Амаль год назад негарэльская сярэдняя школа № 1, што на Міншчыне, стала вядомай не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі: установе адукацыі быў выдзелены грант Google. А зусім нядаўна ў сельскіх школьнікаў з’явіліся новыя магчымасці рэалізацыі сваіх творчых здольнасцей — тут быў адкрыты STEM-клас. Як установе адукацыі ўдаецца быць у трэндзе, дастойна канкурыраваць з гарадскімі школамі і гімназіямі, наш карэспандэнт гутарыць з дырэктарам школы Таццянай Пятроўнай КУДЗІНАЙ.
— Таццяна Пятроўна, як вы прыйшлі ў педагогіку? Колькі гадоў займаеце пасаду дырэктара?
— Стаць настаўніцай марыла з самага дзяцінства. Памятаю, як мне падабалася гуляць у школу. Мае першыя вучні — малодшыя браты. Выступаючы ў ролі настаўніка, я прымушала іх акуратна пісаць, а затым правярала іх работы і ставіла адзнакі. Ужо з дзяцінства рыхтавала сябе да прафесіі настаўніка.
У 1990 годзе скончыла сярэднюю школу № 2 Вілейкі (зараз гімназія “Логас”) і ўжо з верасня працавала настаўніцай пачатковых класаў у Балашоўскай базавай школе Вілейскага раёна. Яшчэ падчас вучобы ў БДПУ імя Максіма Танка пачала працаваць па спецыяльнасці настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў негарэльскай базавай школе № 2 Дзяржынскага раёна, потым займала там пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Са жніўня 2013 года была прызначана дырэктарам гэтай школы. У 2014 годзе прайшла перападрыхтоўку на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі па спецыяльнасці “Менеджмент устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” і з верасня 2018 года займаю пасаду дырэктара негарэльскай сярэдняй школы № 1.
— На вашу думку, дырэктар у школе — гэта арганізатар-гаспадарнік, педагог-практык, менеджар?.. Якім павінен быць кіраўнік сучаснай школы?
— Лічу, што дырэктар у школе — гэта менеджар, які спалучае ў сабе і арганізатара-гаспадарніка, і педагога-практыка. Гэта дзелавы, прафесійна кампетэнтны чалавек, які валодае сфарміраванымі ключавымі і кіраўніцкімі кампетэнцыямі, аператыўна прымае аптымальныя рашэнні, удала распрацоўвае стратэгію дзейнасці школы, здольны забяспечыць яе інавацыйнае развіццё. А яшчэ хутка і гнутка рэагуе на перамены, умее арганізаваць прафесійную каманду аднадумцаў і паспяхова кіраваць яе дзейнасцю. Кіраўніку важна ўдасканальвацца на працягу ўсяго жыцця, вучыцца заўсёды. Спыніўся рост кіраўніка — асобасны, прафесійны — спынілася ўся каманда. Формулу поспеху сучаснага кіраўніка я вывела б наступным чынам: поспех = “менеджар — кіраўнік — даследчык” + “каманда —прафесіяналізм”.
— Вы ўзначальваеце савет абласнога клуба “Малады дырэктар”. Якія пытанні разглядаюцца на яго пасяджэннях?
— Клуб пачаў сваю работу ў 2019 годзе. Мэта яго дзейнасці — садзейнічанне фарміраванню пазітыўнага сацыяльнага і прафесійнага іміджу кіраўніка ўстановы адукацыі, развіццё прафесійных кампетэнцый сучаснага кіраўніка праз выяўленне і распаўсюджванне эфектыўнага вопыту ў сферы кіравання ўстановай адукацыі. У склад клуба ўваходзяць не толькі кіраўнікі навучальных устаноў, якія прымалі ўдзел у конкурсе “Малады дырэктар Мінскай вобласці” (ён праводзіўся ўжо тры разы), але і кіраўнікі ўстаноў з невялікім вопытам работы. На пасяджэннях клуба абмяркоўваюцца пытанні сучаснай адукацыі, розныя праблемы, разглядаюцца шляхі іх вырашэння, кіраўнікі дзеляцца сваім вопытам работы. Так, на апошнім выязным пасяджэнні на Мядзельшчыне разглядаліся пытанні планавання кіраўніцкай работы ва ўстановах адукацыі розных тыпаў. Зараз рыхтуемся да мерапрыемства, прысвечанага пытанням арганізацыі ва ўстановах аховы працы.
— Таццяна Пятроўна, якіх прынцыпаў вы прытрымліваецеся ў рабоце са сваім калектывам?
— Я выдатна разумею, што як самы смелы капітан не зможа адзін весці карабель праз буру і рыфы, так і любы кіраўнік не зможа выстаяць адзін на ад зін са стыхіяй-рэальнасцю. І для таго каб прывесці школу да поспеху, неабходны згуртаваны, дружны калектыў — каманда, на якую можна разлічваць у любы шторм. Таму ў сваёй рабоце з калектывам прытрымліваюся прынцыпаў арганізаванасці і прыстойнасці, прафесіяналізму, супрацоўніцтва, узаемападтрымкі. Стварыць вакол сябе каманду мне ўдалося дэмакратычным метадам кіравання. Лічу, што важна прызнаць годнасць іншых і ставіцца да ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу (настаўніка, навучэнца, бацькоў) як да аднадумцаў у агульнай справе. У сувязі з гэтым дзейнічаю праз суразмоўніцтва, супрацоўніцтва і згоду. Кіруючы, спрабую садзейнічаць раскрыццю, рэалізацыі патэнцыялу кожнага чалавека. Я бачу людзей і разумею, што гэта не проста фігуры, а жывыя дзеячы нашага сумеснага заўтра. Гэта каманда аднадумцаў-прафесіяналаў, якія нестандартна думаюць і маюць сваё бачанне развіцця ўстановы.
— Магчыма, у вас ёсць педагагічнае крэда?
— Жыццёвае крэда хацела б выказаць словамі С.Джонсана: “Жыць — значыць бесперапынна рухацца наперад”, бо ў сучасным свеце без гэтага нікуды… Прагрэс — гэта сродак чалавечага жыцця, яго развіцця. Калі не рухацца наперад і не развівацца, жыцця не будзе — будзе суцэльны тупік. Мая работа — гэта частка мяне. Яна прыносіць радасць, не дае расслабляцца, “застойвацца на адным месцы”, я ганаруся ёй. Мая работа для мяне даўно перастала быць проста работай. Яна ператварылася ў сэнс жыцця: я ганаруся школай, якой кірую, люблю свой калектыў педагогаў і навучэнцаў. Мая работа складаная і адказная, але я поўная творчых задум і ўпэўненасці ў тым, што ўсё задуманае абавязкова здзейсніцца. Каб дасягнуць поспеху, трэба гэтага вельмі захацець, а дасягнуўшы, старацца ўтрымацца на заваяваных пазіцыях, бо “хто перастае круціць педалі — той падае!”
— Што вы думаеце пра матывацыю і стымуляванне ў кіраванні? Як настроіць калектыў на поспех?
— Лічу, што па-сапраўднаму працаздольная каманда трымаецца на трох кітах: прафесіяналізм, матывацыя і дысцыпліна. Матываваць супрацоўніка — значыць прапанаваць яму мэту, дзеля якой ён стане працаваць як за матэрыяльную частку — зарплату і прэміі, так і не менш важную маральную частку. Каб настроіць калектыў на поспех, лічу, што кіраўніку трэба быць прыкладам і ўмець кожнага не толькі выслухаць, але і пачуць.
— Чым вызначаецца ваша школа на адукацыйнай прасторы Міншчыны? Як вы лічыце, у чым сіла вашай установы адукацыі?
— Наша школа — лідар у спаборніцтвах сярод сельскіх школ у Дзяржынскім раёне. Школа з’яўляецца членам асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”. Партнёры школы: IT-кампанія “Вайзар Гей мз”, асацыяцыя “Адукацыя для будучыні”, мясцовы адукацыйны фонд “Новая школа” (заснавальнік — БПС-Ашчадбанк у супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі), Негарэльскі камбінат хлебапрадуктаў, Негарэльскі вучэбна-доследны лясгас, Капыльскі вучэбна-доследны лясгас. Сіла ўстановы — у згуртаванасці, прафесіяналізме, мэтанакіраванасці, сумленнасці, адкрытасці, даверы ў калектыве, партнёрскіх зносінах “настаўнік — вучань — бацькі”. Сям’я, школа, соцыум, сацыяльныя партнёры — ад іх узгодненай работы залежыць, якім будзе канчатковы вынік. У канцэпцыі развіцця нашай школы закладзена логіка адукацыйнага руху “ісці ад дзіцяці” — гэта значыць, ад інтарэсаў і патрэб яго пазнавальнай і творчай дзейнасці.
— Ці прыходзяць да вас маладыя спецыялісты? Як вы ацэньваеце іх педагагічныя здольнасці і веды па прадмеце? Як утрымаць іх сёння ў сельскай навучальнай установе?
— На сённяшні дзень у нашай установе працуюць два маладыя спецыялісты: настаўніца пачатковых класаў Алена Сяргееўна Радзюкевіч і настаўніца рускай мовы і літаратуры Святлана Казіміраўна Пажога. Абедзве скончылі БДПУ імя Максіма Танка. Алена Сяргееўна працуе другі год, а Святлана Казіміраўна — першы. Лічу, што гэтыя маладыя настаўніцы, як гаворыцца, на сваім месцы. Карыстаюцца павагай у педагагічным калектыве і сярод бацькоў. Для пачынаючых педагогаў ва ўстанове працуе школа маладога настаўніка, у межах якой праводзяцца метадычныя семінары, круглыя сталы, майстар-класы па пытаннях, якія найбольш турбуюць маладых спецыялістаў. Са сродкаў пазабюджэтнай дзейнасці імкнёмся падтрымаць іх, у прыватнасці, аплачваем жыллё і праезд.
— Таццяна Пятроўна, наколькі развіта ва ўстанове інавацыйная дзейнасць? Над якімі праектамі калектыў працуе ў гэтым навучальным годзе?
— Калектыў нашай школы — гэта калектыў педагогаў-наватараў. На базе школы трэці год рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі міждысцыплінарнай інтэграцыі пры вывучэнні прадметаў прыродазнаўчага і сацыяльна-гуманітарнага цыклаў”, мэта якога — удасканаленне функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў. Актыўнымі ўдзельнікамі праекта з’яўляюцца настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Тамара Мікалаеўна Непагода, Кацярына Афанасьеўна Траццякова, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Дзіяна Васільеўна Ціхая, Людміла Францаўна Шавель, настаўніца хіміі Алена Іванаўна Беланожка, настаўнік геаграфіі Часлаў Антонавіч Сабалеўскі.
З верасня 2020 года школа ўключана ў рэспубліканскі эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлі развіцця прадпрымальнасці як сродку прафарыентацыі і сацыялізацыі навучэнцаў II і III ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Другі год рэалізуецца педагагічны праект “Школа і пасёлак — разам да ўстойлівага развіцця”, адна з мэт якога — фарміраванне экалагічна адказных паводзін удзельнікаў школьнай супольнасці праз рэалізацыю сацыяльна значных ініцыятыў, і з 2020/2021 навучальнага года — педагагічны праект “Навуковае таварыства ўстановы адукацыі — эфектыўны інструмент павышэння даследчай кампетэнцыі навучэнцаў”. Другі год на базе школы рэалізуецца міжнародны некамерцыйны праект “Праз тэатр”.
— Вашы настаўнікі прымаюць актыўны ўдзел у праграме “Настаўнік для Беларусі”. Якія перавагі для школы вы бачыце ў гэтым?
— Тры настаўнікі нашай школы — удзельнікі праграмы “Настаўнік для Беларусі”. Настаўніца інфарматыкі Людміла Міхайлаўна Рыбчынская і настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Уладзіміраўна Аляхно — удзельнікі першага набору, настаўніца фізікі Ганна Аляксандраўна Цітова — удзельніца другога набору. Мэта праграмы — даць магчымасць кожнаму дзіцяці, незалежна ад таго, дзе яно вучыцца: у гарадской школе ці ў глыбінцы, раскрыць свае таленты і здольнасці. А калі мы гаворым пра якасную адукацыю, то разумеем, што ні адзін самы сучасны падручнік, ні адна прасунутая прылада не дапамогуць дасягнуць выдатнага выніку, калі не апынуцца ў руках прафесіянала. Перавагу для школы бачу ў павышэнні кваліфікацыі педагогаў, у наладжванні новых партнёрскіх сувязей, рэалізацыі новых ідэй, праектаў.
— Вельмі актыўна ў школе развіваюцца і працэсы інфарматызацыі. Ці была падрыхтавана ўстанова да анлайн-навучання? На што пайшоў грант Google?
— Наша ўстанова была падрыхтавана да анлайн-навучання. Настаўнікі, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі праграммы “Настаўнік для Беларусі”, прайшлі навучанне ў анлайн-курсе “Гатовы да ДН”, які рэалізоўваўся ў фармаце гэтай праграмы. Пасля метадам правядзення анлайн-урокаў былі навучаны астатнія педагогі школы. Большасць анлайн-урокаў праходзіла ў фармаце ZOOM-канферэнцый. Грант Google і Europe Code Week, які выйграла настаўніца нашай школы Людміла Рыбчынская, пайшоў на правядзенне “Тыдня КОДА”, абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ў сферы праграмавання.
— Нядаўна ў школе быў адкрыты STEM-клас. Якія надзеі з ім звязваеце?
— Спадзяюся, што ў будучыні STEM-клас трансфармуецца ў STEM-цэнтр, у якім будумь мець магчымасць атрымліваць веды вучні не толькі нашай школы, але іншых школ нашага раёна. Вялікі дзякуй хочацца сказаць усім нашым партнёрам, якія далучыліся да рэалізацыі гэтага праекта, у прыватнасці, IT-кампаніі “Вайзар Геймз”, асацыяцыі “Адукацыя для будучыні” і мясцоваму адукацыйнаму фонду “Новая школа”.
— Якой бачыцца ваша ўстанова ў найбліжэйшай перспектыве?
— Школа заўтрашняга дня павінна адказваць патрабаванням будучыні. Сёння мы гаворым аб новай эпосе лічбавых магчымасцей. Думаю, што адукацыйная ўстанова павінна быць цалкам аснашчана: мець усю неабходную матэрыяльна-тэхнічную базу, якая дазволіць нам стварыць школу новага пакалення. У маім бачанні — гэта ў шырокім доступе электронныя падручнікі, добра абсталяваныя лабараторыі, кабінеты хіміі і біялогіі, спартыўныя залы і, вядома ж, падрыхтаваны да новых умоў работы кадравы склад. Адзначу, што педагогі актыўна асвойваюць новаўвядзенні, перавучваюцца, самарэалізуюцца, а гэта многае значыць у нашай працы.
— Дзякуй за размову.
Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.