У справе прафесійнага самавызначэння навучэнцаў найбольш мэтазгодна выкарыстоўваць магчымасці рэгіёна, спалучаючы экскурсійную і прафарыентацыйную дзейнасць. Адным з самых цікавых аб’ектаў турызму на Прыпяцкім Палессі з’яўляецца вёска Гарадная Столінскага раёна. Тут дзейнічае адзіны ў краіне Цэнтр ганчарства, дзе, акрамя агляду музейных экспанатаў, можна непасрэдна азнаёміцца з тэхналогіяй ганчарнай справы. А галоўнае — майстры заўсёды гатовы прадэманстраваць традыцыйную тэхналогію вытворчасці посуду.
Сюды і адправіліся навучэнцы Столінскай дзяржаўнай гімназіі, каб пазнаёміцца з вёскай, якая на працягу стагоддзяў вядома як цэнтр традыцыйнай ганчарнай вытворчасці. У 1579 годзе мястэчка атрымала магдэбургскае права і ўласны герб “у срэбным полі лось з залатымі рагамі”, пацверджаны 17 сакавіка 1792 года. Шмат выпрабаванняў выпала на долю гараднянцаў: набегі мангола-татар, паўстанні, войны. Неаднаразова вёска была разбурана, але людзі не скардзіліся на лёс. Усе цяжкасці пераадольвалі ўпартасцю і працай. Умельцы-ганчары дзень і ноч круцілі ганчарнае кола, ствараючы выдатны посуд з вельмі трывалай і якаснай гліны. Збаны, гаршкі, міскі потым прадавалі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Прадаюць і цяпер. Стала ўжо традыцыяй раз у два гады праводзіць у Гарадной міжнародны пленэр ганчарнага майстэрства, у якім бяруць удзел майстры з многіх краін Еўропы.
У Цэнтры ганчарства сёння можна не толькі ўбачыць працу ганчара, але і далучыцца да ганчарнага мастацтва. У музеі “Сядзіба ганчара” ўсё сапраўднае: хата, падворак, печ для абпалу гліны, калодзеж, ганчарны круг, посуд. Пазнаёміўшыся з гісторыяй вёскі, вучні зацікавіліся і самім механізмам вытворчасці глінянага посуду. Васіль Андрэевіч Казачок, дырэктар Цэнтра ганчарства, расказаў пра традыцыі і культуру вёскі, пазнаёміў з ганчарным промыслам, дазволіўшы самым цікаўным сесці за ганчарны круг. Сваімі рукамі дзеці адчулі цяпло гараднянскай гліны, убачылі, як з яе неафармаванага кавалка нараджаецца гаршчок або кубак. Гэта было самае яркае і незабыўнае ўражанне ад паездкі. Гэта тое, што сёння мы называем прафесійнымі спробамі.
Па дарозе дадому навучэнцы цікавіліся, дзе можна атрымаць прафесію майстра па стварэнні мастацкіх вырабаў з керамікі. Хтосьці падчас экскурсіі акунуўся ў свет прыгожага, хтосьці пашырыў веды па гісторыі, а нехта сур’ёзна задумаўся аб выбары будучай прафесіі.
Таццяна ЖУК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Столінскай дзяржаўнай гімназіі.