Новыя школьныя аўтобусы атрымалі аддзелы адукацыі Ельскага, Буда-Кашалёўскага, Мазырскага, Рагачоўскага райвыканкамаў і Гомельскае кадэцкае вучылішча, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, які на абласной педагагічнай нарадзе ўручыў ключы ад машын, асабіста азнаёміўся з тэхнікай, што папоўніла парк школьных аўтобусаў. Дарэчы, за ўвесь 2023 год у сістэме адукацыі Гомельскай вобласці з’явіцца 40 новенькіх машын, прызначаных для камфортнага перамяшчэння дзяцей да месца вучобы. У іх ліку — 15 адзінак спецыяльнага транспарту для падвозу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
На абласным педсавеце кіраўніцтвам Гомельшчыны была пастаўлена задача атрымання выпускнікамі тых прафесій, якія патрэбны ў рэгіёне.
— У вобласці ствараецца сістэма работы па папулярызацыі сярод школьнікаў сельскагаспадарчых прафесій, — заўважыў Іван Крупко. — Працуем і з дзецьмі, і з іх бацькамі, расказваем аб прэферэнцыях мэтавых накіраванняў. Размова пра дадатковыя стыпендыі ад прадпрыемстваў, аплатныя практыкі і гарантаванае першае працоўнае месца. Такая сістэма павінна быць адпрацавана па ўсіх запатрабаваных спецыяльнасцях.
Каля 6 тысяч навучэнцаў вобласці былі задзейнічаны летам у праектах працоўнай занятасці. І гэта, як перакананы кіраўнікі абласной вертыкалі ўлады, — самы дзейсны спосаб правільна арганізаваць вольны час падлетка. Каля тысячы вучняў сельскіх школ працавалі на 58 прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу рэгіёна. Зрэшты, прыкладам для іх сталі педагогі. Свой адпачынак 25 супрацоўнікаў устаноў адукацыі Гомельскай вобласці правялі на палетках, убіраючы ўраджай. Тым, хто паказаў самыя высокія вынікі ў гэтай рабоце, на нарадзе ўручаны грашовыя сертыфікаты.
Сярэдні бал выпускнікоў Гомельскай вобласці па выніках цэнтралізаваных экзаменаў склаў 62,35. Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў падкрэсліў, што самы высокі паказчык — у навучэнцаў Нараўлянскага, Жлобінскага раёнаў, Цэнтральнага раёна Гомеля:
— Выпускнікі рэгіёна атрымалі 246 стабальных сертыфікатаў. Самая вялікая іх колькасць — у навучэнцаў Жлобінскага, Мазырскага раёнаў, Цэнтральнага і Савецкага раёнаў Гомеля, Гомельскага і Мазырскага абласных ліцэяў, Гомельскага гарадскога ліцэя. З асаблівай гордасцю адзначу стабальнікаў — выпускнікоў сельскіх школ. Годныя вынікі паказалі навучэнцы 9 школ Гомельскага, Веткаўскага, Калінкавіцкага, Жлобінскага раёнаў. У Брылёўскай школе Гомельскага раёна два стабальныя сертыфікаты.
У 2023 годзе на Гомельшчыне прыйдуць у школы амаль 17 тысяч першакласнікаў. Усяго ж за парты сядуць больш як 166 тысяч дзяцей. Некаторыя з іх будуць вучыцца ў класах інжынернай накіраванасці. Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама паведаміў, што ў новым навучальным годзе будзе адкрыта 15 такіх груп — у Ельскім, Жлобінскім, Мазырскім, Петрыкаўскім, Рэчыцкім, Рагачоўскім, Светлагорскім, Хойніцкім, Чачэрскім раёнах і ў Гомелі:
— Неабходна фарміраваць сетку класаў такім чынам, каб школьнікі не проста вывучалі вучэбныя дысцыпліны на павышаным узроўні, але і была абавязковая сувязь з пэўнай прафесіяй. Бо адна з самых важных задач сістэмы адукацыі — забеспячэнне галін эканомікі кваліфікаванымі кадрамі. Так, сёння сярод запатрабаваных — спецыяльнасці аграрнага, педагагічнага, інжынернага профіляў. У рэгіёне за апошнія гады зроблены значны крок у развіцці профільных аграрных класаў. Толькі за мінулы год іх колькасць павялічылася на 20 і складае 68. Больш за 600 дзяцей вучацца ў педагагічных класах.
Руслан Смірноў назваў кадры, іх прафесіяналізм ключавым звяном у развіцці і ўдасканаленні сістэмы адукацыі рэгіёна:
— Цяпер у вобласці працуюць звыш 28 тысяч педагагічных работнікаў. З іх больш за 2600 маюць статус маладога спецыяліста. З 1 верасня 761 малады настаўнік і выхавальнік прыйдзе ў дзіцячыя калектывы. З кожным з іх дэталёва прапрацоўваецца пытанне прадастаўлення жылля, выплачваецца матэрыяльная дапамога. Перад пачаткам новага навучальнага года хочацца ўспомніць такі мудры выраз: “Плыву не так, як вецер дзьме, а як ветразь пастаўлю”. Жадаю ўсім нам упэўненасці ў правільнасці пастаўленых мэт і сіл для іх дасягнення!
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара