У Акадэміі адукацыі вызначылі лепшых загадчыкаў Р(Г)ВМК. Тут адбылося выніковае мерапрыемства фестывалю “Сістэма метадычнага суправаджэння дзейнасці ўстаноў адукацыі рэгіёна”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Удзельнікамі фестывалю сталі арганізатары метадычнай работы на абласным узроўні і ў горадзе Мінску (прадстаўнікі інстытутаў развіцця адукацыі), а таксама кіраўнікі вучэбна-метадычных кабінетаў гарадскога і раённага ўзроўняў (усяго 141 спецыяліст).
На сёння ў сістэме адукацыі дзейнічаюць 132 Р(Г)ВМК. Каардынацыяй метадычнай работы ў сталіцы займаецца ўпраўленне каардынацыі метадычнай работы Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.
Фестываль праводзіўся ўжо другі раз. І калі падчас першага абмяркоўваліся агульныя праблемы вучэбна-метадычных кабінетаў, то другі фестываль было вырашана зрабіць тэматычным. Яго ключавой тэмай стала дзейнасць вучэбна-метадычнага кабінета па ўдасканаленні прафесійных кампетэнцый кіраўнікоў устаноў адукацыі ў рэгіёне.
У фокусе — прафесійныя кампетэнцыі кіраўнікоў
Першы этап фестывалю праводзіўся дыстанцыйна: удзельнікі азнаёміліся з сучаснымі падыходамі да вызначэння прафесійнай кампетэнтнасці кіраўніка, прааналізавалі работу па ўдасканаленні гэтых кампетэнцый, вызначылі найбольш выніковыя практыкі.
“Аналіз запытаў кіраўнікоў устаноў адукацыі, якія паступаюць у метадычныя службы, паказаў, што іх цікавяць функцыі кіравання, работа з дакументамі. Так, кіраўнікі звяртаюцца па дапамогу па пытаннях тактычнага (на навучальны год) і стратэгічнага (на перспектыву) планавання, аналізу дзейнасці, арганізацыі кантролю.
Значная колькасць пытанняў звязана з арганізацыяй адукацыйнага працэсу, інавацыйнай, эксперыментальнай, праектнай дзейнасцю, аховай працы і стварэннем бяспечных умоў ва ўстанове адукацыі. Іх хвалюе арганізацыя харчавання, рэалізацыя прынцыпу інклюзіі, фінансава-эканамічная дзейнасць, усе аспекты арганізацыі работы з кадрамі: пачынаючы з афармлення дакументацыі пры прыёме на работу і заканчваючы арганізацыяй працэсу бесперапыннай прафесійнай адукацыі педагогаў і павышэння іх кваліфікацыі”, — заўважыла намеснік начальніка — начальнік аддзела каардынацыі метадычнай работы цэнтра развіцця дадатковай адукацыі далослых Акадэміі адукацыі Вольга Мяшкоўская.
У групу пытанняў па дакументах можна ўключыць пытанні, звязаныя не толькі з афармленнем дакументацыі, распрацоўкай лакальных нарматыўных дакументаў, выкананнем патрабаванняў справаводства, але і з веданнем кіраўнікамі норм, якія рэгламентуюць дзейнасць устаноў адукацыі (нарматыўных прававых дакументаў).
Вольга Аляксандраўна звярнула ўвагу на тое, што кіраўнікі адзначалі патрэбу набыць уменні размяркоўваць час, своечасова дэлегаваць паўнамоцтвы, падбіраць кадры. Ёсць запыт на навучанне больш дакладна вызначаць сферу адказнасці супрацоўнікаў, правільна чытаць нарматыўныя прававыя дакументы і прымяняць іх у практычнай дзейнасці, на набыццё ўменняў аналізаваць сітуацыю ва ўстанове адукацыі, вызначаць кола праблем, якія патрабуюць першачарговага вырашэння, і прапаноўваць варыянты іх вырашэння.
Сярод пажаданняў было навучыцца ствараць і падтрымліваць спрыяльную псіхалагічную атмасферу ў калектыве, наладжваць узаемадзеянне з калегамі, вырашаць і папярэджваць узнікненне канфліктаў.
Аналіз і ацэнка ўласнай дзейнасці кіраўнікамі вучэбна-метадычных кабінетаў і кіраўнікамі, спецыялістамі структурных падраздзяленняў інстытутаў развіцця адукацыі дазволілі арганізатарам метадычнай работы адабраць найбольш паспяховыя практыкі, якія дапамогуць кіраўнікам у вырашэнні іх пытанняў.
Падчас дыстанцыйнага этапу фестывалю ў межах шасці тэматычных форумаў удзельнікамі было сфармулявана больш за 160 тэм для абмеркавання і размешчана больш за 286 матэрыялаў. Гэта распрацоўкі метадычных мерапрыемстваў для кіраўнікоў устаноў адукацыі, педагагічных саветаў, памяткі, узоры праграм правядзення метадычных мерапрыемстваў, узоры палажэнняў аб правядзенні метадычных мерапрыемстваў і інш. Варта адзначыць, што ўдзельнікі дыстанцыйнага этапу фестывалю звярталіся да матэрыялаў калег больш за 27 тысяч разоў.
Арт-рэзідэнцыя
Удзельнікамі выніковага мерапрыемства, якое праходзіла ў Акадэміі адукацыі, сталі 25 арганізатараў метадычнай работы. Яны атрымалі найбольшую колькасць станоўчых водзываў ад калег.
Выніковае мерапрыемства фестывалю прайшло ў фармаце арт-рэзідэнцыі. Яе ўдзельнікі на працягу трох гадзін, атрымаўшы ўсё неабходнае для стварэння творчых прадуктаў, працавалі над аўтарскім праектам “Партрэт арганізатара метадычнай работы”. Падчас выніковай сустрэчы ў фокусе ўвагі былі кіраўнікі вучэбна-метадычных кабінетаў.
Як заўважылі ўдзельнікі арт-рэзідэнцыі, такая форма ўзаемадзеяння дазволіла не проста вызначыць кола праблем — яна дала магчымасць набыць новыя навыкі і раскрыць схаваныя рэзервы, якія дакладна спатрэбяцца для вырашэння новых задач. У ходзе работы над праектам атрымалася стварыць абагульнены партрэт кіраўніка, які быў надзелены характарыстыкамі кожнага ўдзельніка.
Усе атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў фестывалю, а сямёра лепшых былі ўзнагароджаны дыпломамі. Сярод іх:
Людміла Гарусава, загадчыца Круглянскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета;
Таццяна Карнеева, загадчыца Шумілінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета;
Ніна Коршунава, начальнік аддзела па навучанні кіруючых работнікаў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі;
Наталля Мяшкова, загадчыца Хоцімскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета;
Наталля Панфіловіч, загадчыца Асіповіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета;
Марына Старыкава, загадчыца Мазырскага раённага вучэбна-метадычнага цэнтра;
Анжаліка Чайкоўская, загадчыца Смаргонскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.
Рэфлексія пасля фестывалю паказала, што такія мерапрыемствы даюць магчымасць прааналізаваць сваю дзейнасць, зрабіць высновы і пабудаваць новыя планы. І самае галоўнае — гэта выдатная пляцоўка для пашырэння прафесійных кантактаў і пракачкі ўніверсальных здольнасцей.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота прадастаўлена арганізатарамі