Турыстычная змена

- 10:56Выхаванне

Штогод перад школьнікамі стаіць пытанне, на якое нельга адназначна адказаць: “Дзе адпачыць летам весела, цікава, займальна і з карысцю?”. Можна, напрыклад, правесці лета за кнігамі, збіраннем ягад ці на рыбалцы, паехаць з бацькамі ў санаторый ці на курорт, накіравацца да бабулі і дзядулі ў вёску, пайсці з сябрамі ў шматдзённы паход… А вось для многіх школьнікаў Маларытчыны летні адпачынак атаясамліваецца з Маларыцкім раённым цэнтрам турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, які знаходзіцца ў вёсцы Олтуш. На базе гэтай установы штогод арганізоўваюцца профільныя лагерныя змены: ваенна-патрыятычная, лінгвістычная, гуманітарная, экалагічная, турыстычная і спартыўная. Сёлетняя была турыстычная.

На працягу 9 дзён 44 хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце ад 8 да 16 гадоў не хвіліны не сумавалі. Вучні не толькі адпачылі і ўмацавалі здароўе, але і адчулі сябе сапраўднымі турыстамі: вучыліся вязаць розныя вузлы, правільна ўстанаўліваць палатку, распальваць касцёр у любое надвор’е, карыстацца турыстычным рыштункам і страхоўкай, арыентавацца на мясцовасці. Усе вечары ў лагеры праходзілі з гітарай ля вогнішча. Агульныя мерапрыемствы аб’ядноўвалі дзяцей і ўзмацнялі іх сяброўства.

— Для аздараўлення і адпачынку дзяцей створаны належныя ўмовы, — расказвае начальнік турыстычнай лагернай змены Вячаслаў Зезюкоў. — Дзеці ўвесь час чымсьці заняты. Пра гэта клапоцяцца выхавальнікі. У летніку ўсё праходзіць па раскладзе. Кожны дзень багаты на розныя мерапрыемствы, накіраваныя на ўмацаванне здароўя, фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця, прафілактыку шкодных звычак.

Гэта пацвердзілі дзесяцікласнікі Віталь і Максім Дзядзюкі, Ілья Фішцік, Вячаслаў Муругін з Маларыцкай раённай гімназіі.

— Мне запомніліся лагерныя лінейкі, конкурс газет, самадзейныя нумары, — гаворыць Ілья Фішцік. — Шмат незабыўных эмоцый і ўражанняў пакінула экскурсія ў музей Олтушскай сярэдняй школы. Кармілі смачна, паветра чыстае… Сумаваць не было калі. Успамінаў хопіць надоўга.

Усім спадабаўся пешы паход, падчас якога хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі любаваліся мясцовымі краявідамі, але і даведаліся шмат карыснага і цікавага з гісторыі роднага краю. Так, вучні пабывалі каля памятнага знака на гарадзішчы эпохі неаліту (ІХ—V тысячагоддзе да н.э.) і помніка ў гонар перамогі А.В.Суворава над канфедэратамі каля вёскі Арэхава ў 1772 годзе. Між іншым, расійскі палкаводзец за гэта быў узнагароджаны ордэнам Георгія ІІІ ступені і хутка атрымаў чын генерал-маёра.

Проста так на тэрыторыю летніка не трапіш. На ўваходзе — прапускны пункт і дзяжурны, які запісвае ўсіх наведвальнікаў. Паўсюль — чысціня і парадак. І гэта важна, бо таксама выхоўвае.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.