Цуды з паперы

- 14:59Выхаваўчая прастора

Каб зацікавіць і заахвоціць дзіця да творчасці, яго трэба здзівіць. Які груз могуць вытрымаць палоскі, скручаныя ў трубачкі? Ці можна з тонкага сшытка зрабіць вялікі аб’ёмны куб? Ці распусцяцца пялёстак за пялёсткам папяровыя кветкі на вадзе? Вядома, калі ў дзіцяці на вачах адбываецца амаль немагчымае, яму хочацца гэта паўтарыць.

Пачыналася ўсё з простых і нескладаных фігурак, з гісторыі ўзнікнення мастацтва арыгамі. Дзецям, якія вучацца ў полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны, цікава было даведацца, што раней толькі прывілеяваныя класы валодалі навыкамі мастацтва складання фігурак з паперы. І гэта быў спосаб заявіць аб сваёй высакароднасці і мастацкім гусце. Запіскі ў форме матылька, жураўля ці кветкі служылі сімвалам кахання і добрых адносін. Дзяцей імператара абавязкова вучылі мастацтву арыгамі. Гэта дапамагала выхоўваць у будучым імператары ўседлівасць, дысцыплінаванасць, лагічнае мысленне, здольнасць вырашаць цяжкія задачы і не спыняцца на палове шляху. І хочацца, каб такімі ж якасцямі валодалі і нашы выхаванцы.

Для заняткаў з дзецьмі падбіраю нескладаныя і цікавыя вырабы, якія могуць прымяняцца практычна. Спачатку гэта былі ўсім вядомыя самалёцікі. Мы зрабілі шэсць розных мадэлей і наладзілі іспыты на дакладнасць, далёкасць, манеўранасць, функцыянальнасць (якая мадэль лепшая і для якіх мэт можа выкарыстоўвацца). Потым была калекцыя жабак. І таксама наладжвалі спаборніцтвы, чыя жабка пераскочыць далей з парты на парту. Важныя і памер, і мадэль, і акуратнасць выканання. На наступных занятках асвойвалі папяровую мэблю. Дзеці былі дызайнерамі свайго пакоя і засялялі яго маленькімі папяровымі жыхарамі. Тут жа і пачыналася гульня…

На свята 8 Сакавіка дзеці вырабілі велізарныя букеты і павіншавалі мам, бабуль, настаўніц шыкоўнымі цюльпанамі. Зрабілі вялікую колькасць скрыначак-матрошак: у каго больш па колькасці, у каго самая маленькая па памеры. А як прыемна падарыць сябру невялікі сувенір ва ўпакоўцы ўласнай вытворчасці ў форме канверціка, куфэрачка ці табакеркі!

Але самае цікавае і захапляльнае — цацкі-трансформеры, галаваломкі, бясконцыя паштоўкі. Яны зачароўваюць сваімі загадкавымі формамі, здольнасцю трансфармавацца ў іншыя фігуры, шматлікімі канфігурацыямі. Гуляць з імі цікава не толькі дзецям, але і дарослым.

Кожныя заняткі пачынаюцца з пытання “Што новае будзем рабіць?”. Даводзіцца праглядваць шмат літаратуры, відэаўрокаў, майстар-класаў, самой складаць мадэль некалькі разоў, каб дабіцца хуткасці і лёгкасці выніку і пераканаць дзяцей, што гэта нескладана.

Бацькам таксама падабаецца захапленне дзяцей. Яны расказваюць, што дома ў іх ужо сабралася цэлая калекцыя цацак. Галаваломкамі і трансформерамі яны здзіўляюць сяброў і родных.

Яшчэ адзін плюс арыгамі — гэта мінімум затрат. Папера можа падысці любая: газеты, часопісы, спісаныя сшыткі і г.д. Выкарыстоўваючы другасную сыравіну, мы выхоўваем беражлівыя адносіны да прыроды. Усяму, што ўмею рабіць сама, хачу навучыць сваіх выхаванцаў.

Іна ГРАЖЭЎСКАЯ,
выхавальніца полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны.