Рэалізацыя праектаў, прымеркаваных да Года добраўпарадкавання, развіццё рэсурсных цэнтраў і работа з маладымі спецыялістамі — такія акцэнты ў сваёй рабоце вызначылі педагогі Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Маленькая краіна
У Канюхоўскай сярэдняй школе Бераставіцкага раёна шмат увагі ўдзяляецца развіццю праектнай дзейнасці навучэнцаў.

Дырэктар установы Іна Лебядзевіч прызналася, што калектыў называе сваю школу маленькай краінай:
— Нягледзячы на тое, што ў нас мала навучэнцаў і невялікі калектыў, школе ёсць чым ганарыцца. За апошнія тры гады навучэнцамі і педагогамі заваявана каля 300 прызавых месцаў на шматлікіх конкурсах раённага, абласнога, рэспубліканскага і нават міжнароднага ўзроўню.
Для таго каб педагогам было камфортней працаваць, каб у іх была магчымасць абменьвацца перадавым вопытам, Іна Лебядзевіч стварыла рэсурсны цэнтр “Рэгіянальны кампанент як аснова для фарміравання грамадзянска-патрыятычных якасцей навучэнцаў”.
— Сёлета вырашылі, што для таго, каб рэсурсны цэнтр працаваў яшчэ больш эфектыўна, трэба адкрыць спецыяльны кабінет, у якім будуць сабраны ўсе матэрыялы для работы, — дадала Іна Уладзіміраўна. — Якая мэта нашага рэсурснага цэнтра? Гэта распаўсюджванне перспектыўнага вопыту, арганізацыйна-метадычная, навукова-метадычная, а таксама інфармацыйна-метадычная работа.
Адзін з важных кірункаў работы цэнтра — грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Са слоў дырэктара ўстановы адукацыі, для іх гэтая тэма — шырокае поле дзейнасці:
— Мы вельмі актыўна ўзаемадзейнічаем з мытнай заставай “Русакі”. Яе супрацоўнікі прымаюць удзел у мерапрыемствах, якія арганізуем. Яны часта наведваюць нас і заўсёды прысутнічаюць на святах першага і апошняга званка, на выпускным і інш.

Недалёка ад школы знаходзіцца Цэнтр па культурна-адпачынкавай дзейнасці. У ім настаўнікі і вучні таксама арганізуюць шматлікія мерапрыемствы патрыятычнага кірунку. Разам з гэтым школьнікі Канюхоўскай сярэдняй школы шануюць гістарычную памяць — за ўстановай адукацыі замацаваны чатыры помнікі, якія ўстаноўлены ў памяць аб тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Іх догляд навучэнцы арганізуюць на працягу ўсяго навучальнага года.
— Ствараючы рэсурсны цэнтр, мы арганізавалі цэласную педагагічную прастору, — падсумавала Іна Лебядзевіч. — У нас атрымалася прывесці ў адзінства ўрочную і пазаўрочную формы работы.

Пазаўрочная работа — гэта ў першую чаргу выхаванне дзяцей. Вялікае значэнне ў гэтым кірунку адводзіцца музейнай экспазіцыі “Малая радзіма і яго вялікасць Чалавек”.
Яна складаецца з некалькіх раздзелаў, якія прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне, былым педагогам школы, але самы каштоўны з іх той, у якім сабраны матэрыял пра звычайных людзей — працаўнікоў вёскі.
Педагогі Канюхоўскай сярэдняй школы падзяліліся планамі: у хуткім часе пройдзе абласны этап рэспубліканскага конкурсу па парламенцкіх ініцыятывах “Добраўпарадкуем раён разам”. Дзякуючы ўдзелу ў ім, калектыў школы плануе добраўпарадкаваць стадыён.
— Ганаруся сваім калектывам і вучнямі, бо разам яны робяць нашу школу яшчэ больш камфортнай і ўтульнай, — падкрэсліла Іна Лебядзевіч.
Гісторыя ажывае

Народны гісторыка-краязнаўчы музей “Вытокі” Малабераставіцкай сярэдняй школы — гэта шэраг экспанатаў, кожны з якіх хавае свае таямніцы.
Адкрыццё музея стала значнай падзеяй не толькі для вучняў і педагогаў, але і для жыхароў навакольных вёсак.

— Калектывам школы праведзена вялікая работа, — расказвае дырэктар Малабераставіцкай сярэдняй школы Вольга Гурская. — З невялікага этнаграфічнага музей ператварыўся ў месца, дзе ажыла, загаварыла гісторыя родных вёсак, дзе адлюстраваны лёсы многіх землякоў. Вялікі ўклад у стварэнне музея ўнеслі настаўнікі Ганна Іванаўна Карытца, Тамара Іванаўна Эйсмант, Валерый Адамавіч Хоха.
Сёння ў музеі гаспадарыць настаўніца англійскай мовы Вікторыя Раманаўна Кісялеўская.
— Наш музей мае статус народнага, — расказвае Вікторыя Раманаўна. — Прысвоілі нам яго дзесяць гадоў назад.
На пляцоўцы музея быў адкрыты рэсурсны цэнтр сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці “Выкарыстанне патэнцыялу музея для фарміравання каштоўнасных адносін да малой радзімы”. Асноўнымі кірункамі яго работы сталі пошукава-даследчы, экскурсійны, фондавы, культурна-асветніцкі. А сярод асноўных экскурсій — “Малая Бераставіца, табе ёсць чым ганарыцца!”, “Гордасць зямлі малабераставіцкай: Жэгота Анацэвіч з Малой Бераставіцы”, “Гісторыя працоўнага калектыву Малабераставіцкага элітгаса”, “Землякі на франтах Вялікай Айчыннай вайны” і інш.

Праводзячы экскурсію, Вікторыя Раманаўна звярнула ўвагу на найбольш каштоўныя музейныя прадметы. Сярод іх крэсла драўлянае разное са скураным сядзеннем пачатку ХIХ ст., дакумент “Копия крепости, записанной в крепостную за 1865 год”, самавар братоў Туляковых, таз медны мануфактуры Кальчугіна, фотаздымак “Беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні” і інш.
— Таксама прэзентуем наведвальнікам музея кнігу “Малітоўнік праваслаўнага салдата”, газету “Красная звезда” № 108 (96) ад 10 мая 1945 года, кацялок армейскі з надпісам “Таварыства Кальчугіна”, газету “Варшаўская” на польскай мове, пашпарт на нямецкай і польскай мовах і інш. Усе экспанаты музея падзелены на 10 экспазіцый. Так, у раздзеле “Подзвігу народа жыць у вяках” прадстаўлена гісторыя Вялікай Айчыннай вайны праз прызму лёсу землякоў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца ўшанаванню памяці камандзіра 250-й стралковай дывізіі палкоўніка Геронція Нестаравіча Цітаішвілі, які загінуў 19 ліпеня 1944 года падчас вызвалення Малой Бераставіцы. А экспазіцыя “Апаленыя полымем вайны ў Афганістане” расказвае пра лёсы воінаў-інтэрнацыяналістаў, выпускнікоў школы і мясцовых жыхароў.
Музейнай педагогікай і гісторыяй настаўніца англійскай мовы захапіла большасць сваіх вучняў. Так, у конкурсе даследчых работ “Малая радзіма вялікіх людей” рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву” ў намінацыі “Пуцявінамі маіх землякоў” каманда Вікторыі Раманаўны заваявала дыплом ІІІ ступені Міністэрства адукацыі.
Сімвалы мудрасці
Вялікаэйсмантаўская сярэдняя школа — прастора творчасці і крэатыву.

Заходзячы на тэрыторыю навучальнай установы, адразу бачыш, што яе дырэктар Галіна Македон — сапраўдная гаспадыня. Прыгожа пастрыжаныя кусты, цікавыя архітэктурныя формы надоўга прыцягваюць погляд. Галіна Аляксееўна прызналася: тэрыторыю за школай даглядае ўвесь дружны калектыў:
— Многа праектаў і ідэй было рэалізавана да Года добраўпарадкавання. Адна з апошніх распрацовак — “Беларусь — крыніца натхнення: сучасная эстэтыка адукацыйнай прасторы”.
Праект накіраваны на стварэнне эстэтычна прывабнай і функцыянальнай тэрыторыі школы, якая аб’ядноўвае сучасны дызайн з нацыянальным каларытам.

— Мы ператвараем школьны двор у прастору, дзе вучні не толькі атрымліваюць веды, але і вучацца любіць родны край, яго гісторыю і культуру, — гаворыць Галіна Македон.
Да рэалізацыі праекта тэрыторыя школы не мела адзінага стылю, адсутнічалі тэматычныя зоны, звязаныя з беларускай культурай. Таму калектыў установы паставіў перад сабой важныя задачы.
— Мы задумалі стварыць сучасную адукацыйную прастору з нацыянальным акцэнтам, — працягвае Галіна Аляксееўна. — У першую чаргу запланавалі развіваць патрыятычнае выхаванне праз элементы дызайну, імкнуліся забяспечыць камфорт і эстэтыку для вучняў, педагогаў і наведвальнікаў школы.

Настаўніца пачатковых класаў Алена Дулуб з навучэнцамі напярэдадні 1 верасня
Якія асноўныя прынцыпы і падыходы былі выкарыстаны педагогамі, каб дасягнуць пастаўленай мэты? У першую чаргу настаўнікі звярнуліся да беларускага стылю і сімволікі: выкарыстанне традыцыйных матываў, элементаў, звязаных з беларускай літаратурай, гісторыяй. Так, сёння на тэрыторыі, недалёка ад галоўнага ўвахода, знаходзіцца драўляны выраб у выглядзе кнігі з напісанай цытатай з твора Якуба Коласа, а побач — чарніліца з пяром.
— Адзін з важных прынцыпаў — экалагічнасць, — акцэнтуе ўвагу дырэктар школы. — Мы прымянялі натуральныя матэрыялы — дрэва, кветкі, а клумбы стваралі з пнёў.
— Ключавой зонай праекта стала ўваходная група “Сардэчна запрашаем у Беларусь”, — знаёміць Галіна Аляксееўна. — Яе мэта — фарміраванне першага ўражання, патрыятычнага настрою. Ва ўваходнай групе выкарыстоўваліся такія элементы, як надпіс “Я люблю Беларусь”, драўляныя міні-скульптуры “Сава — сімвал мудрасці”, кніга з цытатай беларускага аўтара, а таксама кветкі, высаджаныя ў драўляныя формы.
Праводзячы экскурсію па школе, Галіна Македон звярнула ўвагу на гісторыка-патрыятычную зону “Памяць і гонар”. Яна стваралася для таго, каб увекавечыць подзвіг у Вялікай Айчыннай вайне.
Адна з улюбёных зон дзяцей і настаўнікаў — зона адпачынку і навучання “Беларуская гасцёўня”. Яе прызначэнне адначасова простае і важнае: стварэнне месца для сумеснага чытання, абмеркавання твораў.
У “Беларускай гасцёўні” ёсць драўляныя лаўкі, чарніліца з пяром — сімвал творчасці, і элементы ўваходнай групы. Дзякуючы камфортнаму размяшчэнню, усе тры лакацыі можна паспяхова інтэграваць у адукацыйны працэс: праводзіць урокі па гісторыі, літаратуры, мастацтве.
— А яшчэ мы тут арганізуем і мерапрыемствы: святы, конкурсы, экскурсіі, сацыяльныя ініцыятывы, — адзначае педагог. — Прыемна, што нашы вучні ўдзельнічаюць у распрацоўцы новых элементаў. У заключэнне варта адзначыць, што праект спрыяе павышэнню цікавасці вучняў да культуры і гісторыі Беларусі. Створаны праект — гэта не проста абнаўленне школьнага двара, а стварэнне жывой прасторы, дзе кожны элемент нагадвае: мы — беларусы і гэта наша гісторыя, культура, будучыня.
Тэрыторыя творчасці

У Малабераставіцкім дзіцячым садзе асаблівае значэнне надаецца эмацыянальнаму дабрабыту, эфектыўнаму выхаванню, развіццю і навучанню дашкалят.
Значная роля ў вырашэнні гэтых задач адводзіцца тэрыторыі дашкольнай установы — яе добраўпарадкаванню і азеляненню.

— Добраўпарадкаванне і азеляненне ўчасткаў спрыяе разумоваму, маральнаму, эстэтычнаму і фізічнаму выхаванню дашкольнікаў, — запэўнівае загадчыца Малабераставіцкага дзіцячага сада Ірына Пальяноўская. — Ад таго, наколькі дагледжанай, прыгожай і спланаванай будзе прастора садка, залежыць тое, якіх дзяцей мы выхаваем.
Для таго каб стварыць эмацыянальна спрыяльныя ўмовы знаходжання дзетак у дашкольнай установе, педагогі распрацавалі праект “Наш дзіцячы сад — наша краіна — наша планета”, прымеркаваны да Года добраўпарадкавання.
— Для рэалізацыі праекта была створана творчая група, у якую ўвайшлі супрацоўнікі дзіцячага сада, бацькі, дзеці і нашы спонсары — ААТ “Малабераставіцкая элітгаспадарка”, — працягвае Ірына Генадзьеўна. — У межах праекта абсталявалі прагулачны ўчастак у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі, а таксама палепшылі мастацкае афармленне ўчастка для прагулак дзяцей. Так, тэрыторыя нашай установы пачынаецца са Сцягавай пляцоўкі. Тут устаноўлены флагшток, на якім у дзяржаўныя святы разам з выхаванцамі падымаем сцяг краіны і выконваем гімн.

Наступная зона — гульнявыя пляцоўкі. Іх у садку некалькі: зона пяску і вады, тэрыторыя з гульнявым абсталяваннем і месцы для адпачынку.
Зоны гульняў з пяском сталі для дзяцей не толькі месцам забаў, але і тэрыторыяй для развіцця творчых здольнасцей, эксперыментальна-даследчай дзейнасці.
— Недалёка ад гульнявой знаходзіцца спартыўная пляцоўка, — працягвае расказваць Ірына Пальяноўская. — Абсталяванне на ёй размешчана так, каб большая частка пляцоўкі выкарыстоўвалася для правядзення рухавых і спартыўных гульняў, фізкультурных свят і для арганізацыі вольнага часу.

Яшчэ адна зона дашкольнай установы — гэта кветнікі і яблыневы сад. Напярэдадні 80-й гадавіны Вялікай Перамогі і ў межах Года добраўпарадкавання ва ўстанове адукацыі прайшла акцыя “Сад Перамогі”, падчас якой высадзілі 25 саджанцаў яблынь.
— Ha гэтым добраўпарадкаванне нашай тэрыторыі не заканчваецца, — запэўнівае Ірына Генадзьеўна. — У далейшым плануем абсталяваць метэаралагічную пляцоўку, стварыць экалагічную сцежку, дарожку здароўя і фітакуток.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА








