Цаглінка за цаглінкай: пераможца ProfSkills Belarus цяпер узводзіць новыя дамы

- 14:10Молодой специалист

Пераможца V Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “ProfSkills Belarus — 2023” Кірыл Вашкель пайшоў па слядах бацькі і цяпер працуе ў ААТ “Будаўнік”, дзе і ўдасканальвае сваё майстэрства. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Тата працаваў мулярам, затым брыгадзірам і прарабам. Ён прапанаваў і мне звязаць сваю будучыню з будаўніцтвам. Мне было гэта дастаткова цікава, таму я паступіў у Ашмянскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж, — успамінае малады спецыяліст.

На другім курсе Кірылу прапанавалі паўдзельнічаць у спаборніцтвах па цагляным муры. А ўжо на трэцім курсе ён прыняў удзел у абласным і рэспубліканскім этапах конкурсу ProfSkills.

— Першапачаткова мы не ведалі, якая задача будзе пастаўлена перад удзельнікамі. Толькі на месцы нам далі малюнак, па якім трэба было выкласці мур. Падрыхтоўка доўжылася каля двух месяцаў, а сам конкурс праходзіў тры дні, — расказвае хлопец.

Кірыл заставаўся пасля вучобы і нават на канікулах прыходзіў павышаць узровень свайго майстэрства.

— Без дапамогі майго настаўніка Івана Іванавіча мне было не перамагчы. Ён заўсёды падтрымліваў і падказваў, — адзначае юны муляр.

Свайго падапечнага педагог Ашмянскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа Іван Ляшчэвіч хваліць:

— У лютым на базе каледжа мы правялі абласны этап ProfSkills, каб вызначыць, хто варты прадстаўляць Гродзенскую во­бласць на V Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства. Я рыхтаваў двух удзельнікаў — Кірыла Вашкеля і Максіма Шарая. Максім, які вучыўся на другім курсе, меў менш вопыту. У Кірыла не ўсё адразу атрымлівалася, але дзякуючы вялікаму жаданню і ўпартасці ён даводзіў работу да выдатнага выніку.

Папярэдняе заданне было прадастаўлена з наступным змяненнем у 30%. Работа аказалася складанай: стаяла задача выкласці тры кругі і так іх размясціць, каб змясцілася пэўная колькасць цаглінак.

— Метадам проб і памылак знайшлі дакладны варыянт. Кірылу ўласцівы ўседлівасць, працаві­тасць і ўпэўненасць у справе. Хачу выказаць асаблівую падзяку бацькам Кірыла. Яны заўсёды цікавіліся яго вучобай. А сам хлопец заўсёды займаў лідарскія пазіцыі, штосьці падказваў сваім аднакурснікам. Нядзіўна, што ён быў выбраны ўдзельнікам ProfSkills і годна прадставіў Гродзенскую вобласць на конкурсе. Муляр — гэта старажытная, запатрабаваная прафесія. Кожная сям’я хоча жыць у сваім доме. Многія мараць пра машыну, якой патрэбны гараж. Таму будаўніцтва ва ўсе часы актуальнае. Будучы мулярам, заўсёды можна зарабіць, а калі дабавіць кваліфікацыю, то ва ўсіх адносінах спецыяліст будзе нарасхват, — пракаменціраваў Іван Іванавіч.

Пры працаўладкаванні на прадпрыемства “Будаўнік” Кірыла падтрымалі аднаразовай выплатай у памеры тарыфу па трэцім разрадзе.

— Мне падабаецца праца­ваць, калектыў добры, старэйшыя таварышы заўсёды дапамагаюць. За мной замацавалі калегу Эдварда Кузьміцкага. Дзякуючы яму, я хутка ўвайшоў у рабочы працэс. У непрацоўны час з калегамі ходзім на мерапрыемствы. Напрыклад, такое прафесійнае свята, як Дзень будаўніка, адзначалі з брыгадай на сумеснай імпрэзе, дзе, дарэчы, наша прадпрыемства пасвячала маладых спецыялістаў у работнікі. У тым ліку і мяне, — дзеліцца муляр.

Юнака пакуль цалкам задавальняе яго заработная плата, але ён гаворыць, што ёсць куды расці:

Калі атрымаю вышэйшы разрад, аплата працы павысіцца. З нецярпеннем чакаю новы будаўнічы аб’ект, дзе буду выклад­ваць мур. Калі пачну там праца­ваць, мяне перавядуць на работу па чацвёртым разрадзе.

Кірыл ніколі не задумваўся пра пераезд. Хлопец прывязаны да малой радзімы.

— Тут утульна і спакойна. Я шмат часу праводжу з сям’ёй. А маё хобі — спорт. Асабліва люблю валейбол і футбол. На трэніроўках па-сапраўднаму адпачываю. Такі прыклад падаў мне бацька. Раней і мама займалася валейболам, нават гуляла за свой калектыў ад паштовага аддзялення. У летні час займаемся пляжным валейболам ля возера. У нас сфарміравана прафесійная каманда, і мы спаборнічаем з іншымі прадпрыемствамі. Зімой люблю станавіцца на лыжы, прадстаўляў Ашмяны сёлета на абласных спаборніцтвах па лыжах, — падагульняе малады спецыяліст.

Настасся ЧАРКАНАВА
Фота аўтара