— Гордасць універсітэта — 5 калектываў, якія маюць ганаровае званне народнага аматарскага калектыву: інструментальны ансамбль “Музычны гасцінец”, тэатр моды “Світа”, тэатр мініяцюр “Сафіт”, студыя эстраднай песні “Талент”, гурток выяўленча-прыкладнога мастацтва “Майстэрня”. Універсітэцкія калектывы штогод становяцца пераможцамі рэспубліканскіх конкурсаў “Арт-вакацыі”, Fest-art.by, “Грані творчасці” і інш., — адзначыла Дзіна Лабун.
Інавацыйныя перспектывы
У будучыні БарДУ плануе пашыраць практыку модульнага сеткавага ўзаемадзеяння па ўсіх спецыяльнасцях, а таксама сеткавую рэалізацыю сумесных адукацыйных праграм з УВА краіны.
Ва ўніверсітэце ўкаранёна і паспяхова рэалізуецца стратэгія “Лічбавы ўніверсітэт”, накіраваная на лічбавую трансфармацыю ўсіх працэсаў кіравання і функцыянавання інфраструктуры ўстановы.
У цэнтры трансферу тэхналогій БарДУ рэалізуюцца праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Акадэмія тэхналогій (базавы і павышаны ўзровень)”. Гэта дае магчымасць сфарміраваць у вучняў асновы тэхнічнага і эканамічнага мыслення, развіць навыкі праграмавання, 3D-мадэлявання і 3D-друку, дапоўненай рэальнасці, web-распрацоўкі і навучыцца прымяняць атрыманыя веды ў распрацоўцы маладзёжных IT-праектаў.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара