Арганізацыя занятасці дзяцей і моладзі ў летні перыяд стала асноўнай тэмай размовы карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” з начальнікам упраўлення па справах моладзі Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццянай Сіманоўскай.
— Таццяна Анатольеўна, раскажыце, як Міністэрства адукацыі вырашае пытанні працоўнага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі?
— Працоўнае выхаванне з’яўляецца адным з прыярытэтаў у рабоце з моладдзю. Яго напрамкі пастаянна развіваюцца і ўдасканальваюцца як у рамках вучэбных заняткаў, так і ў пазаўрочны час. Акцэнт робіцца на ўключэнні занятасці навучэнцаў у сістэму працоўных адносін, фарміраванні ў іх працоўных навыкаў, стварэнні ўмоў для прафесійнага самавызначэння, працаўладкавання і кар’ернага росту ў будучыні. Гэтыя падыходы замацаваны на заканадаўчай аснове ў адпаведных нарматыўных актах — у Законе Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі”, Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, Праграме бесперапыннага выхавання дзяцей і моладзі на 2021—2025 гады, Стратэгіі развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі да 2023 года, а таксама ў шэрагу ўказаў і пастаноў Савета Міністраў і галіновага міністэрства. Занятасць непаўналетніх у вольны ад вучобы час з’яўляецца перш-наперш магчымасцю навучэнскай моладзі правесці канікулы з выгадай, падзарабіць законным шляхам. Гэта і прафілактычная мера, своеасаблівая прафарыентацыя, дапамога ў атрыманні першых працоўных навыкаў.
— Якім чынам забяспечваецца занятасць непаўналетніх у вольны ад вучобы час?
— Перш за ўсё гэта часовая працоўная занятасць. У гэтым напрамку цесна супрацоўнічаем з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны. Такая занятасць арганізуецца ва ўзаемадзеянні з органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароны гар(рай)выканкамаў. Спецыялісты аналізуюць склад моладзі, магчымасці наймальнікаў па арганізацыі іх часовай працоўнай занятасці. Таксама фарміруюцца банкі даных аб наяўных у наймальнікаў свабодных працоўных месцах (вакансіях) для часовага працаўладкавання навучэнскай моладзі, забяспечваецца іх своечасовае інфармаванне аб відах работ, аб’ёмах і ўмовах іх правядзення. Выдаткі бюджэтных арганізацый на арганізацыю часовай працоўнай занятасці навучэнскай моладзі пакрываюцца за кошт фінансавых сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Акрамя таго, непаўналетнім можна працаўладкавацца ў лагерах працы і адпачынку або працаваць індывідуальна.
— Ці плануецца пашырыць працоўную занятасць непаўналетніх? Можа, будзе павялічаны пералік тых відаў работ, якія для іх прызначаны?
— Міністэрствам адукацыі, упраўленнямі адукацыі аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, установамі адукацыі прымаюцца меры, каб арганізацыя працоўнай занятасці навучэнцаў мела больш маштабны характар. У гэтым годзе па прадстаўленых даных аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама плануецца ахапіць рознымі формамі занятасці каля 120 тысяч маладых людзей, з якіх больш за 70 тысяч — непаўналетнія. Так, у прыватнасці, лагерамі працы і адпачынку плануецца ахапіць больш за 10 тысяч непаўналетніх, у складзе студэнцкіх атрадаў будзе працаваць каля 24 тысяч непаўналетніх, каля 40 тысяч непаўналетніх будзе працаўладкавана пры садзейнічанні органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гар(рай)выканкамаў на свабодныя месцы (вакансіі) наймальнікаў, у тым ліку на часовыя дадаткова створаныя месцы.
Для павелічэння ахопу навучэнскай моладзі ў 2022 годзе сумеснымі намаганнямі міністэрстваў адукацыі, працы і сацыяльнай абароны і аховы здароўя пашыраны Пералік лёгкіх відаў работ для асоб ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў (пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 23 жніўня 2022 года № 50 “Аб змене пастановы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2010 года № 144”). Дзеючы пералік дапоўнены такімі відамі работ, як работа ў сродках масавай інфармацыі; работа ў гандлёвых кропках па камплектаванні, сартаванні, упакоўцы тавараў; сервіроўка сталоў і прыбіранне ў аб’ектах грамадскага харчавання; ручная мыйка аўтамабіляў і інш. Выбар вялікі, было б толькі жаданне працаваць.
— Таццяна Анатольеўна, раскажыце, як будуць працаваць студэнцкія атрады? Ці ёсць асаблівасці?
— Міністэрствам адукацыі пашыраны магчымасці працы байцоў студатрадаў. Нормамі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 лютага 2020 года № 58 “Аб арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь” прадугледжана магчымасць для студэнтаў не толькі папрацаваць у вольны ад вучобы час, але і пры неабходнасці прайсці кароткатэрміновае практыка-арыентаванае сертыфікаванае навучанне і атрымаць рабочую прафесію.
У перыяд з 1 студзеня па 1 мая 2024 года ў складзе 243 атрадаў працаўладкаваны 3641 чалавек (у параўнанні з мінулым годам — у складзе 184 атрадаў працаваў 2861 чалавек). Калі браць у разрэзе рэгіёнаў, то ў Мінску створаны 104 атрады, у Гомельскай вобласці — 44, Брэсцкай — 30, Гродзенскай — 18, Магілёўскай — 24, Віцебскай — 19, Мінскай вобласці — 4 атрады. У разрэзе профіляў атрадаў яны даволі разнастайныя: сэрвісныя, экалагічныя, вытворчыя, будаўнічыя, педагагічныя, медыцынскія, сельскагаспадарчыя. Адметна, што ў складзе студэнцкіх атрадаў на 1 мая гэтага года працаўладкавана 1717 непаўналетніх, з іх 53 падлеткі, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, і 22 падлеткі, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы.
— Гэты год адзначаны шэрагам знакавых падзей для нашай краіны і ў прыватнасці для маладзёжнага руху. Як гэта паўплывае на работу студэнцкіх атрадаў?
— Так, гэты год багаты на знакавыя падзеі. Сярод іх 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 65-годдзе Усесаюзнага руху студэнцкіх атрадаў, 50-годдзе пачатку будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі (БАМ), 40-годдзе ўзнікнення педагагічных атрадаў у БССР, 20-годдзе першых маладзёжных будоўляў суверэннай Беларусі (МК “Хатынь” і МК “Курган Славы”). У пералік прымаючых арганізацый, аб’ектаў, відаў работ і колькасці працоўных месцаў для ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў унесена 1616 аб’ектаў на 45 163 працоўныя месцы. Летась лічба была меншай і складала 1330 аб’ектаў на 40 608 працоўных месцаў. Па сутнасці, у Мінску і ў кожнай вобласці плануецца работа студатрадаў у сярэднім на больш чым 200 аб’ектах. У рамках прамысловага праекта “Выбіраем студатрад” па апошніх звестках заяўкі на работу ў студэнцкіх атрадах падалі 20 966 чалавек. Заключана 485 дагавораў на работу 8319 чалавек.
— Якія працоўныя праекты плануецца рэалізаваць сёлета?
— У трэцім працоўным семестры збіраемся ажыццявіць маладзёжны вытворчы працоўны праект “Атлант”, міжпрофільны працоўны праект “Трактарабудаўнік” на ААТ “МТЗ”, рэспубліканскі вытворчы працоўны праект “Аўтазаводзец” на ААТ “МАЗ”, рэспубліканскі галіновы працоўны праект “Дарога магчымасцей” (работа праваднікамі і манцёрамі пуцей на аб’ектах Беларускай чыгункі), рэспубліканскі медыцынскі працоўны праект “Медыкус” у Полацку і Наваполацку. Статус абласной (Мінскай гарадской) маладзёжнай будоўлі ў 2024 годзе прысвоены шэрагу аб’ектаў. Напрыклад, у Віцебскай вобласці гэта рэканструкцыя лячэбнага корпуса № 2 Віцебскай абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы, у Гродзенскай вобласці — будаўніцтва дзіцячага сада ў мікрараёне Грандзічы; у Магілёўскай вобласці — будаўніцтва музея воінскай славы Магілёўскай вобласці ў раёне комплексу “Буйніцкае поле”; у Мінску — рэканструкцыя збудавання спецыялізаванага фізкультурна-аздараўленчага і спартыўнага прызначэння стадыёна “Дынама”.
З мэтай усебаковага інфармавання навучэнскай моладзі і бацькоў аб актуальных вакансіях для працаўладкавання ў вольны ад вучобы час у сацыяльных сетках і на інтэрнэт-сайтах устаноў адукацыі, мясцовых органаў улады, у СМІ размяшчаецца неабходная інфармацыя аб наяўных вакансіях, відах работ, аб’ёмах і ўмовах іх выканання, у тым ліку за кошт правядзення кірмашоў вакансій. Таксама на платформе “Моладзь Беларусі” размешчана актуальная інфармацыя па працаўладкаванні моладзі ў вольны ад вучобы час. Можна звяртацца і на платформу сайта Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА