Таямніца батлейкі

- 11:31Портфолио

Тэатральныя гульні традыцыйна выкарыстоўваюцца ў педагагічнай практыцы як эфектыўны сродак мастацкага выхавання дзяцей.

Навучыць лялькаваджэнню

Само жыццё пацвярджае дзіўную ўстойлівасць батлейкі, якая ў сучаснай культуры адра­дзілася і развіваецца. Батлейку выкарыстоўваюць не толькі ў дзіцячых садках, але і на ўроках літаратуры, айчыннай і сусветнай культуры. Развіццё інклюзіўнай адукацыі адкрывае ў тэатральнай дзейнасці ўсё новыя грані, што важна і для батлейкі ў сценах школы.

Педагогі адзначаюць, што дзецям падабаецца быць творцамі ўласнага тэатра, цікава ба­віць час з равеснікамі. Усё гэта садзейнічае сацыялізацыі падлеткаў, развіццю іх маўлення, талентаў акцёра, мастака, драматурга, музыканта, дырыжора, архітэктара, сталяра, ма­дэльера, шаўца, літаратара, гісторыка і інш. Але не толькі.

На думку беларускага даследчыка тэатра Барышава, “батлейка” — зборная назва для розных відаў народнага лялечнага тэатра (батлейкі, шопкі). Іх выгляд, форма сцэнічнай прасторы маюць некаторыя адрозненні. Самай распаўсю­джанай была батлейка ў выглядзе двух’яруснай шафы, якая знешне нагадвала царкву або домік. Батлейшчыкі кіравалі прымітыўнымі драўлянымі лялькамі на стрыжнях праз праёмы ў падлозе. На Магілёўшчыне здаўна выкарыстоўвалі і іншы ўзор батлейкі — у выгля­дзе вялікай двух’яруснай скрыні з вельмі сціплым афармленнем. На верхнім ярусе гэтай скрыні празрыстыя фіранкі на вокнах у “хаце” і ў дзвяр­ным праёме дапамага­юць акцёрам, якія стаяць за скрыняй, перамяшчаць гліняных лялек на драўляных палачках па спе­цыяльных проразях у розных напрамках. На ніжнім ярусе лялькі рухаюцца толькі па гарызанталі, а лялькаводы хаваюцца за расчыненымі дзверцамі скрыні. Для асвятлення лялек у скрыні выкарыстоўваюцца развешаныя лямпачкі.

Афармленне скрыні ў адпаведнасці з традыцыяй не загрувашчана лішнімі дэкарацыямі. У кампазіцыі дамінуюць беларуская хата (верхні ярус) і прыродны ландшафт, лес (ніжні ярус). Паколькі ў спектаклі заўсёды важны канфлікт, гэтыя два гарызантальныя планы ўмяшчаюць у сабе ўсіх удзельнікаў канфлікту. Напрыклад, у тым эпізодзе, дзе вядзьмарка выкрадае Піліпку, гоніцца за ім, дзеянне разгортваецца ў ніжнім ярусе — спрадвечным для батлейкі царстве нячыстай сілы. Адпаведна, станоўчыя героі размяшчаюцца на верхнім ярусе з дэкарацыямі печы, кухоннага ачага, драўляных прадметаў побыту, з фотаздымкамі продкаў. Усе гэтыя традыцыйныя элементы беларускага жылля, як і мастацкі змест народных казак, трансліруюць наш нацыянальны код, што дапамагае вярнуцца да сваіх каранёў, садзейнічае фарміраванню псіхалагічнай устойлівасці асобы.

Пры стварэнні батлейкі неабходна перш за ўсё наву­чыць дзяцей лялькаваджэнню. На батлеечнай сцэне важны ракурс лялек. Так, у дыялогу яны павінны гля­дзець адна на адну. Лялька ідзе паступова, прычым рухі павінны адпавядаць узросту героя, быць праўдападобнымі. Гэтага можна дасягнуць, толькі правільна перамяшчаючы лялек па прора­зях у скрыні, кантралюючы рухі сваіх герояў праз акенцы. Трэба ву­чыць дзяцей трымаць ляльку прама, на пэўным узроўні адносна шырмы: лялька, пастаўленая шчыльна да краю, павінна ўзвышацца на ¾ свайго росту. Падчас спектакля неабходна выкарыстоўваць усю гульнявую прастору скрыні. Для гэтага трэба старанна прадум­ваць мізансцэны і дакладна растлумачваць дзецям размяшчэнне лялек. Напрыклад, у першай мізансцэне спектакля “Піліпка-сынок” Дзед знаходзіцца справа, Баба — злева, Піліпка — пасярэдзіне сцэны. І такое размяшчэнне лялек павінна быць на працягу ўсёй мізансцэны. Дзеці павінны разумець, што кожная змена месца і пераход лялек адбываюцца абгрунтавана, з пэўнай мэтай.

На думку педагогаў, вучыць майстэрству батлейшчыкаў можна толькі праз асабісты кантакт настаўніка з вучнем. У стварэнні дзіцячага спектакля можна выкарыстоўваць элементы асобасна арыентаванага навучання, неабходна стымуляваць актыўнасць, самастойнасць вучняў з дапамогай такіх метадаў, як праблемны, часткова-пошукавы, метад інтраспектыўнага аналізу, а таксама прынцыпаў суб’ектыўнасці, выбару, даверу і падтрымкі.

У батлейцы вялікае значэнне мае агучванне роляў. Таму вялікая работа праводзіцца над сцэнічным маўленнем. Напрыклад, акцёры, якія выконваюць ролі Дзеда і Бабы, павінны перадаць старэчы голас. А Піліпка, наадварот, гаворыць як дзіця. У голасе Бабы Ягі павінны быць злыя ноткі і г.д. У працэсе работы над сцэнічным маўленнем неабходна тлумачыць кожнаму акцёру “зерне” яго ролі, ставіць перад ім пэўную задачу. Так, Піліпка — ураўнаважаны, кемлівы хлопчык, Маша — гэта знаходлівая і вясёлая дзяўчынка, а Мядзведзь — нязграбны, але добры. Гэта дапамагае батлейшчыку знайсці неабходную манеру маўлення, інтанацыю, тэмп. Работа над дыкцыяй — неабходны складнік падрыхтоўкі.

У стане персанажа

Рэпертуар нашай батлейкі, як ужо было сказана, казачны: “Піліпка-сынок”, “Залатая яблынька”, “Маша і мядзведзь”. Фальклор зразумелы як юным акцёрам, так і маленькім гледачам і падыхо­дзіць для батлейкі. Вядома, па меры сталення батлейшчыкаў можна брацца за іншы драматургічны матэрыял і ажыццяўляць больш смелыя праекты.

Немагчыма стварыць спектакль, не разумеючы сэнсу п’есы. Звычайна знаёмства з творам пачынаецца з называння яго тэмы. У працэсе чытання і аналізу сцэнарыя калектыўна адбіраем і прагаворваем асноўныя эпізоды. Напрыклад: развітанне Піліпкі з Дзедам і Бабай, хлопчык на рыбалцы, выкраданне хлопчыка вядзьмаркай, уцёкі, вяртанне Піліпкі дамоў. Пасля разбору падзейнага рада п’есы неабходна вызначыць жыццёвую праблему, агучыць ідэю твора. Так, у спектаклі “Піліпка-сынок” батлейшчыкі імкнуцца паказаць сваім маленькім гледачам, якімі небяспечнымі могуць быць незнаёмыя людзі для даверлівага дзіцяці. Галоўны канфлікт спектакля, адпаведна, выбудоўваецца паміж хітрай Бабай Ягой і наіўным Піліпкам.

Потым можна перайсці да размеркавання роляў. Каб акцёр ужыўся ў сваю ролю, адчуў стан свайго персанажа ў пэўнай жыццёвай сітуацыі, зразумеў матывы і мэты яго ўчынкаў, можна выкарыстоўваць наступныя заданні: самастойна распрацаваць вобраз персанажа, прыдумаць дэталі, якія раскрываюць асобу героя, яго гісторыю да пачатку п’есы і г.д.

Далучэнне малодшых падлеткаў да батлейкі надае заняткам непаўторны нацыянальны каларыт, садзейнічае засваенню школьнікамі традыцыйнай сістэмы каштоўнасцей і фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці.

Хаця маларухомыя лялькі не з’яўляюцца галоўным элементам спектакля, але працэс іх стварэння да пачатку рэпетыцый вельмі захоплівае малодшых падлеткаў. Гэты этап працаёмкі і вельмі важны для абдумвання будучага спектакля. Пры вырабе лялькі дзеці фантазіруюць над яе знешнім выглядам. Неабходна дапамагчы акцёрам разабрацца ў асноўных асаблівасцях п’есы і герояў, намеціць лініі іх супрацьпастаўлення. Напрыклад, Галя са спектакля “Залатая яблынька” зайздросная. Абмеркаванне лялек адбываецца ў працэсе іх вырабу. Педагог павінен забяспечыць дзяцей неабходнымі матэрыяламі, у першую чаргу, глінай і фарбамі.

Потым пачынаюцца першыя пробы. Не трэба абмяжоўваць фантазію дзяцей, важна дапамагчы ім знайсці на сцэне саміх сябе, пазбавіцца скаванасці. Паступова неабходна вучыць іх іг­рац­ь усё больш асэнсавана, ставіць перад акцёрамі пэўную задачу, напрыклад, у першай мізансцэне “Развітанне Піліпкі са старымі” паказаць правільны, мудры ўклад жыцця сям’і, дзе кожны клапоціцца адно пра аднаго.

Пры падборы музычнага суправаджэння да спектакля неабходна ўлічваць асаблівасці драматургіі. Напрыклад, павольная трывожная музыка суправаджае сцэны з Бабай Ягой у спектаклі “Піліпка-сынок”, вясёлая народная мелодыя — наладжанае мірнае жыццё Дзеда і Бабы, а танцавальная музыка — вяртанне хлопчыка.

Удзел у батлейцы — гэта творчы працэс, у якім трэба прытрымлівацца агульных дыдактычных прынцыпаў:

рэпертуар тэатра павінен быць адаптаваны да ўзроставых асаблівасцей вучняў;

неабходна ўлічваць асаб­лівасці кожнага дзіцяці, індывідуальныя тэмпы выканання задачы і тэмпы работы ўсіх членаў групы;

апора на эмацыянальна-пачуццёвую сферу вучняў (Што табе больш зразумела? Каго ты больш ярка ўяўляеш? Якая роля табе падабаецца?);

асваенне частак ролі суправаджаецца кантролем і карэкціраваннем выканання.

Такім чынам, заняткі, прысвечаныя батлейцы, — гэта захапляючае падарожжа ў старадаўнюю народную творчасць, якая да гэтага часу не страчвае сваёй сілы, трансліруе здаровае светаадчуванне, базавыя каштоўнасці. Батлейка не толькі яркі спосаб самавыяўлення для малодшых падлеткаў, але і сродак фарміравання сапраўднага носьбіта сваёй культуры, псіхалагічна ўстойлівай асобы.

Алена ШУМЕЙКА,
педагог дадатковай адукацыі
Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразі” Магілёва.