Ці можа прафесійны спартсмен быць паспяховым настаўнікам? Яўгеній Грэхаў — выдатны прыклад такога педагога

- 10:12Персона

Ці можа прафесійны спартсмен быць паспяховым настаўнікам? А любімым класным кіраўніком? Яўгеній Грэхаў, настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 7 Смаргоні, — выдатны прыклад такога педагога. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Яўгеній Грэхаў адкрыў для сябе бас­кетбол яшчэ ў школьныя гады, калі  пачаў наведваць спартыўную школу ў Смаргоні, куды пераехалі яго бацькі, павандраваўшы па былой савецкай дзяржаве. Гуляў у нядрэннай камандзе, якая станавілася чэмпіёнам вобласці, а пасля і рэспублікі. У 9 класе перспектыўнага юнака запрасілі ў вучылішча алімпійскага рэзерву ў Мінск. Так ён звязаў сваё прафесійнае жыццё са спортам: выступаў за юніёрскую, юнацкую, маладзёжную зборную Беларусі, удзельнічаў у чэмпіянатах Еўропы. Пасля вучылішча накіраваўся ў БДУФК і працягваў кар’еру прафесійнага баскетбаліста. Калі Яўгенію прапанавалі выступаць за каманду “Гродна-93”, перавёўся на вучобу ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.

У Гродне прайшлі 6 гадоў прафесійнай спартыўнай кар’еры Яўгенія Грэхава, аднак невялікая траўма прыпыніла яе. Урачы параілі адмовіцца ад заняткаў прафесійным баскетболам. Юнак скончыў універсітэт і вярнуўся ў Смаргонь, уладкаваўся на работу трэнерам спартыўнай школы. Трэніраваў дзяўчынак, выхаваў за непрацяглы час некалькі чэмпіёнак вобласці і рэспублікі, членаў юніёрскіх зборных Беларусі. Аднак хацелася новых вышынь.

Паколькі прафесійны спорт падарыў шмат знаёмых у гэтай галіне, малады трэнер вырашыў скарыстацца сувязямі і паспрабаваць папрацаваць у Маскве. Усё атрымалася. Адначасова адкрыў для сябе работу школьным настаўнікам фізічнай культуры.

— Спадабалася і мне, і адміністрацыі ўстановы, прычым пасля года работы мне прапанавалі, акрамя пасады настаўніка фізкультуры, класнае кіраўніцтва, — дзеліцца Яўгеній Мікалаевіч. — Вопыт мне здаўся цікавым, таму я ўзяў пяцікласнікаў і працаваў з імі 5 гадоў. Атрымаў першую, а пасля і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Выпусціўшы свой 9 клас, задумаўся: а што далей? Якраз сыну быў час ісці ў першы клас, і з сям’ёй мы вырашылі, што лепш, калі ён будзе вучыцца на радзіме.

Маючы вопыт работы ў спартыўнай і агульнаадукацыйнай школах, педагог выбраў асноўнай работу ў школе. Дырэктар сярэдняй школы № 7 Смаргоні Аляксандр Уладзіміравіч Джумкоў прапанаваў яму пасаду настаўніка фізічнай культуры і здароўя, дапамог пацвердзіць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, атрыманую ў Расіі. Ну і паколькі ў Яўгенія Мікалаевіча быў вопыт класнага кіраўніцтва, у пачатку бягучага навучальнага года ён стаў класным кіраўніком у 6 класе.

Зорны россып

Па словах настаўніка, вопыт работы ў школах Расіі і Беларусі адрозніваецца. Самым цяжкім для яго было перайсці з электроннага на папяровы класны журнал. Яўгеній Грэхаў выкладае прадмет у чатырох 2-х, чатырох 5-х класах і вядзе сваіх шасцікласнікаў.

— Дзеці тут іншыя, мне больш падабаецца з імі працаваць, — расказвае Яўгеній Мікалаевіч. — У Маскве бацькі больш хацелі, каб іх дзеці займаліся фізкультурай і спортам, а не сядзелі дома без справы ці бадзяліся па вуліцах. Тут наадварот: дзеці самі цягнуцца да заняткаў, многія з іх прыходзяць на спартыўна-масавыя мерапрыемствы па суботах. А яшчэ мне падабаецца, што ўсе дзеці на ўрок прыходзяць са спартыўнай формай. (Усміхаецца.) Школьны стадыён у нас не пустуе. Адно складана: паколькі горад невялікі, цяжка ўгаварыць дзіця займацца ў спартыўнай секцыі. Перспектыўныя дзеці ў педагогаў нарасхват.

Прызнаюся вам, калегі, што знаёмства з Яўгеніем Мікалаевічам стала для мяне адкрыццём, хоць у галіновай журналістыцы я далёка не навічок. Мяркуйце самі. Баскетбаліст, які аддаў частку свайго жыцця прафесійнаму спорту, пасля завяршэння спартыўнай кар’еры пачаў настаўніцкую. Прычым так паспяхова, што ўжо мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, пацверджаную ў ­дзвюх краінах. Педагог з перспектыўнай кар’ерай у Маскве, які вярнуўся на малую радзіму, бо хацеў, каб яго дзіця вучылася на роднай зямлі. Чалавек, які не толькі гарыць любоўю да спорту сам, але і запаліў некалькі зорачак айчыннага баскетбола. І да ўсяго гэтага дадаюцца павага з богу калег і адміністрацыі ўстановы адукацыі і бясконцая, шчодрая, шчырая любоў яго шасцікласнікаў, у якіх ён класны кіраўнік. Для мяне Яўгеній Грэхаў — асоба, пра якую народная муд­расць гаворыць, што не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек — месца. Ён на сваім месцы ў любой справе, за якую бярэцца.

Пытаюся ў педагога, ці ёсць сярод яго выхаванцаў зоркі спорту, адораныя дзеці. 

— У вялікім горадзе, калі трэнер набірае каманду, у яго вялікі выбар дзяцей, таму ён можа падабраць 10—12 чалавек з перспектыўных, — гаворыць Яўгеній Грэхаў. — Калі я выкладаў у спартыўнай школе і знахо­дзіў адно перспектыўнае дзіця, то набіраў каманду пад яго, каб вырасціць аднаго чэмпіёна. Мне пашанцавала: калі я трэніраваў дзяўчынак 2004 года нараджэння, у мяне былі дзве выхаванкі, з-за якіх я набіраў каманду. Яна вучылася ў гімназіі, мела выдатную паспяховасць, займалася танцамі, і было цяжка пераманіць гэтае дзіця ў спорт, бо бабуля, якая вадзіла ўнучку на заняткі, лічыла, што на першым месцы вучоба і танцы, а пасля ўжо баскетбол. Я пагаварыў з мамай дзяўчынкі (дарэчы, жанчына сама раней прафесійна займалася спортам) і пераканаў яе ў неабходнасці яе дачцэ займацца баскетболам. Другую маю зорачку — Маргарыту — у спартыўную школу прывялі бацькі. Дзіця было невысокім, але баскетбольную тэхніку схоплівала на ляту. Менавіта пад гэтых дзвюх дзяўчынак мы стваралі каманду, якая ў малодшым узросце стала чэмпіёнам вобласці, абыграўшы каманду Гродна. Пасля гэтыя дзяўчынкі трапілі ў зборную Гродзенскай вобласці (і я разам з імі другім трэнерам) і сталі чэмпіёнкамі рэс­публікі. Яна працягнула спартыўную кар’еру — накіравалася ў вучылішча алімпійскага рэзерву ў юніёрскую зборную, а Маргарыта скончыла школу, паступіла ва ўніверсітэт у Мінску і зараз гуляе за баскетбольную каманду “Гарызонт” у вышэйшай жаночай лізе.

Стварыць каманду

Наколькі цяжка быць настаўнікам фізкультуры і адначасова класным кіраўніком? Ці дапамагае ў гэтай справе спорт? Па меркаванні Яўгенія Мікалаевіча, гэта вельмі падобная дзейнасць. Калі ў спорце неабходна, акрамя авалодання тэхнікай, утва­рыць з людзей каманду, якая будзе не толькі наборам тэхнічных гульцоў, але і будзе згуртаванай, то ў класным кіраўніцтве тое ж самае: рабі з дзяцей каманду. Класныя гадзіны, суботнікі, мерапрыемствы — усё гэта працуе на згуртаванасць.

—  Шчыра кажучы, клас, які мне даверылі, няпросты. У ім амаль няма вучняў сярэдняй пас­пяховасці, ёсць выдатнікі і слабыя навучэнцы, — прызнаецца класны кіраўнік. — Гэты падзел паміж аднакласнікамі ўскладняе работу, але мне пашанцавала, што ўсе мае вучні любяць спорт. Гэта тое, што ўсіх нас аб’ядноўвае. Напрыклад, я дамовіўся з адміністрацыяй школы зрабіць для маіх дзяцей спартыўны перапынак, на якім яны маглі б выліць сваю энергію. Спачатку перапынак быў адзін, але яго аказалася мала, дамовіліся пра два такія перапынкі. Такім чынам, па 10 хвілін двойчы на дзень дзеці займаюцца пад маім кантролем у спартыўнай зале. Акрамя гэтага, бывае, што інфармацыйную і класную гадзіну мы часткова праводзім у спартыўнай зале, прычым за 25 хвілін у такім выпадку мы паспяваем больш, чым за 45 хвілін: дзеці спяшаюцца ў залу. Я ўжо бачу вынік сваёй работы: зараз з вучнямі значна прасцей праца­ваць, чым у пачатку года.  У бягучым навучальным годзе з чатырох 5-х класаў я выбраў 10 перспектыўных навучэнцаў і на працягу 2 месяцаў рыхтаваў іх да Рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі. На раённы этап трапілі два мае вучні, прычым адзін хлопчык стаў пераможцам раённага этапу, а другі заняў 3-е месца. На наступны год я стаўлю сабе мэту працягнуць работу з выбранымі 10 навучэнцамі і не 2 месяцы, а з пачатку новага навучальнага года. На 90 працэнтаў я ўпэўнены, што мае хлопчыкі і дзяўчынкі стануць прызёрамі алімпіяды.

І мы ўпэўнены, што ў вас, Яўгеній Мікалаевіч, усё атрымаецца!

Наталля КАСТЭНКА
Фота Галіны АНТОНАВАЙ