На актуальныя пытанні адказала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі і арганізацыйна-аналітычнай работы — начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела Міністэрства адукацыі Любоў Мальковіч.
Ці з’яўляецца класная гадзіна абавязковай для наведвання? Калі не, то ці мае дзіця права не наведваць яе?
— Класныя і інфармацыйныя гадзіны — адна з найважнейшых форм арганізацыі выхаваўчай работы з навучэнцамі ва ўстанове адукацыі, якая адносіцца да арганізацыйна-выхаваўчай работы класнага кіраўніка. Гэтая работа ажыццяўляецца класным кіраўніком па-за межамі часу, які адводзіцца на правядзенне вучэбных заняткаў, у адпаведнасці з планам выхаваўчай работы класнага кіраўніка на чвэрць або паўгоддзе (уключаючы работу на канікулах, у шосты школьны дзень).
Час і месца правядзення класнай і інфармацыйнай гадзін адлюстроўваюцца ў графіку правядзення, які зацвярджаецца кіраўніком установы адукацыі.
Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, абавязак кожнага навучэнца — добрасумленна і адказна ставіцца да засваення зместу адукацыйных праграм, праграм выхавання.
Значыць, наведванне іх з’яўляецца абавязковым.
Я настаўнік-лагапед вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі (скончыла ў 2001 годзе факультэт дэфекталогіі БДПУ). З 2001 па 2020 год працавала ў Маскве ў дзяржаўнай бюджэтнай адукацыйнай установе настаўнікам-лагапедам. Цяпер працую ў Салігорскім цэнтры ранняга ўмяшання (ЦРУ) пры дзіцячай гарадской бальніцы настаўнікам-дэфектолагам.
Ці ўлічваецца мая вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя настаўніка-лагапеда ў адукацыйных установах Рэспублікі Беларусь?
— Умовы і парадак прысваення кваліфікацыйных катэгорый педагагічным работнікам сістэмы адукацыі вызначаны Інструкцыяй аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі (акрамя педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу), зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 22.08.2012 № 101.
Інструкцыяй, іншымі нарматыўнымі прававымі актамі Рэспублікі Беларусь, міжнароднымі пагадненнямі не прадугледжана прызнанне кваліфікацыйных катэгорый, прысвоеных на тэрыторыі замежных дзяржаў.
У адпаведнасці з часткай 7 пункта 19 Інструкцыі педагагічныя работнікі, якім кваліфікацыйная катэгорыя прысвоена на тэрыторыі замежнай дзяржавы, дапускаюцца да атэстацыі на прысваенне той жа кваліфікацыйнай катэгорыі без уліку стажу работы на пасадзе, па якой яны праходзяць атэстацыю.
Разам з тым у сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь не выкарыстоўваецца найменне пасады служачага “настаўнік-лагапед”. Такім чынам, частка 7 пункта 19 Інструкцыі ў вашай сітуацыі не прымяняецца.
У той жа час, згодна з пунктам 20.1 Інструкцыі, у выключным выпадку педагагічны работнік па хадайніцтве кіраўніка арганізацыі сістэмы адукацыі або атэстацыйнай камісіі без уліку прысвоенай раней кваліфікацыйнай катэгорыі і (ці) стажу работы на пасадзе, па якой ён праходзіць атэстацыю, можа быць дапушчаны да атэстацыі на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі са згоды начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама (у залежнасці ад тэрытарыяльнага размяшчэння ўстановы адукацыі).
Такім чынам, для вырашэння пытання аб прысваенні кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе настаўніка-дэфектолага неабходна звяртацца непасрэдна па месцы работы да кіраўніка ўстановы адукацыі і ў атэстацыйную камісію.
Я змяніла прозвішча, у сувязі з чым, кіруючыся артыкулам 18 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які гаворыць, што “грамадзянін, які змяніў імя, мае права патрабаваць унясення за свой кошт адпаведных змяненняў у дакументы, аформленыя на яго ранейшае імя”, ці магу я ажыццявіць такое права, звярнуўшыся з заявай ва ўстанову адукацыі для замены адпаведнага дакумента аб адукацыі?
— У адпаведнасці з пунктам 18 артыкула 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, у выпадку змены імя ўладальніка дакумента аб адукацыі, акрамя змены імя ў сувязі са змяненнем палавой прыналежнасці, змяненні ў дакумент аб адукацыі не ўносяцца і дакумент аб адукацыі на новае імя не выдаецца.
Я пражываю ў Мазыры і з’яўляюся вучнем мясцовай сярэдняй школы. Ці змагу я скарыстацца магчымасцю бясплатнага праезду ў Мінску, калі ў мяне ёсць даведка аб тым, што з’яўляюся навучэнцам? І якія віды транспарту для мяне будуць бясплатныя?
— Згодна з падпунктам 1.1 пункта 1 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16.02.2011 № 202 “Аб некаторых пытаннях праезду навучэнцаў”, навучэнцы, якія атрымліваюць агульную сярэднюю і спецыяльную адукацыю, маюць права на бясплатны праезд на аўтамабільным транспарце агульнага карыстання рэгулярных гарадскіх зносін, гарадскім электрычным транспарце і ў метрапалітэне ад месца жыхарства (месца знаходжання) да месца вучобы і назад у перыяд з 1 верасня па 30 чэрвеня.
Гэтае права рэалізуецца на падставе даведкі аб тым, што грамадзянін з’яўляецца навучэнцам або выхаванцам установы адукацыі з указаннем месца жыхарства (месца знаходжання) і месца вучобы.
Звяртаем увагу, што гэтая норма тычыцца праезду навучэнцаў транспартам агульнага карыстання рэгулярных гарадскіх зносін і не распаўсюджваецца на праезд аўтамабільным транспартам агульнага карыстання рэгулярных прыгарадных зносін, чыгуначным транспартам агульнага карыстання ў цягніках рэгіянальных ліній эканомкласа, маршрутным транспартам агульнага значэння і іншымі відамі транспарту.
Такім чынам, права на бясплатны праезд у грамадскім транспарце Мінска маюць навучэнцы, якія пражываюць у Мінску і атрымліваюць адукацыю ў размешчаных на тэрыторыі Мінска ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі.
Навучэнка каледжа адлічана за працяглую адсутнасць на вучэбных занятках у чэрвені з другога семестра выпускнога курса. За другі семестр атрымлівала стыпендыю, налічаную згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. У гэты перыяд яна падала дакументы на аднаўленне на другі семестр выпускнога курса. Ці правамерна назначаць стыпендыю за гэты ж перыяд? Яна ж за яго ўжо атрымлівала стыпендыю (другі семестр выпускнога курса)?
— Умовы, парадак назначэння і выплаты вучэбных стыпендый рэгулююцца Інструкцыяй аб умовах, парадку назначэння і выплаты стыпендый і іншых грашовых выплат навучэнцам, зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 31 кастрычніка 2022 г. № 410 “Аб пытаннях стыпендыяльнага забеспячэння і ажыццяўлення іншых грашовых выплат навучэнцам”.
У адпаведнасці з пунктам 5 Інструкцыі, паспяваючым навучэнцам, адноўленым для прадаўжэння атрымання адукацыі, стыпендыя назначаецца з першага чысла месяца, які ідзе за месяцам ліквідацыі разыходжанняў у вучэбна-праграмнай дакументацыі, па выніках прамежкавай (выніковай) атэстацыі за семестр (паўгоддзе). Назначэнне стыпендыі пры аднаўленні для прадаўжэння атрымання адукацыі не залежыць ад факта атрымання навучэнцам стыпендыі за аналагічны семестр да моманту адлічэння.