Цікавасць да фізікі пачнуць фарміраваць з пачатковых класаў

- 11:08Образование

Міністэрства адукацыі зацвердзіла праграму факультатыўных заняткаў для пачатковай школы «Лабараторыя адкрыццяў». Адпаведная пастанова размешчана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Мэта — паглыбіць веды вучняў пра навакольны свет, сфарміраваць цікавасць да вывучэння прыродазнаўчых дысцыплін.

Выкарыстоўваць праграму факультатыву можна ў 1-м або 2-м класе ў залежнасці ад узроўню падрыхтоўкі малодшых школьнікаў. На занятках будуць вучыць аналізаваць і разумець фізічную прыроду розных з’яў і працэсаў. Дзеці атрымаюць уяўленні пра асаблівасці ўнутранай будовы рэчыва ў трох асноўных агрэгатных станах, умовы плавання цела ў вадкасці, цеплаправоднасць матэрыялаў, а таксама прызначэнне і работу разнастайных прыбораў і інш. Навучэнцы будуць праводзіць нескладаныя доследы, удзельнічаць у даследчай рабоце, вылучаць гіпотэзы, фармуляваць высновы і г. д. У далейшым атрыманыя веды павінны аблягчыць працэс спасціжэння фізікі.

Як расказалі ў Акадэміі адукацыі, да правядзення заняткаў могуць прыцягвацца настаўнікі фізікі. Факультатыў прадугледжвае гульнявую форму навучання, эксперыменты і мадэляванне. Пераважнымі арганізацыйнымі формамі навучання, якія дазваляюць фарміраваць у вучняў камунікатыўныя навыкі і ўменне супрацоўнічаць, з’яўляюцца групавыя і парныя. Педагогам рэкамендуюцца наступныя метады навучання: слоўныя (аповед, тлумачэнне, гутарка), наглядныя (назіранне, дэманстрацыя), практычныя (практычная работа, калектыўныя і індывідуальныя даследаванні, самастойная работа, гульня, праекты), часткова-пошукавыя, даследчыя, а таксама праблемнае выкладанне. Для тлумачэння пэўных з’яў або працэсаў, якія адбываюцца ў прыродным і рукатворным свеце, выкарыстоўваецца метад «мадэляванне маленькімі чалавечкамі» тэорыі рашэння вынаходніцкіх задач.

Напрыканцы навучальнага года праводзяцца выніковыя заняткі ў форме выставы-прэзентацыі індывідуальных праектаў. Дарэчы, кантроль дасягненняў вучняў ажыццяўляецца пры дапамозе назірання за іх актыўнасцю на занятках, гутарак з дзецьмі пры выкананні доследаў і эксперыментаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з архіва рэдакцыі