Сёлета ва ўстановы адукацыі Ляхавіччыны прыйдуць 12 маладых спецыялістаў, з іх 2 мэтавікі

- 11:18Новости

Установы адукацыі Ляхавіччыны актыўна рыхтуюцца да новага навучальнага года — для рэалізацыі ініцыятыў неабходна стварыць спрыяльныя ўмовы для дзяцей і педагогаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Агульнымі намаганнямі

— На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі з бюджэту выдзелена больш за 1,2 млн руб­лёў. Капітальныя рамонты праводзяцца ў спартыўнай зале сярэдняй школы № 2 Ляхавіч і гімназіі, дзе мяняецца дахавае пакрыццё. Завяршаюцца бягучыя рамонты даху ў дзіцячым садзе № 1, у Дараўскай і Жарабковіцкай сярэдніх школах. Умацоўваецца і матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі. Так, набыта абсталяванне для харчаблокаў гарадскіх устаноў адукацыі, вучэбная мэбля, абноўлена супрацьпажарная сістэма ў сярэдняй школе № 1. Вядуцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторый устаноў адукацыі, — адзначае начальнік аддзела па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама Марыя Саракавік.

Установы адукацыі раёна актыўна працуюць са спонсарамі. Найперш гэта сельскагаспадарчыя прадпрыемствы — СПК “Ляхавіцкі”, “Жарабковічы”, “Нача”,  “Шлях новы”, а таксама ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”, СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” і інш. Не застаецца ў баку ад падрыхтоўкі і бацьк­оўская грамадскасць.

— Кожная ўстанова шукае спосабы прыцягнуць дадатковыя фінансавыя сродкі, — расказвае Марыя Аляксандраўна. — Адзін з такіх спосабаў — удзел у раённых спаборніцтвах. Так, у нас быў праведзены конкурс макетаў “Рэха стагоддзяў”. Яго пераможцам стала Ліпская сярэдняя школа, якая атрымала 40 базавых велічынь. Быў таксама аб’яўлены раённы конкурс на лепшае добраўпарадкаванне тэрыторыі, і адным з яго пераможцаў стаў дзіцячы сад № 4, якому таксама была аказана фінансавая падтрымка. Удзел у такіх конкурсах дае магчымасць установам адукацыі ўмацаваць сваю матэрыяльна-тэхнічную базу.

Педагогам, тэхнічным работнікам рыхтаваць установы адукацыі да 1 верасня дапамагаюць школьнікі: у 13 з 14 устаноў адукацыі раёна арганізавана другасная занятасць. Навучэнцы добраўпарадкоўваюць тэрыторыю, займаюцца афарбоўкай сцен, рамонтам школьнай мэблі, падклейкай кніг у бібліятэцы. Лагеры працы і адпачынку дзейнічалі на базе 1-й і 2-й школ. Лагер “Авантаж” сярэдняй школы № 1 аб’яднаў падлеткаў, якія выказалі жаданне папрацаваць рабочымі зялёнага будаўніцтва. На 15 дзён навучэнцы былі працаўладкаваны ў ляхавіцкую ЖКГ. Падлеткі былі афіцыйна прыняты на работу і па яе выніках атрымаюць заработную плату. Працоўныя будні па добраўпарадкаванні горада навучэнцы сумяшчалі з насычанай забаўляльна-спартыўнай праграмай, дзе лідзіруючае месца займалі мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці.

Школьнікі раёна ўваходзяць і ў склад студэнцкіх атрадаў. Так, студатрадаўцы працавалі ў лясніцтве, у СПК “Шлях новы”. У аздараўленчым лагеры “Чайка” пад эгідай Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі дзейнічае студэнцкі педагагічны атрад “Партызаны Талаша”.

— Нашы сельскія ўстановы адукацыі па колькасці дзяцей невялікія, але маюць значныя прылеглыя тэрыторыі (па 3—4 га), і мы вельмі рады, што з гэтага года вярнулі працоўную практыку ва ўстановы адукацыі. На працягу года навучэнцы дапамагаюць наводзіць парадак, шчыруюць на прышкольным участку, — заўважае М.Саракавік.

Імпульс да творчасці

Натхненне і настрой на далейшую работу педагогам надаюць вынікі мінулага года. Па-першае, гэта атрыманне статусу “Школа міру” дзіцячым садам № 1 Ляхавіч. На Брэстчыне гэта пятая ўстанова дашкольнай адукацыі, якой быў прысвоены гэты статус, аднак толькі ў Ляхавіцкім раёне прасочваецца пераемнасць у ланцужку “дзіцячы сад — школа — каледж”. Дарэчы, першай справай маленькіх міратворцаў стала высадка маладых вішань разам з міратворцамі Ляхавіцкага аграрнага каледжа, прымеркаваная да 80-годдзя Вялікай Перамогі.

Па-другое, гэта адкрыццё ў чэрвені ў Малагарадзішчанскай сярэдняй школе цэнтра нагляднай прафілактыкі, дзе навучэнцы раё­на будуць вучыцца здароваму ладу жыцця. Цэнтр змяшчае тэматычныя стэнды і іншае абсталяванне, якое красамоўна адлюстроўвае жахлівыя наступствы курэння, ужывання наркотыкаў і псіхатропных рэчываў, алкаголю, а таксама дэманструе карысць заняткаў фізкультурай і спортам.

— Цэнтр нагляднай пра­філактыкі будзе адыгрываць важную ролю ў фарміраванні ў падлеткаў правільных адносін да свайго здароўя. Установы адукацыі раёна працуюць перш за ўсё на прафілактыку шкодных звычак. Сёння, на жаль, усё ж праяўляюцца адмоўныя моманты: булінг, камп’ютарная залеж­насць, курэнне, ужыванне алкаголю непаўналетнімі. І наша задача — папярэдзіць і спыніць гэтыя факты ў самым пачатку. З гэтай мэтай і адкрыўся цэнтр з запрашэннем да ўзаема­дзеяння ўсіх зацікаўленых структур, — адзна­чае Марыя Саракавік.

Акрамя таго, з верасня на базе гімназіі працуе цэнтр дапрызыўнай медыцынскай падрыхтоўкі, у дзіцячым садзе № 3 створана група патрыятычнай накіраванасці. Яркай падзеяй для раёна стаў “Зорны паход” БДПУ у межах святкавання 80-годдзя Перамогі. Педагогі спадзяюцца на далейшае супрацоўніцтва з універсітэтам.

Асаблівую гордасць настаўнікі адчуваюць за перамогі сваіх навучэнцаў. Сёлета запаветныя 100 балаў па англійскай мове на рахунку выпускніцы сярэдняй школы № 2 Паліны Зубарык. Дарэчы, 98 балаў дзяўчына атрымала на ЦЭ па беларускай мове.

Даследаванне адзінаццацікласніка Тухавіцкай сярэдняй школы Дзяніса Рымшы стала лепшым у абласным этапе рэспубліканскага юніёрскага конкурсу “Квітней, мой лес” у намінацыі “Устойлівае лесакіраванне”. “Экалагічнае абгрунтаванне прымянення ўгнаення “Гумат Рост” для аптымізацыі ўмоў росту і развіцця сеянцаў дуба чарэшчатага” — так называецца праект старшакласніка, над якім ён працаваў разам з настаўніцай Аленай Пятліцкай. І гэта іх другая перамога. Летась яны працавалі над турыстычнымі маршрутамі на тэрыторыі Востраўскага лясніцтва.

Сярод пераможцаў абласнога этапу конкурсу “Квітней, мой лес” і дзевяцікласніца Крывошынскай сярэдняй школы імя Г.С.Здановіча Ульяна Мельнікава, праект якой у намінацыі “Экалогія лясных раслін” заваяваў 3-е месца. Ульяна і яе настаўніца Наталля Філіповіч даследавалі распаўсюджанне амялы белай на тэрыторыі Крывошынскага лясніцтва.

— У рабоце сістэмы адукацыі важнае значэнне мае і стварэнне бяспечнай і камфортнай адукацыйнай прасторы. Гэта заслуга работнікаў харчаблокаў, вадзіцеляў і іншых катэгорый, — заўважае начальнік аддзела па адукацыі. — Нам прыемна, што сёлета ў конкурсе на лепшага вадзіцеля школьнага аўтобуса вобласці вадзіцель з Востраўскай сярэдняй школы Андрэй Дзянішчык заваяў дыплом І ступені.

Сімбіёз вопыту і маладосці

Сёлета педагагічная сям’я раёна папоўніцца новымі імёнамі: плануецца, што ва ўстановы адукацыі прыйдуць 12 маладых спецыялістаў (летась, дарэчы, было толькі 3), з іх 2 мэтавікі — настаўнік фізікі і інфарматыкі і педагог дашкольнай адукацыі.

— Вельмі добра спрацавалі кіраўнікі нашых устаноў адукацыі, якія з пачатку года цесна ўзаемадзейнічалі са студэнтамі апошніх курсаў УВА і прыцягнулі ва ўстановы маладых спецыялістаў, — расказвае Марыя Аляксандраўна. — Звычайна штогод у нас на педагагічныя спецыяльнасці былі 1—2 мэтавікі, сёлета іх 5. Мы імкнёмся рыхтаваць кад­ры самі. У кожнай гарадской установе адукацыі адкрыты педагагічныя групы. Радуе, што нашы выпускнікі пасля заканчэння УВА вяртаюцца на радзіму.

Па словах М.Саракавік, сярод асноўных задач, якія ставяцца перад установамі адукацыі Ляхавіччыны на новы навучальны год, — якасная адукацыя і выхаванне, стварэнне бяспечных умоў ва ўстановах адукацыі, наладжванне эфектыўнай работы з бацькамі.

— У новым навучальным годзе плануем адкрыць гарадскі рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні на базе сярэдняй школы № 1. Практычна падрыхтавана да адкрыцця група патрыятычнай накіраванасці ў дзіцячым садзе № 4, якая будзе супрацоўнічаць з РАНС. Такім чынам, у кожным дзіцячым садзе будуць свае напрамкі дзейнасці. Працягнем працаваць над прысваеннем імён установам адукацыі. Упэўнена, што ў нас усё атрымаецца. Каманда нашых кіраўнікоў абнаўляецца, і зараз назіраецца сімбіёз вопытных і маладых, актыўных кіраўнікоў, якія знаходзяць новыя ідэі і ахвотна бяруцца за іх рэалізацыю, — пад­крэслівае Марыя Саракавік.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара