Тут кожны дзень насычаны на падзеі. Расказваем пра аздараўленчы лагер «Дубок»

- 12:02Лето-2023, Новости, Проекты

Арганізаваць адпачынак сучасных падлеткаў — задача не з простых. Але ў аздараўленчым лагеры “Дубок”, што ў Пружанскім раёне, знайшлі дзейсны падыход да юнакоў і дзяўчат. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Тут кожны дзень насычаны на падзеі. Сумаваць проста няма часу. Калі падысці да інфарма­цыйнага стэнда, то ён стракаціць аб’явамі, планамі работы і творчымі справаздачамі. У дзень нашага прыезду на тэрыторыі лагера былі супрацоўнікі МНС, якія разам з педагогамі праводзілі тэматычную гульню з дзецьмі ўсіх атрадаў. І трэба было бачыць, з якім запалам яны выконвалі заданні.

Увогуле, у лагеры шмат увагі ўдзяляецца прафілактычным мерапрыемствам па бяспецы жыццядзейнасці. У дзень прыезду супрацоўнікаў МНС былі праве­дзены гутаркі з дзецьмі па мадэлях паводзін у розных надзвычайных сітуацыях. Хлопчыкі і дзяўчынкі азнаёміліся з прафесіяй пажарнага-ратавальніка і тэхнічнымі магчымасцямі спецыялізаванага транспарту МНС.

Да арганізацыі адпачынку педагогі зрабілі стаўку на развіццё ў сваіх падапечных каманднага духу. І гэта спрацавала. Вядомы дэвіз “Адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго” вельмі актуальны ў маладзёжным асяроддзі, таму мерапрыемствы і грамадзянска-патрыятычнага, і спартыўна-аздараўленчага, і пазнавальнага, і творчага напрамкаў, калі яны патрабуюць каманднай работы, успрымаюцца на ўра. 

Яшчэ адной адметнасцю лагера “Дубок” з’яўляецца тое, што сюды штогод прыязджаюць папрактыкавацца студэнты — будучыя настаўнікі. І гэтае лета не стала выключэннем. Нехта адпрацоўвае сваю практыку за адну змену, а нехта застаеццца на наступную. Як мая суразмоўніца Лізавета Клюка, студэнтка 3 курса фізіка-матэматычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.

“У гэтым лагеры я ўпершыню. І спачатку было складана, бо група ў мяне старшая. А падлеткі патрабуюць асаблівага падыходу, тым больш у нас не такая і вялікая розніца ва ўзросце. Але яны добра мяне ўспрынялі і субардынацыю трымаюць. Вельмі выхаваныя і тактоўныя дзеці. Калі параўноўваць практыку ў школе з малодшымі вучнямі, то тут мне прасцей, бо дарослыя дзеці больш ра­зумныя. А з іншага боку, дапамагла і ўніверсітэцкая пад­рыхтоўка. У лагер я ехала са спецыяльнай метадычкай — папкай з гульнямі, мерапрыемствамі на любы выпадак”, — адзначыла Лізавета.

Яе абавязкі і простыя, і складаныя адначасова, бо яна павінна быць са сваімі выхаванцамі заўсёды і ўсюды. Лізавета — першы іх памочнік і дарадчык ва ўсіх справах. А паколькі ў лагеры практычна ўся дзейнасць праходзіць праз гульні, то яна, канечне ж, гуляе разам са сваімі падапечнымі. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца квесты, якія прапануюцца вельмі часта. Зноў-такі спрацоўвае камандны эфект. А спаборніцтвы ў квесце якраз камандныя.

Па прызнанні Лізаветы, яе чаканні зусім не супалі з рэальнасцю. Яна думала, што будзе сумна і ўвогуле не будзе ведаць, што і як рабіць з такімі дарослымі дзецьмі, якія не выпускаюць з рук тэлефоны. А на практыцы аказалася, што за дзень прысесці няма калі, не тое што тэлефон у руцэ патры­маць. Дзеці аказаліся вельмі актыўнымі і дружнымі, што яшчэ раз пераканала Лізавету ў правільнасці выбару будучай прафесіі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА