Горад са слаўным мінулым і слаўнымі традыцыямі, слаўнымі працавітымі людзьмі, горад народнай славы — менавіта такія асацыяцыі ўзнікаюць з населеным пунктам на паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці, калі чуеш яго мілагучную назву — Слаўгарад. І гэтыя асацыяцыі цалкам справядлівыя. Мясцовыя жыхары ганарацца і слаўнай гісторыяй, і зялёнымі ўтульнымі вуліцамі з мностам кветнікаў, і знакамітымі землякамі, якія сваёй працай праславілі родную зямлю. Ганарацца і шчыра любяць свой слаўны край. І пацвярджаюць гэтую любоў канкрэтнымі справамі.
Дзе Проня з Сожам сустракаюцца
Слаўгарад — айконім прыгожы, мілагучны, але неарыгінальны. Населеныя пункты з такой назвай ёсць і ў суседніх краінах. А вось Прапойск (менавіта так да мая 1945 года называўся Слаўгарад) адзіны. Існуе легенда, што новая назва — асабістая ініцыятыва Сталіна. Калі надавалася імя адной з гвардзейскіх дывізій, якія вызвалялі гэты край ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, то ён палічыў, што Гвардзейская Прапойская будзе гучаць не надта прыемна. Новае найменне дывізіі, нават такое ўзвышанае, як Гвардзейская Слаўгарадская, у выніку так і не надалі, а вось старажытны Прапойск перайменавалі. Горад, які ўпершыню згадваецца ў летапісах у 1136 годзе, у сярэдзіне ХХ стагоддзя стаў Слаўгарадам. Каму як, а карэнным слаўгарадчанам, якія нарадзіліся яшчэ ў Прапойску, старажытная назва роднага горада не падаецца дрэннай. Прапойск паходзіць ад слова “прупой” або “прапой” і азначае моцны вір, што ўзнікае на месцы ўпадзення Проні ў Сож. Гэтую прыродную з’яву можна і цяпер назіраць з Замкавай гары, калі любавацца маляўнічай поймай, месцам сустрэчы Сожа і яго дачкі Проні.
Ганарыцца родным краем
“Я са Слаўгарада!” — з гонарам гавораць мясцовыя жыхары. “Я са старажытнага Прапойска!” — так сказала пра сябе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Слаўгарада Ларыса Іванаўна Кохан. Ганарацца родным краем і выпускнікі, асабліва тыя, хто вырашыў звязаць сваё прафесійнае жыццё з педагогікай. Па словах загадчыка раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталлі Міхайлаўны Голік, у раёне няма недахопу педагагічных кадраў, паколькі ў школах праводзіцца выдатная прафарыентацыйная работа. Ды і кожны педагог, асабліва старэйшага пакалення, для вучняў — аўтарытэт. Дзеці хочуць быць падобнымі на сваіх настаўнікаў, таму многія пасля заканчэння школы працягваюць вучобу ў педагагічных установах. Канечне, прыцягвае маладых спецыялістаў і значная матэрыяльная падтрымка, сацыяльныя прэферэнцыі. Аднак гэты бок не на першым месцы.
— Калі адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС і была магчымасць паехаць жыць у Мінскую вобласць, у чыстую зону, працаваць там у школе, я катэгарычна адмовілася. Лічу, што павінна прысвяціць сябе Слаўгараду, спатрэбіцца там, дзе нарадзілася. Наш горад вельмі ўтульны, зялёны, тут цудоўны гістарычны парк, а якія далягляды на пойму Сожа і Проні! Ды і гісторыя ў горада вельмі багатая. Хутка будзе 900 гадоў з моманту першага ўпамінання Прапойска ў гістарычных дакументах. Не кожны населены пункт можа гэтым ганарыцца, — адзначыла Ларыса Іванаўна Кохан.
Пасля такіх слоў няцяжка было здагадацца, што вывучэнне мінулага роднага краю — адно з галоўных захапленняў педагога. У 2007 годзе, калі Ларыса Іванаўна стала намеснікам дырэктара, яна пачала аб’ядноўваць вакол сябе педагогаў і навучэнцаў, такіх жа ўлюбёных у гісторыю малой радзімы. Пачалося напісанне навукова-даследчых работ. Ужо ў 2008 годзе работа “Повязь вякоў”, прысвечаная мясцоваму ткацтву, атрымала дыплом І ступені на абласным конкурсе. У 2018 годзе, які стаў першым у трылогіі Года малой радзімы, пачалася рэалізацыя праекта “Краязнаўства на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці як умова развіцця ў навучэнцаў грамадзянскасці, патрыятызму, духоўна-маральных каштоўнасцей”. Як і кожны настаўнік-прадметнік, на сваіх уроках рускай мовы і літаратуры Ларыса Іванаўна часта звяртаецца да краязнаўчага матэрыялу.
Калі ў 6 класе вывучалі назоўнікі, якія ўжываюцца толькі ў форме множнага ліку, настаўніца прапанавала вучням згадаць назвы вёсак раёна, напрыклад, Васькавічы, Лапацічы, Целяшы. Для дзяцей гэта аказалася складанай задачай. Яны здзіўлена слухалі аповед настаўніцы пра населеныя пункты Слаўгарадчыны, іх арыгінальныя назвы. Напрыклад, красамоўная назва Завад-Віравая сведчыць пра тое, што ў вёсцы калісьці знаходзілася прадпрыемства, пры гэтым побач з вёскай працякае Проня, а ў ёй — віры. З вёскай Пацяраеўка наогул звязана амаль дэтэктыўная гісторыя. Маўляў, на яе месцы Пётр І згубіў гадзіннік, калі разам са сваёй арміяй рухаўся насустрач шведскім войскам у часы Паўночнай вайны. Па слядах рускай і шведскай армій пачатку XVIII стагоддзя мы яшчэ пройдземся, абавязкова наведаем і месца знакамітай бітвы каля вёскі Лясная, а пакуль што азнаёмімся з турыстычна-краязнаўчым маршрутам “З Прупоя ў Слаўгарад”, складзеным пад кіраўніцтвам настаўніц гісторыі Вольгі Аляксандраўны Дзем’янковай і Святланы Аляксандраўны Ляўковай, прагуляемся па гістарычнай частцы Слаўгарада. А пачнём нашу прагулку з гарадскога парку, які раскінуўся на высокім абрывістым беразе Сожа.
Замак у маніторы
Упершыню Прапойск згадваецца як горад у складзе Смаленскага княства, і пачынаўся ён з тэрыторыі сучаснага парку, дзе ў часы радзімічаў існавала гарадзішча. Пазней, у ХII—XIII стагоддзях, быў пабудаваны замак-дзядзінец. Высокія валы і глыбокія равы рабілі летапісны Прупой амаль непрыступным. У XIV стагоддзі Прапойск увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага. Перыяд заняпаду прыпадае на вайну 1654—1667 гадоў. Горад і драўляны замак моцна пацярпелі і доўгі час не адбудоўваліся.
Як выглядаў драўляны замак? Адказ на гэтае пытанне можна атрымаць у гістарычных дакументах або з вынікаў археалагічных раскопак. Але трэба падключыць фантазію, вобразнае мысленне. У гэтым вучням 1-й слаўгарадскай школы дапаможа віртульная мадэль гістарычнай рэканструкцыі Прапойскага замка ХІІІ—XVIII стагоддзяў, створаная настаўніцай інфарматыкі Сняжанай Мікалаеўнай Акуленка разам з навучэнцамі.
— Да нас не дайшлі чарцяжы замка, але на аснове публікацый гісторыкаў і краязнаўцаў нам удалося намеціць план дзеянняў і прыступіць да працы. Для праектавання віртуальнай мадэлі гістарычнай рэканструкцыі замка мы выкарыстоўвалі праграму GoogleSketchUpPro. Спачатку была выканана рэканструкцыя трохмернай прасторы, пабудаваны ландшафт са штучнымі насыпамі, рака, ручай, прылеглыя лугі. Усе гэтыя аб’екты, паводле гістарычных звестак, былі ўласцівы дадзенай мясцовасці ў XIII стагоддзі. Таксама былі змадэляваны дамы, гаспадарчыя пабудовы, загоны для жывёл, вежы-брамы, аглядная вежа, два масты. Шмат часу было затрачана на рэканструкцыю асобных частак пабудоў, асабліва частакола. У рэканструкцыю былі дададзены мадэлі людзей, свойскіх жывёл, расліннасць, — паведаміла Сняжана Мікалаеўна.
Па словах настаўніцы, створаную мадэль можна размясціць на слайдах праграмы PowerPoint, дэталёва разгледзець, паварочваючы, а з дапамогай праграмы GoogleSketchUpPro зняць вучэбны відэафільм. Праз функцыю “Здымак экрана” выяву можна захаваць у фармаце 2D, і тады яна будзе служыць ілюстрацыйным матэрыялам на ўроках гісторыі. Стварэнне віртуальных макетаў і мадэлей прыцягне ўвагу не толькі настаўнікаў-прадметнікаў, але і класных кіраўнікоў падчас правядзення пазакласных мерапрыемстваў. Дадзеная работа можа быць выкарыстана і ў музейных экспазіцыях з дэманстрацыяй на камп’ютары.
Вотчына Галіцына
Пасля разбуральнай сярэдзіны XVII стагоддзя ў канцы наступнага стагоддзя пачынаецца новы перыяд гісторыі Прапойска, калі ім валодае князь Аляксандр Міхайлавіч Галіцын. Спецыяльна да прыезду Кацярыны ІІ у студзені 1787 года ён пабудаваў драўляны палац. Сапраўднай жамчужынай краю стаў парк, разбіты на высокім беразе Сожа. Для паляпшэння якасці глебы выкарыстоўваўся прывазны грунт. З Украіны па рэках быў дастаўлены чарназём, што дазволіла вырошчваць у гэтых мясцінах экзатычныя расліны. На вадаёмах былі ўсталяваны хаткі для вадаплаўных птушак, па берагах і плацінах пракладзены сцяжынкі, якія віліся ўздоўж рэдкіх парод дрэў і кустоў. Дамінантай парку стаў двухпавярховы палац са спічастымі вокнамі, тэрасай і балконам. Менавіта адсюль Кацярына II любавалася маляўнічай заснежанай поймай.
Сярод мноства паркавых дрэў самым знакамітым лічыцца старая ліпа, прычым настолькі вялізная, што мясцовыя жыхары называюць яе “дуб кахання”. Гавораць, што пры развітанні з гэтымі мясцінамі імператрыца сказала: “Калі б цяпер была вясна, я пасадзіла б тут маладое дрэва на памяць гаспадару, але пры марозе я выражу на гэтай ліпе толькі дзень майго знаходжання”. Выразала ці не, аднак медная шыльда ў памяць пра наведванне Прапойска Кацярынай ІІ была замацавана на дрэве дакладна. Знікла шыльда ў 20-я гады мінулага стагоддзя. Гавораць, што ў царкве Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы (падубаваны храм на сродкі князя ў канцы XVIII стагоддзя ў стылі класіцызму) яшчэ ў 30-я гады ХХ стагоддзя можна было ўбачыць троннае крэсла Кацярыны ІІ. Потым яго перадалі ў Магілёўскі краязнаўчы музей, знікла крэсла разам з калекцыяй у гады Вялікай Айчыннай вайны. Што тычыцца ліпы, то каля яе заўсёды можна ўбачыць моладзь. Асабліва тут любяць фатаграфавацца маладыя.
На ўскрайку парку размясціўся помнік-якар, які сведчыць пра тое, што Слаўгарад у ранейшыя часы быў партовым горадам. Выява якара нават упрыгожвала герб Прапойска. На гербе ж сучаснага Слаўгарада — выява Петрапаўлаўскага храма ў вёсцы Лясная. Пры наведванні парку нельга абмінуць алею Славы, што вядзе да брацкай магілы савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1941 і 1943 годзе на тэрыторыі раёна. У ліпені 1941-га тут вяліся моцныя баі, часта рукапашныя. Сумесныя атакі частак нашых стралковых дывізій нанеслі сур’ёзныя страты 10-й нямецкай матарызаванай дывізіі, знішчылі значную частку варожых машын і прымусілі саперніка перайсці да абароны захопленага Прапойска. А 25 лістапада 1943 года ў выніку Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі Слаўгарадскі раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пра гэта нагадвае стэла з мемарыяльнай дошкай, устаноўленая ў цэнтры Слаўгарада на ўскрайку сённяшняга дзіцячага парку з нагоды 50-й гадавіны вызвалення раёна. На стэле змешчана інфармацыя пра воінскія часці 3-й і 50-й армій Беларускага фронту, якія вызвалялі Слаўгарадчыну, карта наступлення савецкіх войск.
Маці палтаўскай перамогі
Летапіс воінскай славы Слаўгарадчыны складаюць старонкі не толькі Вялікай Айчыннай вайны. У гэтых мясцінах, дзе прыгожая Проня сустракаецца з маляўнічым Сожам, разгортваліся вырашальныя падзеі Паўночнай вайны. Для рускіх войск Прапойшчына стала месцам славы, перамогі. Для арміі шведскага караля Карла ХІІ — месцам паражэння, падзення ваеннай магутнасці паўночнаеўрапейскай дзяржавы. Пра знакамітую бітву пад Лясной 28 верасня 1708 года, якую Пётр І назваў маці палтаўскай перамогі, сёння нагадвае помнік з выявай арла, які трымае ў кіпцюрах пераможаны шведскі сцяг, а таксама велічны храм, узведзены разам з помнікам з нагоды 200-й гадавіны перамогі рускіх войск.
У наш час каля будынка бібліятэкі аграгарадка Лясная абсталяваны музей пад адкрытым небам, прысвечаны бітве, а ў самім будынку знаходзяцца экспазіцыя, прысвечаная рускай і шведскай арміям пачатку XVIII стагоддзя, а таксама макет-панарама бітвы пад Лясной. Побач з бібліятэкай — поле, на якім з нагоды юбілейных дат бітвы ладзіцца яе рэканструкцыя. Актыўны ўдзел у гэтых мерапрыемствах прымаюць навучэнцы і педагогі Ляснянскага дзіцячага сада — пачатковай школы. Дзеці, канечне, не апранаюць форму салдат рускай і шведскай армій мінулых часоў, а вось сялянскія падворкі, на якіх спыняліся салдаты і на якіх запасаліся фуражом, аднаўляюць.
Лясная — самая знакамітая вёска Слаўгарадскага раёна. Кожны год яна прымае шматлікіх турыстаў з розных краін, пераважна з Расіі і Украіны. Калі госці пераадольваюць сотні, а то і тысячы кіламетраў, каб азнаёміцца з падзеямі больш чым 300-гадовай даўніны, то для мясцовых жыхароў гэта проста абавязак, з якім яны выдатна спраўляюцца. З гісторыяй роднага краю дзеці знаёмяцца ўжо з дашкольнага ўзросту. “Калі жывеш у краі з такім багатым і насычаным мінулым, яго нельга не вывучаць, нельга не займацца маральна-патрыятычным выхаваннем. З 2017 года гэтая работа вядзецца ў рамках праекта “Нашы родныя мясціны”. Ён разлічаны на 3 гады і прадугледжвае правядзенне настаўнікамі для вучняў гутарак, экскурсій, тэатралізаваных паказаў, свят на мясцовым краязнаўчым матэрыяле. Цэнтрам рэалізацыі праекта з’яўляецца школьны музейны пакой, у якім размешчана экспазіцыя баявой і працоўнай славы, а таксама этнаграфічная “Беларуская хатка”. Значная частка матэрыялаў перададзена з музея Рабавіцкай базавай школы пасля яе закрыцця. Дзякуючы знакамітай бітве, маленькая беларуская вёсачка (у 1708 годзе ў ёй налічвалася ўсяго 17 сялянскіх двароў) назаўсёды запісала сябе ў гісторыю”, — паведаміла дырэктар Ляснянскага дзіцячага сада — пачатковай школы Святлана Фёдараўна Далькова.
28 верасня тут адбылася бітва паміж рускімі войскамі пад камандаваннем Пятра І і шведскім корпусам генерала Левенгаўпта. Усяго з абодвух бакоў у баталіі ўдзельнічала каля 30 тысяч салдат і каля 40 гармат. Пётр I вырашыў атакаваць Левенгаўпта менавіта ў Лясной. Бой быў вельмі цяжкім, салдаты стаміліся. Пасля перадышкі рускія зноў пачалі атаку. Пётр хацеў захапіць мост праз рэчку Ляснянку і авалодаць дарогай на Прапойск. Левенгаўпт вырашыў выратаваць хаця б частку корпуса і непрыкметна адарвацца ад праціўніка. Начное адступленне было жахлівым для шведаў. 12 кастрычніка рэшткі корпуса Левенгаўпта злучыліся з войскам караля.
Паражэнне шведаў пад Лясной было ўнушальным. Яны страцілі каля 8 тысяч чалавек забітымі, у палон трапілі дзясяткі афіцэраў і сотні салдат. У якасці трафеяў пераможцам дасталася варожая артылерыя з 17 палявых гармат, 44 сцягі і штандары, вялізны абоз з харчаваннем, боепрыпасамі і значнай сумай грошай. Страты рускіх войск таксама былі немалымі. Пад Лясной пераможцы страцілі больш за 1100 чалавек забітымі і больш за 2,5 тысячы параненымі. Разгром корпуса Левенгаўпта пазбавіў Карла XII неабходных яму падмацаванняў, харчавання i боепрыпасаў, сарваў яго план паходу на Маскву.
У савецкі час у Петрапаўлаўскім храме знаходзіўся музей, прысвечаны бітве. Тут экспанавалася ўнікальная марціра, адлітая ў 1702 годзе, руская агнястрэльная і халодная зброя пачатку XVIII стагоддзя, шэраг памятных медалёў, выпушчаных у гонар рускіх перамог у Паўночнай вайне, трафейная шведская зброя, кулі, знойдзеныя на полі бою ў Лясной, фотакопіі дакументаў пачатку XVIII стагоддзя і карціны савецкіх мастакоў пра падзеі часоў Паўночнай вайны. Дарэчы, падрабязна з падзеямі Паўночнай вайны на Слаўгарадчыне можна азнаёміцца на сайце slavgorod-museum.com, створаным вядомым краязнаўцам інжынерам-праграмістам Слаўгарадскага прафесійнага ліцэя № 3 Аляксандрам Яўгенавічам Халеевым. Акрамя таго, тут змешчана інфармацыя і пра гісторыю Слаўгарада, і пра плённую дзейнасць гісторыка-краязнаўчага пошукавага атрада “Спадчына”.
Шчасце-доля на родным полі
Слаўная гісторыя, слаўныя традыцыі, слаўныя подзвігі людзей… Нягледзячы на чарнобыльскую трагедыю, сусветныя тэндэнцыі ўрбанізацыі, жыхары Слаўгарадскага раёна не спяшаюцца шукаць шчасце-долю на чужым полі. Сваё, роднае поле ім куды бліжэйшае. Ды і як пакінуць родныя мясціны, калі яны такія маляўнічыя, такія слаўныя?!
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.