Цуд — гэта проста

- 10:35Авторские колонки, Мнение
Кацярына Мацевіч

Па ўсёй краіне 15 снежня пачала сваё добрае шэсце акцыя “Нашы дзеці”.

З году ў год акцыя маштабна выглядае не толькі па колькасці ўцягнутых людзей. Толькі на Гро­дзеншчыне яна сёлета ахопіць каля 150 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. Лідар акцыя і па колькасці цяпла, якое сее на сваім шляху. Кожны раз аўтарамі такой цеплыні становяцца чараўнікі-дарослыя.

Усе чакаюць цудаў незалежна ад узросту і жыццёвых поглядаў. Памятаю, першая ёлачка ў нашай маладой сям’і з’явілася ў год нараджэння сына. Яшчэ зусім маленькім ён шчыра дарыў свае першыя ўсмешкі не толькі бацькам і бабулям з дзядулямі, але і іскрыстаму навагодняму дрэву ў самым цэнтры пакоя.

Год за годам нараджалася і вера ў перадсвяточныя цуды. Напярэдадні каталіцкага Раства адным з такіх на працягу многіх гадоў для яго станавілася з’яўленне ў доме ёлкі. Спытаеце, што ў гэтым незвычайнага? Усё залежыць ад таго, як гэтая самая ёлка прыходзіць у дом. Запазычанай у бацькоў традыцыяй у нашай сям’і стала яе цудоўнае з’яўленне. Прыносіў яе ніхто іншы, як Дзед Мароз. Няхай і штучную ёлку заўсёды ставілі ўначы, а ля падножжа прыбранай прыгажуні сын раніцай знаходзіў пакінутыя чараўніком сляды — пад трафарэт татавых тапак прасеяную муку. І гэтую казачнасць ён з поўнай рашучасцю аберагаў як мага даўжэй — стараўся не пашкодзіць сляды і крадком пазіраў за мной у дзень уборкі: як бы мама не знішчыла ра­зам з пылам чароўнае прывітанне ад Дзеда Мароза. Прычым не да канца прадуманую бацькоўскую легенду дзіця з лёгкасцю прыстасавала да чара­дзейнасці ў дробязях. Памятаю, пяцігадовы сын казаў, што ў Дзеда Мароза нават снег асаблівы — ён не растае.

Заўважыўшы ў цёплую пару года акуратна прыхаваную ёлку ў далёкім куце шафы, ён нават тады не пераставаў чакаць, што прынясе прыгажуню абавязкова зімовы чараўнік. Верыць у казку цікава, а калі яшчэ, як не ў дзяцінстве, ёй павінна быць адведзена асаблівае месца?!

Не бянтэжыла сына і тое, што сябры ёлку ставілі самі. А вось калі суседская дзяўчынка даведалася прычыну бруднай падлогі, прыйшлося падзяліцца маленькім сакрэтам. З поўнай сур’ёзнасцю яна заявіла бацькам, што ёлка ў іх доме няправільная. Выпраўлялі непаразуменне амаль у экстранным парадку. На наступную раніцу каля дамашняга цэнтра святочнага настрою з’явіліся снежныя сляды, а на ёлцы — новыя цацкі, пакінутыя, безумоўна, казачным чынам.

Сёння сыну ўжо адзінаццаць, і ён упэўнены, што можа сам станавіцца гэтакім чараўніком. Пад дыктоўку малодшай сястры старанна выводзіў ліст на вядомы адрас у Белавежскай пушчы (адтуль, дарэчы, заўсёды прыходзіць адказ!). Прыемна, што ў перадсвяточнай заяўцы ён сам вырашыў выканаць адно з пажаданняў… Мабыць, менавіта так чараўніцтва працягвае свой шлях. І гэта не можа не цешыць.

Напярэдадні калядных і навагодніх свят журналісты быва­юць на дзясятках мерапрыемстваў для дзяцей у асноўным уразлівых катэгорый. На кожным з такіх прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў, праф­саюзаў і проста неабыякавыя людзі з такой жа даб­рынёй дораць свята сотням чужых дзяцей. У сілу прафесіі гледзячы на кухню добрай акцыі “Нашы дзеці”, як кажуць, знутры, не адзін раз лавіла сябе на думцы: гэта самае добрае святочнае пачынанне. Пераконваюць у гэтым галоўным чынам не ўчынкі і дзеянні людзей, якія прыходзяць з падарункамі, а вочы дзяцей, якія іх атрымліваюць.