Значная частка быхаўскіх школьнікаў штогод праводзіць лета ў захапляючых экскурсіях і паходах.
Правесці дні канікул у вандроўках навучэнцам прапануюць у Быхаўскім цэнтры турызму, краязнаўства і экскурсій. На працягу ўсіх летніх месяцаў педагагічны калектыў гэтай навучальнай установы арганізуе для хлопчыкаў і дзяўчынак мерапрыемствы з турыстычным каларытам.
— У асноўным гэта рэгулярныя непрацяглыя паходы па адметных мясцінах роднага краю, мемарыялах салдатам Вялікай Айчыннай вайны, наведванні музеяў. Галоўная іх мэта — не толькі захапіць дзяцей карыснай занятасцю, але і бліжэй пазнаёміць іх з гісторыяй, культурай і асаблівасцямі малой радзімы. Ладзім таксама выязныя экскурсіі па краіне, далучаем вучняў да ўдзелу ў тэматычных рэспубліканскіх акцыях, — расказала метадыст Ала Замяціна.
Не забываюцца ў цэнтры і пра аздараўленне. Ужо больш за дваццаць гадоў пад эгідай установы ў раёне функцыянуе турыстычна-краязнаўчы палатачны перасовачны лагер з кругласутачным знаходжаннем “Брыганціна”. За гэты час праз яго прайшлі сотні быхаўскіх хлопчыкаў і дзяўчынак. І цікавасць да такога адпачынку сярод мясцовай дзятвы не знікае.
— Сёлета працавалі тры аздараўленчыя змены па девяць дзён. Усяго адпачынкам былі ахоплены 45 навучэнцаў, — паведаміла педагог-арганізатар кіраўнік летніка Людміла Карнеева.
Яна расказала, што школьнікі адпраўляліся ў сапраўднае падарожжа. Удзельнікі ўсіх змен прайшлі маршрут працягласцю 22 кіламетры. З адной стаянкі на іншую дзеці перамяшчаліся на байдарках, сплаўляючыся па рацэ Друць і Чыгірынскім вадасховішчы. Кожны дзень у лагеры быў насычаны падзеямі.
Не забываюцца ў цэнтры і пра аздараўленне. Ужо больш за дваццаць гадоў пад эгідай установы ў раёне функцыянуе турыстычна-краязнаўчы палатачны перасовачны лагер з кругласутачным знаходжаннем “Брыганціна”.
— Адпачынак у нашай “Брыганціне” максімальна актыўны. Дзеці вучацца навыкам знаходжання на вадзе, кіраванню байдаркай, плаванню, правільнаму ўладкаванню турысцкага бівака, бяспечнаму абыходжанню з вогнішчам. Навучэнцы самі гатуюць ежу ў паходных умовах, ловяць рыбу і нават топяць турыстычную лазню. Акрамя таго, дзеці маюць магчымасць адтачыць свае турыстычныя навыкі — штодня праводзім для іх вучэбна-трэніровачныя заняткі па праграме адпаведных аб’яднанняў па інтарэсах. А яшчэ арганізуем краязнаўчыя віктарыны, наведванне памятных месцаў роднай Быхаўшчыны, творчыя конкурсы і спартыўныя спаборніцтвы, традыцыйныя зборы пад гітару, — адзначыла Людміла Карнеева.
Такая занятасць спрыяе фарміраванню валявых і маральных якасцей, выхаванню ў вучнях працавітасці, калектывізму, самастойнасці і адказнасці. А турыстычныя прыгоды і рамантыка пакідаюць шэраг яркіх уражанняў. Нядзіўна, што, раз адпачыўшы ў “Брыганціне”, многія навучэнцы вяртаюцца сюды яшчэ неаднойчы.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.