Такі бясконцы Год моладзі

- 13:15Актуально, Апошнія запісы

У Міністэрстве адукацыі адбылася сустрэча кіраўніцтва міністэрства з дэлегацыяй ААН, якая прыбыла ў Беларусь з нагоды святкавання 70-годдзя Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Замежных гасцей сустракаў міністр адукацыі М.А.Жураўкоў.

Пасланнік Генеральнага сакратара ААН па справах моладзі Ахмад Аль Хіндаві паведаміў, што ён аб’ездзіў амаль увесь свет, але воляй лёсу ў першы раз наведаў Беларусь толькі сёння, хаця імкнуўся да гэтага вельмі даўно.
— Я спецыяльна прымеркаваў свой прыезд у Беларусь да Года моладзі, таму што ўся мая дзейнасць звязана з маладзёжным рухам, — сказаў Ахмад Аль Хіндаві. — У вашай краіне маладзёжная палітыка заслугоўвае вялікай увагі з боку іншых краін, яна імкліва развіваецца з улікам міжнародных тэндэнцый і заваявала высокі імідж сярод іншых краін сваімі ініцыятывамі і ідэямі, якія знайшлі сваю рэалізацыю ў маладзёжным руху свету.Прадстаўнік ААН заявіў, што Арганізацыя Аб’яднаных Нацый выступае з ініцыятывай і надалей аказваць садзеянне і падтрымку краінам, якія развіваюць нацыянальную маладзёжную палітыку.
— Трэба павялічваць інвестыцыі ў праграмы для моладзі, праводзіць больш даследаванняў аб моладзі, пашыраць нашы веды ў гэтай сферы, — заявіў Ахмад Аль Хіндаві. Ён дадаў, што дзяржавы павінны павышаць прэстыж маладзёжнай палітыкі — асабліва ў перыяд 20-годдзя з дня запуску Сусветнай праграмы дзеянняў у інтарэсах моладзі і 70-годдзя ААН.
Прадстаўнік ААН заявіў, што сёння існуе неабходнасць умацоўваць і развіваць рэгіянальнае супрацоўніцтва ў галіне маладзёжнай палітыкі і прыцягваць да яго саму моладзь. Маладое пакаленне валодае вялікім патэнцыялам, каб вырашаць задачы як сусветнага маштабу, так і лакальнага ўзроўню, і гэтыя якасці трэба з карысцю выкарыстоўваць.
Міністр адукацыі М.А.Жураўкоў адзначыў, што для Міністэрства адукацыі маладзёжная палітыка — адзін з прыярытэтных кірункаў дзейнасці. У нашай краіне, як і ў іншых, развіццю маладзёжных ініцыятыў надаецца вялікае значэнне. Дастаткова сказаць, што некалькі дзяржаўных праграм, якія створаны ў нашай краіне, прысвечаны маладзёжнай палітыцы. Цяпер вядзецца распрацоўка новай праграмы на наступную пяцігодку “Адукацыя і маладзёжная палітыка”, дзе будзе прадстаўлены дастаткова вялікі пакет новых ідэй, звязаных з маладзёжным рухам у Беларусі.
— Што тычыцца нашай маладзёжнай палітыкі і сувязей з міжнароднымі арганізацыямі, то мы стараемся больш цесна ўзаемадзейнічаць з усімі замежнымі партнёрамі, і, напэўна, прадстаўнікі розных міжнародных арганізацый пацвердзяць факт гэтага ўзаемадзеяння, — адзначыў Міхаіл Анатольевіч.
У якасці прыкладу міністр прывёў некалькі міжнародных праектаў, якія сёння рэалізуюцца ў Беларусі. Ужо два гады ў нашай краіне ажыццяўляецца Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Роўны навучае роўнага” пры падтрымцы ЮНІ СЕФ, які выконваецца пад патранатам АПА.У АПА створаны Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр і адкрыта старонка на сайце акадэміі, дзе змешчаны нарматыўныя і метадычныя матэрыялы па ўкараненні гэтай праграмы ў Беларусі, даецца анонс рэспубліканскіх і рэгіянальных мерапрыемстваў, іншая важная інфармацыя для педагогаў і навучэнцаў, якія рэалізуюць падыход “Роўны навучае роўнага”. Адметна, што за час рэалізацыі праграмы выдадзена 5 вучэбна-метадычных дапаможнікаў для педагогаў па ўкараненні гэтага падыходу, распрацавана праграма факультатыву па падрыхтоўцы валанцёраў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У АПА і ў рэгіянальных інстытутах развіцця адукацыі праводзіцца павышэнне кваліфікацыі педагогаў, якія ўдзельнічаюць ва ўкараненні падыходу “Роўны навучае роўнага”. За час рэалізацыі праекта падрыхтавана па спецыяльна распрацаванай праграме каля 400 педагогаў-кансультантаў. Вынікі работы паказваюць, што рух “Роўны навучае роўнага” становіцца масавым і папулярным сярод педагогаў і навучэнцаў.Доўгі час у Беларусі дзейнічае яшчэ адзін міжнародны праект пры падтрымцы Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Каардынатарам праекта стаў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Галоўным у рэалізацыі праекта з’яўляецца ўд зел у ім саміх дзяцей. На сённяшні дзень у гэтым праекце ўдзельнічаюць ужо 25 вялікіх і малых гарадоў Беларусі. Праекты “Роўны навучае роўнага” і “Горад, дружалюбны да дзяцей”— гэта найбольш буйныя праекты міжнароднага супрацоўніцтва. Ёсць таксама шэраг іншых лакальных ініцыятыў, у рамках якіх Беларусь працуе з рознымі краінамі, еўрапейскімі і сусветнымі арганізацыямі.
На найбліжэйшы час намечана рэалізацыя некалькіх праектаў унутры краіны, якія неабходны для развіцця нашай сістэмы адукацыі. Так, у прыватнасці, Рашэд Мустафа Сарвар, прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі, ухваліў прапанаваныя міністрам праекты ў сферы інклюзіўнага навучання, дашкольнай адукацыі, праект, скіраваны на моладзь з асаблівасцямі фізічнага развіцця.
— Беларусь — гэта выдатная платформа для міжнароднага супрацоўніцтва, — заявіў Рашэд Мустафа Сарвар. — Міністэрства адукацыі з’яўляецца адным з нашых ключавых партнёраў, які каардынуе работу з дзецьмі і моладдзю на ўсіх узроўнях адукацыі, прыўносіць у гэтую работу свежыя ідэі, ініцыіруе новыя праекты.
Ахмад Аль Хіндаві паведаміў, што, абмяркоўваючы вынікі Сусветнай праграмы дзеянняў у інтарэсах моладзі, было прызнана, што Беларусь з’яўляецца адным з лідараў у рэалізацыі гэтай праграмы. Згодна з праектам, быў назапашаны вялікі вопыт і практыка ў рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, дзе значную частку займае вопыт Беларусі.
— Моладзь пастаянна рухаецца наперад, — заявіў прадстаўнік ААН. — Яна вельмі мабільная, хутка рэагуе на тыя перамены, што адбываюцца вакол яе, у тым ліку і ў сферы новых тэхналогій. Адназначна, што і сама маладзёжная палітыка, маладзёжны рух не павінны стаяць на месцы, а пастаянна развівацца і абнаўляцца з улікам інтарэсаў моладзі. Гэтая ідэя павінна быць закладзена і ў новых праграмах ААН, скіраваных на маладзёжнае асяроддзе.
Па меркаванні прадстаўніка ААН, у развіцці маладзёжнай палітыкі важную ролю адыгрывае орган кіравання гэтым працэсам.
— Чым мацнейшай будзе такая структура, тым лепш будзе рэалізоўвацца маладзёжная палітыка, — адзначыў Ахмад Аль Хіндаві.
М.А.Жураўкоў пагадзіўся з такім меркаваннем і прадставіў работу ўпраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі.
— Для таго каб развіваць маладзёжную палітыку згодна з сусветнымі тэндэнцыямі, быць у курсе спраў моладзі ў нашай краіне, безумоўна, патрэбна кіруючая і каардынуючая структура ў складзе міністэрства, — заявіў М.А.Жураўкоў. — Такім органам з’яўляецца ўпраўленне па справах моладзі, якім кіруе Н.І.Пшанічная.
Міністр паведаміў, што ў першай палове лістапада адбудзецца ўстановачная нарада па стварэнні каардынацыйнага савета па справах моладзі. Гэты савет не толькі будзе каардынаваць работу з моладдзю ў арганізацыі вольнага часу, а што самае галоўнае — вучыць яе кіраваць.
Н.І.Пшанічная адзначыла, што ў падрыхтоўцы праекта стратэгіі развіцця маладзёжнай палітыкі на наступныя 5 гадоў прымала ўд зел моладзь. Па ўсёй краіне прайшлі адкрытыя дыялогі з прадстаўнікамі ўлады ўсіх узроўняў, з заслужанымі людзьмі, спартсменамі, дзеячамі культуры. Дыялогі ператвараліся ў дэбаты, дзе наша моладзь вучылася адстойваць свой пункт погляду.
— Год моладзі ў нашай краіне — гэта вялікая пляцоўка для абмеркавання не толькі маладзёжнай тэматыкі, але і ў цэлым жыццядзейнасці і развіцця нашай краіны, нашага грамадства, — паведаміла Наталля Іванаўна. — Але гэты год не заканчваецца і не абмяжоўваецца нейкімі рамкамі. Для сістэмы адукацыі кожны год — гэта Год моладзі, і мы будзем працягваць маладзёжную палітыку і надалей.
У канцы сустрэчы Ахмад Аль Хіндаві запрасіў кіраўніцтва Міністэрства адукацыі прыняць удзел у мерапрыемствах па развіцці маладзёжнай палітыкі, якія будуць праходзіць пад эгідай ААН.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.