Тамара Крывеня з Наваельні: «Радуе, што людзі шануюць тваю працу. Шчыра жадаю адчуць гэта кожнаму педагогу!»

- 9:00Главная, Образование

Больш за 50 гадоў звязана з адной установай адукацыі, 35 з іх кіруе музеем, які ведаюць ва ўсёй краіне, а палова сённяшніх педагогаў Новаяльнянскай сярэдняй школы, што ў Дзятлаўскім раёне, — яе выпускнікі… Усё гэта пра Тамару Ула­дзіміраўну Крывеню, якая напрыканцы каляндарнага года адзначыла 75-гадовы юбілей. Разам з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” яна яшчэ раз зірнула на свой шлях у настаўніцтва, перабрала ў цёплых успамінах дзясяткі прозвішчаў вучняў, захоплена пусцілася ў аповед з серыі “як гэта было” ў размове пра музей… А ў нейкі момант такой вандроўкі ў мінулае ледзь прыкметна змахнула шчырыя слёзы…

Прафесію педагога ў свой час Тамара Уладзіміраўна выбрала дзякуючы дастойнаму прыкладу. Звычайна ў гісторыях падобнага кшталту вызначальную ролю адыгрывае першы настаўнік. Але ў выпадку з нашай гераіняй гэта настаўнік геаграфіі.

— Міхась Клімовіч прайшоў Вялікую Айчынную вайну, і яна пакінула свой адбітак не толькі ў яго сэрцы. У суровага і строгага педагога не было рукі. Аднак мы гэтага амаль не заўважалі, бо вельмі справядлівы і патрабавальны настаўнік умеў заціка­віць прадметам так, што ўсе пільна сачылі адно толькі за кожным яго словам.

Не сакрэт, што асоба настаўніка шмат у чым вызначае і стаўленне вучня да прадмета. Гісторыя Тамары Уладзіміраўны — прыклад, калі такая асоба абумовіла яшчэ і прафесійнае самавызначэнне.

Школа заўсёды побач

Разам з тым яе шлях у педагогіку не быў простым. Пасля заканчэння Вераскоўскай школы Навагрудскага раёна, у многім дзякуючы бязмернаму жаданню спазнаваць і адкрываць для сябе свет, Тамара Уладзіміраўна выбрала далёкую ад дому ўстанову вышэйшай адукацыі. Паступіла ў Пскоўскі педінстытут.

— Геаграфію на пяцёркі, памятаю, здалі ўсяго некалькі чалавек. У тым ліку я. Але так склалася, што скончыць вучобу не ўдалося. На другім годзе навучання моцна захварэла, была вымушана ўзяць акадэмічны водпуск і вярнуцца дадому.

Па парадзе бацькі, які прайшоў усю вайну, Тамара Ула­дзіміраўна пайшла ў школу працаваць піянерважатай. Менавіта так і пачаўся яе працоўны шлях. Пасля быў перавод з Пскоўскага ў Магілёўскі педінстытут, дзе яна працягнула вучобу на завочным аддзяленні. А з Новаяльнянскай школай, пра якую, шмат у чым дзякуючы маштабнай пошукава-краязнаўчай рабоце Тамары Уладзіміраўны, ведаюць ва ўсёй краіне, суразмоўніца звязана з 1972 года.

Цікава, што сувязь гэтая літаральная — як толькі заканчваецца прышкольная, пачынаецца ўчастак яе дваровай тэрыторыі. Зрэшты, і ў сэрцы суразмоўніцы дом і школа заўсёды побач, аднолькава важныя і аднолькава любімыя.

— Памятаю, адразу пасля пераезду ў Наваельню праходзіла міма школы і не магла паверыць, што пераступлю яе парог як настаўніца. Яна здавалася мне вельмі вялікай. Сёння мяне звязвае з ёй 51 год стажу, а ўсё здаецца, што час праляцеў, як адзін дзень, — з усмешкай гаворыць Тамара Уладзіміраўна.

Успамінае суразмоўніца, як грунтоўна рыхтавалася да кожнага ўрока — планы пісала ўвечары, а свежым поглядам праглядала раніцай. Пастаянна чытала кнігі Ушынскага і Сухамлінскага ў пошуках новых падыходаў і цікавых форм работы.

У моманты стомленасці не раз паўтарала сабе: “Працуй так, нібы на тваім уроку заўсёды хтосьці прысутнічае”.

Майстар-класы на любы густ

У 1976 годзе, па ўспамінах суразмоўніцы, у школах пачыналася работа па арганізацыі метадычных аб’яднанняў. Сярод настаўнікаў геаграфіі Дзятлаўскага раёна ўзначаліла яго Тамара Уладзіміраўна. Гэтае аб’яднанне яна ўспрымала як пляцоўку для самаразвіцця. Бывала, настаўнікі геаграфіі раёна ў рамках аб’яднання ў адзін дзень гасцявалі адразу на шасці яе ўроках.

— Першы ўрок у мяне будаваўся ў форме лекцыі, другі — заліку, трэці ўрок будавала з выкарыстаннем гульнявой формы, чацвёрты — як семінарскія заняткі… Сёння гэта называ­юць майстар-класамі. І такія майстар-класы давала аж да 2005 года, пакуль узначальвала раённае метадычнае аб’яднанне.

Аднойчы да абласнога семінара распрацавала для дзяцей падарожжа па Нёмане. У такой форме яе вучні вывучалі Гродзенскую вобласць. Падво­дзячы вынікі заняткаў, школьнікі з задавальненнем збіралі карту-пазл з 17 раёнаў, якую педагог рабіла для іх не адзін дзень.

Веды на медаль

У алімпіядным руху вучні Тамары Уладзіміраўны заўсёды ішлі на медальны залік. Сярод найбольш яскравых прыкладаў — пераможцы Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі Дзмітрый Рашэтнікаў і Наталля Курэц. Абодва вучні тады былі залічаны ва ўніверсітэт без іспытаў, і так склалася, што праз час пасля яго заканчэння Наталля заняла месца свайго таленавітага педагога ў роднай школе.

— Падрыхтоўка да алімпіяд тады выглядала інакш. Усё гэта было ў пазаўрочны час, і ­ўдзел настаўніка галоўным чынам тычыўся пошуку вялікай колькасці адпаведнай літаратуры. Па сутнасці, перамога ў алімпіядах была вынікам вялізнай сама­пад­рыхтоўкі вучня. Дзіма Рашэтнікаў, памятаю, пайшоў далёка наперад і агульнарэспубліканскай перамогі. Ён паспяхова выступіў на ўсесаюзнай алімпіядзе ў Ялце і атрымаў дыплом ІІ ступені.

Сёння былы вучань суразмоўніцы Дзмітрый Георгіевіч — кандыдат геаграфічных навук, намеснік дэкана факультэта міжнародных адносін БДУ. Вельмі прыемна было Тамары Ула­дзіміраўне ў дзень юбілею пачуць ад яго: “Дзякуй, што вызначылі мой лёс”.

Настаўнік з вялікім вопытам і стажам упэўнена, што геаграфія, як ні адна іншая навука, выхоўвае патрыятызм. У дачыненні да ўрокаў нашай суразмоўніцы садзейнічаў гэтаму яшчэ адзін момант. Кожныя заняткі геаграфіі пачынала з палітінфармацыі. Прычым нават да гэтага Тамара Уладзіміраўна грунтоўна рыхтавалася — выпісвала газеты і часопісы, праглядала галоўныя выпускі навін.

— Імкнулася адказна ра­біць усё, за што бралася. Заўсёды была ўпэўнена, што так робяць усе і ў гэтым няма нічога асаблівага. Памятаю, неяк бацькі аднаго з вучняў, якія працавалі ўрачамі ў мясцовым санаторыі, сустрэлі мяне, маладую настаўніцу, і адразу пытанне: “Гэта вы ў нас геаграфію выкладаеце?” Я тады разгубілася і паспела ў думках задаць пытанне: “Няўжо нешта не так?” А яны, нібы апярэджваючы ход маіх думак: “Дзякуй, нам падабаецца ваш стыль выкладання”.

Музейная справа

Стаяла Тамара Уладзіміраўна і ля вытокаў стварэння школьнага музея. У 1984 годзе яна стала ініцыятарам вялікай інфармацыйна-пошукавай работы. А пачалося ўсё з публікацыі ў часопісе ­“По­дзвіг”.

— Гэта было ўсяго толькі згадванне, што летам 1941 года на тэрыторыі нашага населенага пункта размяшчаўся інтэрнацыянальны піянерскі лагер. Мяне з дзяцінства прыцягвала краязнаўства, пошук і збор артэфактаў. Цвёрда вырашыла шу­каць гэтых дзяцей разам з вучнямі. Пад рукой яшчэ не было камп’ютара і тэлефона, толькі пошта. Пачалі вывучаць газеты і, калі знаходзілі хоць намёк на бліз­касць з гэтай гісторыяй, дасылалі туды ліст. Фактычна ў нікуды.

Ужо ў 1988 годзе, дзякуючы сабранай інфармацыі, гісторыка-краязнаўчы музей школы “Дзеці ліхалецця” пачаў свой змястоўны аповед. Сёння музей мае статус народнага і з’яўляецца партнёрам Цэнтральнага музея Вялікай Айчыннай вайны ў Маскве. Наладжана тут супрацоўніцтва і з міжнароднай школай “Інтэрдом” імя А.Д.Стасавай.

Нягледзячы на 35-гадовы ўзрост, музей даволі сучасны: створана 3D-панарама, распрацавана віртуальная экскурсія, а экспанаты і экспазіцыі суправаджаюцца QR-кодамі. Школьнікі пры дапамозе нашай суразмоўніцы распрацавалі яшчэ і тэатралізаваную музычную і персаніфікаваную экскурсію з выкарыстаннем фрагментаў дакументальнага фільма “Чужыя дзеці”.

Вельмі змястоўная экспазіцыя з арыгінальна аформленымі стэндамі і макетамі ўвесь час удасканальваецца. Адна часовая экспазіцыя змяняе іншую. А пакуль вучні знаёмяцца са зместам прадстаўленых матэрыялаў, Тамара Уладзіміраўна плануе работу наперад.

— У пачатку студзеня з’явіцца экспазіцыя да Года якасці, апошнія штрыхі будуць унесены на стэнды, што расказваюць пра самы важны для краіны юбілей — 80-годдзе Вялікай Перамогі. Акрамя таго, у нашай школе вядзецца работа па прысваенні ўстанове адукацыі імя Аляксандры Шаўчук — ветэрана вайны і заслужанага настаўніка БССР. Асобны блок будзе прысвечаны і гэтай тэме.

Адрас галоўнага віншавання — школа

Ужо 35 гадоў Тамара Уладзіміраўна з’яўляецца захавальніцай школьнага музея. У пытаннях гістарычнага краязнаўства актыўна захапляе і школьнікаў — вядзе аб’яднанне па інтарэсах “Ведай свой край.by”. Значнае месца ў яе жыцці і сёння займаюць даследчыя праекты аб знакамітых земляках. Адзін з такіх, прысвечаны Вячаславу Адамчыку, у свой час па выніках конкурсу быў прызнаны лепшым у краіне.

Тамара Уладзіміраўна ўжо 20 гадоў як дасягнула пенсіённага ўзросту, а яе актыўнасці ўсё яшчэ можна пазайздросціць.

У распарадку на тыдзень і сёння шмат планаў. Гэта не толькі работа з дзецьмі ў музеі, фарміраванне новых экспазіцый і пошукавая работа. Трэба дабавіць яшчэ абавязковыя спевы ў царкоўным хоры, работу з дзецьмі ў нядзельнай школе…

На журналісцкае пытанне, як прайшоў юбілей, Тамара Ула­дзіміраўна адказала шматзначнай паўзай. Адводзячы ўбок погляд, яна акуратна выцерла слёзы. І толькі пасля дадала да без таго вельмі ёмістага, але ціхага
адказу:

— Такое адчуванне, што і не зрабіў ты столькі, колькі ў гэты дзень пачуў.

Канечне, адрасам галоўнага віншавання стала школа. Са сцэны вучні пастараліся адлюстраваць усе жыццёвыя этапы шляху нашай гераіні. І нават самыя цёплыя для любой маці віншаванні — дзяцей — засталі Тамару Уладзіміраўну зноў жа ў школе. Прама падчас канцэрта сын з нявесткай з’явіўся з букетам у 101 ружу для маці, якую заўсёды дзяліў з сотнямі родных для яе вучняў.

— Радуе, што людзі адчуваюць, памятаюць і шануюць тваю працу. Шчыра жадаю некалі адчуць гэта кожнаму педагогу!

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара