Тэхналогіі работы па прафілактыцы школьнага булінгу: тэматычныя гадзіны, выкарыстанне гульняў і практыкаванняў

- 9:51Образование, Приложение, Психолог в школе

Булінг — гэта цкаванне, агрэсіўнае праследаванне аднаго чалавека іншым (іншымі). Ён можа выяўляцца па­рознаму: ад непрыстойных жартаў і абраз да збівання. Асноўная мэта — запужаць ахвяру, падпарадкаваць яе сабе. Гэта не заўсёды фізічнае нападзенне, часцей адбываецца псіхалагічнае насілле.

Тэхналогіі работы па прафілактыцы школьнага булінгу

1) Абмеркаванне практычных сітуацый з навучэнцамі

  1. Хлопчыкі з 6 класа абзываюць аднакласніка, які не ўмее і не любіць біцца. Яго прозвішча ім здаецца смешным — яны каверкаюць яго, прыдумваючы крыўдныя мянушкі. Хлопчыкам падабаецца адчуваць сябе магутнымі. Яны думаюць, што кпіны — гэта проста гульня; жорсткімі і агрэсіўнымі яны сябе не лічаць.

Адказ: слоўны булінг.

  1. Вучаніцы 5 класа не размаўляюць з адной дзяўчынкай з іх класа. Ім не падабаецца, што яна носіць нямоднае адзенне, яе прычоска здаецца ім смешнай. Яны абзываюць яе, але звычайна проста не заўважаюць, а калі і звяртаюцца да яе, дык толькі па прозвішчы. Калі, набраўшыся смеласці, дзяўчынка ўсё ж спрабуе далучыцца да размовы ці гульні, аднакласніцы адварочваюцца ці адыходзяць, пасля чаго хіхікаюць і пляткараць.

Адказ: ігнараванне, пакіданне ўбаку.

  1. Вучні класа не ўмеюць мець зносіны. Яны пастаянна б’юцца, ста­вяць падножкі, кідаюцца прадметамі. Навічкам дастаецца асабліва: іх не прымаюць у гульні, не размаўляюць з імі на перапынках. Адной вучаніцы гэтага класа проста так, “жартуючы”, аднойчы разарвалі падручнік. Некаторыя бацькі падумваюць аб тым, каб перавесці сваіх дзяцей у іншы клас ці нават у іншую школу.

Адказ: фізічны булінг.

Варта абмеркаваць з навучэнцамі наступныя пытанні: што ж рабіць? Ці з’яўляюцца апісаныя сітуацыі тыповымі для нашай школы? Як можна вырашыць такія праблемы?

2) Мерапрыемствы з навучэнцамі па прафілактыцы булінгу

Абмеркаванне ў рамках класных гадзін наступных пытанняў: што такое цкаванне? Якія віды цкавання бываюць? Што рабіць, калі цкаванне адбываецца на маіх вачах? Што рабіць, калі я ведаю пра цкаванне ў дачыненні да аднакласніка ці іншага дзіцяці са школы?

Вельмі важным момантам з’яўляецца фарміраванне ў навучэнцаў устаноўкі на тое, каб умяшанне ў сітуацыі школьнага цкавання ці паведамленне аб іх не ўспрымалася дзецьмі як праяўленне паклёпніцтва. Педагогі і дзеці павінны разумець і падзяляць ідэю аб тым, што ўмяшанне ў цкаванне ці паведамленне аб ім адбываецца з мэтай зра­біць жыццё аднакласніка ці таварыша па школе лепшым, а паклёпніц­тва мае адваротную мэту — на­шкодзіць каму-небудзь.

Абмеркаванне на класных гадзінах ці ўроках літаратуры твораў мастацтва, прысвечаных праблеме цкавання (напрыклад, м/ф “Пудзіла” 1983 г., рэжысёр Р.Быкаў). Драматычнае кіно аб дзіцячай жорсткасці, якая ўражвае да глыбіні душы. Шасцікласніца Лена Бяссольцава бярэ на сябе віну хлопчыка, які баязліва падвёў сваіх аднакласнікаў. Дзеля яго яна прымае ўдар на сябе. Аднак замест таго, каб падтрымаць яе, ён прымае бок сілы і далучаецца да цкавання, якое арганізавалі ёй аднакласнікі. Здрада, байкот, грубыя здзекі — усё гэта незаслужана выпала на долю кволай дзяўчынкі, якая адчайна спрабуе ў адзі­ночку супрацьстаяць раззлаванаму класу. Лена, якая апынулася ў выгнанні, знахо­дзіць падтрымку толькі ў свайго дзядулі. У фільме ўражваюць несправядлівасць, неймавернасць таго, што адбываецца, і неверагодныя рэалістычнасць і праўдзівасць.

Прагляд і абмеркаванне мультфільмаў пра булінг

  1. Мультфільм “Курыца, якая несла ўсякую ўсячыну”. Гэта гісторыя пра курыцу. Яна марыла пра дзяцей і аднойчы знесла 7 яек, з якіх вылупіліся
    6 куранят і адзін маленькі экскаватарчык. Нягле­дзячы на тое, што экскаватарчык быў не такі, як кураняты, бацькі яго любілі і ставіліся да яго, як і да іншых.
  2. Мультфільм “Жыў чорны кот”. Мультфільм пра тое, як жывецца чорнаму кату. З-за чалавечых забабонаў з ім ніхто не мае зносін, таму ён апынуўся ў поўнай ізаляцыі. Прычына — чорны колер яго шэрсці. Што адчувае кацяня, наколькі яму сумна і адзінока? Пра гэта ніхто нават не задумваецца. Каб не мець клопату, усе яго імкнуцца абысці дзясятай дарогай. Аднак варта кату запэцкацца белай фарбай — стаўленне да яго ў момант мяняецца.
  3. Мультфільм-казка “Брыдкае качаня”. Качка знаходзіць дзіўнае яйка ў сваёй носцы. І вось з яго вылупліваецца самае брыдкае качаня. На птушыным двары Брыдкае качаня хутка разумее, як цяжка быць не такім, як усе астатнія. Калі ж кпіны і нападкі сталі зусім невыноснымі, Брыдкае качаня вырашае выратаваць сваё жыццё ўцёкамі. Яно аказваецца сам-насам з цяжкімі выпрабаваннямі, але ўрэшце спазнае, хто яно ёсць на самай справе… Нагадаўшы дзецям той урывак, у якім апісана цкаванне, можна сказаць ім прыкладна наступнае: “Звычайна, чытаючы гэтую казку, мы думаем пра галоўнага героя, пра качаня. Нам яго шкада, мы за яго перажываем. Але зараз я хачу, каб мы падумалі пра гэтых курэй і качак. З качанём потым усё будзе добра, яно паляціць з лебедзямі. А яны? Яны так і застануцца дурнымі і злымі, няздольнымі ні спачуваць, ні лятаць. Калі ў класе ўзнікае падобная сітуацыя, кожнаму даводзіцца вызначыць, хто ён у гэтай гісторыі. Сярод вас ёсць тыя, хто жадае быць дурнымі зласлівымі курамі? Які ваш выбар?”
  4. Мультфільм “Цкаванню НЕ!”. Гэта мультфільм пра тое, як спыніць цкаванне дзяцей, як супрацьстаяць булінгу школьнікам і дзецям. Цкаванне вучыць прытворству, страху, абыякавасці, жорсткасці, бездапаможнасці, агрэсіі. Трэба заклікаць дзяцей да таго, каб яны не заставаліся абыякавымі, калі ў класе адбываецца цкаванне.

 Прагляд і абмеркаванне з навучэнцамі відэаролікаў на тэму булінгу і правіл паво­дзін у класе і школе

  • Мультфільм пра булінг “Ты ў парадку?”.
  • Сацыяльны ролік “БУЛІНГ”.
  • Фільм пра булінг “Будзь разумнікам”.
  • Лекцыя Кацярыны Мурашовай “Пра цкаванне ў школе: што павінен ведаць кожны з бацькоў”.
  • Людміла Петраноўская. Лекцыя “Школьны булінг”. Частка 1.
  • Мультфільм “Урок #7. Цкаванне, кібербулінг”.

Выкарыстанне гульняў і практыкаванняў па прафілактыцы булінгу

Практыкаванне “Яблык”. На прыкладзе двух яблыкаў можна разгле­дзець, што такое цкаванне. Адзін з двух яблыкаў, якія былі прыкладна аднолькавымі па колеры і памеры, педагог на вачах у дзяцей кідае на падлогу са словамі: “Ты мне не падабаешся! Ты агідны яблык!”, пасля чаго перадае яблык навучэнцам і просіць іх знайсці ў ім нешта, што ім не па­дабаецца, і таксама кінуць яго.

Пасля таго як школьнікі па чарзе знаходзяць у яблыку недахопы, крытыкуюць яго хвосцік, скурку, называюць чарвівым, настаўнік зноў пытае ў іх, ці адрозніваецца ён ад другога яблыка. Знешне яблыкі застаюцца падобнымі, але, калі іх разразаюць, адзін аказваецца беласнежным унутры і смачным на выгляд, а другі — карычневым і памятым, яго ніхто не захоча есці.

Вучням варта сказаць наступнае: “Дзеці, але ж гэта мы яго зрабілі такім! Гэта наша віна! Гэтак жа бывае і з людзьмі, калі мы іх абражаем ці абзываем. Знешне на іх гэта практычна не адбіваецца, але мы наносім ім вялікую колькасць унутраных ран!”

Пасля гэтых слоў трэба папрасіць дзяцей падзяліцца сваім вопытам і расказаць, як гэта непрыемна, калі іх абзываюць.

Практыкаванне “Як вызначыць, хто ў класе ініцыятар цкавання?”. Кожнаму з вучняў даецца аркуш паперы. Трэба папрасіць дзяцей напісаць імёны трох дзяўчынак і трох хлопчыкаў з класа, у якіх, на іх думку:

  • шмат сяброў;
  • якім падабаецца вучыцца ў школе;
  • да якіх часта чапляюцца іншыя аднакласнікі;
  • якія часта чапляюцца да іншых навучэнцаў.

Адзін і той жа чалавек можа згадвацца некалькі разоў. Неабходна звярнуць увагу на дзяцей, якія часцей за іншых згадваюцца ў апошніх двух пунктах. Верагодней за ўсё, менавіта яны ўцягнуты ў цкаванне.

Вырашэнне сітуацый з навучэнцамі: гульня “Жарт ці агрэсія-булінг”

Сітуацыя № 1. У твой клас прыйшоў новенькі іншай нацыянальнасці, да якога непрыязна ставіцца большасць тваіх аднакласнікаў. Аднойчы ты ўбачыў, што аднакласнікі абзываюць яго крыўднымі словамі.

Сітуацыя № 2. Класны кіраўнік аб’явіў, што сёлета замест навагодняга ранішніка будзе навагодні КВЗ і для прывітання трэба падрыхтаваць цікавыя навагоднія жарты. Калі мы абмяркоўвалі тое, што прынеслі дзеці, усе весела смяяліся.

Сітуацыя № 3. Вучні класа смяюцца з адной дзяўчынкі, бо яна дрэнна адзяваецца (з нядобранадзейнай сям’і), і прапануюць мне далучыцца да ўсеагульнай “вясялосці”.

Сітуацыя № 4. У ваш клас прыйшло дзіця-інвалід, большасць аднакласнікаў ставяцца да яго з пагардай, не размаўляюць, дапускаюць у яго адрас кпіны.

Сітуацыя № 5. Быў сонечны майскі дзень. На вялікім перапынку мы з дзецьмі вырашылі пагуляць. Усім было весела.

Тэматычныя гадзіны, групавыя заняткі

  • Тэма “Прыняцце іншых”. У школе шмат дзяцей з асаб­лівасцямі псіхафізічнага развіцця, іх прыняцце ў многім залежыць ад стаўлення класнага кіраўніка да іх. Прыклад: пры размове з навучэнцам 2 класа высвятляецца, што ён не жадае сябраваць з дзецьмі з інтэграцыі, таму што класны кіраўнік сказала, што ў дзяцей з інтэграцыі штосьці не так з псіхікай, іх паводзіны неадэкватныя.
  • Асветніцкая работа на класных сходах, прысвечаная інфармаванню аб цкаванні, яго відах і спосабах умяшання, калі такія паводзіны заўважаюцца на школьным двары.
  • Правядзенне бацькоўскіх клубаў (у сярэдняй школе № 32 Гомеля дзейнічае школа паспяховых бацькоў) на тэмы: “Як размаўляць з дзецьмі пра цкаванне?”, “Што рабіць, калі маё дзіця стала ахвярай цкавання?”, “Што рабіць, калі маё дзіця праяўляе агрэсію да іншых дзяцей?”.

Прыклад: бацькі самі могуць актыўна ўступаць у булінг у адносінах да аднакласніка свайго дзіцяці, пры гэтым настройваючы бацькоў іншых дзяцей і саміх дзяцей супраць аднаго дзіцяці (дрэнныя паводзіны аднакласніка, праблемы з псіхічным здароўем). Бацькі кажуць дзіцяці: “не сябруй з гэтым дзіцем, бо яно “неадэкватнае”, “хворае”, “у яго п’юць бацькі” і інш.; “не звяртай на яго ўвагі”, “бі яго, давай яму здачы”. Бацькі не задумваюцца, што іх дзіця можа таксама апынуцца на месцы таго, каго абзываюць, крыўдзяць, не прымаюць. Бацькі не імкнуцца развіваць у дзецях талерантнае, добразычлівае стаўленне да людзей.

Булінг уплывае на акадэмічную паспяховасць навучэнцаў. Знаходзячыся ў сітуацыі цкавання, дзеці адчуваюць цяжкасці ў праяўленні сваіх здольнасцей, зніжаецца матывацыя да навучання. У выпадку школьнага булінгу пагаршаецца псіхалагічны клімат у класным калектыве.

Падрыхтавала Алена БЛІЗНЕЦ,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 32 Гомеля
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту,
выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі