Там згадзіўся, дзе нарадзіўся

- 13:53Выхаваўчая прастора

Праблема замацавання моладзі на сяле з’яўляецца актуальнай і вельмі вострай, асабліва ў апошнія гады. Як прывабіць моладзь, як узмацніць яе жаданне жыць і працаваць у сельскай мясцовасці? Для таго каб выхоўваць любоў і павагу да сельскай працы, неабходна з дзяцінства прывіваць уменне бачыць прыгажосць і непаўторнасць прыроды, тлумачыць веліч працы на зямлі, выхоўваць агульначалавечыя каштоўнасці на прыкладзе адносін да хлеба і важнасці працы хлебароба.

У Старадварэцкім яслях-садзе — базавай школе Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці шмат гадоў праводзіцца работа па прафесійнай арыентацыі вучняў, прапагандзе прафесій сельскагаспадарчага профілю. На прышкольным участку дзеці вучацца правільна садзіць і даглядаць агародніну. Нават у дзіцячым садзе выхаванцы вырошчваюць зеляніну на падаконніку і потым з гордасцю перадаюць яе кухару школьнай сталовай.

Асаблівую зацікаўленнасць у вучняў сярэдніх і старшых класаў выклікаюць работы ў яблыневым садзе, які пасаджаны недалёка ад школы. Ад ранняй вясны да восені вучні даглядаюць пладовыя дрэвы, а потым з задавальненнем частуюцца духмянымі яблыкамі, якія смачнейшыя ад таго, што ў іх часцінка сваёй працы.

Чаму ж можна навучыць дзяцей у садзе? Рана вясной яны праводзяць абрэзку. Спачатку — пад кіраўніцтвам настаўніка, а потым — калі вучаць адно аднаго. Амаль усе зацікаўленыя вучні ведаюць, што такое “ваўчок” у кроне дрэва, якія галінкі трэба выразаць у першую чаргу. Сапраўднымі кансультантамі для навічкоў сталі вучні 9 класа Уладзіслаў Кавальчук, Яўген Барада, Ганна Высоцкая. Яны перадаюць свае навыкі не толькі сябрам, але і дарослым членам сям’і, нават суседзям.

Вясной, у час руху соку, вучні прышчэпліваюць адны гатункі яблынь на іншыя. Яны добра засвоілі, што на адно дрэва можна прышчапіць 5—6 гатункаў, гэта значыць, што кожная галінка можа быць іншага гатунку, толькі пажадана, каб гэтыя гатункі былі аднолькавымі па тэрміне паспявання. А вось навыкі прышчэпак вучні набываюць нават зімой на занятках па інтарэсах, выкарыстоўваючы галінкі вярбы. Канечне, не ўсім вучням гэта цікава, затое сярод тых, каму на самай справе гэта падабаецца, ёсць сапраўдныя знаўцы.

На сваёй навуковай пляцоўцы вучні часта праводзяць эксперыменты. Вельмі зацікавіла навучэнцаў работа вучня 9 класа Уладзіслава Кавальчука “Цікавыя спосабы размнажэння пладовых дрэў”. Работа праводзілася па размнажэнні дрэў зялёнымі чаранкамі на паветры. Такім спосабам можна размножыць каштоўныя гатункі і выратаваць дрэва, якое гіне. Гэтым спосабам размнажэння зацікавіліся не толькі вучні, але і настаўнікі, а таксама члены журы раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Крокі ў навуку”, дзе работа заняла прызавое месца. Неабходную кансультацыю вучні маглі атрымаць у загадчыка кафедры садаводства, агародніцтва і лугаводства Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта кандыдата сельскагаспадарчых навук Аляксея Сцяпанавіча Бруйло.

Шмат работы ў школе праводзіцца і па экалагічным выхаванні вучняў, па вывучэнні прыроды роднага краю. Разам з вучнямі пачатковых і сярэдніх класаў праводзіцца экалагічнае даследаванне свайго месца пражывання па спецыяльнай шкале. Вучні вызначаюць, ці дастаткова экалагічнае тое месца, дзе знаходзіцца іх дом. І калі бал экалагічнасці невысокі, вырашаюць, дзе паблізу пасадзіць дрэвы.

Вучні 5 класа правялі экалагічнае даследаванне мікрараёна школы і вызначылі, што экалагічнымі праблемамі з’яўляюцца наступныя: паблізу школы праходзіць асфальтаваная дарога, знаходзяцца малочнатаварная ферма і мехдвор аграфірмы “Стары Дворац”. Школьнікі прапанавалі шляхі змяншэння негатыўнага ўплыву гэтых фактараў: пасадзіць прысады дрэў вакол школы з боку асфальтаванай дарогі. Пасадка дрэў запланавана на вясну 2018 года разам з аграфірмай “Стары Дворац”. Гэтая работа стала пераможцай раённага этапу-конкурсу “Я пазнаю свет” і прыняла ўдзел у абласным этапе.

Кажуць, што сам чалавек вызначае свой лёс. Аднак вельмі прыемна адзначыць, што ў нашай школе кожны год вучні выбіраюць сельскагаспадарчыя спецыяльнасці. Так, вучэбна-даследчая дзейнасць аказала ўплыў на выбар прафесіі Дзяніса Жураўка, які зараз з’яўляецца навучэнцам Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, Яўгена Гудача, студэнта Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Шмат вучняў паступае ў Жыровіцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж і ў Бераставіцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы ліцэй. Сваю будучую спецыяльнасць выбраў і ад зін з самых актыўных удзельнікаў навукова-практычных канферэнцый, алімпіяд — 9-класнік Уладзіслаў Кавальчук. Ён марыць стаць аграномам і адзначае, што вялікую ролю ў выбары прафесіі адыгралі тыя навыкі і веды, якія ён атрымаў у школе. Прыемна адзначыць, што кіраўнік аграфірмы “Стары Дворац” Святаслаў Кавальчук — выпускнік школы, які бывае частым госцем і цесна супрацоўнічае з навучальнай установай.

Толькі добрымі справамі, выхаваннем любові і павагі да людзей працы і прыроды мы можам выхаваць чалавека, адказнага за лёс роднай зямлі, за сваю будучыню.

Зоя УЦЕПЯРГЕНАВА,
настаўніца біялогіі і хіміі
Старадварэцкага ясляў-сада — базавай школы Бераставіцкага раёна.