Пра планы ў развіцці маладзёжных грамадскіх ініцыятыў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала Таццяна Сіманоўская, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі — начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі.

— Таццяна Анатольеўна, перш-наперш раскажыце, наколькі маладзёжная палітыка забяспечана нарматыўнай прававой базай для паўнавартаснага развіцця?
— Сёння дзяржаўная маладзёжная палітыка нашай краіны адказвае на сучасныя запыты маладых людзей і грамадства ў цэлым і, па сутнасці, мае сістэмны характар. Мы маем цалкам распрацаваную нарматыўную прававую базу, дзе рэгулююцца грамадскія адносіны, якія ўзнікаюць у дзяржаўнай маладзёжнай палітыцы. Сярод асноўных дакументаў, якія з’яўляюцца базавымі для гэтай сферы, — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Закон Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі”, Стратэгія развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь, шэраг дзяржаўных праграм.
“Я. Мая сям’я. Мая Радзіма”
— Як сёння развіваецца маладзежны рух і на якіх кірунках вы канцэнтруеце ўвагу ў новым годзе?
— У 2025 годзе Міністэрствам адукацыі будзе прадоўжана сістэмная і мэтанакіраваная работа па развіцці і ўдасканаленні маладзёжнай палітыкі. Важкай платформай і непасрэдна злучальным звяном узаемадзеяння дзяржавы і падрастаючага пакалення з’яўляюцца маладзёжныя і дзіцячыя грамадскія аб’яднанні, якія выступаюць саюзнікамі і памочнікамі дарослых у развіцці маладзёжнага руху. Яны імкнуцца далучаць дзяцей і маладых людзей да грамадска карыснай дзейнасці, тым самым садзейнічаюць росту грамадзянскай актыўнасці. Выкарыстоўваючы патэнцыял гэтых аб’яднанняў, будзем і ў далейшым нарошчваць з імі ўзаемадзеянне для іх актыўнага ўключэння ў распрацоўку і рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, якаснага паляпшэння грамадзянскага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі, стварэння спрыяльных умоў для іх вучобы і далейшай працы.
— Напэўна, гэтую мэту мае і вучэбная праграма “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма”, якая ўвайшла ў расклад устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
— Так, галіновае міністэрства разам з БРСМ і БРПА з пачатку 2024/2025 навучальнага года распрацавала і ўкараніла ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі новую вучэбную праграму тэматычных заняткаў для навучэнцаў 2—11 класаў “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма”, якая дазваляе ўдасканальваць работу па забеспячэнні пераемнасці грамадскіх арганізацый: акцябронак — піянер — член пярвічнай арганізацыі БРСМ, а таксама фарміраваць у навучэнцаў грамадзянскія і патрыятычныя якасці, развіваць інтэлектуальны, грамадскі і духоўны патэнцыял асобы. У канцы мінулага года праведзены вучэбныя семінары па актуальных аспектах рэалізацыі гэтай праграмы на рэспубліканскім і рэгіянальных узроўнях. Тэматычныя заняткі праводзяцца штомесяц па зацверджаных Міністэрствам адукацыі тэмах і распрацаваных матрыцах, што дазваляе пастаянна прырошчваць веды навучэнцаў.
Акрамя таго, важным складнікам паспяховай сумеснай дзейнасці ўстаноў адукацыі з грамадскімі аб’яднаннямі ў выхаванні навучэнцаў з’яўляецца арганізацыя работы з іх сем’ямі. З гэтай мэтай распрацавана прыкладная тэматыка агульнашкольных сходаў для прадстаўлення дзейнасці гэтых грамадскіх аб’яднанняў з удзелам кіраўнікоў тэрытарыяльных структур БРСМ, БРПА і тых навучэнцаў, якія з’яўляюцца членамі гэтых аб’яднанняў. Для арганізацыі гэтай работы ў дапамогу педагагічным работнікам распрацаваны метадычныя матэрыялы, якія размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале.
— Якія формы работы плануеце выкарыстоўваць у патрыятычным выхаванні моладзі, тым больш што 2025 год азнаменаваны святкаваннем 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне?
— У рамках падрыхтоўкі да гэтай вялікай даты асноўны ўхіл у выхаванні дзяцей і моладзі зроблены на арганізацыю сістэмнай работы па фарміраванні нацыянальнай і грамадзянскай самасвядомасці, павагі да гісторыі, культуры, традыцый беларускага народа, па захаванні пераемнасці пакаленняў. Будуць арганізаваны традыцыйныя і новыя разнапланавыя праекты і мерапрыемствы грамадзянскай і патрыятычнай накіраванасці. У рамках героіка-патрыятычнай акцыі “Вялікай Перамозе — 80!” арганізаваны шэраг мерапрыемстваў. Назаву толькі некаторыя з іх: рэспубліканская акцыя “Я гэты край Радзімаю заву”, Усебеларуская маладзёжная экспедыцыя “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”, праект “Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем”, культурна-адукацыйная акцыя “Цягнік Памяці”. Ва ўстановах адукацыі актывізавана работа па стварэнні музейных экспазіцый і выстаў, прысвечаных генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер створаны 2772 тэматычныя экспазіцыі, 5936 выстаў прысвечаны тэме генацыду беларускага народа.
Адным з напрамкаў работы па падрыхтоўцы да абароны Айчыны з’яўляецца ўдзел моладзі ў ваенізаваных гульнях “Зарнічка”, “Зарніца”, “Арляня”, якія паспяхова праводзяцца сумесна з Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь і маюць вялікі выхаваўчы патэнцыял. З улікам запытаў нашай моладзі ў арганізацыі мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнай накіраванасці Міністэрства адукацыі сумесна з Міністэрствам абароны, аблвыканкамамі, Беларускім саюзам афіцэраў, ГА “БРСМ”, рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Белая Русь” у 2025 годзе плануе правесці рэспубліканскую ваенна-прыкладную гульню “Прарыў” сярод студэнцкай і працуючай моладзі.
На карысць грамадства і дзяржавы
— Як вядома, гэты год аб’яўлены Годам добраўпарадкавання. Ці ёсць ужо планы па яго рэалізацыі?
— Мы будзем далучаць моладзь да мерапрыемстваў, акцый і праектаў, звязаных з добраўпаракаваннем нашай краіны. І трэба сказаць, што гэты напрамак для маладзёжнага руху не новы і з’яўляецца адным з галоўных. Год добраўпарадкавання сугучны з нашымі справамі па добраўпарадкаванні, якія мы арганізоўваем штогод. Разам з маладзёжнымі і дзіцячымі грамадскімі аб’яднаннямі забяспечваем далучэнне маладых грамадзян да ўдзелу ў працоўных акцыях, такіх як “#ЗаДело!” “Труд-крут”, і дабрачынных акцыях па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні помнікаў баявой і воінскай славы, брацкіх і адзіночных пахаванняў. Гэта садзейнічае азнаямленню падрастаючага пакалення з месцамі гістарычнай і воінскай славы, славутасцямі рэгіёна, матывуе моладзь на сацыяльна значную дзейнасць на карысць грамадства і дзяржавы. За ўстановамі адукацыі замацаваны 2643 мемарыяльныя аб’екты і воінскія пахаванні.
— А як студатрадаўскі і валанцёрскі рух будзе развівацца ў новым годзе?
— Працоўнае выхаванне з’яўляецца адным з прыярытэтаў у сістэме адукацыі па рабоце з моладдзю. Студатрадаўскі і валанцёрскі рух атрымае ў новым годзе далейшае развіццё. Іх фармат застанецца ранейшым, а маштаб павялічыцца. Напрыклад, у мінулагодняй рабоце студэнцкіх атрадаў было задзейнічана каля 60 тысяч маладых людзей, звыш 76 тысяч — у рабоце валанцёрскіх атрадаў. Толькі ў адным праекце — рэканструкцыі Рэспубліканскага маладзёжнага патрыятычнага цэнтра ў Брэсце — прынялі ўдзел каля 3 тысяч маладых людзей. Занятасць молодзі ў вольны ад вучобы час садзейнічае атрыманню першых працоўных навыкаў, дае магчымасць зрабіць больш усвядомлены выбар будучай прафесіі, стварае ўмовы для фінансавай падтрымкі сем’яў.
— Прыкладным інструментам маладзёжнай палітыкі сталі розныя рэспубліканскія праекты. Назавіце самыя значныя і ці будзе прапаноўвацца нешта новае?
— Міністэрствам адукацыі рэалізуецца рэспубліканскі праект “Невыпадковыя сустрэчы”. Яго фармат прадугледжае нефармальныя зносіны маладых людзей з прафесіяналамі і экспертамі ў розных галінах дзейнасці. Такія сустрэчы павышаюць узровень прававой пісьменнасці, пашыраюць палітычны кругагляд, дазваляюць атрымаць унікальны вопыт, карысныя прафесійныя парады, азнаёміцца з рэальнай практыкай выбранай спецыяльнасці. Рэалізацыя праекта садзейнічае палітычнай сацыялізацыі моладзі, фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі, уключэнню моладзі ў грамадска-палітычныя працэсы.
У сакавіку 2025 года плануецца правядзенне гульняў КВЗ для працуючай моладзі пад назвай “Кубак Міністэрства адукацыі — 2025”. А з мэтай папулярызацыі рабочых прафесій і прасоўвання беларускіх брэндаў плануецца ажыццявіць рэспубліканскі праект “Пад знакам якасці”, таксама рыхтуемся да новай маладзёжнай сталіцы.
Форум маладых сем’яў плануем правесці ў маі бягучага года ў Дзень сям’і. Ён будзе праходзіць у фармаце лекцый, майстар-класаў, дыскусійных пляцовак, сустрэч з прадстаўнікамі экспертнай супольнасці і прадстаўнікамі органаў выканаўчай улады краіны.
— Якія пытанні, на вашу думку, патрабуюць вырашэння ў найбліжэйшай перспектыве?
— Аналіз актуальных тэм у маладзёжным асяроддзі паказвае, што пакуль яшчэ востра стаяць пытанні сацыялізацыі асобных катэгорый моладзі, адтоку моладзі, пагаршэння псіхічнага здароўя і распаўсюджвання негатыўных з’яў. На вырашэнне гэтых праблем будзе звернута ўвага ў рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў найбліжэйшы час. Гэтаму паспрыяе вызначэнне сённяшніх трэндаў, уласцівых моладзі. Найбольш папулярнымі сярод іх з’яўляюцца пераход да высокай мабільнасці, выкарыстанне сучасных тэхналогій (лічбавізацыя), здаровы лад і дынамічны рытм жыцця. У сувязі з гэтым і ў пошуках новых форм і падыходаў плануем шэраг семінараў па рабоце з моладдзю ва ўсіх рэгіёнах краіны. За кошт такіх сустрэч мы імкнёмся павысіць якасць работы з навучэнскай і працуючай моладдзю, спецыялістамі, педагогамі, якія курыруюць маладзёжную тэматыку, удасканаліць сістэму бесперапыннага ўзаемадзеяння Міністэрства адукацыі з БРПА, БРСМ і рэгіянальнымі органамі кіравання. У фармаце дыскусіі ўдзельнікі семінараў абмяркуюць тэмы пашырэння ўдзелу моладзі ў грамадскай рабоце, сацыяльных гарантый працуючай моладзі.
Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





