Традыцыі продкаў: старажытны інструмент гучыць на выступленнях полацкага школьнага фальклорнага калектыву

- 17:04Новости

Палачане адраджаюць традыцыі продкаў: старажытны інструмент гучыць на выступленнях школьнага фальклорнага калектыву.

На пытанне “Ці ведаеце вы, як гучыць акарына?” боль­шасць рэспандэнтаў, напэўна, адкажа сустрэчным: “Пра што размова?” Між тым нашы продкі шырока карысталіся гэтым гліняным духавым музычным інструментам, які мае італьянскія карані. Полацкія свістулькі былі знойдзены падчас археалагічных даследаванняў у цэнтры старажытнага Полацка. На думку навукоўцаў, яны датуюцца XII стагоддзем. У тыя часы свістулькі-акарыны былі дзіцячым музычным інструментам, які гучаў на традыцыйных беларускіх святах, а таксама лічыліся абярэгам.

Акарыны з музычным строем, якія выкарыстоўваюцца да нашага часу, з’явіліся ў канцы XIX стагоддзя. Дарэчы, на іх ігралі музыканты легендарнага ансамбля “Песняры”.

Прайшло шмат часу, многае страчана і забыта, таму вельмі цешыць тое, што пакрысе мы пачынаем вяртацца да вытокаў, да народных традыцый, закла­дзеных у наш генетычны код. Імкнучыся захоўваць нацыянальную спадчыну, мы вырашылі назваць наш фальклорны ансамбль “Акарына”.

Гэты творчы калектыў з’явіўся ў полацкай сярэдняй школе № 14 імя М.С.Грыневіча ў 2022 годзе. Яго заснавальнікам і кіраўніком з’яўляюся я, настаўніца і выпускніца гэтай школы. Шэдэўры народнай творчасці збірала па драбніцах у фальклорных экспедыцыях. Многаму мяне навучыла вядомая на Полаччыне захавальніца народнай творчасці Вера Уладзіміраўна Пісюкова. Дапамагаюць і веды, атрыманыя падчас вучобы ў Полацкім педагагічным каледжы і Віцебскім дзяржуніверсітэце імя П.М.Машэрава.

На запрашэнне далучыцца да ансамбля школьнікі адгукнуліся з энтузіязмам. Сёння ў “Акарыне” каля 40 удзельнікаў — гэта вучні 1—6 класаў, якія займаюцца не толькі спевамі, але і побытавымі танцамі. Пашчасціла знайсці і акарыну. Інструмент вырабіў майстар з Пастаўшчыны. Так што яе меладычнае гучанне могуць паслухаць усе жадаючыя.

Я ўпэўнена: кожнае дзіця мае таленты. Галоўнае — іх заўва­жыць і развіць. Безумоўна, не ўсе стануць зоркамі, аднак кожны далучыцца да нацыянальнай музычнай культуры. І гэта будзе значным крокам у выхаванні гарманічна развітой асобы.

У нашай “Акарыны” ёсць першыя поспехі: дыпломы лаўрэатаў і пераможцаў міжнароднага фестывалю-конкурсу “Арт-парад” у Віцебску, рэгіянальнага этапу рэспубліканскага конкурсу “Прывітанне, свет!” у намінацыі “Фальклорнае мастацтва”, рэспубліканскага конкурсу “Спадчына стагоддзяў”, міжнароднага конкурсу-фестывалю “На Алімпе”. Дзеці вельмі лю­бяць выступаць і ганарацца сваімі перамогамі. Гэта матывуе іх на далейшую працу. Дзіцячы голас настройваецца падобна да інструмента. Гэта няпросты працэс, але вынік радуе нас усіх, ён варты прыкладзеных намаганняў.

Імкліва ляціць ХХІ стагоддзе. Але школьнікі з задавальненнем спасцігаюць таямніцы творчасці продкаў. У гэтым няма нічога дзіўнага: глыбінная культура, якая дайшла да нас праз гады, адра­джаецца, бо яна складае аснову нашага менталітэту. А тое, што старажытная акарына ў нашай школе гучыць усё больш упэўнена, што дзяўчынкі і хлопчыкі прагматычнага пакалення next спяваюць песні і старанна вывучаюць танцы далёкіх продкаў, красамоўна сведчыць: закон генетычнага кода працуе.

Святлана КАБАЦКАЯ,
кіраўнік фальклорнага калектыву “Акарына” сярэдняй школы № 14
імя М.С.Грыневіча Полацка
Фота Таццяны БОНДАРАВАЙ