Ці джаляць юных пчаляроў школьныя пчолы? У Здзітаўскай школе вучаць іх не баяцца

- 15:16Новости

Ці не страшна школьнікам займацца пчалярствам? У Здзітаўскай сярэдняй школе, што ў Бярозаўскім раёне Брэстчыны, даўно пераканаліся: не страшна, карысна  і вельмі цікава! Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Напрыканцы лета дырэктар школы Таццяна Ажажа па­дзялілася радаснай навіной. Вучні выхаваўча-аздараўленчай установы адукацыі “Пчолка”, створанай на час канікул пры школе, у цэнтры “Зубраня” паспяхова паўдзельнічалі ў рэспубліканскім злёце выхаванцаў лагераў “Лета нашых дасягненняў” — дыплом І ступені за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні тэматычных пляцовак! На відэа бачна, як на сцэне яны расказваюць пра ўрокі ў “Пчалінай школе”. Прычым юныя пчаляры не толькі вывучалі загадкі пчаліных раёў, але і самі бралі на пасецы мёд. Сапраўдны квест для аматараў прыгод! І той мёд, вядома ж, быў саладзейшы, чым звычайна: бо самі школьнікі пад наглядам дарослых даставалі соты з вуллёў, потым і медагонку пакруцілі. “Мы сталі камандай даследчыкаў прыроды, яе сябрамі, далучыліся да пачэснай справы працавітых пчаляроў. Мы цяпер ужо каманда “Пчолка”, мы сябры прыроды і захавальнікі народных традыцый. Наш лагер — гэта крок у будучыню, крок да здароўя і крок да роднай зямлі, жыцця ў поўнай гармоніі з ёй і з прыродай”, — расказвалі пра сваё лета здзітаўскія школьнікі.

У ліку рупліўцаў, хто право­дзіць заняткі ў лагеры “Пчолка”, і Алена Мартысевіч, настаўніца пачатковых класаў і куратар “пчалінага” класа. Яна далучылася да справы, калі ў школе завялі пчол.

Мэта праекта высакародная: не проста пашырэнне ведаў пра карысць пчол, прадуктаў пчалярства — школьнікі атрымліваюць і навыкі, патрэбныя ў гэтай справе.

Мы пісалі пра школьны мёд і класны вулей у Здзітаве, пра тое, што праект дапамагае рэаліза­ваць Віктар Дземідовіч, пчаляр з суседняй вёскі. Праз мясцовае пчалярства планавалася паспрыяць развіццю вёскі, коль­касць жыхароў у якой змяншаецца, і пака­заць, што ў экалагічна чыстым месцы, пры знакамітых Спораўскіх балотах, пчалярства можа даваць стабільны прыбытак. Пад ідэю і праект выдзяляліся салідныя гранты, школе ўдалося набыць абсталяванне, аформіць адметны “пчаліны” клас.

Летам я ў розных месцах згадваў здзітаўскі праект, але мае спробы зацікавіць ім школы пакуль марныя. Наўрад ці хто з педагогаў наведаў Здзітава, “Пчаліную школу”, каб на свае вочы пераканацца: пчолы і школа зусім не антаганісты. На гэтую тэму мы і гутарым з Аленай Мартысевіч, каб пашыраць каштоўны вопыт.

— Алена Мікалаеўна, як, вобразна кажучы, заляцелі пчолы ў Здзітаўскую школу?

— Можна сказаць, мэтанакіравана. Мы пачалі займацца пчалярствам з 2017 года: на базе школы была рэалізавана сумесная ініцыятыва “Да ўстойлівага развіцця Спораўскага сельсавета — праз павышэнне эканамічнай актыўнасці моладзі”. Вучням прапанавалі наведваць тэарэтычныя і практычныя заняткі па адным з трох напрамкаў: пчалярства, раслінаводства і веласэр­віс. Быў і курс “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці” па гэтых напрамках, з распрацоўкай бізнес-планаў. У кожнай групы быў тэматычны каардынатар: прафесіянал сваёй справы з ліку мясцовых жыхароў. А лідарамі груп сталі настаўнікі школы, мы ж і вучыліся новаму разам з вучнямі.

— І вам лёс прадвызначыў быць бліжэй да пчол…

— Мой тата быў пчаляром, і я крыху ведала спецыфіку справы. Правялі анкетаванне, і 9 вучняў ад 10 да 15 гадоў зацікавіліся пчалярствам. Дарэчы, з іх толькі два хлопчыкі, у аднаго з іх бацькі — пчаляры. За кошт гранта на праект набылі абсталяванне, інвентар, каб зла­дзіць школьны пчальнік. Па гэтым кірунку са мной працавала калега Ірына Васілеўская. І мы разам з дзецьмі пачалі паглыбляцца ў дзівосны свет пчол на занятках з Віктарам Дземідовічам, па некаторых тэмах праводзілі тэарэтычныя і практычныя заняткі самастойна.

Віктар Іосіфавіч — дасведчаны пчаляр-аматар, захоплены сваёй справай, якой і нас усіх здолеў зацікавіць і захапіць. Да заняткаў ён падыходзіць грунтоўна і сур’ёзна, дзеліцца сваімі ведамі і ўменнямі як у класе, так і на сваёй пасецы. Там, дарэчы, і была наша першая практыка. Дзе і для чаго патрэбны ахоўны касцюм, дымар, стамескі? Як адрозніць матку ці трутня ад рабочай пчалы? Мы назіралі, як нясуць пчолкі пылок і нектар у вуллі, дзе ўтвараецца праполіс… Атрыманыя веды замацоўвалі на школьным пчальніку, які размясцілі пры краязнаўчым музеі ­“Здзітаўскі фальварак”. Засялілі тры першыя вуллі, якія пафарбавалі ў розныя колеры: блакітны, зялёны і жоўты.

— Выхаванне пчоламі — у чым яго сутнасць?

— У такім выхаванні няма залішняй дыдактыкі. Яно прыадкрывае таямніцы таго, як уладкаваны ўвесь наш свет, чалавечы ў тым ліку: як бачны, так і нябачны. Чаму і нябачны? Бо нельга ж да канца спасцігнуць, скажам, як удаецца пчолам, не маючы звычнай для нас мовы, так зладжана працаваць. Якой сілай гэта ўсё ўпарадкавана і рухаецца? Мы ведаем, што пчолы ў многіх культурах абагаўляліся, гэта вельмі важная частка экасістэмы планеты: яны і апыляльнікі, і вытворцы, і фармацэўты. Надзвычай важны і ў многім загадкавы экаэлемент! Скажам, яны вельмі востра рэагуюць на пагаршэнне экастановішча і забруджванне біясферы.

З першых дзён мы дзівіліся працавітасці пчол, былі ў захапленні ад арганізацыі працы, ладу-згоды ў пчаліных сем’ях. Пчолкі, дарэчы, адчуваюць, з якім настроем і намерам ты прыходзіш да іх, і гэта найлепшае сведчанне: паміж намі ёсць нябачная сувязь.

Пчолам патрэбен пастаянны догляд, на працягу ўсяго года, і таму кажуць у народзе: каб пчолак вадзіць, трэба сэрцам іх любіць. Мяркую, тонкую сувязь мы з пчоламі наладзілі, бо ўжо ў першы сезон школьная пасека дала 16 кілаграмаў мёду.

Практычныя заняткі на пасецы для юных пчаляроў праводзіць Віктар Дземідовіч. Па правую руку ад яго Алена Мартысевіч

— Як рухаліся далей?

— Вырашылі, што для навучання варта ствараць нейкія апорныя канспекты… І разам з юнымі пчалярамі адпрацавалі, зафіксавалі неабходныя віды работ на пасецы. Навучыліся, скажам, рыхтаваць вуллі да засялення, фарміраваць адводак, прымаць меры, каб не было раення ў вясенне-летні перыяд. Памятаеце, у Якуба Коласа ў паэме “Новая зямля” ёсць раздзел “Падгляд пчол”? Дык і такую далікатную справу мы асвоілі! Умеем і адпампаваць мёд, і падрыхта­ваць пчальнік да зімоўкі… Віктар Іосіфавіч кансультуе дзяцей па любых пчалярскіх пытаннях. А якая была радасць нам, калі юныя пчаляры казалі: “Самы смачны і духмяны мёд — з нашай школьнай пасекі!” Мы яшчэ паспрабавалі такі ласунак: мёд са свежымі агуркамі. Важным нашым набыткам з’яўляюцца і навучальныя відэаролікі ад Віктара Дземідовіча “Практычныя парады па развядзенні пчол і па іх доглядзе”. Да таго ж пад кіраўніцтвам лідараў групы нашы выпускнікі з бізнес-інкубатара зла­дзілі заняткі ў фармаце “Старэйшы вучыць малодшага” — гэта быў лагічны выхад на фармат “Пчаліная школа — 2”. Заняткі наведвалі ўсе, каму цікавае пчалярства. І такія справы далі добры плён. У прыватнасці, мы наладзілі супрацоўніцтва з грамадскім аб’яднаннем “Беларускія пчаляры”, паўдзельнічалі ў Рэспубліканскім конкурсе юных пчаляроў: яго право­дзілі Смілавіцкі аграрны каледж і Саюз беларускіх пчаляроў. Адна з нашых вучаніц у ліку трох прадстаўнікоў ад Беларусі ўдзельнічала у X Міжнароднай сустрэчы маладых пчаляроў у Славакіі. Там быў конкурс, і яна сярод амаль 80 удзельнікаў была шостай.

— Але ж юныя пчаляры становяцца з часам выпускнікамі. Ці рыхтуеце ім змену?

— Абавязкова! Жыццём пчол мае вучні зацікавіліся з 2 класа. Займаліся ў “Пчалінай школе”, заняткі ў якой праводзілі старэйшыя ўдзельнікі бізнес-інкубатара. Улетку мы наведвалі нашу пасеку: назіралі, як жыве пчаліная сям’я, удзельнічалі ў ператопцы воску і рабілі з яго свечкі да свята мам. Юныя пчаляры прынялі ўдзел у конкурсе “Юны даследчык” з работай “Пчаліная школа здароўя”. Правяралі, што называецца, на сабе карысныя ўласцівасці забрусу і праполісу. На працягу другой чвэрці ў 2021 годзе, калі ў разгары была каранавірусная эпідэмія, вучні сістэмна, штодня ўжывалі гэтыя прадукты. І сапраўды: у той час ніхто не захварэў — мы тое задакументавалі ў графіках і таб­ліцах. Вучні самі зрабілі выснову: прадукты пчалярства дабратворна ўплываюць на арганізм чалавека і ўмацоўваюць здароўе.

— Алена Мікалаеўна, выклікае захапленне кабінет “Пчаліная школа”. Як удалося такое стварыць?

— Павучыліся ў пчолак, папрацавалі ўсе разам (усміхаецца). Вы ж ведаеце: хто сам стараецца — таму і Бог у дапамогу. Яшчэ паспрыяла тое, што мы далучыліся да праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Ландшафтна­арыентаванае развіццё сельскіх тэрыторый даліны ракі Ясельды пры ўдзеле мясцовага насельніцтва”. Тады было набыта рознае абсталяванне для пчалярства, якім карыстаюцца і нашы мясцовыя пчаляры. Знайшліся сродкі, паспрыялі нам і спонсары з ліку былых выпускнікоў школы, каб аформіць кабінет. Цяпер там праходзяць заняткі, ладзяцца шматлікія адукацыйныя экскурсіі: як для навучэнцаў школ, так і для дарослых. У кабінеце зберагаем і набытае абсталяванне, і метадычныя матэрыялы.

— Яшчэ ў вас у кабінеце праводзяцца вельмі цікавыя экскурсіі — з інтэрактывам і нават дэманстрацыяй жыцця пчол у вуллі. Чые гэта прыдумкі-напрацоўкі?

— Усё робім-прыдумваем ра­зам, у тым ліку і вучнёўскую ініцыятыву падтрымліваем. З розных элементаў складвалася адукацыйная экскурсія “Знаўцы пчол”. Знаёмім гасцей з гісторыяй развіцця пчалярства ў розных краінах і культурах, беларускага пчалярства ў тым ліку. Расказваем, як наладжана жыццё ў пчалінай сям’і, прыводзім цікавыя факты. І сапраўды, у нас можна паназі­раць за пчоламі ў рэжыме рэальнага часу: прама ў кабінеце ёсць два спецыяльныя вуллі з празрыстымі сценкамі. З вуллёў праз доўгія ляткі-жалабкі пчолы выпаўзаюць на вуліцу і ў кветкавы сезон збіра­юць нектар. Прытым, заўважу, нікога не ўджалілі! Юныя экскурсаводы расказваюць пра карысныя ўласцівасці прадуктаў пчалярства, ёсць магчымасць прадэгуставаць некаторыя з іх. Расказваем і пра мясцовыя расліны-меданосы, паказваем іх. Дарэчы, самы адметны на смак мёд мы збіраем у жніўні, у яго складзе ёсць нектар з чальчаку вербалістага (яго яшчэ называюць плакун-травой), які цвіце на тэрыторыі рэспубліканскага біязаказніка “Спораўскі”.

— Сёлетняй фішкай, бачыў на свае вочы, стаў прышкольны апідомік. Што гэта за дзіва?

— Віктар Іосіфавіч прапанаваў яго паставіць, і сёлета мы засялілі апідомік, праводзілі для жадаючых аздараўленчыя апіпрацэдуры. Са старажытных часоў пчолы і прадукты пчалярства выкарыстоўваюцца для аздараўлення людзей. Апідомік — гэта дзве зручныя ляжанкі пад дахам прама на вуллях. Даказана, што знаходжанне ў іх спрыяе павышэнню імунітэту, умацаванню сардэчна-сасудзістай сістэмы, лячэнню неўрозаў, нармалізацыі сну і шмат у чым іншым карыснае. Паветра і цяпло ўнутры апідомікаў цыркулююць паміж прасторай для людзей і пчалінымі сем’ямі. Унікальны мікраклімат! Ствараецца неверагоднае ўражанне, нібы ты жывеш унутры пчалінай сям’і, удыхаючы гаючае паветра з водарам праполісу, мёду і воску.

Якраз у апідоміку асабліва востра ўсведамляеш: мы жывыя часцінкі прыроды, мы з ёй — адно цэлае і біялагічна, і духоўна. У пчол можна бясконца вучыцца мудрасці, працавітасці, дысцыпліне… І таму, як жыць у гармоніі з прыродай, соцыумам, самім сабой. Дарэчы, экапраблемы — гэта не пра тое, каб прыроду ахоўваць, а пра тое, каб адчуць-спасцігнуць гэтую вялікую гармонію.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара і з архіва Алены Мартысевіч