Цікаўная Варвара

- 10:29Псіхалогія +, Рознае партфолiо

Аднойчы Альберта Эйнштэйна спыталі, у чым ён бачыць адрозненне паміж уласным мысленнем і мысленнем іншых людзей. На што вучоны адказаў, што калі людзі шукаюць іголку ў стозе сена, то большасць з іх спыняецца, адшукаўшы яе, а ён працягвае пошукі, знаходзячы другую, трэцюю, чацвёртую і пятую іголкі. Менавіта такім педагогам — актыўным, якія рызыкуюць шукаць іголкі ў стозе сена, якія маюць уласную даследчыцкую пазіцыю, накіраваную да свету, мы сёння адрасуем наш дыялог аб даследчай дзейнасці навучэнцаў.

Дыялог з чытачом

Праблемай развіцця здольнасцей да даследчай дзейнасці цікавіцца ў цяперашні час даволі шырокае кола спецыялістаў у галіне адукацыі, навукі і культуры. Большасць аўтараў закранаюць аналіз кампанентаў, алгарытмаў і этапаў даследавання, што цікава і неабходна для кіравання яго фарміраваннем. Так, А.І.Савянкоў адносіць да элементаў даследавання наступнае: вылучэнне і пастаноўка праблемы; выпрацоўка гіпотэз; пошук і прапанова магчымых варыянтаў рашэння; збор матэрыялу; аналіз і абагульненне атрыманых даных; падрыхтоўка і абарона гатовага прадукту. А.С.Обухаў у якасці асноўных этапаў даследчай дзейнасці вылучае арыенціроўку, праблематызацыю, вызначэнне сродкаў, планаванне, збор матэрыялу і правядзенне эксперыменту, аналіз і рэфлексію. А.М.Паддзякаў называе ў якасці кампанентаў даследавання пастаноўку мэт, планаванне, вызначэнне крытэрыяў дасягнення мэт. Складнікам даследчыцкіх здольнасцей з’яўляецца даследчая актыўнасць. Даць азначэнне ёй можна так: творчыя адносіны асобы да свету, якія выяўляюцца ў матывацыйнай гатоўнасці і інтэлектуальнай здольнасці да пазнання рэальнасці шляхам практычнага ўзаемадзеяння з ёй, да самастойнай пастаноўкі разнастайных даследчых мэт, вынаходства новых спосабаў і сродкаў іх дасягнення, атрымання разнастайных, у тым ліку і нечаканых, вынікаў даследавання і іх выкарыстання для далейшага пазнання. Гэтае азначэнне датычыцца, перш за ўсё, форм праяўлення даследчай актыўнасці. Па факце гэта творчыя адносіны асобы да свету, адным са складнікаў якой становіцца матывацыйная гатоўнасць да пазнання. На сучасным этапе развіцця новых падыходаў да адукацыі і стратэгій кіравання развіццём мыслення дзіцяці асаблівую цікавасць уяўляе праблема фарміравання даследчай актыўнасці, заахвочвання, цікавасці да даследчай дзейнасці, адпаведных сэнсавых установак, матывацыі і даследчыцкай пазіцыі. Менавіта ў полі гэтых катэгорый знаходзіцца тое, што надае даследаванню індывідуальны стыль, вызначае яго выніковасць. Паміж матывам і прымушэннем да актыўнасці знаходзіцца сэнс дзеяння, і пабуджальная функцыя матыву рэалізуецца толькі праз сэнс. Матывацыю фарміруюць падзеі жыцця, якія рэальна ўспрымаюцца, а ў выпадку прымушэння — чаканні, абяцанні, прадугадванні, г.зн. пэўнае ўяўленне пра будучыню, якое склалася ці спецыяльна створана. Калі аднесці вышэйсказанае да даследчай дзейнасці, то матывацыйны механізм разгортваецца ў выпадку існавання даследчыцкага інтарэсу (“бескарыслівай цікаўнасці”), а ў выпадку першапачатковай адсутнасці або нізкага ўзроўню такой актыўнасці патрабуецца ўключаць механізм уключэння. Добра вядомыя спосабы — перайманне і эмацыянальнае заражэнне — не заўсёды бываюць эфектыўнымі. Такім чынам, для таго каб фарміраваць заахвочванне, а затым і цікавасць да даследчай дзейнасці, неабходна знайсці такія віды дзейнасці і сэнсы, якія для падлеткаў з’яўляюцца значнымі, і на іх аснове надбудоўваць новыя сэнсавыя ўтварэнні, якія ператвараюць заахвочванне ў матыў.
Даследчая дзейнасць звязана з даследчымі паводзінамі. Аднак гэта розныя паняцці. Даследчыя паводзіны разглядаюць як пошук інфармацыі; як паводзіны, накіраваныя на змяншэнне ўсхваляванасці, выкліканай нявызначанасцю, як від паводзін, выбудаваны на базе пошукавай актыўнасці і накіраваны на вывучэнне нестандартнага аб’екта або вырашэнне нетыповай сітуацыі. Само жыццё стымулюе нас пераглядаць на карысць усведамлення асаблівай каштоўнасці даследчыя паводзіны чалавека. Яны патрабуюцца ад сучаснага чалавека ў любым узросце і ў любой сферы дзейнасці. Даследчыя паводзіны — асаблівы псіхалагічны феномен, актуальны і цікавы для разгляду. Паняцце даследчых паводзін знаходзіцца сярод такіх фундаментальных паняццяў, як навучанне, інтэлект, творчасць, утвараючы з імі непарыўную сувязь. Аб біялагічных каранях даследчых паводзін красамоўна гавораць многія факты, атрыманыя ў выніку вывучэння псіхасаматычных захворванняў. Спецыялісты, якія вывучалі праблемы псіхасаматычных расстройстваў, сцвярджаюць, што пошукавая актыўнасць важная як фактар рэгулявання псіхічнага і фізічнага здароўя. Незадаволеная патрэба ў творчых (даследчых) паводзінах у чалавека можа прывесці да цяжкіх расстройстваў нервовай сістэмы і нават псіхічных захворванняў. Знешняе абмежаванне пошукавай актыўнасці прыводзіць да ўшчамлення адной з найбольш значных чалавечых патрэб — патрэб у даследчым пошуку. Больш за тое, многія псіхолагі і педагогі, якія працуюць з адоранымі дзецьмі, адзначаюць важнасць даследчых паводзін у плане развіцця і, перш за ўсё, самаразвіцця асобы.
Нерэалізаваная даследчая актыўнасць дзіцяці можа знайсці і звычайна знаходзіць выхад у дэструктыўнай дзейнасці. Гэта лёгка растлумачыць — патрэба павінна тым ці іншым спосабам задавальняцца. Аднак пры гэтым і педагогі, і бацькі, і грамадства лічаць, што маюць права абмяжоўваць даследчую актыўнасць дзіцяці. Для гэтага прыдумана шмат спецыяльных метадаў і прыёмаў, створана мноства сродкаў, якія вар’іруюцца ў залежнасці ад розных фактараў: узросту, асаблівасцей сітуацыі, прадметнага зместу дзейнасці. Для самых маленькіх — гэта “гульнявыя манежы” (куды б ні папоўз — усюды агароджа) і шматлікія забароны (“не лезь”, “не кранай”, “адстань”). Для малодшых школьнікаў — гэта часцей за ўсё няўвага да іх пытанняў (“табе рана пра гэта ведаць”, “цікаўнай Варвары…” і г.д.). Для падлеткаў — гэта падкрэслена нядбайныя адносіны да іх уласных высноў, зробленых імі на аснове ўласнага вопыту: назіранняў і эксперыментаў.
Але ці заўсёды даследчыя паводзіны пажаданы? Ці варта развіваць іх па прынцыпе “чым больш, тым лепш”? Вядомы англійскі матэматык Эшбі задаў адно несур’ёзнае пытанне аб тым, колькі антылоп загінула толькі таму, што ім было цікава паглядзець на капялюш паляўнічага? Гэтае рытарычнае пытанне перасцерагае нас аб тым, што даследчыя паводзіны не варта разглядаць аднамерна, як адзіна неабходнае, і што неабходна педагагічнае суправаджэнне не толькі ў мэтах накіравання і гарантавання бяспекі. І ўсё ж пад кіраўніцтвам педагога “бескарыслівая дапытлівасць” выдатная, яна з’яўляецца фундаментам пошукавай актыўнасці, параджае даследчыя паводзіны. Яны могуць развівацца на аснове “метаду спроб і памылак” або інтуіцыі, а могуць быць і больш канструктыўнымі, выверанымі лагічна. Гэта значыць пабудаванымі на аналізе ўласных дзеянняў, атрыманых вынікаў, сінтэзе, ацэнцы — лагічным прагнозе. Але ў гэтым выпадку мы ўжо маем права казаць не столькі пра даследчыя паводзіны, колькі пра спецыфічны від дзейнасці — дзейнасці даследчай. Даследчая дзейнасць — асаблівы від дзейнасці, які ўзнікае ў выніку функцыянавання механізма пошукавай актыўнасці і даследчых паводзін, якія будуюцца на яе базе. Але калі пошукавая актыўнасць прадугледжвае толькі пошук ва ўмовах нявызначанай сітуацыі, то даследчая дзейнасць уключае ў сябе і аналіз вынікаў, якія атрымліваюцца (у гэтым выпадку мы маем на ўвазе акт аналітычнага мыслення: аналіз, сінтэз, класіфікацыя і інш.), і ацэнку на іх аснове развіцця сітуацыі, і прагназаванне (пабудова гіпотэз) у адпаведнасці з гэтым далейшага яе эвалюцыяніравання, а таксама ма-дэляванне сваіх будучых, меркаваных дзеянняў. У далейшым усё гэта, пасля праверкі на практыцы, выводзіць пошукавую актыўнасць на новы ўзровень, і зноў уся схематычна апісаная паслядоўнасць паўтараецца.
Станаўленне цікаўнасці як комплексу разумовых здольнасцей і матывацыйных фактараў магчыма толькі дзякуючы яшчэ адной важнай асаблівасці, адзначанай у шэрагу даследаванняў. Гаворка ідзе аб эмоцыях. Эмоцыі, як вядома, — індыкатар наяўнасці патрэб і ступені іх задавальнення. Важна, каб праявы цікаўнасці, даследчых паводзін, ажыццяўленне даследчай дзейнасці былі цесна звязаны з наяўнасцю станоўчых эмоцый.
У кожнага педагога будуць знойдзены ўласныя спосабы падтрымання цікавасці, радасці, натхнення навучэнцаў. І ўсё ж некаторыя варыянты заданняў мы сёння падкажам. Уключайце ў вучэбнае ўзаемадзеянне з дзецьмі загадкі, “такнеткі”, лагічныя задачы, парадоксы, практыкаванні на асацыіраванне, пошук метафар, любыя творчыя заданні, практыкаванні, якія развіваюць адчувальнасць да праблемы, вынаходлівасць, эмпатыю. Пазнаёмце дзяцей з узроўнямі пастаноўкі пытанняў: апісальнае (хто, што, дзе, калі, як), каўзальнае (чаму, што робіць), суб’ектыўнае (што я адчуваю, што я ведаю), уяўнае (што было б, калі), ацэначнае (што правільна, а што не), пытанне, арыентаванае на будучыню (куды далей). Важна стымуляваць вучняў фармуляваць і задаваць пытанні. Заахвочвайце самастойнасць мыслення, канструктыўнае крытычнае стаўленне да чужога меркавання, смеласць розуму, слуханне сваёй інтуіцыі. Прыдумляйце для дзяцей незвычайныя заданні для ўласнага і іх натхнення. Задавайце творчы ракурс успрымання свету. Самі выконвайце заданні, якія даяце дзецям, і параўноўвайце вынікі. Прытрымліваючыся ўласнай парады, гляджу на свет праз прызму нашай сённяшняй тэмы. Бачу даследчыкаў вакол сябе і нават у кнігах, якія чытаю для забавы. Напрыклад, вылучаю як пачынаючага даследчыка гераіню апавядання Славы Сэ Лялю, якая пытаецца ў свайго таты: “Ці ведае іх хатні кот пра тое, што смертны, і ці скарыўся ён гэтаму?”. Пачала збіраць калекцыю незвычайных назваў фільмаў, кніг, дзе выкарыстоўваюцца супрацьлеглыя антаганістычныя паняцці, вобразы, якія па-новаму раскрываюць сэнсы слоў: “Назад у будучыню”, “Такі ж не такі як я”, “Пайсці, каб застацца”, “З шырока заплюшчанымі вачыма”, “Нязносная лёгкасць быцця” і г.д. Дарагія чытачы, калі вы не супраць задання для натхнення, размінкі для ўласнай даследчай дзейнасці, выканайце такое заданне: у вас ёсць дзесяць елак, вам трэба пасадзіць іх у пяць радоў па чатыры елкі ў кожным. Жадаем адчуць радасць ад адкрыцця цікавага рашэння. Не спяшайцеся карыстацца падказкай.
Даследчая дзейнасць не самамэта, а сродак развіцця асобы дзіцяці і ўдасканалення яго інтэлектуальна-творчага патэнцыялу. Калі скарыстацца рэдкім метадам у псіхалогіі “мадэлявання паводзін паспяховых людзей”, то можна зрабіць высновы аб тым, што:
90% выдатных людзей валодалі высокім інтэлектам, цікаўнасцю, задавалі шмат пытанняў, імкнуліся вызначыцца;
75% выдатных людзей рана пасталелі, былі не па гадах развітыя ў разумовых адносінах, адрозніваліся маральнасцю, крытычнасцю, прамалінейнай сумленнасцю, былі сур’ёзныя;
амаль 90% з іх былі настойлівыя, валодалі моцнай воляй, моцным імкненнем да высокіх дасягненняў;
75% былі стараннымі працаўнікамі, добра пераносілі адзіноту і вызначаліся цвёрдасцю, атрымлівалі задавальненне ад сваёй работы, былі экспрэсіўныя, адкрытыя духоўнаму вопыту і фантазіям.
Назірайце за сваімі навучэнцамі, складайце ўласныя спісы асаблівасцей псіхічнага развіцця дзяцей, якія з задавальненнем займаюцца даследчай дзейнасцю, дзяліцеся вопытам з іншымі педагогамі. Жывіце ў прафесіі цікава, як сапраўдны даследчык.

Псіхалагічнае люстэрка

Даследаваць ці прымаць на веру?!

Супярэчлівая сітуацыя выбару — даследаваць або прымаць на веру — прысутнічае ў жыцці навучэнцаў. Выбар на карысць даследавання часцей будзе здзяйсняцца тады, калі працэс вучэння будзе суправаджацца сумесным асобасным ростам настаўніка і вучня, заахвочваннем даследчай актыўнасці, нягледзячы на псіхалагічныя цяжкасці пастаяннага знаходжання ў працэсе пошуку і ўнутранага напружання. Вывучэнне даследчых уменняў навучэнцаў можна паспяхова ажыццяўляць падчас назіранняў. А.І.Савянкоў лічыць, што педагог, назіраючы за вучнямі ў сітуацыях, якія патрабуюць даследчых паводзін, можа арыентавацца на наступныя ўменні: бачыць праблемы; ставіць пытанні; вылучаць гіпотэзы; даваць азначэнні паняццяў; класіфікаваць; назіраць; праводзіць эксперыменты; рабіць высновы; структураваць матэрыял; тлумачыць, даказваць і абараняць свае ідэі.
Для вывучэння сфарміраванасці даследчых уменняў можна выкарыстоўваць карту назірання “Экспертная ацэнка даследчых уменняў”, якая складаецца з 20 пунктаў (кожнаму крытэрыю адпавядаюць два пункты).
1. Цікаўны ў самых розных галінах. Умее ўспрымаць і апісваць аб’ект з розных пунктаў гледжання.
2. Задаючы пытанне, фармулюе сваю думку і правільна выкарыстоўвае пытальныя словы. Умее скласці ланцужок з некалькіх пытанняў для вызначэння асноўных уласцівасцей аб’екта.
3. Прапаноўвае вялікую колькасць розных ідэй або варыянтаў вырашэння праблемы; незвычайныя, нестандартныя, арыгінальныя ідэі па вырашэнні праблемы або выкарыстанні аб’ектаў, правіл, законаў, праграм і г.д.
4. Умее апісаць аб’ект, вылучаючы яго асноўныя ўласцівасці. Умее па зададзеным азначэнні (апісанні) пазнаць аб’ект.
5. Умее аднесці аб’ект да якога-небудзь класа. Умее класіфікаваць групу аб’ектаў па розных прыметах.
6. Хутка рэагуе на памылкі і недакладнасці, выпраўляе іх. Падчас назірання заўважае не толькі асноўныя, але і другарадныя аб’екты і з’явы.
7. З цікавасцю ўдзельнічае ў арганізацыі і правядзенні эксперыментаў. Імкнецца праверыць свае здагадкі (гіпотэзы) доследным шляхам.
8. Умее зрабіць выснову па выніках праведзеных назіранняў або эксперыментаў. Умее скласці анатацыю (кароткі пераказ, канспект) вучэбна-навуковага тэксту.
9. Умее прадставіць матэрыял, які вывучаецца, у выглядзе схемы, табліцы, спісу. Умее па прапанаванай схеме аднавіць тэкст.
10. Удзельнічае ў дыспутах і абмеркаваннях; умее пераканаць суразмоўцу ў сваёй слушнасці. Добра выкладае свае думкі, мае вялікі слоўнікавы запас, спасылаецца на кампетэнтныя крыніцы.
Па кожным пункце выстаўляецца адзнака па пяцібальнай шкале: 1 бал азначае, што ўменне не праяўляецца “ніколі”; 2 балы — “рэдка”; 3 балы — “часам”; 4 балы — “часта”; 5 балаў — “увесь час”. Максімальную колькасць балаў, якую можа атрымаць вучань, роўная ста. Пра дасканаласць даследчых уменняў можна меркаваць па ступені набліжэння да максімальнай сумы.

Святлана РАДЗЬКОВА,
дацэнт кафедры псіхалогіі і прадметных методык МГІРА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.