Таленавітыя, абаяльныя, крэатыўныя

- 9:20Адукацыйная прастора

У Віцебску 2 лютага адбыўся другі тур V Абласнога чэмпіянату школьных каманд КВЗ і пачаўся абласны этап VI Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”.

Памочнік прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, дырэктар Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Дзмітрый Андрэеў разам з удзельнікамі каманд “Слабы пол”, “+8 імя Віталя Пальвінскага” і членамі журы V Абласнога чэмпіянату школьных каманд КВЗ.

Абодва мерапрыемствы, арганізатарамі якіх з’яўляюцца галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама і абласны палац дзяцей і моладзі, праводзіліся на базе палаца ў дыстанцыйнай форме. Ганаровым госцем творчых спаборніцтваў стаў памочнік прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч.

— Рух КВЗ не губляе сваёй папулярнасці і працягвае актыўна развівацца, а спрыяе гэтаму правядзенне абласных чэмпіянатаў, — адзначыў загадчык аддзела арганізацыйна-масавай работы ВАПДіМ Аляксей Ляпін. — Чэмпіянат школьных каманд КВЗ стартаваў у лістападзе мінулага года. Па выніках конкурснага адбору ў ходзе першага тура 16 каманд з 24 прайшлі ў другі. На жаль, сёння ў нас прадстаўлена 13 каманд: 3 былі вымушаны зняцца з турніру па прычыне хваробы кіраўнікоў ці ўдзельнікаў. Выступленні ў конкурсных праграмах “Візітная картка” і “Музычнае дамашняе заданне” ацэньвалі ўладальнік Пінскага кубка па КВЗ, сярэбраны прызёр Тэхналігі, удзельніца Лігі БДУ Кацярына Стральцова, рэдактар Лігі ВДУ чэмпіён Тэхналігі і ВДУ Дзмітрый Белякоў, чэмпіён Брэсцкай лігі і бронзавы прызёр Тэхналігі Яўген Салаўёў. У фінале, які запланаваны на канец сакавіка, сустрэнуцца наймацнейшыя: каманды “Слабы пол” і “+8 імя Віталя Пальвінскага” (Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі), “Накрыўка” (сярэдняя школа № 3 Оршы), “Пастарайцеся запомніць” (сярэдняя школа № 10 Віцебска), “Дзеці педагогаў” (сярэдняя школа № 12 Віцебска імя Героя Савецкага Саюза Л.М.Філіпенкі), “Выдатны боршч” (гімназія № 1 Оршы) і “Не атам” (Чашніцкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі).

Адбор у рамках намінацый абласнога этапу VI Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” працягваецца. Вынікі журы абвесціць 5 лютага.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.