Тры ўзроўні прафілактыкі

- 11:38Падзеі, Сацыяльны ракурс

Пытанні прафілактыкі правапарушэнняў, злачынстваў і ўжывання псіхаактыўных рэчываў сярод непаўналетніх абмеркавалі педагогі-­псіхолагі ўстаноў адукацыі на абласным семінары.

Як расказала арганізатар семінара метадыст цэнтра сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай работы Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Алена Іванова, вопытныя спецыялісты завастрылі ўвагу на фактарах развіцця залежных паводзін у непаўналетніх, прафілактыцы залежнасці, а таксама спецыфіцы сузалежных паводзін сярод блізкіх і сваякоў. Таксама гаворка ішла пра прафілактыку сексуальнага насілля ў дачыненні да непаўналетніх і пра эфектыўнасць работы саветаў па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх ва ўстановах адукацыі.

Загадчык арганізацыйна-метадычнага кансультацыйнага аддзела Мінскага абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя-наркалогія” ўрач-псіхіятр-нарколаг Аляксандр Казачок адзначыў, што працэс фарміравання залежнасці ў падлеткаў складаецца з шэрага этапаў, кожны з якіх характарызуецца вызначанай ключавой падзеяй, матывам, які пабуджае да ўжывання псіхаактыўных рэчываў, а таксама змяненнем асобы падлетка. На хуткасць развіцця негатыўных наступстваў уплываюць розныя фактары: узрост, у якім пачалося ўжыванне псіхаактыўных рэчываў, хімічныя асаблівасці і таксічнае ўздзеянне такіх рэчываў на арганізм. У сувязі з гэтым важна як мага раней выяўляць непаўналетніх, схільных да шкодных і небяспечных звычак, і право­дзіць з імі прафілактычную работу. У групе рызыкі падлеткі, якія лёгка паддаюцца псіхалагічнай унушальнасці, валода­юць нізкай самаацэнкай, не ўме­юць канструктыўна пераадольваць ­стрэсавыя перажыванні і канфліктныя сітуацыі. У іх звычайна няўстойлівае, нейтральнае або станоўчае стаўленне да ўжывання псіхаактыўных рэчываў ці алкаголю. 

Гаворачы аб су­залежных паводзінах, Аляксандр Віктаравіч адзначыў, што сузалежнасць — гэта стан, які развіваецца ў людзей, якія пражываюць разам ці цесна звязаны роднаснымі, сяброўскімі адносінамі з залежным чалавекам. Перш за ўсё гэта бацькі. Сузалежныя людзі глыбока паглынуты праблемамі блізкага чалавека з залежнасцю. Яны эмацыя­нальна, сацыяльна і нават фізічна зале­жаць ад яго, жы­вуць у працяглым ­стрэсе, канцэнтруючыся выключна на яго праблемах.

— Гэты разбуральны працэс самападману ў міжасобасных узаемаадносінах можа працягвацца шмат гадоў, — зазначыў Аляксандр Казачок. — Сузалежныя людзі часта не прызнаюць сваіх памылак, вінавацяць іншых людзей у сваіх няўдачах, адмаўля­юць бяссілле перад праблемай, займаюцца пастаянным кантролем залежнага і жы­вуць у пастаянным страху перад будучыняй. Ім самім патрэбна псіхалагічная або псіхатэрапеўтычная дапамога, якая пазбавіць ад пастаяннага адчування сораму, трывогі, адчаю, песімізму, пачуцця бяссілля, гневу і крыўды, а таксама неўрозаў, дэпрэсіі і розных саматычных захворванняў: язваў, калітаў, хвароб сэрца і г.д.

Педагог-псіхолаг аддзела псіхалагічнай дапамогі ў крызісных сітуацыях Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Алеся Злоцкая звярнула ўвагу ўдзельнікаў семінара на прафілактыку сексуальнага насілля ў дачыненні да непаўналетніх і прапанавала па гэтай тэме матэрыял для работы як з падлеткамі, так і з бацькамі.

Алеся Валянцінаўна заўважыла, што работа з удзельнікамі адукацыйнага працэсу мае тры ўзроўні прафілактыкі. Першасная прафілактыка накіравана на прадухіленне фактаў насілля. Яе мэтавая аўдыторыя ва ўстанове адукацыі — педагогі, бацькі, дзеці, якім трэба расказваць пра праблему сексуальнага насілля, пра тыя ўстаноўкі, якія садзейнічаюць ­здзяйсненню і ўтойванню злачынстваў.

Мэты другаснай прафілактыкі — папярэдзіць насілле і эксплуатацыю дзяцей з груп рызыкі, а таксама прадухіліць здзяйсненне злачынства. Трэці ўзровень прафілактыкі мае на мэце дапамагчы дзіцяці зноў не стаць ахвярай і не дапусціць паўторнага здзяйснення злачынства.

Важна як мага раней выяўляць непаўналетніх, схільных да шкодных і небяспечных звычак, і праводзіць з імі прафілактычную работу.

На думку спецыя­ліста, важны аспект прафілактычнай работы — сексуальная адукацыя:

— Сюды ўвахо­дзіць і палавое выхаванне, якое, дарэчы, з’яўляецца часткай агульнага выхавання, і яно заўсёды перадаецца дзіцяці, нават калі гэта адбываецца ненаўмысна. Замоўчваючы тэму сексуальнасці ці пазбягаючы такіх размоў, ігнаруючы простыя пытанні дзяцей, дарослыя фарміруюць у дзіцяці ўяўленне, што гэта забароненая, няёмкая або ганебная тэма. У такой сям’і дзецям цяжка паведаміць і пра сексуальнае насілле.

Прафілактычныя кампаніі, па словах Алесі Злоцкай, накіраваны ў тым ліку на павышэнне даступнасці дапамогі тым, хто перажыў гвалт. Важна інфармаваць людзей аб тэлефонах даверу, арганізацыях, якія аказваюць дапамогу.

Падчас анлайн-сустрэчы ўдзельнікі атрымалі практычныя матэрыялы, якія змо­гуць выкарыстоўваць для сваёй прафілактычнай работы. А метадыст цэнтра сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай работы Мінскага абласнога ІРА Марына Бізук акцэнтавала ўвагу на неабходнасці арганізацыі саветаў па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх ва ўстановах адукацыі як калегіяльным органе па прафілактыцы правапарушэнняў і дэвіянтных паводзін сярод падлеткаў.

Марына КУНЯЎСКАЯ.
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі.