Туман над Дзвіною

- 12:25Родная земля

Таямнічы туман ахутаў у першыя дні лістапада бешанковіцкую зямлю. Заходняя Дзвіна, шматлікія азёры, лясы, палі з іх адзінокімі дубамі і бярозамі — здаецца, усё наваколле сцішылася, чакаючы надыходу зімы. Такой жа таямнічай з’яўляецца гісторыя краю. Туман позняй восені не хутка рассейваецца. Не хутка раскрываюцца і таямніцы мінулага. Для гэтага патрэбны дзесяцігоддзі актыўнай краязнаўчай работы, у чым і пераканала знаёмства з бешанковіцкімі педагогамі і вучнямі.

Не спяшайся! Спыніся!

Кожны дзень сотні аўтамабіляў, маршрутак, фур праносяцца па трасе Мінск — Віцебск па тэрыторыі Бешанковіцкага раёна. Вёска за вёскай, поле за полем, лес за лесам, рачулка за рачулкай, возера за возерам, паказальнік за паказальнікам… Ці задумваюцца вадзіцелі і пасажыры, што калі крыху збочыць з трасы і спыніцца каля рачулкі, возера ці ў якой-небудзь вёсцы або звярнуць згодна з паказальнікам у бок Бешанковіч і праехаць лічаныя кіламетры, то можна ўбачыць і даведацца шмат цікавага? Наўрад ці. Легкавыя аўтамабілі, мікрааўтобусы, грузавікі праносяцца на Віцебск і Мінск праз вёскі, палі, лясы, рачулкі і азёры, а таямнічая, маляўнічая і ўтульная бешанковіцкая зямля па-ранейшаму застаецца для большасці беларусаў terra incognita.

Краязнаўчыя прынцыпы

Амаль чвэрць стагоддзя настаўнік гісторыі Вярхоўскай базавай школы і выхавальнік Бешанковіцкай гімназіі-інтэрната Станіслаў Пятровіч Леаненка выпраўляе гэтую несправядлівасць і ператварае бешанковіцкую terra incognita (зямлю невядомую) у terra notum (зямлю вядомую). Кожны год разам з вучнямі ён раскрывае малавядомыя факты багатай гісторыі раёна і абавязкова дзеліцца гэтымі фактамі з калегамі падчас краязнаўчых канферэнцый і семінараў. Цікавымі з’яўляюцца не толькі факты, якія раскрывае настаўнік, але і прынцыпы, якімі Станіслаў Пятровіч кіруецца ў краязнаўчай дзейнасці.

“Першы прынцып: калі ты сам пра сябе не раскажаш, то ніхто пра цябе не даведаецца. Таму сваю дзейнасць мы з вучнямі імкнёмся актыўна папулярызаваць праз удзел у канферэнцыях і праз матэрыялы ў перыядычным друку. Другі прынцып: пра тое, што адбылося, заўсёды можна знайсці звесткі. Здаецца, пра нейкую гістарычную падзею не захавалася запісаў у летапісах, аднак на дапамогу можа прыйсці археалогія. Пра тое, што не запісана пяром, раскажуць артэфакты, знойдзеныя падчас раскопак. Трэці прынцып: усё, што напісана, трэба абавязкова правяраць”, — дзеліцца настаўнік.

Давярай, але правярай

Самым важным у краязнаўчай рабоце, на думку Станіслава Пятровіча, якраз і з’яўляецца трэці прынцып. Любыя гістарычныя звесткі, якія сустракаюцца краязнаўцам, патрабуюць абавязковага крытычнага аналізу. Асабліва шмат пытанняў узнікае адносна першых згадак населеных пунктаў у гістарычных дакументах. Спрэчнай з’яўляецца і 570-годдзе Бешанковіч, якое сёлета шырока адзначалася ў раёне. Звесткі пра Бешанковічы ўзяты з нататак ігумена Арэста, якія адносяцца да першай паловы ХІХ стагоддзя. Там гаворыцца, што Казімір IV у памяць пра ратаванне сваёй жонкі ад патаплення пабудаваў у 1447 годзе шэс ць цэркваў у гонар прарока Ільі. Але справа ў тым, што ажаніўся ён у 1454 годзе. “Хоць мы з калегамі-краязнаўцамі і ставімся крытычна да гэтай даты, аднак не гаворым, што святкаваць яе — няправільна, паколькі Бешанковічы ў 1447 годзе ўжо дакладна існавалі”, — адзначае педагог.

Асабліва шмат небыліц узнікае пра паходжанне назваў населеных пунктаў, у тым ліку Бешанковіч. Вось адна з легенд: два браты-яўрэі Шэнкі прыехалі ў гэты край з Лепеля. Месца добрае, маляўнічае, ёсць нават пераправа праз Дзвіну. Чаму б не пасяліцца? Два — па-лацінску “бі”. Два браты па прозвішчы Шэнкі, значыць, бі Шэнкі — вось і атрымаліся Бешанковічы. Яшчэ гавораць, што назву населенаму пункту далі немцы. Па-нямецку beschenken азначае “адорваць”. Маўляў, населены пункт перайшоў ва ўладанне нейкага немца, а ён сказаў, што гэта яго падарунак. Мясцовыя жыхары пачулі beschenken і назвалі паселішча Бешанковічамі.

“Фармант “овічы” гаворыць пра тое, што гэта патронім, значыць, назва пайшла ад чалавека. Да такой высновы мы прыйшлі з вучнямі падчас даследавання паходжання назваў усіх 240 населеных пунктаў. Класіфікавалі гэтыя назвы, далі ім навуковае тлумачэнне на аснове архіўных дакументаў. Напрыклад, у полацкай рэвізіі за 1552 год гаворыцца, што баярын Сокар мае вёску “асьмі двароў”. Калі ласка, назва вёскі Сокарава намі цалкам гістарычна пацверджана”, — паведамляе Станіслаў Пятровіч.

Роля асобы

Так што, па словах настаўніка, краязнаўчыя даследаванні трэба праводзіць выверана, абавязкова абапіраючыся на факты, а кожны з іх пацвярджаць дакументам. Усё як у матэматыцы. Дарэчы, па адукацыі Станіслаў Пятровіч якраз і з’яўляецца настаўнікам матэматыкі і фізікі. Ці задумваўся студэнт матэматычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага інстытута імя Кірава Станіслаў Леаненка, што кніга Міколы Ермаловіча “Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды”, якую ён выпадкова ўбачыў перад лекцыяй у кніжным магазіне і якую потым цэлую пару ўпотай чытаў на апошняй парце, адыграе ў яго жыцці куды больш важную ролю, чым дзясяткі падручнікаў, па якіх давялося вучыцца ў студэнцкія гады?

У 1994 годзе выпускнік матэматычнага факультэта, ураджэнец Мсціслаўскага раёна, прыехаў на малую радзіму жонкі, у Бешанковіцкі раён. Спачатку было выкладанне матэматыкі, а праз два гады ў сувязі з пэўнымі абставінамі Станіславу Пятровічу было даручана выкладанне гісторыі. Краязнаўчы агеньчык у сэрцы выпускніка матфака разгарэўся з яшчэ большай сілай. Выпадак з кнігай Міколы Ермаловіча Станіслаў Пятровіч згадаў, калі расказваў пра свайго былога выхаванца Канстанціна Хвалюту, а сёння студэнта 1 курса гістфака БДУ. Аказваецца, хлопец выбраў хіміка-біялагічны профіль. Ухвалялі гэты выбар і бацькі Канстанціна. Думалі, што краязнаўства, да якога хлопца далучыў Станіслаў Пятровіч, застанецца проста хобі. Аднак сталася наадварот. Што значыць роля асобы!

“Як і пры рашэнні матэматычных задач, у рабоце з гістарычнымі звесткамі абавязкова патрэбен доказ. Інакш можна такую, прабачце, бязглуздзіцу гаварыць, за што краязнаўцаў-аматараў часам і недалюбліваюць вядомыя навукоўцы”, — працягвае настаўнік. Вядомыя навукоўцы са Станіславам Пятровічам сябруюць, нават звяртаюцца па дапамогу, калі трэба ўдакладніць пэўныя звесткі па гісторыі Бешанковіцкага раёна. Пераканацца ў гэтым было нескладана. Кожны факт, які настаўнік агучваў па гісторыі Бешанковіч, ён адразу ж пацвярджаў або карцінай мастакоў мінулых эпох, або копіяй гістарычных дакументаў. За больш чым 20 гадоў краязнаўчай дзейнасці гэтых матэрыялаў сабралася столькі, што сфарміравалася цэлая папка экскурсавода. Хаця лепш сказаць так: Станіславам Пятровічам за 20 гадоў краязнаўчай дзейнасці створана сапраўдная энцыклапедыя экскурсавода.

Дуб Напалеона, помнік Аляксандру

Абавязковай праграмай знаходжання дэлегацый настаўнікаў і вучняў з іншых куточкаў краіны на бешанковіцкай зямлі (па прычыне семінараў, канферэнцый або проста экскурсій у канікулярны перыяд) з’яўляецца сустрэча са Станіславам Пятровічам і экскурсія па райцэнтры. Самае галоўнае — цікавая экскурсія. Калі нехта не ведае, дзе пасля руска-польскага ваеннага савета 1708 года Агінскім была закладзена праваслаўная царква, дзе адпачываў Напалеон падчас пераправы яго войск праз Заходнюю Дзвіну, дзе быў наладжаны банкет у гонар прыезду ў 1821 годзе Аляксандра І у Бешанковічы, цікавы аповед С.П.Леаненкі выправіць гэтую недарэчнасць.

“Найбольшая колькасць звестак пра мінулае Бешанковіч звязана з вайной 1812 года. Да гэтага часу адносіцца серыя карцін двух мастакоў: баталіста Альбрэхта Адама і артылерыста мастака-аматара французскай арміі Хрысціяна Вільгельма Фаб’ера дзю Фора. Дзякуючы карцінам, мы з вучнямі можам не толькі вывучыць асаблівасці абмундзіравання салдат французскай арміі, але і паглядзець, якія храмы і будынкі ўзвышаліся над Бешанковічамі. Вось Свята-Петрапаўлаўская царква, якая ў некаторых інтэрнэт-крыніцах памылкова называецца касцёлам. Гэта праваслаўны храм, а перадгісторыя яго будаўніцтва такая. У 1708 годзе падчас ваеннага руска-польскага савета, які праходзіў у Бешанковічах з удзелам Пятра І, цар падзякаваў уладальніку Бешанковіч Казіміру Агінскаму за цёплы прыём, сказаў, што ўсё добра, аднак засмуціла яго толькі тое, што ў Бешанковічах няма праваслаўнага храма. Гаспадар маёнтка адказаў, што пабудуе, дзе толькі пакажуць. Яны выйшлі з палаца, прайшлі метраў 50, расійскі госць спыніўся і сказаў: “Тут”. Як бачым на карціне дзю Фора, храм якраз і знаходзіцца метраў за 50 ад будынка палаца. Так што гэтая версія, падобная на легенду, гістарычна апраўдана. А вось гістарычна неапраўданай з’яўляецца легенда пра тое, што пад дубам, які знаходзіцца каля сярэдняй школы № 2 Бешанковіч, Напалеон адпачываў падчас пераправы сваіх войск праз раку. Гавораць, нібыта ў цені дуба імператару нават накрылі стол і Напалеон пазіраваў мастаку. Легенда прыгожая, аднак імператар адразу пасля прыезду ў Бешанковічы, пераправіўся з авангардам на правы бераг Дзвіны. Ён спяшаўся, яму трэба было даведацца, дзе знаходзіцца 1-я руская армія, каб перакрыць ёй адступленне з Полацка на Віцебск”, — расказвае Станіслаў Пятровіч.

А вось расійскі імператар Аляксандр І, па словах настаўніка, дакладна банкетаваў у Бешанковічах. Праўда, не пад знакамітым дубам, а на былой Рыначнай плошчы пасля ўрачыстага агляду гвардзейскага корпуса. Адбылося гэта ў 1821 годзе. На месцы, дзе праводзіўся банкет, быў пастаўлены памятны знак. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі яго прыбралі, паставілі помнік Леніну. У 1941 годзе яго скінулі, у 1946-м аднавілі. У 1968 годзе перанеслі да будынка райвыканкама, а на былым месцы ў 1970 годзе паставілі помнік камсамольцам. Адрэстаўрыраваны, ён і цяпер з’яўляецца адной з адметнасцей Бешанковіч, як, дарэчы, і сем дэкаратыўных слупоў з ланцугамі. Невядома, ці тыя гэта слупы, што паставілі адразу пры адкрыцці памятнага знака ў гонар Аляксандра І, ці гэта слупы з 1910 года, калі помнік рэканструявалі. Дакладна вядома толькі, што слупам больш за сто гадоў.

Рэгулярны ўдзел у канферэнцыях і семінарах, у археалагічных раскопках, праца ў архівах, з інтэрнэт-крыніцамі, складанне календара памятных дат Бешанковіцкага раёна для раённай газеты “Зара” і ўстаноў культуры і адукацыі — вось асноўныя кірункі краязнаўчай дзейнасці Станіслава Пятровіча. Пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі вучні ствараюць даследчыя работы. Так, у гэтым годзе Канстанцін Хвалюта напісаў “Халакост у гады Вялікай Айчыннай вайны”, Ксенія Бучмінская даследавала жыццё вядомага вучонага-лесавода Аляксея Данілавіча Букштынава, Таццяна Сінкевіч выявіла паходжанне назваў усіх 240 населеных пунктаў раёна. Кожная работа абавязкова адзначаецца дыпломамі за ўдзел у краязнаўчых канферэнцыях і конкурсах.

Якая роля настаўніка-краязнаўца Станіслава Пятровіча Леаненкі ў папулярызацыі ведаў пра мінулае Бешанковіцкага раёна, мы даведаліся. Цяпер завітаем у Астровенскі дзіцячы сад — сярэднюю школу, дзе нас чакае сустрэча з дынастыяй настаўнікаў-краязнаўцаў.

Востраў на возеры

Астроўна — адна з самых прыгожых мясцін Прыдзвінскага краю. Шматлікія азёры, якія знаходзяцца вакол былога мястэчка, маляўнічыя краявіды, помнікі архітэктуры — усё гэта захапляе кожнага, хто трапляе на малую радзіму настаўніка гісторыі Ігара Валянцінавіча Ганчарова і яго вучняў. Адметна мястэчка багатай гісторыяй. Упершыню Астроўна і навакольныя землі згадваюцца ў архіўных дакументах у першай палове XV стагоддзя. Галоўная святыня і архітэктурная жамчужына Астроўна — Свята-Траецкая царква, помнік архітэктуры XVI — XVIII стагоддзяў. Вядома Астроўна і тым, што 13 ліпеня тут адбылася адна з бітваў вайны 1812 года. На паўночным ускрайку сённяшняга аграгарадка ў 1962 годзе ў гонар 150-годдзя бітвы была ўстаноўлена стэла з мармуровай дошкай. У 2012 годзе да 200-гадовага юбілею помнік быў абноўлены.

“Адметнасцю Астроўна з’яўляецца і наша родная школа. Першая згадка пра яе адносіцца да 1903/1904 навучальнага года. Тады гэта было 2-класнае вучылішча Сенненскага павета. З 1909 года ўстанова значыцца як 2-класнае народнае вучылішча, з 1923 года становіцца школай другой ступені, а з 1929 па 1938 год — школай калгаснай моладзі. У 1938 годзе школа стала сярэдняй. У гады нямецкай акупацыі ўстанова не працавала, у яе будынку знаходзілася камендатура. Пасля вайны школа аднавіла сваю работу. З 1982 года адукацыйны працэс адбываецца ў новым будынку”, — паведамілі вучні.

Больш за чвэрць стагоддзя ў школе працуе гісторыка-краязнаўчы музей, які быў створаны пад кіраўніцтвам былога настаўніка гісторыі Валянціна Уладзіміравіча Ганчарова, бацькі сённяшняга настаўніка гісторыі Ігара Валянцінавіча. Экспазіцыя размешчана ў дзвюх залах: этнаграфічнай і баявой славы. Не адно пакаленне юных экскурсаводаў знаёміць гасцей школы з гісторыяй Астроўна. Гэтая гісторыя, як і гісторыя ўсёй Беларусі, непарыўна звязана з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Пра той час нагадвае шэраг помнікаў, устаноўленых у населеным пункце і ваколіцах. За 800 метраў ад Астроўна па дарозе на вёску Плісы знаходзіцца магіла ахвяр фашызму. На гэтым месцы 30 верасня 1941 года нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі 300 мірных жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці. На старых яўрэйскіх могілках, каля дарогі ўздоўж маляўнічага Астровенскага возера, знаходзіцца помнік, устаноўлены на месцы расстрэлу ў 1942 годзе партызан і членаў іх сем’яў. На паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі знаходзіцца брацкая магіла, дзе пахаваны воіны Чырвонай Арміі, якія загінулі пры вызваленні Астроўна.

“Цана вызвалення Астроўна — больш за 500 байцоў 54-га гвардзейскага стралковага палка 19-й гвардзейскай дывізіі. Знаёмячыся з архівамі, нельга не звярнуць увагу на тое, што большасці байцоў не было і 18 гадоў. Думаем, што многія нават не паспелі зрабіць свой першы пацалунак. За некалькі метраў ад трасы Мінск — Віцебск у цені дрэў узвышаецца абеліск, увянчаны чырвонай зоркай, прысвечаны памяці землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, — расказалі вучні.

Сённяшняе пакаленне навучэнцаў ганарыцца сваімі землякамі, і ў першую чаргу Львом Іванавічам Сапегам. Будучы канцлер Вялікага Княства Літоўскага, стваральнік статута ВКЛ 1588 года нарадзіўся 4 красавіка 1557 года. У памяць пра яго каля сельскага Дома культуры ўстаноўлены памятны знак і названа адна з вуліц Астроўна. Не менш знакамітым ураджэнцам Астроўна з’яўляецца генерал-лейтэнант Аляксей Мікалаевіч Нікалаевіч. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, намеснік начальніка ваеннай акадэміі імя Фрунзэ нарадзіўся 1 лютага 1904 года ў настаўніцкай сям’і. Імя Аляксея Мікалаевіча таксама па праве носіць адна з вуліц Астроўна.

“У кожнага музейнага экспаната багатая гісторыя, і расказваць пра яе можна вельмі доўга. Напрыклад, форму для выпечкі хлеба зрабіў яшчэ мой прадзед, дзед майго бацькі — заснавальніка музея — і прапрадзед маёй дачкі Наталлі, сённяшняга экскурсавода. Экспанаты не проста стаяць, як кажуць, у кутку, яны ў нас рабочыя. Напрыклад, вось гэты драўляны стул мы прывезлі з вёскі Таўсцюкі падчас краязнаўчай экспедыцыі. Бабка Ганна, старажыл вёскі, расказвала, што стул зрабіў яе бацька яшчэ ў 1937 годзе. Падчас вайны ў іх доме знаходзілася паліцэйская ўправа. Быў бой з партызанамі, дом згарэў, з мэблі захаваўся толькі гэты стул. Сёння ён цэнтральны экспанат этнаграфічнага раздзела”, — паведаміў Ігар Валянцінавіч.

Настаўнікі і вучні ганарацца тым, што Астроўна двойчы згадваецца ў падручніках па гісторыі Беларусі. Такі гонар мае не кожны райцэнтр. Першая прычына ўпамінання: тут нарадзіўся канцлер ВКЛ Леў Сапега, другая — бітва 13 ліпеня 1812 года. У экспазіцыі прадстаўлены партрэты як палкаводцаў, так і афіцэраў, дваран, якія потым сталі вядомымі дзекабрыстамі. Сярод прадметаў — ядры, карцеч. Частка экспазіцыі прысвечана Кастрычніцкай рэвалюцыі, аднак большасць экспанатаў адносіцца да перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Тут фотаздымкі землякоў, воінаў-вызваліцеляў, партызан, былых настаўнікаў-франтавікоў, пяці Герояў Савецкага Саюза — ураджэнцаў Бешанковіцкага раёна, самы вядомы з якіх — Леў Міхайлавіч Даватар.

Усе гэтыя звесткі сабраны падчас актыўнай краязнаўчай працы спачатку Уладзімірам Валянцінавічам Ганчаровым, потым яго сынам сённяшнім настаўнікам гісторыі Ігарам Валянцінавічам пры актыўнай дапамозе жонкі-настаўніцы кіраўніка музея Святланы Юр’еўны, дачкі Наталлі, а таксама некалькіх пакаленняў юных астровенскіх экскурсаводаў. Бацька далучыў сына да краязнаўства, сын далучыў жонку і дачку, а таксама дзясяткі вучняў. Што значыць роля асобы!

Раскрыць таямніцы

Туман, які ў першыя дні лістапада ахутаў бешанковіцкую зямлю, паступова рассейваецца. Дзякуючы актыўнай працы педагогаў-краязнаўцаў, паступова знікае і туман, які ахутаў мінулае краю.Туман рассейваецца, а вось аўтамабілі, аўтобусы, маршруткі, фуры па-ранейшаму праносяцца праз вёскі, палі, лясы, азёры, рачулкі Бешанковіцкага раёна. Так і хочацца спыніць іх, сказаць: “Не спяшайцеся! Азірніцеся! Маляўнічая зямля ахвотна раскрые свае таямніцы”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.