Сёння апошні дзень прыёму на бюджэт

- 8:48Уступная кампанія

У Беларускім дзяржаўным універсітэце з першага дня прыёму дакументаў мнагалюдна. Ужо ў панядзелак агульная колькасць пададзеных заяў перавысіла кантрольныя лічбы бюджэтнага набору.

На некаторыя спецыяльнасці прахадныя балы ўзляцелі да 360 і вышэй. Напрыклад, па стане на 12 гадзін учарашняга дня прахадны бал на спецыяльнасці Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій складаў 368, на факультэт міжнародных адносін (у залежнасці ад спецыяльнасці) — ад 356 да 381, на спецыяльнасць “Інфармацыя і камунікацыя” факультэта журналістыкі — 362 і г.д.


Дарэчы, сёлета за кошт сродкаў бюджэту на дзённую форму навучання ў БДУ плануецца прыняць 2207 чалавек, на завочную — 285 чалавек. Паводле кантрольных лічбаў прыёму, 65% бюджэтных месцаў прыпадае на долю прыродазнаўчанавуковых спецыяльнасцей.

Для зручнасці абітурыентаў на тэрыторыі ўніверсітэцкага гарадка працуе агульнадаступная сетка Wi-Fi ABIT, дзякуючы якой можна атрымаць свабодны доступ да ўсіх інтэрнэт-сайтаў, размешчаных у даменнай зоне bsu.by. Знаходзячыся ў сетцы, можна атрымліваць усю аператыўную інфармацыю аб прыёме, а таксама працаваць з асабістым кабінетам абітурыента.


Адзначым, што асабісты кабінет сёлета істотна абноўлены. Цяпер кожны абітурыент на працягу ўсёй прыёмнай кампаніі можа ў рэжыме анлайн сачыць за бягучымі прахаднымі баламі і месцам, якое ён займае ў конкурсе на выбраную спецыяльнасць. Пасля завяршэння набору ў асабістым кабінеце будуць адлюстраваны звесткі аб залічэнні.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.