Такі вядомы і невядомы атам

- 15:08Актуально, Апошнія запісы, Рознае

На гэтых днях з Масквы прыйшла прыемная навіна: у рамках VI Міжнароднага форуму “Атамэкспа-2014” міністр аукацыі С.А.Маскевіч і генеральны дырэктар Дзяржкарпарацыі “Расатам” С.У.Кірыенка падпісалі мемарандум аб стварэнні ў Беларусі Інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі.

Па словах міністра адукацыі С.А.Маскевіча, падпісанне гэтага дакумента з’яўляецца знамянальнай падзеяй, якая прыўнясе новыя грані ў развіццё не толькі атамнай энергетыкі, але і сістэмы айчыннай адукацыі. Адметна, што інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі размесціцца на пляцоўцы Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай творчасці. Мэтавай аўдыторыяй яго стануць школьнікі, студэнты, педагогі школ, устаноў прафесійнай і вышэйшай адукацыі, кіраўнікі адукацыйнай галіны, прадстаўнікі ўладных структур, грамадскіх арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі.
Рэспубліканскі цэнтр тэхнічнай творчасці і дагэтуль быў вельмі папулярным сярод нашай моладзі. У гуртках і секцыях сёння займаюцца тысячы юных аматараў вынаходніцтва, творчыя, ініцыятыўныя навучэнцы, здольныя на адкрыцці. Таму новы інфармацыйны цэнтр, безумоўна, паспрыяе развіццю тэхнічнай творчасці і яшчэ большай запатрабаванасці яе ў маладзёжным асяроддзі.

На стварэнне інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі паўплывала развіццё айчыннай энергетыкі. Як вядома, у Беларусі на Астравецкай пляцоўцы ў Гродзенскай вобласці будзе ўзведзена атамная станцыя з двух энергаблокаў. Для яе будаўніцтва выбраны расійскі праект, які цалкам адпавядае міжнародным нормам і рэкамендацыям МАГАТЭ. Практычнай рэалізацыяй ідэй расійскіх калег займаюцца сёння будаўнічыя кампаніі, навукова-даследчыя інстытуты, а таксама ўніверсітэты нашай краіны, дзе вя-дзецца актыўная падрыхтоўка спецыялістаў-атамшчыкаў. Дзяржкарпарацыя “Расатам” спрыяе ўмацаванню міжуніверсітэцкага ўзаемадзеяння паміж Расіяй і Беларуссю па пытаннях падрыхтоўкі кадраў для атамнай энергетыкі і ажыццяўляе кантроль у вырашэнні гэтых пытанняў. Цікавы і той факт, што будаўніцтва Беларускай АЭС стала маладзёжным праектам Саюзнай дзяржавы. На будаўнічай пляцоўцы ў Астраўцы працуюць зводныя будаўнічыя атрады, у склад якіх уваходзяць студэнты расійскіх і беларускіх ВНУ.
Звычайна падобныя інфацэнтры ствараюцца ў рэгіёнах прысутнасці атамных прадпрыемстваў. Першы інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі быў адкрыты ў Расіі, а толькі за апошнія чатыры гады колькасць такіх цэнтраў узрасла да 17. Стварэнне сеткі інфармацыйных цэнтраў па атамнай энергіі плануецца таксама ў іншых краінах, якія выкарыстоўваюць расійскія тэхналогіі для будаўніцтва прадпрыемстваў атамнай галіны. Першыя такія цэнтры былі адкрыты ў В’етнаме, Турцыі, Бангладэш, а зараз і ў Беларусі.
— Інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі ўяўляе сабой сучасны высокатэхналагічны комплекс, дзейнасць якога накіравана на асветніцтва нашага насельніцтва па тэматыцы энергасістэмы і экалогіі Беларусі, — паведаміў Сяргей Міхайлавіч Сачко, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай творчасці. — Па сутнасці такі цэнтр — гэта сучасны мультымедыйны кінатэатр, дзе спалучаюцца панарамная 3D-праекцыя, камп’ютарная графіка і анімацыя, а таксама іншыя інфармацыйныя тэхналогіі для стварэння найбольшага эфекту для гледачоў.

С.М.Сачко расказаў, што ў цэнтры будуць дэманстравацца асветніцкія праграмы аб атамнай энергіі, прыродзе радыяцыі і радыеактыўнасці, інавацыйных атамных тэхналогіях. Такім чынам наша насельніцтва будзе мець магчымасць атрымаць дакладную інфармацыю аб атамнай энергіі, радыяцыйных тэхналогіях, высокатэхналагічных праектах у навуцы, медыцыне, касмічнай сферы.
Акрамя асноўнай праграмы па атамнай энергетыцы, у цэнтры будуць прадстаўлены праграмы па астраноміі, прыродазнаўстве і краязнаўстве на рускай і англійскай мовах. Акрамя рэгулярных мерапрыемстваў, у інфармацыйным цэнтры мяркуецца праводзіць канферэнцыі, семінары, выставы пры ўдзеле школьнікаў, студэнтаў, педагагічных работнікаў, кіраўнікоў навучальных устаноў, грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў органаў улады і работнікаў атамнай энергетыкі.

Найноўшыя ядзерныя тэхналогіі і навінкі атамнай галіны былі прадстаўлены на спецыялізаванай выставе ў рамках VI Міжнароднага форуму “Атамэкспа-2014”. Праграма форуму ўключала таксама сімпозіум па тэме фарміравання міжнароднай прававой базы развіцця атамнай энергетыкі ў XXI стагоддзі, шматлікія круглыя сталы і дыскусіі па пытаннях праектавання і будавання АЭС, фарміравання трэндаў далейшага развіцця мірнага атама.

 

Ала КЛЮЙКО.