Сёлета ва ўстановы адукацыі Жабінкаўшчыны прыехалі 10 маладых спецыялістаў. Сярод іх — Дзяніс Казлюк. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Настаўнік фізкультуры Дзяніс Казлюк з сярэдняй школы № 1 імя І.М.Зубачова Жабінкі родам з Кобрына. На работу дабіраецца на электрычцы. 20 кіламетраў для спартсмена, які першым фінішаваў на раённым марафоне з нагоды Дня народнага адзінства, — не адлегласць.
У сям’і Дзяніса Алегавіча педагогаў не было. І ён наўрад ці калі думаў, што звяжа жыццё са школай, бо з дзяцінства захапляўся спортам, асабліва футболам. Па гэтай прычыне паступіў на факультэт арганізацыі здаровага ладу жыцця ў ПалесДУ. Перспектыва апынуцца пасля вучобы ў школе Дзяніса Казлюка не пужала. Цяжкасцей ён не баіцца, а паспяхова іх пераадольвае. Таму ад работы ў яго выключна станоўчыя ўражанні, хаця ў школе малады спецыяліст працуе ўсяго другі месяц.
— Ведаў і навыкаў, атрыманых ва ўніверсітэце, больш чым дастаткова, — гаворыць педагог. — Заўсёды магу разлічваць на дапамогу калектыву, у тым ліку свайго куратара настаўніка фізкультуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Аляксандра Дарафейчука.
Дзяніс Алегавіч займаецца з вучнямі 2—3 класаў. Дзецям малады педагог падабаецца, як і іх бацькам. Цікавасць да фізкультуры і здаровага ладу жыцця настаўнік павышае ў выхаванцаў найперш уласным прыкладам, кіруючыся прынцыпам “рабі, як я”.
Гаварыць пра далейшыя планы Дзяніс Казлюк не бярэцца, бо збіраецца на тэрміновую службу ў арміі. Але абяцае, што абавязкова пасля яе вернецца ў школу.
На гэта вельмі разлічвае і кіраўніцтва ўстановы адукацыі, якое стварае для маладых педагогаў максімальна камфортныя ўмовы, каб забяспечыць замацавальнасць кадраў.
Адміністрацыя ўстановы прызначае маладым спецыялістам высокакваліфікаваных куратараў, якія працуюць з імі не “для птушачкі”. Для немясцовых жыхароў складаецца зручны графік работы. Вялікая ўвага ўдзяляецца павышэнню кваліфікацыі маладых кадраў. Усё гэта дапамагае не толькі хутка і паспяхова адаптавацца на першым працоўным месцы, але і замацавацца на ім.
— Радуе, што ў школу пасля тэрміновай армейскай службы вярнуўся настаўнік фізікі Іван Богдан, які мог застацца ў родным Брэсце, але ўсё ж такі выбраў нас, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Інга Лазоўская. — Каб замацаваць маладога педагога, вырашаем пытанне з прадастаўленнем яму арэнднага жылля.
Другі год працуе ў школе настаўніца пачатковых класаў Ірына Калюжная. За невялікі час яна паспела перамагчы ў адпаведнай намінацыі раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Суперпрофі”. І спыняцца на дасягнутым малады спецыяліст не збіраецца.
Пяты год працуе ва ўстанове настаўніца гісторыі Настасся Баган з Пінска. У Жабінцы ёй далі арэнднае жыллё. Умовы работы педагогу падабаюцца.
На 6 гадоў затрымалася ў школе і педагог-псіхолаг Кацярына Цітова з Брэста, якая ездзіць у горад-спадарожнік на грамадскім транспарце.
— Маладымі настаўнікамі мы задаволены, — адзначае Інга Лазоўская. — Галоўнае, каб у іх гарэлі вочы, а ўсяму астатняму можна навучыць. У моладзі нам вельмі падабаюцца адкрытасць, крэатыўнасць і імкненне да самаразвіцця.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара