Лета набліжаецца да свайго экватара. У разгары і летняя аздараўленчая кампанія, арганізаваная для нашых дзяцей. Якія яна мае асаблівасці, якім зместам напоўнена, што знаходзіцца ў прыярытэце — пра гэта нашым чытачам расказвае кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Л.В.ЕМЯЛЬЯНЧЫК.
— Ларыса Васільеўна, як выглядае сёлетняя летняя аздараўленчая кампанія? Якімі нарматыўнымі дакументамі кіруецеся пры яе арганізацыі?
— Летняя аздараўленчая кампанія 2021 года ўвойдзе ў гісторыю, мабыць, як самая запатрабаваная, бо назіраецца вялікі попыт на адпачынак і аздараўленне дзяцей у аздараўленчых лагерах. Мяркуйце самі. Па стане на канец чэрвеня ў 3733 аздараўленчых, спартыўна-аздараўленчых лагерах адпачывалі каля 200 тысяч дзяцей. З іх 30 200 дзяцей — у 340 кругласутачных лагерах, а амаль 165 тысяч дзяцей — у 3394 дзённых лагерах. З мэтай забеспячэння сістэмнага функцыянавання аздараўленчых лагераў рэалізуюцца асноўныя падыходы, выкладзеныя ў пратаколе даручэнняў Савета Міністраў па падрыхтоўцы і правядзенні летняй аздараўленчай кампаніі 2021 года ад 24 мая 2021 г. № 38 / 9пр, загадзе Міністэрства адукацыі “Аб арганізацыі летняй аздараўленчай кампаніі 2021 года” ад 17.05.2021 г. № 378, інструктыўна-метадычных пісьмах (размешчаны на інтэрнэт-партале Міністэрства адукацыі) і даведзены да ведама ўсіх зацікаўленых. У маі гэтага года ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” быў праведзены рэспубліканскі семінар для арганізатараў летняга адпачынку і аздараўлення дзяцей з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў аховы здароўя, унутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях і іншых зацікаўленых структур. Калектыў НДЦ “Зубраня” распрацаваў адзіны інфармацыйна-метадычны рэсурс для выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі, на якім размешчаны актуальныя выхаваўчыя практыкі, метадычнае суправаджэнне дзейнасці аздараўленчых лагераў.
— Раскажыце больш падрабязна пра гэты рэсурс.
—Наяўнасць і даступнасць інфармацыйных рэсурсаў шмат у чым вызначае ўзровень развіцця ўстаноў адукацыі. Гэта датычыцца і выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі як часткі сістэмы адукацыі нашай краіны. Стварэнне паўнавартасных інфармацыйных рэсурсаў выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі з’яўляецца дастаткова складанай задачай як у арганізацыйным плане, так і ў плане забеспячэння зместавага напаўнення рэсурсу з-за сезоннасці функцыянавання аздараўленчых лагераў. Але практыка правядзення дыстанцыйнага фестывалю інфармацыйных рэсурсаў аздараўленчых лагераў “Лета анлайн” паказала, што нават пасля 3 месяцаў летняй аздараўленчай кампаніі інтэрнэт-прастора напаўняецца матэрыяламі аздараўленчых лагераў Беларусі на працягу ўсяго навучальнага года. У гэтым годзе таксама назіраецца высокая актыўнасць творча працуючых педагогаў па стварэнні розных інфармацыйных рэсурсаў: сайтаў, інтэрнэт-старонак, віртуальных метадычных кабінетаў, метадычных скарбонак, інфармацыйна-метадычных выстаў, сайтатэк, медыятэк, груп у сацыяльных сетках, асабістых блогаў і электронных партфоліа педагогаў і г.д.
Паўнавартаснай пляцоўкай для распаўсюджвання лепшых выхаваўчых i аздараўленчых тэхналогій стаў інтэрнэт-рэсурс для выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі, які размяшчаецца на сайце Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”. Задачы гэтага інтэрнэт-рэсурсу наступныя: інфармацыйна-метадычная падтрымка спецыялістаў сістэмы адпачынку і аздараўлення, укараненне адзіных падыходаў да арганізацыі выхаваўчай і метадычнай работы ў выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі (на гэта накіраваны такія старонкі, як “У дапамогу арганізатару летняга адпачынку і аздараўлення”, “Нарматыўнае прававое забеспячэнне выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі”, “Метадычныя рэкамендацыі і практычныя матэрыялы для педагогаў выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі па напрамках выхавання”, “Конкурсы, фестывалі, канферэнцыі”, “Вучэбныя семінары” і інш.). Інтэрнэт-рэсурс з’яўляецца пляцоўкай для функцыянавання прафесійных сеткавых супольнасцей спецыялістаў сістэмы адпачынку і аздараўлення, дзейнасць якіх спрыяе распаўсюджванню перадавога педагагічнага вопыту. У рамках прафесійных сеткавых супольнасцей праводзяцца вэбінары, круглыя сталы, анлайн-сустрэчы, прэзентацыі лепшых практык дзейнасці аздараўленчых лагераў. І што немалаважна, відэазапісы і матэрыялы ўсіх мерапрыемстваў размяшчаюцца на інтэрнэт-рэсурсе ў свабодным доступе. Гэта дае магчымасць педагогам аздараўленчых лагераў карыстацца імі ў любы зручны час. Таксама ў дапамогу арганізатару летняга адпачынку створана метадычная скарбонка, у якой размешчаны матэрыялы (сцэнарыі, відэазапісы, праграмы змен, конкурсныя матэрыялы і да т.п.) для арганізатараў дзіцячага адпачынку. Пры гэтым вялікая частка матэрыялаў — гэта лепшыя распрацоўкі НДЦ “Зубраня” і аздараўленчых лагераў Беларусі. Штогод праводзяцца тэматычныя віртуальныя метадычныя выставы, матэрыялы якіх размяшчаюцца на старонках інтэрнэт-рэсурсу ў свабодным доступе (напрыклад, “92 дні падарожжа па здароўе”, “Рэцэпты карысных вакацый” і інш.).
Сучасныя патрабаванні да інфармацыйных рэсурсаў для педагогаў падразумяваюць магчымасць пабудовы індывідуальнага адукацыйнага маршруту кожным яго наведвальнікам. У цяперашні час вядзецца актыўная работа па стварэнні на сайце НДЦ “Зубраня” адзінай адукацыйнай платформы для спецыялістаў сістэмы адпачынку і аздараўлення з рознымі інтэрактыўнымі сэрвісамі, якія дазволяць забяспечыць практычную адпрацоўку спецыялістамі эфектыўных форм педагагічнага ўзаемадзеяння, тэхналогій выхавання і аздараўлення, новых кіраўнічых механізмаў.
— На летні перыяд прыпадаюць дзве знамянальныя і памятныя даты. Сёлета мы адзначаем 80-годдзе з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а 3 ліпеня святкуем Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Якія мерапрыемствы арганізаваны ў гонар гэтых дат? Як увогуле развіваецца сёння патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення?
— Патрыятычнае выхаванне дзяцей і навучэнскай моладзі можна лічыць адным з прыярытэтаў сістэмы адукацыі нашай краіны.
З мэтай бесперапыннасці і сістэмнасці работы па патрыятычным выхаванні навучэнцаў у выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі арганізаваны мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці, многія з якіх сталі традыцыйнымі. Так, напрыклад, у кожным аздараўленчым лагеры з дзённым і кругласутачным знаходжаннем запланаваны патрыятычныя тэматычныя змены з прыцягненнем воінскіх часцей, МУС, МНС, Міністэрства абароны. У кожнай змене праводзяцца ўрачыстыя лінейкі “Нашы сімвалы — наша гордасць”, у рамках якіх расказваецца аб дзяржаўнай сімволіцы нашай краіны. (Адзін з прыкладаў правядзення свята можна паглядзець на сайце http://zubronok.by/.)
Традыцыя ўзняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь лепшымі выхаванцамі змены і выкананне Дзяржаўнага гімна нашай краіны з’яўляюцца неад’емнай часткай выхаваўчай работы ў аздараўленчым лагеры. Асаблівую значнасць набываюць мерапрыемствы па святкаванні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, аб’яднаныя тэмай “Я ганаруся, што я грамадзянін сваёй краіны” і стварэннем відэасюжэтаў, якія размяшчаюцца на сайтах выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі.
Праводзяцца інфармацыйныя гадзіны з запрашэннем прадстаўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, прадстаўнікоў БРСМ і БРПА, ветэранскіх арганізацый, праваахоўных органаў, вядомых людзей рэгіёна і інш. З прыкладнай тэматыкай інфармацыйных гадзін можна азнаёміцца на сайце НДЦ “Зубраня” (http://zubronok.by/).
У год 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны 22 чэрвеня ў выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі былі праведзены ўрачыстыя лінейкі, прыспушчаны сцягі ў знак жалобы і памяці аб загінуўшых. Праведзены ўрокі памяці і смутку, урокі мужнасці і іншыя тэматычныя інфармацыйныя мерапрыемствы, ваенна-спартыўныя гульні і спаборніцтвы.
Нагадаю, што міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка 22 чэрвеня на палігоне “Брэсцкі” 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Венскай Чырванасцяжнай брыгады правёў урок мужнасці для фіналістаў Рэспубліканскага фіналу ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”.
У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны каля мемарыяльнага комплексу на Алеі Герояў у Мінску адкрыўся рэспубліканскі злёт навучэнцаў, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах (класы) ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Яго ўдзельнікі ўсклалі гірлянду да манумента Герояў і наведалі Дзяржаўны музей ваеннай гісторыі.
У Віцебскай вобласці кадэты, члены пошукавых атрадаў “Следапыт” і “Пошук” у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны прынялі ўдзел у перапахаванні байцоў Чырвонай Арміі, якія загінулі ў ліпені 1941 года пры абароне Полацка. Ля стэлы ахвярам фашызму “Мінулых дзён светлая памяць” навучэнская моладзь правяла рэйд памяці.
Патрыятычная акцыя “Звон смутку” прайшла ў аздараўленчых лагерах з дзённым знаходжаннем, лагерах працы і адпачынку Магілёўскай вобласці. Для выхаванцаў быў арганізаваны прагляд мастацкіх фільмаў пра вайну, у бібліятэках устаноў адукацыі аформлены тэматычныя выставы літаратуры “І памятае свет уратаваны…”.
У сакавіку бягучага года Міністэрства адукацыі сумесна з Міністэрствам культуры абвясцілі рэспубліканскі культурна-патрыятычны кінамарафон “Глядзі і памятай”, у рамках якога навучэнцы могуць глядзець мастацкія фільмы з наступным абмеркаваннем і стварэннем кінаплакатаў. Гэтая работа працягваецца ў выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі. Сеансы прагляду такіх фільмаў прадугледжаны як у лагерах, так і ў кінатэатрах.
Сумесна з БРСМ і БРПА ў дзіцячых аздараўленчых лагерах з дзённым і кругласутачным знаходжаннем праводзяцца патрыятычныя гульні, конкурсы, спартакіяды і г.д. У якасці асновы для іх правядзення выкарыстоўваецца ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца”.
Адзначу, што павялічваецца колькасць аздараўленчых лагераў ваенна-патрыятычнага і абаронна-спартыўнага профілю для дзяцей і падлеткаў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або ў дачыненні да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Кожны такі непаўналетні будзе стапрацэнтна ахоплены рознымі формамі занятасці і аздараўлення на працягу ўсяго лета. Акрамя таго, дастаткова ўвагі ўдзяляецца аздараўленню ў лагерах дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей-інвалідаў, дзяцей з няпоўных, шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў з прыцягненнем сродкаў мясцовых бюджэтаў.
— Набыла папулярнасць сярод дзяцей турысцка-экскурсійная дзейнасць. Як яна развіваецца гэтым летам?
— У перыяд летніх канікул плануецца больш актыўнае далучэнне нашых дзяцей да турысцка-экскурсійнай дзейнасці. У рамках функцыянавання летніх аздараўленчых лагераў Міністэрства адукацыі прапануе ўключыць у іх работу не менш за два экскурсійныя маршруты. Адзін уключае экскурсію па тым рэгіёне, дзе месціцца лагер, а другі — рэспубліканскі (міжрэгіянальны) маршрут з наступным запаўненнем дзённіка вандроўніка. Для правядзення экскурсій максімальна задзейнічаны школьныя аўтобусы, пры невялікай працягласці маршруту можна выкарыстоўваць пешыя экскурсіі. У кожным раёне, мястэчку, вёсцы ёсць свае славутасці, звязаныя з гісторыяй, культурай, прыродай роднага краю. Для арганізацыі рэгіянальных экскурсій і тураў выкарыстоўваюцца даведнікі рэгіянальных экскурсійных маршрутаў адукацыйнай накіраванасці, створаныя ўдзельнікамі рэспубліканскага конкурсу па распрацоўцы рэгіянальных экскурсійных маршрутаў “Дарогамі ведаў”. Усе пералічаныя матэрыялы па турысцка-экскурсійнай рабоце размешчаны на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца экскурсіям і турам ваенна-патрыятычнай накіраванасці, у тым ліку на мемарыяльныя комплексы “Брэсцкая крэпасць-герой”, “Хатынь”, “Буйніцкае поле”, “Трасцянец”, “Яма”, гістарычна-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, Курган Славы, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і інш.
Звярну ўвагу і на тое, што ў летнюю аздараўленчую кампанію больш поўна выкарыстоўваецца патэнцыял устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Стабільны рэжым іх функцыянавання ў летні перыяд і рэгулярнае правядзенне заняткаў аб’яднанняў па інтарэсах розных профіляў па гнуткім графіку работы — адна з умоў карыснай занятасці дзяцей і падлеткаў, прафілактыкі правапарушэнняў і няшчасных выпадкаў.
— Якія падыходы найбольш актуальныя для паспяховага правядзення летняй аздараўленчай кампаніі?
— Найбольшая ўвага скіравана на няўхільнае выкананне правіл бяспечных і адказных паводзін усімі, хто задзейнічаны ў арганізацыі дзіцячага адпачынку, а таксама на стварэнне бяспечных умоў у месцах адпачынку і аздараўлення дзяцей. Асаблівы акцэнт — на забеспячэнне аховы тэрыторыі лагераў і выкананне строгага прапускнога рэжыму, а таксама на арганізацыю пастаяннага кантролю за наведваннем тэрыторыі лагера іншымі асобамі. Дадаткова праводзіцца растлумачальная работа з арганізатарамі дзіцячага адпачынку і аздараўлення: кiраўнiкамi загарадных аздараўленчых лагераў, лагераў з дзённым знаходжаннем, кіраўнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, педагагічнымі работнікамі. Запланаваны пастаянныя выезды спецыялістаў органаў кіравання адукацыяй у аздараўленчыя лагеры для дадатковага вывучэння на месцах узроўню бяспекі дзяцей і супрацоўнікаў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца забеспячэнню пуцёўкамi ў аздараўленчыя лагеры дзяцей са шматдзетных сем’яў, дзяцей-сірот, дзяцей з апякунскіх сем’яў і дзяцей, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, іншых сацыяльна неабароненых катэгорый дзяцей.
Выкананне названых і іншых мер будзе ў значнай ступені спрыяць павышэнню эфектыўнасці функцыянавання выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі.
На сайце нашага міністэрства, НДЦ “Зубраня” размешчаны ўсе неабходныя метадычныя матэрыялы і палажэнні аб рэспубліканскіх конкурсах і акцыях у рубрыцы “Лета-2021”. Інфармацыя аб правядзенні мерапрыемстваў у аздараўленчых лагерах размяшчаецца на сайтах органаў кіравання адукацыяй, аздараўленчых лагераў з указаннем спасылак на размяшчэнне інфармацыі, у тым ліку і пра публікацыі ў СМІ.
Гутарку вяла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.