Тэрыторыя магчымасцей

- 10:13Выхаванне, Выхаваўчая работа

Стварэнне 3D­-сувеніраў, распрацоўка аўтарскіх гульняў, вырошчванне зеляніны. Якія бізнес-ідэі прэзентавалі на дзіцячым эканамічным форуме ў Магілёўскім раёне.

Мерапрыемства аб’яднала прадстаўнікоў органаў выканаўчай улады, інвестараў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, педагогаў і навучэнцаў з усёй вобласці. 

— Падобны форум упершыню паспрабавалі арганізаваць летась. Ён знайшоў вялікі водгук. Галоўнай сваёй мэтай бачым стварэнне пляцоўкі з інтэнсіўным адукацыйным працэсам, на якой навучэнцы могуць прадэманстраваць таленты, набыць дадатковыя веды па розных напрамках, знайсці аднадумцаў і атрымаць грамадскую дзяржаўную і міжнародную падтрымку для рэалізацыі сваіх ініцыятыў. Значна, што межы форуму пашыраюцца. Зараз удзельнікамі мерапрыемства стала прадстаўніц­тва не толькі нашага рэгіёна, а і Бранскага раёна Расіі, — расказала начальнік аддзела па адукацыі Магілёўскага райвыканкама Наталля Колас.

Форум прайшоў актыўна і інфармацыйна насычана. Для прысутных былі арганізаваны выставы метадычных матэрыя­лаў у напрамках эканамічнага выхавання дзяцей, распрацаваных установамі агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі раёна. Педагогі і навучэнцы прэзентавалі таксама свае бізнес-ідэі. Кожная з іх па-свойму цікавая. Напрыклад, прадстаўнікі Вяйнянскай сярэдняй школы робяць інтэр’ерныя вырабы ў тэхніцы пап’е-машэ. Вучні з Бракаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу вырошчваюць зеляніну для продажу насельніцтву, а дзеці з Мяжысецкай сярэдняй школы ствараюць 3D-сувеніры. У Сухарэўскім ВПК самастойна вырабляюць чыпсы, у Рэчкаўскай сярэдняй школе заснавалі школу фларыстаў, а ў яслях-садзе вёскі Сумарокава распрацавалі і апрабавалі серыю аўтарскіх гульняў “Маленькі фінансіст”. Шмат напрацовак навучальныя ўстановы прадстаўлялі ў рамках рэалізацыі абласнога праекта “#Мая_Зямля_Прыдняпроўе”. Прычым адметна, што ўсе ініцыя­тывы ма­юць не толькі эканамічную выгаду, а і значны турыстычны патэнцыял. 

 

Лепшую ідэю вызначылі падчас работы дыялогавай пляцоўкі. Дыплом і фінансавую падтрымку атрымала вучаніца Хонаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу Хрысціна Красоўская з праектам “Мазаіка здароўя” па вырошчванні і рэалізацыі лекавых раслін для лазні. 

Падчас дыялогу прайшоў дэталёвы абмен вопытам і меркаваннямі. А завяршыла форум падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж установамі адукацыі Магілёўскага і Бранскага раёнаў. Таксама быў падпісаны шэраг пратаколаў аб намерах па рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены аддзелам па адукацыі Магілёўскага райвыканкама.