Творчых педагогаў запрашаюць прыняць удзел у конкурсе «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт»

- 13:37Новости

Стартаваў ХVI Рэспубліканскі конкурс «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт», арганізатарамі якога з’ўляюцца Міністэрства адукацыі, Акадэмія адукацыі і Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Мінадукацыі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Як расказалі ў Акадэміі адукацыі, мерапрыемства праводзіцца з мэтай павышэння якасці дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з дапамогай выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Задачы конкурсу — матывацыя педагогаў да самаадукацыі і выкарыстання ІКТ у прафесійнай дзейнасці, удасканаленне інфармацыйна-тэхналагічнай культуры настаўнікаў, прадастаўленне магчымасці для дэманстрацыі творчага патэнцыялу, распаўсюджванне інавацыйнага педагагічнага вопыту.

Да ўдзелу запрашаюцца як асобна педагогі, так і калектывы педагогаў і навучэнцаў. Сёлета спаборніцтва праводзіцца ў два этапы: дыстанцыйны (з 15 красавіка па 15 верасня) і вочны (з 29 кастрычніка па 1 лістапада) па пяці намінацыях: «Анлайн-урок», «Інтэрактыўная стужка часу», «Віртуальная экскурсія», «Дынамічная карта», «Інтэрактыўны плакат».

Праект у намінацыі «Анлайн-урок» павінен уключаць цыкл заняткаў, тэмы якіх адпавядаюць вучэбным праграмам па прадметах або праграмам факультатываў. Кожныя анлайн-вучэбныя заняткі змяшчаюць наступныя блокі: тэму, вынікі вучэбнай дзейнасці школьнікаў, відэафрагмент, інтэрактыўныя практыкаванні (інтэрактыўныя трэнажоры, анлайн-дошкі і інш.), тэставыя заданні для самаправеркі. Да праекта абавязкова дабаўляюцца метадычныя рэкамендацыі па яго выкарыстанні ў вучэбным працэсе.

Праект у намінацыі «Інтэрактыўная стужка часу» павінен ахопліваць часавы прамежак не меншы за 100 гадоў і змяшчаць меткі з інфармацыяй пра падзеі, з’явы, працэсы, што адбываліся, тэкставыя тлумачэнні, фота і ілюстрацыі, аўдыя- і відэаматэрыялы, анімацыі, а таксама гіперспасылкі на пабочныя рэсурсы, пералік пытанняў (інтэрактыўных заданняў), для адказу на якія неабходна прааналізаваць матэрыял, пазначаны на стужцы часу. Пытанні і заданні, дарэчы, могуць быць міжпрадметнымі.

Для намінацыі «Віртуальная экскурсія» прадастаўляюцца віртуальныя экскурсіі на культурна-гістарычныя, прыродныя, вытворчыя аб’екты. Праект можа быць выкананы ў наступных фарматах: віртуальная экскурсія ў рэжыме 3D, відэаагляд, віртуальная квест-экскурсія. Ён павінен уключаць пералік пытанняў або інтэрактыўных заданняў па выкладзеных падчас экскурсіі матэрыялах.

Праект у намінацыі «Дынамічная карта» накіраваны на фарміраванне ў навучэнцаў прасторавых уяўленняў, уменняў лакалізаваць падзеі, з’явы, працэсы, якія вывучаюцца, на гістарычнай, геаграфічнай карце. Ён павінен уключаць тэкставыя тлумачэнні, выявы і фотаілюстрацыі, аўдыя- і відэаматэрыялы, 3D -панарамы, аніміраваныя аб’екты і інш.

Для намінацыі «Інтэрактыўны плакат» прадастаўляюцца праекты, якія ўключаюць тэкставы, мультымедыйны кантэнт і актыўныя элементы кіравання тым матэрыялам, што размяшчаецца. Інтэрактыўнасць забяспечваецца за кошт выкарыстання спасылак, абласцей тэкставага або лічбавага ўводу і г. д. У залежнасці ад аб’ёму вучэбнага матэрыялу інтэрактыўны плакат можа быць адна- і шматузроўневым. Прычым ва ўсіх праектах распрацоўшчыкам неабходна прадугледзець магчымасць далучэння матэрыялаў да Адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу.

Па ўмовах конкурсу ўдзельнікам трэба прайсці працэдуру рэгістрацыі на нацыянальным адукацыйным партале ў раздзеле «Рэспубліканскі конкурс «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт» і прадставіць членам журы работу ў адной з намінацый.

Пераможцы будуць узнагароджаны дыпломамі I, II і III ступені. Усе ўдзельнікі вочнага этапу спаборніцтва атрымаюць сертыфікат.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з архіва рэдакцыі выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі