Прадметны тыдзень – гэта рацыянальна пабудаваная сістэма вучэбных заняткаў і вучэбна-забаўляльных мерапрыемстваў (конкурсаў, гульняў, алімпіяд, тэматычных канферэнцый). У нашай школе штогод праводзіцца тыдзень роднай мовы. Гэта садзейнічае прывіццю павагі да беларускай мовы як духоўнага скарбу народа, фарміраванню станоўчай матывацыі да вывучэння мовы, літаратуры, гісторыі краю, развіццю творчых і інтэлектуальных здольнасцей школьнікаў.

настаўнік беларускай і рускай мовы і літаратуры
першай кваліфікацыйнай катэгорыі
Раманаўскай СШ Слуцкага раёна
У работу па падрыхтоўцы тыдня роднай мовы ўключаюцца ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу – педагогі, вучні, бацькі. Адзінага шаблону па правядзенні прадметных тыдняў няма. Адным з асноўных прынцыпаў з’яўляецца арыгінальнасць кожнага мерапрыемства, таму кожны наступны тыдзень не паўтарае папярэдні, і, напэўна, гэта і ёсць адзін з сакрэтаў яго поспеху. Пры правядзенні тыдня ўлічваюцца ўзроставыя асаблівасці школьнікаў, іх інтарэсы і пажаданні, індывідуальныя схільнасці і здольнасці. Мы спалучаем калектыўныя і індывідуальныя формы работы з апорай на прынцып дыферэнцыяцыі.
Напярэдадні тыдня афармляецца інфармацыйны стэнд, размяшчаюцца аб’явы на сайце школы, у сацыяльных сетках. Гэта робіцца з мэтай прыцягнення да ўдзелу ў мерапрыемствах больш шырокага кола ўдзельнікаў. У фае рыхтуецца фотазона. Пачынаецца тыдзень з урачыстай лінейкі: вучні знаёмяцца з планам мерапрыемстваў, кароткай гісторыяй свята – Міжнароднага дня роднай мовы, да якога і прымеркаваны тыдзень.
У першы дзень аб’яўляюцца конкурсы творчага характару. Найбольшую цікавасць у вучняў выклікаюць, як правіла, конкурсы чытальнікаў, конкурсы фотаздымкаў і малюнкаў, флэшмобы, анлайн-чэленджы. Напрыклад, у анлайн-чэленджы «Радзіма ў маім сэрцы» прымаюць удзел тыя, хто ўмее не толькі ўбачыць прыгажосць, але і перадаць яе на фотаздымках. Згадзіцеся, умець бачыць – таксама талент.
Наступныя дні тыдня носяць тэматычны характар. Мерапрыемствы распрацаваны такім чынам, каб кожны ўдзельнік мог асэнсаваць ролю беларускай мовы ў жыцці народа ў цэлым і кожнага чалавека ў прыватнасці.
Другі дзень мае вучэбна-пазнавальны кірунак. Вучні прыцягваюцца да ўдзелу ў разнастайных інтэлектуальных гульнях, конкурсах, турнірах і г.д. Сярод старшакласнікаў, напрыклад, папулярная гульня «Што? Дзе? Калі?». Такая форма работы садзейнічае згуртаванню дзяцей, развіццю ўмення працаваць у камандзе. Каб правільна адказаць на пытанне, вучням патрэбна не толькі ўзгадаць вывучанае на ўроках беларускай мовы і літаратуры, але і знайсці лагічныя сувязі паміж фактамі ці з’явамі, уважліва ўчытацца ў тэкст ці разгледзець малюнак, абмеркаваць матэрыял.
Трэці дзень прысвячаецца літаратурнай спадчыне. У гэты дзень звычайна праводзяцца выставы мастацкай літаратуры, конкурсы чытальнікаў, прадстаўляюцца літаратурна-музычныя кампазіцыі, прысвечаныя юбілярам года, вусныя часопісы. Сярод разнастайных форм работы навінкай можа стаць літаратурны квілт. Квілт – гэта інфармацыйны стэнд, які складаецца з асобных частак. Аснову квілта рыхтуе настаўнік, але кожны вучань можа ўдзельнічаць у яго напаўненні. Запісваючы адказы на прапанаваныя пытанні на рознакаляровых стыкерах і прымацоўваючы іх, дзеці разам з настаўнікам ствараюць лапікавае палатно. Тэмы квілтаў могуць быць рознымі, напрыклад, «Творы сучаснай беларускай літаратуры», «Беларускамоўныя дзіцячыя навінкі», «Мой любімы твор», «Мой любімы аўтар».
Запамінальнымі атрымліваюцца мерапрыемствы з нагоды юбілеяў пісьменнікаў. Выставы кніг, вечарыны, літаратурныя кампазіцыі, віктарыны, інсцэніроўкі, конкурсы чытальнікаў, інтэрактыўныя гульні, завочныя экскурсіі, турніры – вось асноўныя формы работы, дзякуючы якім школьнікі замацоўваюць веды, набытыя падчас вывучэння творчасці пісьменнікаў, знаёмяцца з цікавымі старонкамі іх жыцця, вучацца выразна чытаць іх творы. Варта адзначыць, што мы звяртаемся і да літаратурнай спадчыны паэтаў-землякоў, запрашаем пісьменнікаў-сучаснікаў на імпрэзы, калі ёсць такая магчымасць.
У трэці дзень таксама падводзяцца вынікі творчых конкурсаў па літаратуры, у якіх дзеці прымалі ўдзел завочна. Гэта могуць быць конкурсы малюнкаў, фотаздымкаў, сачыненняў, сінквейнаў. Дзень літаратурнай спадчыны дае магчымасць прыцягнуць да ўдзелу бацькоў – напрыклад, арганізаваць акцыю «Чытаем разам…». Цікавым можа стаць кросбукінг – гэта абмен прачытанымі кнігамі, газетамі, часопісамі. Такім чынам мы можам высветліць густы дзяцей, іх інтарэсы.
Дзень чацвёрты прысвячаецца вуснай народнай творчасці: дзеці ўзгадваюць беларускія народныя казкі, прыказкі, загадкі, песні. Асабліва актыўнымі ўдзельнікамі ў гэты дзень становяцца вучні 1–6 класаў. Мерапрыемствы праходзяць у гульнявой форме. Дзеці з задавальненнем выконваюць заданні з прымяненнем інфармацыйных тэхналогій. Так, для ўдзелу ў QR-квесце «Скарбонка мудрасці» вучні дзеляцца на каманды (па 5–7 чалавек), атрымліваюць маршрутныя лісты. Пасля правільнага выканання кожнага задання дзеці знаходзяць адну літару зашыфраванага слова (фальклор). Перамагае тая каманда, якая першай складзе гэта слова.
Прыадчыніць заслону таямніц этнаграфіі дапамагаюць мерапрыемствы пятага дня, калі вучні знаёмяцца з традыцыйнай беларускай культурай (нацыянальнымі стравамі, танцамі, песнямі, звычаямі). Цікавай знаходкай для стварэння неабходнага настрою ў нас сталі творчыя перапынкі. Кожны перапынак прысвячаецца пэўнаму віду мастацтва – музыцы, танцам, жывапісу. На музычным перапынку вучні знаёмяцца з кампазіцыямі на вершы беларускіх паэтаў, народнымі і сучаснымі песнямі. На танцавальным прапануецца прагледзець відэазапісы беларускіх народных танцаў, самім паспрабаваць выканаць некалькі элементаў. Вызначыць, да якога літаратурнага твора зроблены ілюстрацыі, можна на перапынку, прысвечаным выяўленчаму мастацтву.
З ахвотай вучні прымаюць удзел у кірмашах, інсцэніраванні народных абрадаў, гастранамічных свят, якія маюць на мэце знаёмства вучняў з разнастайнасцю нацыянальных страў. Дзеці прыносяць прыгатаваныя дома каўбасы, дранікі са смятанай, печаныя яблыкі, бабку, квас, праводзіцца іх дэгустацыя. Акрамя гэтага, рыхтуюцца цікавыя звесткі пра асаблівасці нацыянальнай кухні.
Абавязковым мерапрыемствам з’яўляецца наведванне школьнага музея. У час экскурсій вучні знаёмяцца з экспазіцыяй, гісторыяй асобных экспанатаў.
Шосты дзень – урачыстае закрыццё тыдня роднай мовы. Як правіла, у гэты дзень адбываецца ўзнагароджванне пераможцаў конкурсаў, акцый, актыўных удзельнікаў мерапрыемстваў. Фінальнай кропкай з’яўляецца пазакласнае мерапрыемства ў форме літаратурна-музычнай кампазіцыі, прысвечанай роднай мове.
Пасля правядзення тыдня роднай мовы выдаецца зборнік матэрыялаў, якім можна карыстацца пры падрыхтоўцы ўрокаў, пазакласных мерапрыемстваў. Вучні свае ўражанні пакідаюць на інфармацыйных стэндах, на старонках школьнай газеты «Саюз». Усе падзеі асвятляюцца праз сайт установы адукацыі.
Прапануем пазнаёміцца з матэрыяламі аднаго з мерапрыемстваў.
Гульня «Што? Дзе? Калі?» (8–9 клас)
Правілы
- Гульня праводзіцца паміж 3 камандамі па 6 чалавек. Адначасова гуляюць усе каманды.
- Удзельнікам прапануецца 15 пытанняў, якія зачытвае вядучы. На абмеркаванне даецца адна хвіліна. Па заканчэнні часу каманды пішуць свае варыянты адказаў на бланках і здаюць іх журы. Пасля гэтага аб’яўляецца правільны адказ.
- За кожны правільны адказ камандзе налічваецца адзін бал.
- Месцы размяркоўваюцца ў адпаведнасці з сумарнай колькасцю балаў.
- Калі пераможца не вызначаны, камандам прапануецца бліц (тры пытанні на хуткасць).
Пытанні
- З 1994 г. у нашай краіне ў першую нядзелю верасня адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. Штогод свята ладзіцца ў розных гарадах з багатай гістарычнай спадчынай, даўніх цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання. 7 верасня 2003 г. у тысячагадовым Полацку прайшоў чарговы Дзень беларускага пісьменства. Да гэтай падзеі і было прымеркавана адкрыццё памятнага знака, які падкрэслівае асаблівасць беларускай мовы. Які памятны знак адкрылі ў гэты дзень у Полацку? (Помнік літары «Ў».)
- Многія з вас бачылі сацыяльную рэкламу «Смак беларускай мовы» кампаніі «Белзнешрэклама». Гэта ж кампанія выпусціла і наступную рэкламу. Паглядзіце на фотаздымкі. Як называецца сацыяльная рэклама, першае слова ў якой «Родныя …»? (Даты.)
- Як вядома, многія беларускія паэты і пісьменнікі мелі псеўданімы. Напрыклад, Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны і іншыя. Кандрат Кандратавіч Атраховіч абраў сабе «раслінны» псеўданім, пра які напісаў верш:
Я ў мастацкім агародзе
Толькі марная трава.
А якая? Смех, дый годзе:
Я – … .
Я расту вось тут пад плотам
І не так даўно ўзышла,
А ўжо многім абармотам
Рукі-ногі папякла.
Хто палез за агуркамі,
Хай той носіць пухіры –
Мяне голымі рукамі
Асцярожна, брат, бяры.
Хто сустрэўся быў са мною,
Дакрануўся раз ці два,
Дык той ведае ўжо, хто я:
Я – … .
Назавіце псеўданім пісьменніка і асноўныя матывы яго творчасці. (Кандрат Крапіва; выкрыццё адмоўных з’яў у грамадстве.)
- Паглядзіце на фотаздымак. Як называецца і для чаго выкарыстоўваецца гэта прылада? (Бабка; выкарыстоўваецца для наточвання касы.)

5. Разгледзьце малюнак. Якія фразеалагізмы зашыфраваны на ім? (Вадзіць за нос, зарубіць на носе, павесіць нос.)

6. Вяскоўцы ў бытавых зносінах ужываюць слова «трасянка», што значыць сумесь сена з саломай для кармлення жывёлы. Гэта сумесь па якасці моцна саступае сену. Калі ў гаспадара не хапае добрага сена, ён дадае салому, старанна растрасаючы яе. Карова не заўважае падману і з’ядае трасянку. Сэнс «недабраякасная сумесь» быў перанесены ў моўную сферу. Што з пункту погляду мовы азначае слова «трасянка»? (Моўны прадукт, які ўзнік шляхам механічнага змешвання ў розных прапорцыях элементаў рускай і беларускай моў.)
7. Дачка беларускага пісьменніка Антона Лявіцкага раскрыла сакрэт яго псеўданіма. У маладосці пісьменнік закахаўся ў Ядвігу Шабуневіч з Радашковічаў. Антон наведваў яе ў вёсцы Люцінка звычайна позна ўвечары, калі ў хаце ўсе спалі, і на пытанне каханай «Хто там?» шаптаў: «Ядвіга, ша, ціха… Гэта я…». Успаміны пра гэта каханне засталіся ў сэрцы пісьменніка на ўсё жыццё. Які псеўданім узяў сабе пісьменнік? (Ядвігін Ш.)
8. Гэта цеплыня. Гэта здароўе застуджанаму. Гэта і гарачая, смачная ежа. На поўначы яна дужа вялікая і простая, хіба што з «палічкамі» для запалак і лучыны на распал. Яна распісана кветкамі; дзяўчаткі з каромысламі і коннікамі – галоўны матыў. Пра што ідзе гаворка? (Печ.)
9. Каму з беларускіх пісьменнікаў прысвяціў верш С. М. Чыгрын? Як вы здагадаліся? (Васіль
Быкаў; у вершы выкарыстаны назвы многіх твораў, напрыклад: «Знак бяды», «Мёртвым не баліць»,
«Воўчая зграя», «Жураўліны крык».)
Вайна – гэта знак бяды,
Яе немагчыма забыць.
А мёртвым не трэба вады,
А мёртвым ужо не баліць.
Праз порах і дым вайны,
Праз пасткі
I праз вышыні
Ішлі батальёна сыны
I воўчую зграю крушылі.
Абеліскі вітаюць зару,
Жураўліныя крыкі ачнуцца…
Праз Альпы ў Беларусь
Пайсці, дажыць і вярнуцца.
- Якую страву Якуб Колас у паэме «Новая зямля» апісвае так:
Ён колер меў чырванаваты;
Тут быў таран, мянёк пузаты,
Шчупак, лінок, акунь, карась,
Кялбок і ялец, плотка, язь,
Яшчэ засушаныя з лета.
Але не ўсё яшчэ і гэта:
Аздоблен ён быў і грыбамі,
Выключна ўсё баравічкамі;
Цыбуля, перчык, ліст бабковы –
Ну, не ўясісь, каб я здаровы!
Пільнуй, – цішком скажу між намі, –
Каб і язык не ўцёк часамі. (Квас.)
- Паэт Алесь Разанаў пісаў: «Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор – …». Якое слова прапушчана? (Мова.)
- У беларускай мове ёсць два дзеясловы, якія маюць значэнне «адчуваць глыбокую адданасць, прыхільнасць, павагу да кагосьці або чагосьці, а таксама адчуваць прыхільнасць да асобы супрацьлеглага полу; мець цягу да нечага (напрыклад, да мастацтва), а яшчэ – мець давер да кагосьці». Назавіце гэтыя дзеясловы і растлумачце, калі ўжываецца кожны з іх. (Любіць і кахаць.)
- У беларускай мове ёсць фразеалагізм «на адзін капыл», што значыць «падобныя, аднолькавыя». Капыл – гэта драўляная форма для пашыву абутку. Прывядзіце рускі адпаведнік беларускага фразеалагізма. (Два сапога пара.)
14 (чорная скрыня). Прылада для ручнога прадзення лёну, воўны, пянькі. У старажытнасці гэта была драўляная, крыху завостраная палачка, пазней – конусавідная палачка даўжынёй 20–30 см з завостраным верхам, патоўшчаным нізам, на які дзеля павелічэння вагі насаджвалі прасліца, і вострай пяткай. Іх выстругвалі або выточвалі з драўніны бярозы, ясеню, грушы. Што ў чорнай скрыні? (Верацяно.)
15 (бліц). Колькі літар у беларускім алфавіце? Колькі часцін мовы ў беларускай мове? Колькі слоў самастойных часцін мовы павінна быць у словазлучэнні? (32; 10; мінімум 2.)
Тыдзень роднай мовы ў нашай школе – гэта свята беларускага слова. Свята дазваляе кожнаму дакрануцца да яго таямніц, усвядоміць, што мы – народ, у якога ёсць свая мова, непаўторная, мілагучная. Яе трэба ведаць і шанаваць, каб пакінуць у спадчыну сваім дзецям.
Літаратура
- Жолондевская, С. П. Предметные недели в школе / С. П. Жолондевская, И. М. Ключенович, Е. И. Кнаш. – Минск: Красико-Принт, 2013.
- Пятакова, Ю. В. Прадметны тыдзень. Месца прадметнага тыдня ў сістэме фарміравання ў вучняў сацыякультурных кампетэнцый / Ю. В. Пятакова // Образование Минщины. – 2019. – № 4. – С. 45–47.
- Літвін, В. У. Зорны тыдзень настаўніка-прадметніка. Майстар-клас «Прадметны тыдзень як мадэль комплекснай пазакласнай работы» / В. У. Літвін // Народная асвета. – 2016. – № 1. – URL: https://www.n-asveta.by/dadatki/eshb/2016/litvin.pdf (дата звароту: 28.08.2024).
Фота на прэўю з архіва рэдакцыі





