Насычана і актыўна праходзяць суботы ў сярэдняй школе № 45 Магілёва. Яны заўсёды напоўнены фізкультурна-аздараўленчымі мерапрыемствамі. Тут рэгулярна ладзяцца турніры, спаборніцтвы і спартыўныя святы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Далучэнне вучняў да здаровага ладу жыцця — адзін з прыярытэтаў дзейнасці нашай навучальнай установы. У гэтым напрамку шырока выкарыстоўваем патэнцыял шостага школьнага дня. Кожную суботу стараемся захапіць спортам максімальную колькасць дзяцей, — расказаў дырэктар Уладзімір Маціеўскі.
Для прывіцця навучэнцам цікавасці да заняткаў фізкультурай і спортам у школе створана сучасная база: дзве трэнажорныя, гімнастычная, спартыўная залы, два басейны, футбольнае поле, бегавыя дарожкі, хакейная каробка, шэсць баскетбольна-валейбольных пляцовак. Па суботах спарткомплекс ніколі не пустуе, адусюль чуваць дзіцячыя галасы.
— Наша школа самая вялікая ў рэгіёне па колькасці навучэнцаў. Па гэтай прычыне да арганізацыі мерапрыемстваў падыходзім сістэмна і цыклічна. Размяжоўваем вучняў пачатковага, сярэдняга і старшага звяна, выбудоўваем работу, зыходзячы з узроставых асаблівасцей дзяцей. Улічваем і іх запыты. Спартыўныя актывы класаў пастаянна праводзяць апытанні і анкетаванні, якія дазваляюць даведацца, што канкрэтна прыцягвае зараз вучняў, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аліна Клачкова.
Паэтапна праводзячы тэматычныя суботы, педагогі школы знаёмяць навучэнцаў з асноўнымі відамі спорту. Для вучняў, якія вырашылі займацца больш сур’ёзна, тут функцыянуе шэраг гурткоў і секцый. Выбар аб’яднанняў па інтарэсах спартыўнай накіраванасці вельмі шырокі. Дзеці могуць асвойваць футбол, баскетбол, валейбол, настольны тэніс, атлетычную гімнастыку, шашкі, усходнія адзінаборствы, вольную барацьбу, дзюдо. Дзякуючы супрацоўніцтву са СДЮШАР, спартыўнымі клубамі і ўстановамі дадатковай адукацыі горада, з навучэнцамі займаюцца прафесійныя трэнеры.
— Своеасаблівай суботняй традыцыяй у нас сталі разнастайныя турніры, якія дапамагаюць вучням прадэманстраваць сваю фізічную падрыхтоўку, уменні і навыкі ў пэўным відзе спорту. Такія мерапрыемствы садзейнічаюць павышэнню матывацыі і мэтанакіраванасці школьнікаў. Нашы навучэнцы пераможна выступаюць на розных гарадскіх спаборніцтвах, такіх вядомых стартах, як “Шкаліяда”, “Абаронца Айчыны” і інш. Нязменнымі ўдзельнікамі спартландый з’яўляюцца не толькі дзеці, захопленыя фізкультурай, але і тыя, хто па ўважлівых прычынах не можа займацца. Гэтыя вучні задзейнічаны як балельшчыкі або арганізатары, каб і яны не заставаліся ўбаку, адчувалі сваю еднасць з класам, — адзначыў Уладзімір Васільевіч.
Усебакова ўключаны ў спартыўныя суботы бацькі навучэнцаў. Школа знаходзіцца ў новым мікрараёне, дзе жывуць маладыя сем’і.
— Часта ініцыятарамі відовішчных спартыўных свят становяцца непасрэдна мамы і таты вучняў. Яскравы прыклад — нядаўняе маштабнае мерапрыемства “Мама, тата, я — веласіпедная сям’я”, якое аб’яднала на тэрыторыі школы дзясяткі аматараў веласпорту. Педагогі, дзеці і бацькі праходзілі краязнаўчыя квесты і велаэстафету, спаборнічалі ў вясёлых конкурсах і віктарынах, — заўважыла Аліна Міхайлаўна.
Зацікаўленасць і адзіныя дзеянні сям’і і настаўнікаў у прыцягненні дзяцей да спорту прыносяць адпаведныя вынікі. Спартыўна-масавымі мерапрыемствамі ў 45-й магілёўскай школе ахоплены звыш 98 працэнтаў навучэнцаў.
— Зладжаную работу па папулярызацыі ў вучнёўскім асяроддзі фізкультуры і спорту будзем працягваць, — падкрэсліў дырэктар. — Спартыўныя суботы — важны аспект навучання, які дапамагае гадаваць здаровае маладое пакаленне.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара і прадастаўлена ўстановай адукацыі