Тэсты для навучання: прыклады іх выкарыстання на ўроках

- 12:08Образование, Портфолио

Настаўнік пры падрыхтоўцы да адкрытага ўрока звяртаецца да некалькіх метадычных артыкулаў. У адным з іх пераканаўча паказана, што тэсты — гэта лепшы сродак кантролю ведаў і ўменняў вучняў. У другім прыводзяцца аргументы на карысць вучэбнай функцыі тэстаў.

Мікалай ЗАПРУДСКІ,
прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі
Акадэміі адукацыі

Дык для кантролю ці для навучання? Аўтар якога артыкула мае рацыю? З кім вы пагаджаецеся? Традыцыйна тэсты ў адукацыйным працэсе выкарыстоўваюцца дзеля кантролю ведаў і ўменняў вучняў і выстаўлення адзнак. Аднак яны маюць патэнцыял для заахвочвання вучняў да навучання, а таксама для паспяховага засваення імі вучэбнага матэрыялу і авалодання прадугледжанымі вучэбнай праграмай ведамі і ўменнямі. У артыкуле разглядаюцца менавіта гэтыя магчымасці.

Агульнавядома, што тэст — гэта стандартнае заданне, якое выкарыстоўваецца для вымярэння і ацэнкі тых або іншых параметраў аб’екта вывучэння: чалавека, супольнасці людзей, прылады і г.д. Педагагічны тэст разумеецца як інструмент кантролю і ацэньвання ступені навучанасці вучняў. Такі тэст складаецца з комплексу тэставых заданняў і стандартызаванай працэдуры правядзення, апрацоўкі і аналізу вынікаў.

У пераважнай большасці метадычных публікацый пра тэсты і тэсціраванне мы бачым рэкамендацыі па выкарыстанні тэстаў для кантролю — вымярэння і фіксацыі набытых і ненабытых вучнямі ведаў і ўменняў; размяжоўваюцца віды тэстаў: з выбарам правільнага адказу або адказаў, са свабодна канструяваным адказам, на ўстанаўленне адпаведнасці, на выдзяленне фрагмента тэкста і інш. Традыцыйныя тэсты для кантролю часта маюць негатыўную афарбоўку, бо, па-першае, вучні адчуваюць дыскамфорт, выкліканы стрэсам (а гэта можа паўплы­ваць на вынікі), па-другое, калі тэст з выбарам правільнага адказу, то правільны можна проста адгадаць.

Мы не заклікаем настаўнікаў адмовіцца ад практыкі тэсціравання з мэтай кантролю і выстаўлення адзнак — суматыўнага ацэньвання, якое ажыццяўляецца напрыканцы вывучэння раз­дзела вучэбнай праграмы. Але паказ­ваем і іншыя магчымасці: як тэсты і тэсціраванне можна прымяняць у якасці сродку для навучання, павышэння матывацыі вучняў да вучэбнай дзейнасці і зваротнай сувязі — для актыўнай ацэнкі (фарміруючага ацэньвання).

Чым жа яшчэ адрозніваюцца тэсты для навучання ад тэстаў для кантролю?

Па-першае, у той час, калі тэсты для кантролю скіраваны на вымярэнне ўзроўню засвоенага вучнямі вучэбнага матэрыялу, на ацэнку ведаў і ўменняў па прадмеце, то тэсты для навучання арыентаваны на пошук вучнямі патрэбнай інфармацыі, яе аналіз і сістэматызацыю.

Па-другое, тэсты для навучання дапамагаюць не толькі ў фарміраванні прадметных ведаў і ўменняў. Яны спрыяюць развіццю метапрадметных кампетэнцый, што тлумачыцца пазнавальнай актыўнасцю вучняў. Навучэнцы самі здабываюць і ацэньваюць свае веды, структуруюць іх і паглыбляюць. Гэта павышае іх самаацэнку, веру ў сябе і свае магчымасці.

Частае тэсціраванне

Гэта выкананне вучнямі тэста па невялікім аб’ёме вучэбнага матэрыялу, напрыклад, на завяршэнні ўрока ці яго часткі. Прымяняецца для таго, каб настаўнік і вучні пабачылі і зразумелі, у якой ступені дасягнута мэта, чаму радавацца, над чым яшчэ трэба працаваць. Гэта мае сэнс рабіць пры наступных умовах: 1) мэта настаўніка і вучняў сфармулявана канкрэтна, дасягальна, вымяральна (SMART-мэта); 2) заданні тэста цалкам адпавядаюць мэце (калі, напрыклад, у мэце 3 пункты, прапануюцца тры адпаведныя заданні — на кожны пункт); 3) не плануецца выстаўленне адзнак, што пазбаўляе ад спісвання; 4) зваротную сувязь (ці правільна адказалі) вучні атрымліваюць адразу, што дазваляе ім бачыць свой поспех ці няўдачу, разумець, чаму ўжо навучыўся, што трэба выпраўляць. 

Вось прыклад тэмы ўрока, мэты настаўніка і заданняў адпаведнага тэста. Тэма: “Плаўленне і крышталізацыя.
Удзельная цеплыня плаўлення і крышталізацыі” (8 клас). Мэта настаўніка: плануецца, што вучні да заканчэння ўрока будуць ве­даць азначэнні з’яў плаўлення, крышталізацыі; паняццяў удзельнай цеплыні плаўлення, тэмпературы плаўлення; змо­гуць знаходзіць у табліцы значэнні тэмператур плаўлення і ўдзельнай цеплыні плаўлення, змогуць патлумачыць графік плаўлення і крышталізацыі цвёрдага рэчыва. Заданні тэста:

  1. Прадоўжыце пачатак сказаў: Плаўленнем цвёрдага цела называецца… Крышталізацыяй называюць… Удзельная цеплыня плаўлення — гэта… Тэмпература плаўлення цвёрдага цела і тэмпература крышталізацыі — гэта…
  2. Знайдзіце ў табліцы і запішыце ўдзельную цеплыню плаўлення і тэмпературу крышталізацыі медзі.
  3. У дадзеным вам графіку плаўлення і крышталізацыі цвёрдага цела пакажыце ўчасткі: награвання, плаўлення, награвання расплаву, яго астывання, крышталізацыі, астывання цвёрдага цела, а таксама тэмпературу яго плаўлення.

Пры такой арганізацыі навучання вучні і настаўнік бачаць, ці дасягнута мэта, што дае магчымасць зразумець, дзе патрэбна карэкцыя. 

Менавіта на прынцыпе частага тэсціравання пабудаваны Адзі­ны інфармацыйны адукацыйны рэсурс https://eior.by/obrazovanie/obshchee-srednee/index.php. Там амаль да кожнага ўрока прыве­дзены тэсты, прымяненне якіх дазваляе своечасова і вучням, і педагогу атрымаць інфармацыю пра засваенне тэмы, а таксама ажыццявіць неабходную карэкцыю ў ведах і ўменнях, сфакусіраваць змест дамашняга задання на выніках гэтай дыягностыкі.  

Выкананне тэста спачатку індывідуальна, а потым у кааперацыі

Гэта вельмі карысная практыка. Вучні самастойна выконваюць тэст па ключавых паняццях вывучанай у класе ці дома тэмы. Потым абмяркоўваюць свае адказы з аднакласнікамі ў пары ці малой групе. Тлумачаць адно аднаму свае рашэнні, раяцца, пры неабходнасці звяртаюцца да пад­ручніка. Пасля атрымліваюць ад настаўніка правільныя адказы, магчыма, зноў нешта абмяркоўваюць і выпраўляюць. Могуць не пагадзіцца з дадзенымі настаўнікам адказамі (калі ён наўмысла зрабіў памылку). Тут адбываецца сапраўднае ўзаемнае навучанне вучняў.

Фота з архіва рэдакцыі выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Тэсты ў перавернутым навучанні

Гэтая тэхналогія прадугледжвае самастойную дамашнюю работу па вывучэнні школьнікамі новага вучэбнага матэрыялу, што яны робяць, чытаючы параграф падручніка ці праглядаючы адпаведны матэрыял з інтэрнэту, напрыклад, з Адзінага інфармацыйнага адукацыйнага рэсурсу. Для таго каб вучань даведаўся, наколькі добра зразумеў новую для сябе тэму, яму патрэбна ажыццявіць самадыягностыку. Сродкам для гэтага з’яўляецца тэст. Выканаўшы яго, навучэнец цалкам задаволены, калі ўсё правільна, ці бачыць, што ў яго нешта не атрымалася, — зноў звяртаецца да падручніка ці паўторна праглядае ролік. Тэст настаўнік прапануе загадзя на аркушы паперы разам з дамашнім заданнем. На адваротным баку гэтага аркуша змяшчаюцца правільныя адказы. Можна даць вучням спасылку, па якой яны ўбачаць тэст з адказамі ў інтэрнэце. Такая практыка матывуе вучняў на пазнавальную дзейнасць, на паглыбленне ў тэкст, робіць іх адказнымі за сваё навучанне. 

Тэсціраванне перад вывучэннем тэмы

Вучні ў пачатку ўрока атрымліваюць тэст, які па змесце адпавядае мэце настаўніка на пэўныя заняткі — ім прапануецца выканаць тэст па новай тэме. Які сэнс у такой практыцы? Вучні не змогуць адказаць на ўсе пытанні, але гэта іх зматывуе да ўважлівага разгляду новай тэмы, павы­сіць канцэнтрацыю ўвагі да вывучае­мага. Мозг засяроджваецца на тых аспектах тэмы, якія аказаліся новымі, незразумелымі. Вопыт сведчыць, што такі прыём забяспечвае больш паспяховае засваенне новага матэрыялу, у чым напрыканцы ўрока пераконваюцца і настаўнік, і вучні (падчас паўторнага выкання тэста).

За выкананы тэст не адзнака, а каментарый настаўніка

Адзнакі за тэст вучням мае сэнс выстаўляць, калі правяраюцца веды па блоку ўрокаў, па вучэбным модулі, па раздзеле праграмы. Калі ж тэст прымяняецца для навучання, па невялікай порцыі вучэбнага матэрыялу, то адзнакі мае сэнс замяніць на зваротную сувязь — каментарый настаўніка. Паспяховы педагагічны вопыт сведчыць, што ў ім:

1) адзначаецца, што ёсць доб­рае ў рабоце;

2) указваюцца недахопы;

3) даюцца парады, як выпра­віць недахопы;

4) намячаецца, як працаваць далей, каб вынікі былі лепшымі;

5) дэманструюцца вялікія чаканні ад вучня.  

Такая зваротная сувязь фарміруе ў навучэнца ўпэўненасць у сабе, што дапамагае яму паспяхова вучыцца.

Вучэбны тэст

Вучні, выконваючы прапанаваны настаўнікам тэст, самі засвойваюць новы вучэбны матэрыял, для чаго ажыццяўля­юць пошук, аналіз і сістэматызацыю патрэбнай інфармацыі з дапамогай падручніка, іншых дапаможнікаў, інтэрнэт-рэсурсаў. Ка­рысць такой практыкі ў магчымасці ажыццяўляць індыві­дуальны падыход, прапаноўваючы вучням адпаведныя іх узроўню заданні. Акрамя таго, вучэбныя тэсты падыходзяць не толькі для авалодання ведамі, яны развіваюць у вучнях метапрадметныя кампетэнцыі за кошт пазнавальнай актыўнасці. Вучань, шукаючы адказы, сам здабывае веды, што спрыяе развіццю асобы, павышае яго самаацэнку і веру ў свае сілы. Такім чынам, апісаная практыка знахо­дзіцца ў рэчышчы кампетэнтнаснага падыходу.

Стварэнне тэстаў навучэнцамі

Вучні самастойна рыхту­юць пытанні і заданні па пройдзенай тэме. Такая форма работы дапамагае лепш разумець вучэбны матэрыял, паглыбляе веды навучэнцаў, развівае іх уменні аналізаваць тэкст, вучыць самастойна фармуляваць пытанні, развівае мысленне, садзейнічае актыўнаму ўдзелу ў адукацыйным працэсе, павышае матывацыю да вывучэння прадмета. Такое заданне вучні могуць атрымаць і на дом: прыдумаць заданні тэста і прывесці адказы на іх. На наступным уроку абмяркоўваюцца зробленыя дома тэсты або, напрыклад, прапануецца выканаць тэст, складзены аднакласнікам. Усё гэта спрыяе фарміраванню вучэбнай самастойнасці, стварае надзейны фундамент для наступнага навучання. Для паспяховага стварэння тэстаў пажадана прапанаваць вучням адпаведныя крытэрыі, напрыклад:
1) павінна быць не менш за 8 пытанняў; 2) пытанні павінны тычыцца асноўнага матэрыялу параграфа;
3) іх трэба размясціць у парадку павелічэння складанасці; 4) палова пытанняў павінна быць на прымяненне ведаў на практыцы.

Што аб’ядноўвае пералічаныя спосабы прымянення тэстаў? Па-першае, магчымасць атрымаць ад вучняў інфармацыю пра засвоеную вучэбную праграму (атрымаць ад іх зваротную сувязь). Па-другое, магчымасць паведаміць вучням меркаванне настаўніка пра зробленае (даць зваротную сувязь). У кнізе прафесара Дж.Хэці “Бачнае навучанне для настаўнікаў” прыведзены тэрмін feedback literacy (пісьмен­насць зваротнай сувязі), згодна з якім настаўнік павінен адпавя­даць наступным патрабаванням: 1) быць рацыянальным (ведаю, як даваць вучням зваротную сувязь і як яе запытваць); 2) быць эмацыянальным (пасля атрымання зваротнай сувязі змагу справіцца са сваімі эмоцыямі); 3) быць каштоўнасным (разумею, навошта ат­рымліваць зваротную сувязь);
4) дзейнасным (калі атрымаю зваротную сувязь, змагу ўдасканальвацца і больш эфектыўна рухацца да сваёй мэты).

Такая пісьменнасць патрэбна не толькі настаўніку, яе важна ўзрошчваць і ў дзяцей, бо сапраўдная развіццёвая зваротная сувязь прадугледжвае раўназначную суб’ектнасць настаўніка і вучня. Прасцей кажучы, каб вучыцца эфектыўна, дзецям трэба ўмець запытваць зваротную сувязь і ўспрымаць яе правільна. Тэсты, як адзначалася вышэй, з’яўляюцца эфектыўным сродкам для арганізацыі зваротнай сувязі.