З ранку да вечара прасторныя калідоры Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Высокага Камянецкага раёна напоўнены вясёлым шматгалоссем хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прыходзяць сюды, каб разам з педагогамі адправіцца ў свет творчасці і дзіўных адкрыццяў. У такім рэжыме цэнтр працуе ўжо амаль 70 гадоў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Ва ўстанове створаны неабходныя ўмовы для заняткаў харэаграфіяй, спевамі, інфарматыкай, экалогіяй, краязнаўствам, швейнай справай, спортам і яшчэ многім-многім іншым. А блізкае суседства з мясцовай школай толькі дапамагае ў рабоце.
Аб’яднанне па інтарэсах “Эказнайка” (кіраўнік Людміла Сідарава)
Сёння ў цэнтры займаюцца звыш 1,1 тысячы дзяцей, якія наведваюць 104 аб’яднанні па інтарэсах. Улічваючы, што ў Высокім пражывае ўсяго каля 5,5 тысячы чалавек, гэта не так і мала. Але ўстанова гатова прыняць яшчэ больш — магчымасцей хапае.
Студыя выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Фантазёры” (кіраўнік Святлана Дземенцяюк)
— Кожны дзень да нас прыходзяць ад 200 да 270 хлопчыкаў і дзяўчынак, а па суботах удвая больш, — расказвае дырэктар цэнтра Міхаіл Дудар, які змяніў на гэтай пасадзе сваю маці Людмілу Рыгораўну (яна і зараз тут працуе). — Некаторыя аб’яднанні па інтарэсах дзейнічаюць на базе школ і дзіцячых садоў раёна. У сваёй рабоце педагогі выкарыстоўваюць 32 аўтарскія праграмы, у тым ліку пяць індывідуальных (для заняткаў з асаблівымі дзецьмі). Радуе, што многія выхаванцы наведваюць цэнтр на працягу не аднаго года, прычым адразу некалькі аб’яднанняў. 11 профіляў дазваляюць кожнаму выбраць занятак па душы. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца аб’яднанні, звязаныя з выяўленчым мастацтвам, дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, мастацкай самадзейнасцю і прыродазнаўча-матэматычнымі ведамі.
Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Каляровая стужачка” Таццяна Краўчук з выхаванкай Марыяй Нікалаевіч
Сярод “доўгажыхароў” цэнтра — дзевяцікласніца Марыя Нікалаевіч з Высокаўскай сярэдняй школы імя М.М.Рудэнкі. Юная рукадзельніца ўжо дзевяць гадоў займаецца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, бо ёй вельмі падабаецца ствараць прыгожыя рэчы сваімі рукамі. Дзяўчынка пад кіраўніцтвам педагога Таццяны Краўчук асвоіла розныя тэхнікі, але перавагу аддае вышыванню стужкамі. Марыя вынікова ўдзельнічае ў раённых і абласных творчых конкурсах.
У цэнтры паспяхова ажыццяўляюцца практыка-арыентаваныя праекты сацыяльнага характару (“Здай батарэйку — выратуй вожыка!”, “Маленькая накрыўка — вялікая дапамога”).
Рэалізаваны праекты па прафарыентацыі навучэнцаў і арганізацыі шостага школьнага дня, першы з якіх быў адзначаны ў 2022 годзе дыпломам ІІІ ступені на рэспубліканскім узроўні.
Педагогі цэнтра актыўна выкарыстоўваюць у рабоце інфармацыйныя тэхналогіі. Так, QR-коды шырока прымяняюцца ў арганізацыі квестаў, прысвечаных традыцыям і падзеям Высокага: “Легенды роднага горада”, “Падарожжа ў часе”, “Казкі старога парку”. Назапашаныя матэрыялы ляглі ў аснову метадычнай распрацоўкі “Выкарыстанне квестаў у практыцы грамадзянска-патрыятычнага выхавання”, якая па выніках ХІХ Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі была адзначана дыпломам ІІ ступені. Аўтары распрацоўкі — Алена Зайцава, Наталля Сафроненка, Людміла Сідарава і Аліна Васілюк.
Не менш цікавай атрымалася і віртуальная карта гарадскога парку “Звычайны і нядзіўны цуд”, створаная ў рамках конкурсу “Маршрут ад мясцовых”.
— На нашым сайце можна азнаёміцца не толькі з аб’яднаннямі па інтарэсах, вопытам работы педагогаў, майстар-класамі для навучэнцаў і калег, дыстанцыйнымі заняткамі, — заўважае намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Таццяна Дзеркач. — Увагу наведвальнікаў прыцягвае раздзел, звязаны з дзейнасцю рэспубліканскай апорнай метадычнай пляцоўкі, якой з’яўляецца цэнтр. Пляцоўка, дзе прадстаўлены розныя праекты, майстар-класы і метадычныя распрацоўкі, створана два гады назад для падтрымкі, аховы і папулярызацыі сярод моладзі культуры Брэстчыны, абагульнення і распаўсюджвання вопыту фальклорнага мастацтва, удасканалення і развіцця сістэмы дадатковай адукацыі.
Дырэктар цэнтра Міхаіл Дудар і яго намеснік Таццяна Дзеркач
Цікавасць выклікаюць ролікі з майстар-класамі па выяўленчым мастацтве, дэкаратыўна-прыкладной творчасці і развучванні рэгіянальных побытавых танцаў, выкладзеныя на YouTube-канале цэнтра. Акрамя іх, там ёсць і сацыяльныя ролікі, знятыя навучэнцамі. Канал асвятляе аздараўленчую кампанію, конкурсы, святы, канцэрты і дзейнасць творчых калектываў. А ў Instagram ладзяцца анлайн-конкурсы (фотамарафон “Сэлфі з педагогам”, “Я і мая сям’я”), размяшчаюцца відэаролікі (“Дзеці ў сям’і”), дзіцячыя малюнкі да розных свят і інш.
Аб’яднанне “Фіеста” (кіраўнік Сняжана Курбанава)
Але пра цэнтр добра ведаюць у горадзе і раёне не толькі дзякуючы інтэрнэту. Установа з’яўляецца арганізатарам і ўдзельнікам шматлікіх мерапрыемстваў на Камянеччыне. Трэці год запар высокаўскія педагогі і іх выхаванцы ладзяць святочны канцэрт у Нацыянальным парку “Белавежская пушча” для ўдзельнікаў міжнароднага культурна-адукацыйнага праекта “Цягнік Памяці”. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з гарадскім Домам культуры, раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях, Высокаўскім дзяржаўным аграрным каледжам, мясцовай царквой і санаторнай школай-інтэрнатам, Чырвоным Крыжам, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, прадпрыемствамі.
— Пры арганізацыі мерапрыемстваў акцэнтуем увагу на іх якасці і змястоўным напаўненні, — падкрэслівае Міхаіл Дудар. — Абавязкова заахвочваем удзельнікаў, прычым не толькі граматамі і дыпломамі, але і
падарункамі. Радуе, што актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах і бацькі выхаванцаў, якія таксама не застаюцца без прызоў.
Асаблівая гордасаць цэнтра — узорныя калектывы: клуб аматараў фальклору “Катрынка” (кіраўнікі Алена Зайцава, Алена Краўчук і Наталля Сафроненка) і аматарскае аб’яднанне “Белавежская цявінка” (кіраўнік Ала Карпава), якія дзейнічаюць больш за 20 гадоў.
— Гэтыя калектывы ствараліся з мэтай адраджэння і папулярызацыі мясцовых народных звычаяў і традыцый, — гаворыць Таццяна Дзеркач. — Дзеці з задавальненнем шукаюць, запісваюць і выконваюць народныя песні і танцы, распаўсюджаныя на малой радзіме, паказваюць абрады, вывучаюць гісторыю беларускага фальклору, цікава і з карысцю праводзяць час. У навакольных вёсках выхаванцы знаёмяцца з асаблівасцямі мясцовай гаворкі, народнымі абрадамі, касцюмамі, гульнямі і песнямі. Арыгінальныя выступленні юных аматараў фальклору карыстаюцца нязменным поспехам у гледачоў. На рахунку ўзорных калектываў шматлікія ўзнагароды, атрыманыя па выніках творчых аглядаў-конкурсаў, фестываляў і выстаў.
Штогод на базе цэнтра працуе летні аздараўленчы лагер “Апельсін” з кругласутачным знаходжаннем 55 дзяцей ва ўзросце ад 8 да 13 гадоў. Пабываць у ім імкнуцца не толькі мясцовыя жыхары, але нават і брэстаўчане. Сакрэт поспеху — у цікавым і насычаным жыцці летніка, арганізаваным творчымі педагогамі.
— Сёлетняя змена “Роднымі сцяжынамі” мела грамадзянска-патрыятычны профіль, — адзначае Таццяна Дзеркач. — Праграма лагера ўключала шмат гульнявых, забаўляльных і спартыўных мерапрыемстваў, займальных квестаў, захапляльных прагулак па родным краі, пазнавальных сустрэч з цікавымі
людзьмі, экскурсій у розныя арганізацыі і на прадпрыемствы.
Другі год на базе ўстановы дзейнічае занальны цэнтр, створаны для арганізацыі занятасці сельскіх школьнікаў па суботах. Яго наведваюць выхаванцы васьмі ўстаноў адукацыі, для якіх ладзяцца краязнаўчыя віктарыны (“Знаўца беларускай мовы”, “Што я ведаю пра Беларусь”), прафілактычныя, прававыя, інтэлектуальныя і спартыўныя гульні (“У дарожных знакаў няма выхадных”, “Энергазберажэнне ў жыцці кожнага”, “Знаўцы права”, “Перагортваючы старонкі гісторыі”, “Вясёлыя забавы з мячом”, “Быць здаровым — модна”), а таксама майстар-класы па маляванні, выпальванні і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Па словах Міхаіла Дудара, падобны фармат работы вельмі запатрабаваны, у тым ліку навучэнцамі мясцовай санаторнай школы-інтэрната, размешчанай праз дарогу ад цэнтра.
Цікавая і рознабаковая дзейнасць высокаўскіх педагогаў адзначана на розных узроўнях, як і дасягненні іх выхаванцаў. Пералік узнагарод за апошнія два гады ўражвае і не змяшчаецца на дзвюх старонках тэксту. Так, па выніках мінулага года цэнтр адзначаны дыпломам ІІІ ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама за высокія паказчыкі ў сваім развіцці. Сцэнарная распрацоўка навагодняй конкурсна-гульнявой праграмы, падрыхтаваная культарганізатарам Наталляй Гарбачук, прызнана сёлета лепшай у краіне. Штогод цэнтр перамагае ў раённым конкурсе па добраўпарадкаванні “Больш цудоўнай стане Камянеччына мая”, а ў абласным конкурсе знаходзіцца ў ліку прызёраў. Можна не сумнявацца, што скарбонка дасягненняў высокаўскіх педагогаў-пазашкольнікаў будзе папаўняцца і далей дзякуючы адказным і творчым адносінам да справы і любові да дзяцей.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара