У адказнасці за культуру мовы

- 9:02Інфармацыйная гадзіна

Круглы стол “Чысціня слова — чысціня душы” адбыўся ў Савеце Рэспублікі.

—Па ініцыятыве Беларускай Праваслаўнай Царквы мы право­дзім мерапрыемства, прысвечанае чысціні слова. Вядома, можна было б сказаць, што гэтая праблема не так востра стаіць перад грамадствам, але тым не менш мае месца быць. Тое, як людзі ладзяць зносіны паміж сабой, наколькі ўмеюць па-добраму адносіцца адно да аднаго, выказваючы гэта словамі, вельмі важна. Гэта характарызуе культуру паводзін, узровень развіцця нашага грамадства, — сказала Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. — Падзеі мінулага года паказалі, што ў шэрагу момантаў знікала культура паводзін, парушаліся чалавечыя нормы. Было страшна, калі людзі пераставалі разумець, што і як яны гавораць.

У мерапрыемстве прынялі ­ўдзел кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, члены Савета Рэспублікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.

— Для грамадскасці тут вялікае поле дзейнасці. Не пачнём займацца праблемай брыдкай гаворкі комплексна — нічога не атрымаецца. А гэта тычыцца непасрэдна развіцця грамадства, нашай культуры, паводзін, у цэлым пытання сапраўднага патрыя­тызму, — падкрэсліла спікер, звяртаючыся да ўдзельнікаў.

— Сёння мы звяртаем сваю ўвагу на культуру мовы сучаснага чалавека, на тое, каб брыдкае слова не прысутнічала ў нашым грамадстве. Слова Божае нам гаворыць аб тым, што за кожнае, нават пустое слова, чалавек павінен даць адказ потым, пасля заканчэння свайго жыцця, тым больш калі слова нясе нешта нядобрае.

У наш час даводзіцца іншым разам чуць на вуліцы, у грамадскіх месцах тыя словы, якія нясуць у сабе негатыў, — і задумваешся над тым, што гэта значыць у маштабах усёй краіны. На мой погляд, гэтае пытанне трэба вырашаць сумесна розным дзяржаўным структурам, грамадскім арганізацыям, — звярнуў увагу Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веньямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Па выніках абмеркавання Міністэрству адукацыі рэкамендавана прапрацаваць магчы­масць укаранення курса “Культура мовы і моўны этыкет” ва ўсіх установах адукацыі. Таксама рэкамендавана ўвесці тэмы па прафілактыцы ненарматыўнай лексікі ў падлеткавым асяроддзі ў праграму факультатыву “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” для вучняў 7—8 класаў. Акрамя таго, агучана прапанова ства­рыць банк метадычных матэрыялаў па эстэтычным выхаванні вучняў у медыятэцы Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні вучняў, а таксама ўключыць у тэматычныя мерапрыемствы ў рамках адукацыйнага праекта “ШАГ” тэмы па эстэтыцы зносін у маладзёжным асяроддзі.

Па матэрыялах БелТА
падрыхтавала Кацярына РУМЯНЦАВА.