Міністр адукацыі Андрэй Іванец прыняў удзел у пасяджэнні круглага стала “Ад юнацкага спорту да спорту высокіх дасягненняў” на базе сярэдняй школы № 47 Мінска, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Гэтая ўстанова адукацыі шырока вядомая ў краіне сваімі спецыялізаванымі па спорце класамі і профільнымі класамі спартыўна-педагагічнай накіраванасці.
У фае гасцей сустракалі тытулаваныя вучні і выпускнікі школы — прызёры Алімпійскіх і Параалімпійскіх гульняў, чэмпіёны рэспублікі, узыходзячыя зоркі спорту: хакеісты, футбалісты, валейбалісты, плыўцы, гімнасты. Адміністрацыя азнаёміла госця з унікальнай музейнай экспазіцыяй, прысвечанай гісторыі алімпійскага руху. Тут размешчаны памятныя медалі, сувенірная атрыбутыка алімпіяд, асабістыя фатаграфіі тытулаваных навучэнцаў школы. Пасля кожнага свайго трыумфальнага вяртання з міжнародных спаборніцтваў яны папаўняюць музейную калекцыю новымі экспанатамі.
Адкрываючы пасяджэнне круглага стала, міністр адзначыў: “Відавочна, што ваша школа калі не ўнікальная, то вельмі асаблівая ўстанова агульнасярэдняй адукацыі. Вельмі незвычайна, калі ў школе, дзе вучыцца больш за 800 чалавек, каля 200 — гэта майстры і кандыдаты ў майстры спорту. Выдатна ў такім юным узросце дасягнуць такіх высокіх вынікаў. Разам з тым хацелася б пажадаць, каб спартыўны шлях, які можа быць дзесьці раннім, цяжкім, няпростым, быў для вас доўгім. Таму што для кожнага спартсмена важны той час, калі ён можа паказваць вынікі высокага, сусветнага ўзроўню. Хацелася б, каб тыя ўмовы, што тут створаны, дазволілі вам выходзіць на свой пік формы спакойна, збалансавана, не фарсіруючы падрыхтоўку, пад чуйным кіраўніцтвам трэнераў, каб талент, дадзены вам Богам, раскрыўся ў поўнай меры. Хацелася б, каб усе працавалі ў звязцы, каб вам не спатрэбілася дапамога медперсаналу (таму што спорт — гэта заўсёды траўмы), каб псіхолагі настройвалі толькі на перамогу і каб калектыў настаўнікаў дапамог вам адаптавацца і поўнасцю засвоіць школьную праграму”.
Падчас сустрэчы былі абмеркаваны актуальныя для юных спартсменаў пытанні: ільготы пры паступленні ва УВА, матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне школ, паспяховае сумяшчэнне вучобы і спорту высокіх дасягненняў. Напрыканцы сустрэчы міністр прыгадаў уласны спартыўны вопыт: “У тыя гады, калі я рос, было на парадак менш басейнаў і спартыўных аб’ектаў, чым зараз. Мы прыходзілі ў залу цяжкай атлетыкі, ацяплення зімой не было, штанга халодная, ты — дзіця 10 гадоў — узяць яе не можаш, але быў трэнер і было жаданне — і ўсё атрымлівалася. І я хачу вам пажадаць дасягаць вынікаў не дзякуючы, а насуперак, а тое, што ёсць, цаніць”.
Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ
Фота аўтара