Уся каманда нашых юных хімікаў вярнулася з 47-й Міжнароднай хімічнай алімпіяды (IсhO) з медалямі. Вынікі такія ж, як і ў мінулым годзе — 3 сярэбраныя і 1 бронзавы медаль.
Сярэбраныя медалі заваявалі навучэнка сярэдняй школы № 127 Мінска Кацярына Рагойжа, навучэнец Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Андрэй Куляшоў і навучэнец Ліцэя БДУ Раман Ларковіч. Бронзавым медалём адзначаны навучэнец Ліцэя БДУ Дзмітрый Баброў. Адметна, што нашы сярэбраныя медалісты Кацярына і Андрэй знаходзяцца ў самым пачатку ліста ўзнагароджаных сярэбраным медалём. Кацярына была ў маленькім кроку ад золата. Дарэчы, Кацярыну і Дзмітрыя можна лічыць самымі вопытнымі алімпіяднікамі — у мінулым годзе ім пашчасціла ўдзельнічаць у Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе, дзе яны заваявалі свае першыя сярэбраныя медалі. Сёлета яны паўтарылі мінулагодні вынік на Мендзялееўскай алімпіядзе. Самы малады член нашай каманды — Раман Ларковіч. Хлопец перайшоў вучыцца ў 11 клас, таму ў яго яшчэ ёсць шанс трапіць на міжнародную алімпіяду ў наступным годзе.
47-я Міжнародная хімічная алімпіяда праходзіла ў сталіцы Азербайджана Баку. У ёй бралі ўдзел 292 юныя хімікі з 75 краін свету. Спаборніцтвы — практычны і тэарэтычны туры — праводзіліся на базе філіяла Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава, які мае найноўшае абсталяванне і выдатныя аўдыторыі з відам на азербайджанскія пустыні.
Кіраўнікамі нашай каманды з’яўляліся дацэнт кафедры агульнай хіміі і методыкі выкладання хіміі хімічнага факультэта БДУ кандыдат хімічных навук Віктар Мікалаевіч Хвалюк і малодшы навуковы супрацоўнік інстытута фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі Максім Аляксандравіч Фаміч.
Па меркаванні Максіма Аляксандравіча, задачы на сёлетняй Міжнароднай хімічнай алімпіядзе не толькі былі вельмі складанымі, а яшчэ іх было вельмі шмат, таму амаль нерэальна было іх выканаць за адведзены час — па 5 гадзін на кожны тур.
Тэарэтычны тур складаўся з 8 задач, а эксперыментальны — з трох: першая задача — выканаць арганічны сінтэз з вылучэннем рэчыва; другая задача — вызначыць утрыманне ванадыю і хрому ў растворы; трэцяя — зрабіць тэтраметрычнае вызначэнне лякарства ў выдадзеным экзэмпляры.
— Многія ўдзельнікі пачыналі выконваць першае заданне, якое ў іх расцягвалася на тры гадзіны, пасля чаго ў іх заставалася 2 гадзіны на 2 заданні, таму за апошняе многія нават і не браліся, — расказаў М.А.Фаміч. — У эксперыментальнай частцы трэба было тры задачы выконваць паралельна. Спачатку пазнаёміцца з усімі заданнямі і вызначыць, якія можна выканаць паралельна, а якое пакінуць на завяршэнне. Большасці ўдзельнікаў гэта не ўдалося. Хаця былі і такія, якія выканалі ўсё добра. Абсалютны пераможца алімпіяды атрымаў за эксперыментальны тур 38,5 бала з 40, калі б не фармальная памылка, то ў яго быў бы поўны бал. Калі ацэньваць алімпіяду па яе выніках, то атрымліваецца, што эксперыментальны тур рэальна было выканаць за адведзены час. Як сказалі нашы школьнікі, яны сутыкнуліся з тым, што плітка, якую ім выдалі, не грэла з неабходнай хуткасцю, таму працэс вылучэння рэчыва ў іх ішоў 2 гадзіны замест 30 хвілін. На эксперыментальным туры не ўсё залежыць ад майстэрства, ад удачы таксама — якое абсталяванне табе дасталася.
Па выніках 47-й Міжнароднай хімічнай алімпіяды ўручаны 35 залатых, 63 сярэбраныя, 92 бронзавыя медалі. Каманда юных хімікаў з Кітая забрала першыя чатыры “золаты”.
Святлана КІРСАНАВА.