Таццяна Якубовіч: “Наша задача — фарміраваць кіраўнікоў новага пакалення, здольных браць на сябе адказнасць і ініцыятыву”

2020—2021 гады для Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі вельмі важны гістарычны перыяд. 29 верасня 2020 года — 30 гадоў з дня адкрыцця I з’езда прафсаюза адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь. 8—11 студзеня 2021 года мы адзначым 100-годдзе стварэння прафсаюза “асветы і сацыялістычнай культуры”, правапераемнікам якога з’яўляецца наш прафсаюз. 3 мая 2021 года — 30-гадовы юбілей Галіновага пагаднення, у якім фактычна была закладзена аснова сацыяльна-партнёрскіх адносін у галіне.

На старонках “Настаўніцкай газеты” мы адкрываем рубрыку, прысвечаную 100-годдзю галіновага прафсаюза, у якой усе абласныя камітэты, гаркам Мінска, аб’яднаная галіновая прафсаюзная арганізацыя НАН Беларусі будуць мець магчымасць расказаць пра зараджэнне прафсаюза адукацыі і навукі на іх тэрыторыі або ў іх установе, пра тое, як яны дапамагаюць людзям на месцах, пра лепшых людзей у галіне і прафсаюзе. На самыя важныя пытанні, якія тычацца сёння дзейнасці Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, адказвае яго кіраўнік Таццяна Раманаўна ЯКУБОВІЧ.

Нарадзілася ў вёсцы Гарадок Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыла матэматычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працоўную дзейнасць пачынала ў сярэдняй школе № 22 Баранавіч, пазней перайшла на работу ў Баранавіцкі эканоміка-юрыдычны каледж. Пасля стварэння Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта працавала прарэктарам па выхаваўчай рабоце, першым прарэктарам універсітэта. Была дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы ППНС.
Кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт.

— Таццяна Раманаўна, вы зараз галоўны прафсаюзны лідар галіны. На ваш по­гляд, якім павінен быць прафсаюзны лідар?

— Прафсаюзны лідар — ключавая фігура прафсаюзнай арганізацыі. Ён увесь час знахо­дзіцца ў полі крытыкі не толькі з боку апанента — наймальніка, але і з боку членаў прафсаюза. Таму прафсаюзныя лідары, акрамя вопыту і ўменняў, павінны яшчэ валодаць асаблівай псіхічнай устойлівасцю, здольнасцю пераносіць вялікія псіхічныя нагрузкі, вялікай перакананасцю ў слушнасці сваёй справы, развітой матывацыяй, уменнем выходзіць са стрэсавага стану.

На мой погляд, самае галоўнае, што павінна быць у гэтага чалавека — шчырасць. Ён не павінен баяцца размаўляць з людзьмі, не павінен баяцца агучваць праблемы, якія існуюць, і прапаноўваць шляхі іх вырашэння. Вядома, гэты чалавек павінен любіць сваю прафесію, дзяцей і педагогаў, быць ініцыятыўным. Тады за ім пой­дзе ўвесь калектыў.

Быць прафсаюзным лідарам — гэта яшчэ і суперажываць іншым, умець за вырашэннем пытанняў усяго калектыву не выпусціць праблему асобна ўзятага чалавека.

— За 100-гадовую гісторыю Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі заўсёды быў побач з педагагічным работнікам. Гэта так?

— Так, гісторыя прафсаюза непарыўна звязана з гісторыяй грамадства і дзяржавы. У 20—30-я гады мінулага стагоддзя дзейнасцю прафсаюза быў удзел у ажыццяўленні ўсенавуча, ліквідацыі масавай непісьменнасці насельніцтва, ажыццяўленні культурнай рэвалюцыі. Затым на фронце і ў тыле, у партызанскіх атрадах і антыфашысцкім падполлі члены прафсаюза, як маглі, набліжалі дзень Вялікай Перамогі. Потым разам з усім народам адра­джалі і закладвалі падмурак сістэмы адукацыі.

  1986 год — гэта асаблівая веха ў гісторыі краіны, бяда ў мірны час, і прафсаюзы тут не засталіся ўбаку. ФПБ узяла шэфства над Нараўлянскім раёнам Гомельскай вобласці, і наш прафсаюз у Нараўлянскім раёне, пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС, дапамагаў і дапамагае ўстановам адукацыі і членам прафсаюза.

— А што робіцца прафсаюзам для падтрымкі педагагічных работнікаў ва ўмовах цяперашняй няпростай эпідэмічнай сітуацыі?

— З лютага бягучага года, калі быў выяўлены першы выпадак захворвання на COVID-19 у замежнага студэнта БНТУ, на перадавой бараць­бы з каранавірусам апынуліся не толькі ўрачы, але і педагогі. Нашы прафсаюзныя арганізацыі з першых дзён пачалі закупляць для сваіх калектываў дэзынфіцыруючыя і абеззаражвальныя сродкі, сродкі індывідуальнай засцярогі. Гэтая работа працягваецца і цяпер. І зараз мы разам з нашымі людзьмі ў час новых сусветных выклікаў.

У многіх арганізацыях выкладчыкі і навучэнцы навучыліся і шыюць не толькі маскі, але і камбінезоны для дактароў, якія бясплатна перадаюць у тэрытарыяльныя бальніцы. Некалькі прыкладаў: пярвічная прафсаюзная арганізацыя (ППА) навучэнцаў Светлагорскага індустрыяльнага каледжа пашыла і перадала ў Светлагорскую гарадскую бальніцу 5000 масак. Вольга Кавалевіч, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі СПЦ Жодзіна, з’яўляецца валанцёрам па Жодзіне групы Hackerspase Minsk COVID-19 і асабіста займаецца пашывам масак і касцюмаў для медыцынскіх устаноў. Толькі ўстановы адукацыі Магілёва пашылі і перадалі ва ўстановы аховы здароўя 1,7 тысячы масак. Акрамя масак, па лякалах, распрацаваных цэнтрам творчасці “Эверэст” Магілёва, установы адукацыі горада працягваюць пашыў ахоўных касцюмаў, якія перадаюцца ва ўстановы аховы здароўя.

Супрацоўнікі Інстытута механікі металапалімерных сістэм імя У.А.Белага НАН Беларусі ўласнымі сіламі вырабілі 210 медыцынскіх экранаў на суму 1 050,00 рублёў і перадалі ў Гомельскую абласную бальніцу, Мінскую акадэмічную паліклініку, Гомельскую хімзаводскую бальніцу, Рагачоўскую ЦРБ, Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі, Гомельскую цэнтральную паліклініку. ППА работнікаў ГрДУ імя Янкі Купалы закупіла абсталяванне “Пульсаметр” для медыцынскага цэнтра аховы здароўя ўніверсітэта, набыла маскі, пальчаткі, дэзсродкі для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Членамі Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза добраахвотна пералічана 4047,48 рубля на дабрачынны рахунак для падтрымкі работнікаў арганізацый аховы здароўя.

 Усю работу нашых членаў прафсаюза пералічыць немагчыма. Валанцёрскія групы, створаныя ў студэнцкіх прафкамах, дастаўляюць прадукты харчавання і медыкаменты на дом для пенсіянераў. Нашы члены прафсаюза далучыліся да акцыі “Справімся разам!”, ініцыіраванай Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. На дабрачынны рахунак Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аховы здароўя ў Фонд падтрымкі работнікаў арганізацый аховы здароўя прафсаюзам пералічана больш за 100 тысяч рублёў. Мы ведаем пра выпадкі захворвання нашых работнікаў на каранавірусную інфекцыю і стараемся дапамагчы ім і іх сем’ям. Толькі за май бягучага года 910 чалавек атрымалі матэрыяльную дапамогу, а за ўвесь перыяд — амаль 12 тысяч чалавек.

 На жаль, сітуацыя і сёння складаная. Пры ўсёй гэтай рабоце асноўнае, на што звяртае ўвагу прафсаюз, — гэта захаванне працоўных месцаў, недапушчэнне звальнення работнікаў у сувязі з  няпростай эпідэмічнай сітуацыяй.

— Назавіце, калі ласка, асноўныя віды падтрымкі, якую могуць атрымаць ад свайго прафсаюза маладыя педагогі?

— Пагадненнем паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі прадугледжана норма па ўсталяванні дадатковых мер стымулявання працы пры заключэнні кантрактаў з работнікамі, у тым ліку і з маладымі педагогамі. У мясцовых пагадненнях і калектыўных дагаворах устаноў адукацыі таксама прадугледжваюцца іншыя віды падтрымкі для маладых педагогаў: аказанне матэрыяльнай падтрымкі на першачарговыя патрэбы, кампенсацыя расходаў па найме жылля, выдзяленне месцаў у інтэрнатах, замацаванне вопытных педагогаў за маладымі спецыялістамі, стварэнне секцый, школ маладых педагогаў, правядзенне вучобы і г.д.

За апошнія 4 гады Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі было прызначана 125 стыпендый, 61 з якіх атрымалі члены нашага прафсаюза, за аналагічны перыяд Цэнтральным камітэтам Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі былі здзейснены выплаты 107 навучэнцам з ліку прафсаюзных актывістаў.

Цэнтральны камітэт таксама падтрымлівае выпускнікоў педагагічных класаў, якія працягнулі навучанне ў профільных (педагагічных) установах адукацыі. Шмат робіцца на месцах.

— Якую дапамогу аказвае галіновы прафсаюз ветэранам педагагічнай працы? Што для гэтых людзей важней — матэрыяльная дапамога ці чалавечая ўвага?

— Што тычыцца таго, што больш важна для ветэранаў — матэрыяльная дапамога ці чалавечая спагада, то я думаю, што і адно, і другое. Ні адзін зварот ветэрана і ўвогуле ні адзін зварот да нас не застаецца без увагі.

Нашы ветэраны — гэта асаблівыя людзі, гэта крыніца вопыту і аптымізму. І мы даволі часта звяртаемся да іх па параду, запрашаем на мерапрыемствы, мы ім вельмі ўдзячны за працу па выхаванні моладзі нашай краіны. Падтрымаць сувязь пакаленняў, знайсці эфектыўныя формы і метады іх узаемадзеяння — адна з найважнейшых задач Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

У 1999 годзе быў створаны Рэспубліканскі савет ветэранаў працы галіны і Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі з мэтай усебаковай падтрымкі ветэранаў, якіх у нас больш за 80 тысяч чалавек, сярод іх — 7 тысяч адзінокіх, амаль 4 тысячы інвалідаў, якім пастаянна патрабуецца ўвага і канкрэтная дапамога.

Я лічу, што наш Савет ветэранаў, якім усе гэтыя гады паспяхова кіруе Яніна Аляксандраўна Трахімовіч, добра спраўляецца са сваёй задачай. Саветы ветэранаў ёсць ва ўсіх абласцях і Мінску, усіх раёнах, у кожнай установе.

Не магу не згадаць тых, хто доўгія гады дапамагаў у гэтай рабоце або паспяхова ўзначальваў саветы ветэранаў на месцах, каго, на жаль, ужо няма: Расціслаў Іванавіч Сярноў, Віктар Андрэевіч Харытановіч, Ларыса Фёдараўна Багадзяж, Яўген Гаўрылавіч Валністы, Леакадзія Сыктусаўна Аліхвер, Лідзія Аляксееўна Зарэцкая. І дзякуй вялікі ўсім, хто зараз працуе. Галоўнае, каб увага да ветэранаў ад прафкамаў, адміністрацый, моладзі была пастаяннай.

— З якімі скаргамі часцей за ўсё звяртаюцца педагагічныя работнікі ў свой прафсаюз? Наколькі хутка ўдаецца дапамагчы людзям? Ці бываюць скаргі на парушэнні аховы працы?

— Люстэркам стану аховы працы, як вядома, з’яўляецца ўзровень вытворчага траўматызму. За кожным такім выпадкам стаіць жыццё і здароўе чалавека, членаў яго сям’і. А задача галіновага прафсаюза — абараніць правы работніка, абавязаць кіраўніка забяспечыць яму здаровыя і бяспечныя ўмовы працы. Менавіта на гэтых прынцыпах будуецца работа галіновай тэхнічнай інспекцыі працы.

Так, на падставе зваротаў членаў прафсаюза і ў адпаведнасці з рэкамендацыямі галоўнага тэхнічнага інспектара ЦК галіновага прафсаюза наймальнікам былі выдзелены фінансавыя сродкі на набыццё спецыяльнай вопраткі вадзіцелю школьнага аўтобуса Расненскай сярэдняй школы Камянецкага раёна, рабочаму па комплексным рамонце і абслугоўванні будынкаў і збудаванняў Шчучынскай сярэдняй школы, дворнікам Брагінскай сярэдняй школы.

Вынікам разгляду зваротаў работнікаў Малецкай санаторнай школы-інтэрната Бярозаўскага раёна, Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната, Азёрскай сярэдняй школы Мінскага раёна з’явілася правядзенне пазачарговай атэстацыі працоўных месцаў па ўмовах працы і прадастаўленне работнікам даплат і дадатковых адпачынкаў за работу са шкоднымі і небяспечнымі ўмовамі працы.


Была выплачана матэрыяльная дапамога ў памеры 15 сярэднямесячных заробкаў работніку Смаргонскага дзяржаўнага прафесійнага політэхнічнага ліцэя, які атрымаў траўму вока, у памеры 24 сярэднямесячных заробкаў — рабочаму санаторнага ясляў-сада № 174 Мінска, у памеры 35 сярэднямесячных заробкаў — прыбіральшчыку сярэдняй школы № 2 Чачэрска.

У апошнія гады галіновы прафсаюз прыклаў нямала намаганняў, каб абараніць работнікаў пры прыёме на работу, звальненні, стварыць ахоўную сістэму для работнікаў, пераведзеных на кантрактную форму найму. У галіновае і мясцовыя пагадненні, калектыўныя дагаворы ўключаны гарантыі работнікам перадпенсіённага ўзросту, цяжарным жанчынам і жанчынам, якія маюць непаўналетніх дзяцей, датэрміновага скасавання кантрактаў, магчымасці пераводу на працоўны дагавор на нявызначаны тэрмін і іншыя

— Таццяна Раманаўна, на ваш погляд, дзе яшчэ ёсць рэзерв у рабоце нашага галіновага прафсаюза? Што можна палепшыць у найбліжэйшы час, а што — у аддаленай перспектыве? Бо няма мяжы дасканаласці ў любой рабоце.

— Сёння прафсаюз аказвае матэрыяльную дапамогу, займаецца аздараўленнем, садзейнічае ахове здароўя, стварэнню здаровых і бяспечных умоў працы, забяспечвае абарону правоў кожнага члена прафсаюза на працу, дамагаецца павышэння матэрыяльнага дабрабыту членаў прафсаюза, абараняе правы і інтарэсы членаў прафсаюза перад наймальнікамі, у органах дзяржаўнай улады і судах і будзе рабіць гэта і далей.

 У найбліжэйшы час нам усім неабходна навучыцца жыць і працаваць у няпростых умовах эпідэмічнай сітуацыі. Таксама наша агульная з сацыяльнымі партнёрамі задача — паэтапнае прывядзенне ўзроўню сярэднямесячнай заработнай платы педагагічных работнікаў да ўзроўню сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў у краіне, а прафесарска-выкладчыцкага складу — у 1,5 разу вышэй за гэты ўзровень. Прысутнасць прафсаюза ў прыватным сектары — гэта таксама наша першарадная задача.

 Мы маем найбольшую колькасць маладзёжных пярвічак сярод усіх прафсаюзаў — гэта каля 145 тысяч навучэнцаў, што складае 23,7% ад агульнай колькасці членаў прафсаюза.

Задачай прафсаюза з’яўляецца таксама пастаянная работа з моладдзю, якая з’яўляецца асноўным рэзервам у далейшым развіцці прафсаюза.

— Адчуваецца, што вы вельмі любіце працаваць з людзьмі. Ці ёсць у вашым жыцці такія моманты, пра якія вы ўспамінаеце з асаблівай цеплынёй? Каму асабліва ўдалося дапамагчы? Пра каго вы цяпер падумалі?

— Калі я працавала прарэктарам па выхаваўчай рабоце БарДУ і займалася ў тым ліку прадастаўленнем студэнтам месцаў у інтэрнаце, да мяне на прыём прыйшла мама адной са студэнтак родам з вёскі ў Брэсцкім раёне. Гэтая жанчына ўзяла мяне за рукі і сказала: “Дачушка, дзякуй табе вялікі. У нас дома няма такіх умоў, як у вашым універсітэце”. Гэта быў вельмі эмацыянальны момант, і я тады зразумела, як важна ства­рыць студэнтам годныя ўмовы вучобы і пражывання ў інтэрнаце. Гэта важна людзям, дзеці якіх прыязджаюць на вучобу з невялікіх райцэнтраў і вёсак. Мы тым самым нашу моладзь вучым культуры сумеснага пражывання. Як гаварыў мой адзіны і паважаны рэктар Васіль Іванавіч Качурка на студэнцкіх выпускных: “Сябры, калі вы чагосьці не давучылі, вас жыццё давучыць і нават прымусіць гэта зрабіць. Але калі вы не будзеце ўмець размаўляць з людзьмі, не будзеце гарманічна развітой асобай, то ў прафесійнай дзейнасці пазнавата гэтаму вучыцца”. Наша задача — фарміраваць кіраўнікоў новага пакалення, здольных браць на сябе адказнасць і ініцыятыву.

— Мы знаходзімся напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Якая пазіцыя прафсаюза з нагоды будучай падзеі?

— Мы заўсёды бралі ўдзел у выбарчых кампаніях любога ўзроўню. Безумоўна, мы актыўна задзейнічаны ў цяперашняй выбарчай кампаніі, нашы прафсаюзныя лідары з’яўляюцца членамі ініцыятыўных груп, тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій, якія ўжо сфарміраваны. Мы за мір, стабільнасць і будучыню нашай краіны. Нам не абыякава, у якой краіне будуць жыць нашы дзеці і ўнукі і ў якой краіне жывём мы.

Наша галоўная задача сёння — не дапусціць развалу краіны, расколу ў грамадстве. Свой выбар на найбліжэйшыя 5 гадоў трэба зрабіць абдумана, аналізуючы вынікі, трэба цаніць тое, чаго ўдалося дасягнуць. Наша галіна паступальна развіваецца. Лічу, што ў кожнага чалавека павінна быць высокае пачуццё адказнасці за свае дзеянні і жаданне шмат і плённа працаваць. Тады краіна будзе развівацца значна хутчэй.

Гутарыла Наталля КАСТЭНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.