Вызначаны пераможцы рэспубліканскага конкурсу “Аграмайстэрства” па спецыяльнасцях “Заатэхнія” і “Агранамія”. Штогод гэтае спаборніцтва запрашае да ўдзелу навучэнцаў устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі і вядуць падрыхтоўку спецыялістаў для сельскагаспадарчых арганізацый. Конкурс прайшоў у Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце.
Конкурс “Аграмайстэрства” праводзіцца на працягу года па 9 намінацыях, кожная з якіх адпавядае пэўнай спецыяльнасці ў галіне сельскай гаспадаркі. Месцам правядзення конкурсу ў розных намінацыях з’яўляюцца ўстановы вышэйшай адукацыі, якія рыхтуюць кадры для сельскай гаспадаркі, што дапамагае дасягаць адной з мэт конкурсу — забеспячэнне пераемнасці сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі па кірунку “Сельская гаспадарка”.
Конкурс у намінацыі “Заатэхнія” прымаў біятэхналагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Удзельнічаў 21 навучэнец з 7 аграрных каледжаў.
Конкурс прадугледжваў тэарэтычны і практычны этапы, якія ўключалі заданні па такіх дысцыплінах, як “Жывёлагадоўля”, “Свінагадоўля”, “Развядзенне сельскагаспадарчых жывёл” і “Кармленне сельскагаспадарчых жывёл”.
— Заданні рыхтавалі выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю. Яны падбіраліся так, каб максімальна ахапіць усе аспекты спецыяльнасці. Прыемна адзначыць, што многія канкурсанты далі вельмі поўныя, ёмістыя адказы, паказалі выключную падрыхтоўку, — расказвае намеснік дэкана біятэхналагічнага факультэта ГДАУ Наталля Генрыхаўна Мініна. — Мы будзем рады ўбачыць канкурсантаў сярод студэнтаў нашага ўніверсітэта. Некаторыя з іх ужо выказалі такое жаданне.
У камандным заліку лідарства заваявалі прадстаўнікі аграрнага каледжа Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. На 2-м месцы — каманда Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа. А 3-е месца заваявалі прадстаўнікі Рэчыцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа.
Прадстаўнікі аграрнага каледжа Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны былі лепшымі і ў асабістым заліку: 1-е месца заняў Канстанцін Гарбуноў, а 2-е — Дар’я Сіманенка. На трэцяй конкурснай прыступцы — навучэнец Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа Максім Марко.
Дапамагалі ўдзельнікам каманды-пераможцы падрыхтавацца да конкурсу выкладчыкі каледжа Святлана Уладзіміраўна Вілем, Ірына Мікалаеўна Ісачанка, Вікторыя Іванаўна Лук’янава, Людміла Міхайлаўна Астравец.
— Нам вельмі прыемна вярнуцца ў стан пераможцаў. Некалькі гадоў не ўдавалася дасягнуць лідарства, — расказвае Уладзімір Філіпавіч Каўганаў, выкладчык агранамічных дысцыплін аграрнага каледжа Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. — Каб атрымаць такія вынікі, давялося шмат папрацаваць і навучэнцам, і педагогам. Яны інтэнсіўна займаліся, у тым ліку і дыстанцыйна. Навучаліся нават у выхадныя — найбольш актыўны перыяд падрыхтоўкі прыйшоўся на канец снежня і пачатак студзеня. І сярод святочных дзён навучэнцы і педагогі знаходзілі час для падрыхтоўкі. Навучэнцы, якія трапілі ў каманду, — таленавітыя, працавітыя, адказныя юнакі і дзяўчаты. Усё гэта, памножанае на старанную працу, дало вынік. Нашы навучэнцы — гэта наша гордасць, менавіта яны сёння ствараюць імідж нашай установы.
Конкурс “Аграмайстэрства” ў намінацыі “Аграномія” ладзіўся на агранамічным факультэце ГДАУ.
— Удзельнікам былі прапанаваны тэарэтычныя і практычныя конкурсныя заданні па вучэбных дысцыплінах “Раслінаводства” і “Земляробства”. Заданні былі няпростыя. Напрыклад, пытанні па раслінаводстве патрабавалі ведання тэхналогіі вырошчвання большасці сельскагаспадарчых культур. І прыемна, што з заданнямі канкурсанты справіліся на высокім узроўні. Асабліва парадавала тое, што некаторым канкурсантам удалося атрымаць максімальна магчымыя балы, — расказвае Алег Часлававіч Кажанеўскі, дэкан агранамічнага факультэта ГДАУ. — Радасна бачыць такіх падрыхтаваных і матываваных канкурсантаў.
У камандным заліку ў намінацыі “Аграномія” перамогу святкавалі прадстаўнікі Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. 2-га месца ўдастоена каманда Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа. 3-е месца заваявалі навучэнцы Мар’інагорскага дзяржаўнага ордэна “Знак Пашаны” аграрна-тэхнічнага каледжа імя У.Е.Лабанка.
Прадстаўнікі каледжаў, якія лідзіравалі ў камандным заліку, сталі лепшымі і ў індывідуальным спаборніцтве. Кацярына Некраш, навучэнка Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, заняла 1-е месца. 2-е і 3-е месцы заваявалі юнакі з Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Уладзіслаў Клімашэвіч і Павел Гвай.
У Пружанскім каледжы, каманда якога годна выступіла на конкурсе, склалася свая сістэма работы з будучымі канкурсантамі. Перад рэспубліканскім конкурсам у каледжы правялі адбор — вызначылі трох юнакоў з самымі моцнымі ведамі і пачалі з імі працаваць. Падрыхтоўкай актыўна займаліся выкладчыцы Таццяна Аляксандраўна Жогал і Вольга Уладзіміраўна Ільяшэвіч.
— У гэтым годзе мы ішлі толькі за прызавым месцам, настройваліся на лепшы вынік, — расказвае Т.А.Жогал. — Канечне, гэта патрабавала напружанай работы, бо часу на падрыхтоўку было нямнога. А дзве сур’ёзныя дысцыпліны трэба было паўтарыць грунтоўна. Няпроста было і эмацыянальна — увесь час хваляваліся, што хто-небудзь захварэе і не зможа паехаць на конкурс. Хлопцы вельмі добра працавалі, мы ўдзячны ім за тое, што яны вытрымалі такі тэмп. І вынік не прымусіў сябе чакаць — каманда не проста перамагла, а зрабіла гэта з вялікім адрывам — больш за 20 балаў. Акрамя таго, Уладзіслаў і Павел атрымалі максімальныя балы на практычным этапе. Бліскучае выступленне!
Дар’я РЭВА.