Чым займаюцца настаўнікі пасля выхаду на пенсію? Працягваюць жыць актыўна і прыносіць карысць грамадству, расказвае карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Быць дабру
Ірына Аляксандраўна Ганчарова з Лунінца — валанцёр Беларускага Чырвонага Крыжа.
Фота аўтара
У былой настаўніцы матэматыкі Ірыны Аляксандраўны амаль 40 гадоў педагагічнага стажу. У савецкія гады некаторы час ёй давялося папрацаваць у школе ў Прыбалтыцы, куды па размеркаванні накіравалі яе мужа-фельчара. Але большую частку свайго працоўнага жыцця яна аддала Лунінеччыне — настаўнічала ў школах вёскі Бараўцы і аграгарадка Вулька-2.
— Я з дзяцінства любіла матэматыку. Калі не магла рашыць нейкую задачку, нават перад сном працягвала думаць над ёй і раніцай прачыналася з гатовым адказам. Мне вельмі падабалася выкладаць гэты прадмет у школе, захапляць ім дзяцей. Пры гэтым я заўсёды ўлічвала тэмперамент і здольнасці кожнага вучня, не заганяла іх у адзіныя рамкі. Пры такім падыходзе дзеці больш эфектыўна засвойваюць прадмет і атрымліваюць трывалыя веды, — расказвае Ірына Ганчарова.
Пасля таго як дасягнула пенсіённага ўзросту, яна працягвала працаваць яшчэ тры гады. А потым вырашыла, што прыйшоў час ісці на заслужаны адпачынак.
— Справа не ў тым, што я стамілася. Проста адчула, што мой узрост стаў пэўнай перашкодай паміж мной і вучнямі. Я ўспрымала іх нармальна, а вось яны мяне — не зусім так, як трэба. А так быць не павінна, — адзначае мая суразмоўніца.
Спакойнае, размеранае жыццё пенсіянера яна вытрымала ўсяго два месяцы. Заняцца заўсёды было чым: у Ірыны Аляксандраўны чатыры дачкі, пяцёра ўнукаў і праўнук. Але не хапала сацыяльнай актыўнасці, хацелася быць карыснай грамадству, дапамагаць людзям. І яна звярнулася ў раённае аддзяленне Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа з прапановай стаць валанцёрам. І вось ужо 9 гадоў удзельнічае ў яго дзейнасці на добраахвотных асновах.
За гэты час паспрабавала сябе ў самых розных кірунках. Разам з іншымі валанцёрамі ўдзельнічала ў акцыях за здаровы лад жыцця, дапамагала бежанцам, збірала ахвяраванні для малазабяспечаных грамадзян. Пад Новы год пераапраналася ў Дзеда Мароза і разам са Снягуркай прывозіла падарункі дзецям з сем’яў, якія знаходзяцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы.
А яшчэ Ірына Аляксандраўна ў якасці валанцёра дапамагае сацыяльным службам клапаціцца аб адзінокіх пажылых людзях, якія ўжо не спраўляюцца з хатнімі справамі. Зараз у яе ўжо трэцяя падапечная — жанчына, дарэчы, таксама настаўніца, якая нядаўна перанесла складаную аперацыю. Добраахвотная памочніца прыносіць ёй лекі, дапамагае прыбіраць дом, гатаваць ежу, падтрымлівае добрым словам.
Мая суразмоўніца прызнаецца, што актыўны лад жыцця дапамагае ёй быць у форме і захоўваць пазітыўны настрой.
— Неяк давялося паспрачацца з адной сваёй знаёмай, якая сказала, што выйшла на пенсію дажываць. Што значыць дажываць? Трэба жыць! Пакуль здароўе дазваляе, на пенсіі можна рабіць усё, што ты хочаш. Як сам сябе настроіш, так і пойдзе. Таму настройвацца трэба на актыўнасць і пазітыў! — упэўнена Ірына Ганчарова.
Трымаць рытм
Мінчанка Надзея Віктараўна Есаулава — кіраўнік танцавальных калектываў для людзей пенсіённага ўзросту “Надзея” і “Натхненне”.
Удзельніцы танцавальнага калектыву “Надзея”. Надзея Есаулава — у цэнтры
У педагогіку Надзея Віктараўна прыйшла не адразу. Атрымаўшы адукацыю ў Ленінградскім авіяцыйна-тэхнічным вучылішчы грамадзянскай авіяцыі, яна спачатку працавала дыспетчарам у кампаніі “Белавія”. На пэўным этапе жыцця вырашыла змяніць сферу дзейнасці. Пасля курсаў павышэння кваліфікацыі на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка стала працаваць настаўніцай працоўнага навучання і фізічнай культуры ў сталічнай школе № 62.
— У тым, што я прыйшла выкладаць у школу, маючы за плячыма вопыт работы ў іншай сферы дзейнасці, ёсць свае плюсы. Адчувала прыліў энергіі, працавала з цікавасцю, імкнулася дапамагчы кожнаму дзіцяці не толькі засвоіць вучэбны прадмет, але і ўвогуле стаць лепшым. У пэўны момант мяне прызначылі класным кіраўніком у класе, дзе сем вучняў стаялі на ўліку ў міліцыі. Шмат займалася і з імі, і з іх бацькамі, не шкадуючы асабістага часу. І вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць: адзін за адным маіх вучняў знялі з гэтага ўліку, — успамінае яна.
Пасля выхаду на пенсію Надзея Віктараўна адразу вырашыла для сябе, што старасць яе дома не застане. Запісалася ў прыватную танцавальную студыю, дзе займалася некалькі гадоў. Прызнаецца, што заўсёды марыла навучыцца танцаваць, але не мела на гэта часу: працавала, выхоўвала трох дзяцей, дапамагала гадаваць пяць унучак. Калі ж яшчэ рэалізаваць свае даўнія імкненні, як не на заслужаным адпачынку!
Сем гадоў назад Надзея Есаулава пачала на валанцёрскіх пачатках выкладаць танцы людзям пенсіённага ўзросту. Сёння яна ўзначальвае два калектывы — “Надзея” тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Заводскага раёна і “Натхненне” Ленінскай раённай арганізацыі ветэранаў Мінска.
Актыўнасць Надзеі Віктараўны не можа не ўражваць. Удзельнікі “Надзеі” займаюцца пад яе кіраўніцтвам два разы ў тыдзень, “Натхнення” — тры. Пачыналі з усходніх танцаў, паступова дабавіліся танцы іншых народаў свету: іспанскія, цыганскія, грэчаскія, кітайскія. Вядома ж, ёсць у рэпертуары і нашы родныя, беларускія. Выступаюць калектывы з танцавальнымі нумарамі падчас свят у сацыяльных цэнтрах, дамах-інтэрнатах, бібліятэках, на розных гарадскіх мерапрыемствах.
— У мяне займаюцца жанчыны, якія да выхаду на пенсію працавалі ў самых розных сферах. Ёсць і некалькі педагогаў. Большасці вучаніц ужо за 70, старэйшай 80 гадоў, — расказвае мая суразмоўніца. — Амаль ніхто з іх раней не танцаваў у складзе калектыву, не выходзіў на сцэну перад гледачамі. Так што новых уражанняў і пазітыўных эмоцый у іх вельмі шмат. Ды і для фізічнага здароўя нашы заняткі вельмі карысныя. Перад тым як пачаць рэпеціраваць, паўгадзіны робім размінку. Зразумела, што ўсю нагрузку я даю з улікам узроставых асаблівасцей.
— Каго вучыць больш складана: дзяцей ці людзей сталага ўзросту?
— Для мяне не складана ні першае, ні другое. Люблю дзяліцца тым, што ўмею сама. Па сутнасці, падыходы аднолькавыя. Трэба паважаць сваіх вучняў, бачыць у кожным індывідуальнасць, не шкадаваць добрых слоў. Але пры гэтым важна падтрымліваць дысцыпліну, аўтарытэт настаўніка. Толькі так можна дасягнуць вынікаў.
Мая суразмоўніца ўпэўнена: жыццё на пенсіі толькі пачынаецца. У тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пажылым гараджанам прапаноўваюць шмат цікавых актыўнасцей: можна танцаваць, спяваць, маляваць, шыць, займацца па аздараўленчых методыках, павышаць камп’ютарную дасведчанасць і г.д. Надзея Віктараўна вельмі рада, што можа ўнесці асабісты ўклад у тое, каб людзям на заслужаным адпачынку жыццё было ў радасць.
Аксана МЫЦЬКО