Тэрыторыя поспеху

- 13:48Выхаваўчая прастора

Адной з мэт агульнай сярэдняй адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца фарміраванне ў навучэнцаў гатоўнасці да бесперапыннай адукацыі, самастойнага жыццёвага выбару і адаптацыі ў грамадстве. Гэтая мэта рэалізуецца з дапамогай вырашэння такой задачы, як падрыхтоўка маладога пакалення да паўнацэннага жыцця ў грамадстве, самавызначэння і самарэалізацыі. Важна, каб кожны падлетак стаў паспяховым у грамадстве, рэалізуючы свае магчымасці ў навучанні, працы, спорце, грамадскім і сямейным жыцці.

Педагагічны калектыў Макараўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці з 2016/2017 навучальнага года актыўна ўключыўся ў рэалізацыю інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў установы агульнай сярэдняй адукацыі”, бо паспяховую асобу можна фарміраваць не толькі ва ўрочнай дзейнасці, але і ў пазаўрочнай.

Уся выхаваўчая дзейнасць установы адукацыі накіравана на стварэнне ўмоў для развіцця духоўнасці падрастаючага пакалення, самаразвіцця асобы, жыццёвага самавызначэння, маральнага, грамадзянскага і прафесійнага станаўлення — выхавання паспяховай асобы дзіцяці. Прыярытэтнымі сталі актыўныя формы работы: круглыя сталы, трэнінгі, дыспуты, квест-гульні, дзелавыя гульні і інш. З мэтай развіцця індывідуальных лідарскіх якасцей, неабходных для паспяховай сацыялізацыі, у школе шырока развіта вучнёўскае самакіраванне, якое дапамагае разбудзіць у навучэнцаў пачуццё адказнасці, прывіць уменне ўключацца ў справы, дапамагае развіваць ініцыятыву.

Ва ўстанове адукацыі дзейнічае “Школьная Рэспубліка ДОМ”, а яшчэ вучнёўскае самакіраванне рэалізуецца праз дзейнасць БРСМ, БРПА, цімураўскага і валанцёрскага атрадаў і інш. На працягу апошніх двух гадоў добра зарэкамендаваў сябе антынаркатычны атрад “ВЕК”.

Дэвіз работы дзіцячых і маладзёжных арганізацый — “Праяўляй ініцыятыву і дзейнічай!”. Вопыт работы ў гэтым напрамку паказвае, што дзіцячыя ініцыятывы даюць свабоду выбару, стымулююць ініцыятыву, развіваюць пачуццё гордасці і адказнасці, дапамагаюць выпускнікам школы паспяхова адаптавацца ў соцыуме, у дарослым жыцці. Гэтаму садзейнічаюць шматлікія акцыі, працоўныя дэсанты і аперацыі “Чарнобыльская свечка”, “Абеліск”, “Ветэранам працы — наш клопат”, “Чысты лес”, “Цуды на Каляды”, “Місія жыць!”, “Я люблю цябе, жыццё!”, “Місія жыць выканана!”, “Моладзь супраць наркотыкаў” і іншыя.

Штогод ва ўстанове праводзяцца выбары прэзідэнта “Школьнай Рэспублікі”. Кожны вучань мае адзін голас, такі ж голас мае і класны кіраўнік, які ўдзельнічае ў працэсе абмеркавання і галасавання. Галасаванне праходзіць тайна. Выбранымі лічацца тыя, хто набраў большасць галасоў.

З гэтага навучальнага года прыступілі да рэалізацыі праекта па арганізацыі шостага школьнага дня “Тэрыторыя поспеху”. Мерапрыемствы праекта дапамагаюць задаволіць запыты навучэнцаў і бацькоў і стварыць умовы не толькі для якаснай арганізацыі вольнага часу дзяцей, але і для фарміравання актыўнай жыццёвай пазіцыі вучняў, якая спалучае ў сабе высокія маральныя якасці, дзелавітасць, творчую індывідуальнасць, пазітыўнае стаўленне да свету.

Працуючы па праекце, плануем стварыць свой брэнд, дзе ўстанова адукацыі стане месцам развіцця паспяховасці кожнага навучэнца. Унутры нашага брэнда кожны вучань будзе паспяховым для сябе, для сям’і, школы і дзяржавы. Наш выпускнік будзе валодаць такімі якасцямі, як ініцыятыўнасць, дзелавітасць, зможа праявіць сябе, прынесці карысць Радзіме, будзе карыстацца аўтарытэтам у грамадстве. Задача педагога, брэнд-менеджара, — раскрыць і развіць здольнасці, таленты, навучыць дасягаць пастаўленыя мэты. І толькі пры цесным узаемадзеянні сям’і, школы і соцыуму мы зможам дасягнуць выніку.

З мэтай павышэння самаацэнкі навучэнцаў i заахвочвання іх актыўнасці напрыканцы мінулага навучальнага года было праведзена свята “Школьны Алімп” з узнагароджаннем настаўнікаў, бацькоў і дзяцей, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у інтэлектуальнай, творчай, грамадскай дзейнасці. Адным з мерапрыемстваў па рэалізацыі праекта, якое прайшло ў пачатку верасня, з’яўляецца прэзентацыя-фестываль “Вясёлка талентаў”. Навучэнцы прэзентавалі дзейнасць атрадаў, аб’яднанняў па інтарэсах, дзіцячых і маладзёжных арганізацый, якія працуюць ва ўстанове адукацыі.

Вучань, далучаны такім чынам да працэсу зносін, зможа ўвайсці ў дарослае жыццё камунікабельным чалавекам, які ўмее правільна будаваць узаемаадносіны з калегамі і кіраўніцтвам у працоўнай дзейнасці, паставіць мэту і дасягнуць яе, знайсці паплечнікаў для рэалізацыі задумы, убачыць недахопы ў навакольнай рэчаіснасці і знайсці ў сабе сілы змяніць жыццё да лепшага.

Нашы вучні з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі раённых конкурсаў, школьных алімпіяд, наведваюць гурткі “Поспех” і “Лідар”, якія працуюць ад Бераставіцкага ЦТ ДіМ.

Вядома, што вялікі поспех — гэта сума маленькіх крокаў, якія мы робім штодзень, гэта вера ў сябе, у свае сілы, уменне правільна паставіць мэту і знайсці шляхі да яе дасягнення. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў у дзяцей усё атрымліваецца, а гэта і ёсць вялікая радасць, радасць ад выкананай справы.

Алена БУДНІЦКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Макараўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.